Кава па-радзівілаўску з чытачом “К”

№ 19 (1354) 11.05.2018 - 17.05.2018 г

Генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея краіны Уладзіміра ПРАКАПЦОВА мне пашчасціла заспець у арт-кавярні. Скарыстаўшыся кароткай пярэрвай у напружаным, як заўсёды, графіку, ён бавіў час ва ўтульнай творчай атмасферы за кубачкам кавы і свежай газетай.

/i/content/pi/cult/691/15181/1.JPGФота Сяргея ЖДАНОВІЧА

— Гэта кава па-радзівілаўску, — адразу прарэкламаваў новы напой у музейнай кавярні кіраўнік установы. — Сам адшукаў рэцэпт і ўвёў яго ў меню.

— А што пішуць у прэсе? — не ўтрымалася, каб не спытаць.

— Заўжды чытаю “Культуру”! — Уладзімір Іванавіч аказаўся шчодрым на пахвалу ў адрас нашага выдання. — І лічу, што гэта ўнікальная газета. Бо тут можна знайсці кантэнт не толькі пра культурныя падзеі сталіцы, не толькі пра дасягненні нашага прафесійнага мастацтва, але і пра тое, чым жывуць сёння нашы рэгіёны. Часам проста дзіву даешся, на якія прыдумкі ідуць беларускія культработнікі — тыя ж бібліятэкары ў маленькіх гарадах або вёсках — каб зрабіць сваю ўстанову прыцягальнай для наведвальнікаў. Як яны захоўваюць нашы рамёствы, аўтэнтэнтычныя спевы і абрады. Вельмі важна, што вы іх падтрымліваеце!

Вось я разглядаю фотаздымкі народнага майстра, моладзі, якая займаецца ў цэнтры творчасці, дзетак, якія спяваюць у мясцовым калектыве, — і разумею, як гэта важна для іх! Калі чалавек бачыць свой каляровы партрэт на старонках вашай газеты — ён пачынае сябе інакш успрымаць! У кантэксце культуры ўсёй краіны.

— Уладзімір Іванавіч, дзякуй вам за такія словы!

— І вам дзякуй! “Культура” — гэта акно ў наша мінулае, цяпершчыну і будучыню, вось што я кажу. Сёння на сучаснага чалавека абрыньваецца шмат інфармацыі. І вельмі цяжка бывае зарыентавацца ў моры папсы і рознага тлуму. Нешта сапраўды важнае на гэтым “скразняку” выветрываецца, яго не чуваць. І добра, што ёсць ваша газета — арыенцір, маяк у гэтым бязмерным моры ўсяго на свеце. Дзякуючы вашаму святлу, караблі — а гэта нашы душы — не налятаюць на розныя “рыфы”. І наша нацыянальная культура — жыве.

Вось так распачалася наша вялікая гутарка з заслужаным дзеячам мастацтваў Рэспублікі Беларусь, кандыдатам мастацтвазнаўства і, вядома ж, плённым мастаком-жывапісцам пра сучасныя выклікі для культуры. Сёлета споўнілася роўна 20 гадоў з таго часу, як Уладзімір Пракапцоў кіруе адной з галоўных устаноў культуры краіны. І ад ролі газеты “Культура” да ролі Нацыянальнага мастацкага, як высветлілася, рукой падаць. Бо ў ліку галоўных прыярытэтаў музея — нацыянальнае мастацтва і развіццё нацыянальнай самасвядомасці.

 — Сёння наш музей трымае сваю нішу, — Уладзімір Іванавіч праводзіць нас па залах знакамітага будынка па вуліцы Леніна. — Вось, калі ласка, выстава Мая Данцыга — цудоўнага майстра, так бы мовіць, суровага стылю. Ці можна сказаць, што ён выключна рэаліст? Або таксама ў нечым і фармаліст? Акадэміст? У кожным разе, гэта з’ява неверагодная. Сёння мы імкнёмся ладзіць выставы і закупаць творы менавіта такіх легендарных аўтараў. Бо калі будзем распыляцца — нічога не атрымаецца.

У нас ёсць свой арэал — і мы яго будзем трымацца: жывапіс, графіка, дэкарытыўна-прыкладное мастацтва, скульптура… Не трэба быць усяеднымі і не варта “скатвацца” ў папсу. Таму многім мастакам — шчыра гэта скажу! — шлях у музей закрыты. Прычына толькі адна: іх творчы ўзровень не адпавядае статусу Нацыянальнага мастацкага. Вось не так даўно мы адмовілі нават Нікасу Сафронаву — як бы публіка да яго ні ставілася. Трэба трымаць планку.

/i/content/pi/cult/691/15181/2.JPG— На ваш погляд, музей за апошнія гады змяніўся ў мастацкай канцэпцыі?

— Безумоўна! Сёння ў нас, да прыкладу, ідзе выстава Relax, дзе мы праз творы розных мастакоў раскрываем гэтае паняцце. Яшчэ дзесяць гадоў таму яе правядзенне было б немагчымым. Ды што казаць! Быў час, калі такія аўтары, як Іван Хруцкі, Станіслаў Жукоўскі, Вітольд Бялыніцкі-Біруля, былі пазначаны ў нашай картатэцы як вялікія рускія мастакі. Даводзілася часам ваяваць нават са сваімі ж музейнымі работнікамі, каб дамагчыся вяртання гэтых постацяў у беларускую мастацкую гісторыю. І сёння ўжо ніхто не сумняецца, што яны належаць нашай культуры. Ці ж не значная змена ў свядомасці грамадства? Прыемна, што музей стаў галоўным каталізатарам гэтай трансфармацыі.

Вось налета мы выдаем кнігу пра Бялыніцкага-Бірулю. У яе загалоўку — цытата мастака: “Я хадзіў па роднай беларускай зямлі”. Сёлета адкрываем і адноўленую экспазіцыю мемарыяльнага музея майстра ў Магілёве — гэта наш філіял. Тры гады там рабілася рэстаўрацыя. Гэта ўжо вынік і сведчанне таго, што самасвядомасць грамадства мяняецца. Ды і мы не стаім на месцы, і канцэпцыя нашага музея — у пастаянным развіцці.

— Уладзімір Іванавіч, але якое дасягненне вы лічыце галоўным за час вашага кіравання?

— Тое, што, дзякуючы падтрымцы Прэзідэнта краіны, музею ўдалося атрымаць будынкі па вуліцы Леніна, 22, дзе цяпер знаходзяцца ўсе тэхнічныя службы, і па Карла Маркса, 24. Апошні з іх — былы студэнцкі інтэрнат — планавалі пераўтварыць у гатэль на сто месцаў, нават праектна-каштарысную дакументацыю ўжо зрабілі. Гэта быў 2010 год, горад рыхтаваўся да Чэмпіянату свету па хакеі. Усе ставіліся даволі скептычна да маёй ідэі музейнага квартала. Дый гасцініца, мабыць, была выгодней. Але Аляксандр Рыгоравіч, убачыўшы макет нашага комплексу, вырашыў нас падтрымаць. Нягледзячы на планы мэрыі, ён загадаў аддаць будынак нам. І таму ў нас, я лічу, з’явілася будучыня. Без гэтага кроку музей проста спыніўся б у сваім развіцці.

— У якім стане той будынак сёння?

— Налета мы завяршаем у ім рамонт. Ужо накрыты дах, зроблены фасад, выкананы сталярныя працы, чарнавое аздабленне — засталося толькі дарабіць чыставое. У гэтым корпусе будуць выставачныя залы для сучасных мастакоў, вялікае арт-кафэ на двух узроўнях, сувенірная крама (а не сённяшні маленькі куточак, які ломіцца ад прадукцыі, бо яе няма дзе размясціць). Інфраструктура музея мусіць выйсці на новы ўзровень. Ці гэта не істотная частка яго аблічча?

— Так, безумоўна.

— Гэта будзе значны крок. І больш за тое — хачу сказаць, што сёння выспела неабходнасць і для наступнага пашырэння. Акурат побач з намі вызваляецца будынак Вярхоўнага суда па адрасе Леніна, 28 — установа пераязджае ў новае месца. І тое — наш шанец пашырыць прастору музея. Навошта? Вось вы пыталі пра тое, як усё злучыць у адзіны комплекс — і акурат новы будынак мог бы нам у гэтым дапамагчы. Я хацеў бы, каб наш філіял — Музей беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах — пераехаў у Мінск. Тэхнічныя службы з будынка на Леніна, 22 перабраліся б у будынак па Леніна, 28. А на тых плошчах, што вызваляюцца, мы адкрылі б новыя выставачныя залы. Прычым народнае мастацтва з Раўбічскага музея канцэптуальна цудоўна спалучаецца з тым, што мы маем у цяперашняй экспазіцыі. Сувязі паміж ім і старажытнабеларускім мастацтвам або мастацтвам XIX стагоддзя — ды і сучасным таксама — выбудоўваюцца вельмі лёгка. Бо народнае мастацтва — аснова ўсяго.

— А не шкада пакідаць Раўбічы без такога цудоўнага музея?

— Ведаеце, у савецкія часы ён выконваў сваю функцыю. У Раўбічы ездзілі турысты з усяго Саюза, была наладжана транспартная сувязь, і ўстанова была запатрабаваная. Сёння музей з цяжкасцю набірае шэсць тысяч наведвальнікаў у год. Калі там ладзяцца спартыўныя мерапрыемствы, подступы да культурнай установы перакрываюцца — і ў часы найбольшага наплыву людзей яна застаецца недаступнай. Добрай лагістыкі няма, дабрацца — праблема. Дык чаму б музею не пераехаць у Мінск — і тым самым не зрабіць свае калекцыі больш даступнымі?

Больш за тое, мы згодныя аддаць будынак у Раўбічах Міністэрству спорту і турызму. Ён добра адрамантаваны, шыкоўна абсталяваны — і там можна было б зрабіць музей адпаведнай тэматычнай скіраванасці — скажам, біятлону. Чаму не? Усе мелі б выгаду — і ў тым ліку мы.

Больш за тое — давайце заглянем трошкі далей. Хутка ў Мінску будуць ладзіцца II Еўрапейскія гульні. Сталіца напоўніцца турыстамі, якія шпацыруюць па вуліцах, шукаючы культурнай спажывы. Людзі гатовыя заплаціць — толькі прапануй ім цікавостку. І акурат музей, калі ён будзе ўяўяляць з сябе разнаплаваны комплекс, здолее спатоліць іх попыт па ўсіх кірунках.

Ёсць дзве гадзіны вольнага часу? Чаму б не паглядзець тую ж экспазіцыю народнага мастацтва — касцюмы, ручнікі, посцілкі? Яшчэ дзве гадзіны з’явіліся — можна пазнаёміцца з творамі сучасных беларускіх мастакоў, убачыць старажытныя іконы. Спыніўся, папіў кавы па-радзівілаўску, пайшоў далей. Вось вам мастацтва ХІХ стагоддзя — Жукоўскі, Хруцкі, Бялыніцкі-Біруля… Вось нашы мэтры з другой паловы ХХ стагоддзя. А ўвечары ўжо можна паласавацца беларускімі дранікамі ў арт-кавярні ў новым будынку, набыць у краме сувеніры.

Чаму за мяжой музейныя комплексы пабудаваны так, каб як мага даўжэй утрымліваць наведвальніка, а мы гэтага зрабіць не можам? Можам! Проста трэба быць трошкі кемлівымі і ўлічваць патрэбы часу ды псіхалогію сучаснага чалавека. Паўтаруся, “скатвацца” да папсы не варта, але з гонарам паказваць свае нацыянальныя здабыткі — неабходна. Турыст паглядзіць нашых мастакоў — і ўсю краіну ўбачыць у іншым святле. Ён падумае: які таленавіты край і людзі! І захоча распавесці пра нас іншым. Або, можа, нават прывезці нейкі твор беларускіх майстроў дадому.

— Брак плошчаў — гэта сёння для вас самы актуальны выклік?

— Так, на дадзеным этапе іх пашырэнне — адна з найважнейшых задач. Бо, як бачыце, інфраструктура моцна ўплывае на агульнае ўспрыняцце музея. Калісьці і галоўнага будынка было дастаткова, але сёння патрабаванні часу ўжо іншыя. Мы пашыраемся, расце калекцыя, неабходна далей рупіцца пра набыццё галоўных твораў нашых мастакоў. Павялічваюцца службы, у нас працуюць рэстаўрацыйныя майстэрні, таму без вырашэння гэтых празаічных пытанняў нам ніяк.

Ведаеце, калі я толькі загаварыў пра музейны комплекс (а было тое параўнальна нядаўна) — большасць мяне палічыла вар’ятам. Аднак крок за крокам мы рушым у гэтым кірунку, і я спадзяюся, што нам удасца ўвасобіць наступны этап. Але, безумоўна, выклікаў многа, і, каб пералічыць іх усе, аднаго інтэрв’ю не хопіць.

— Як вы ставіцеся да таго, што культурным установам усё больш і больш даводзіцца думаць пра выкананне планаў платных паслуг?

— Гэта, на маю думку, даволі спрэчная практыка. З аднаго боку, калі чалавек атрымлівае многія рэчы бясплатна, ён разбэшчваецца. Пэўны план, напэўна, мусіць быць. З іншага боку, калі план пераўтвараецца ў догму, а дакладней — план дзеля плана, губляецца сутнасць культурнай дзейнасці. Дзеля чаго мы ўсё гэта робім? Дзеля таго, каб сабраць грошы, — або каб у чалавека ў душы, у свядомасці штосьці змянілася? Можна наштампаваць шмат камерцыйных выстаў, але які вынік? Прыйшоў чалавек — і сышоў з пустой галавой.

Больш значнымі і прыгожымі заўжды з’яўляюцца вялікія праекты. Так, яны робяцца доўга. Напрыклад, калі наш музей ладзіў выставу беларускіх ікон у Ватыкане, перамовы доўжыліся тры гады. Летась, калі арганізоўвалі выставу беларускага мастацтва ў Нацыянальным мастацкім музеі Кітая, на перамоўчы працэс сышло паўтара гады. Але і вынік быў годны. Выставы атрымалі вялізны міжнародны рэзананс ды змянілі стаўленне да Беларусі і да нашай культуры. Ці ж гэта не вартае ўсіх высілкаў? Дарэчы, акурат сёння, калі мы з вамі размаўляем, Нацыянальны мастацкі музей Кітая ў адказ адкрывае сваю выставу “Кітайскі жывапіс ідэі” ўжо ў нашых сценах.

Ёсць план — і ён, мабыць, часам неабходны — але ёсць рэчы, значна важнейшыя за яго. І гэта варта разумець.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"