— Сумеснае выкананне гімна — гэта сімвал яднання нацыі, усяго народа. Таму ўся драматургія канцэртнай дзеі накіравана на тое, каб падрыхтаваць кульмінацыйны момант, закцэнтаваць на ім увагу. Гучанне гімна павінна быць магутным не толькі па сваёй масавасці, але і па значнасці гэтага моманту. Пачынаецца канцэрт пралогам “Красуй, Беларусь!”. Тут будзе і шэсце сцяганосцаў, і парад удзельнікаў, і разнастайныя спартыўныя нумары. Ну, а назву пралогу дала аднайменная песня Васіля Раінчыка, якую выканае зводны хор і духавы аркестр.
Наступны канцэртны блок прысвечаны дзецям — нашай будучыні. Яго назва пайшла ад песні, з якой Алёша Жыгалковіч перамог на дзіцячым “Еўрабачанні”, — “З сябрамі”. Алёша праспявае яе разам з “Верасятамі”. Удзельнічаюць у гэтым блоку і іншыя юныя зоркі — Ксеня Сітнік, Вольга Сацюк, ансамбль “Хвілінка”, які, дарэчы, выступіць разам з ансамблем ветэранаў “Памяць сэрца”.Чарговы блок, які вядзе да кульмінацыі — выканання гімна, — названы, як і грамадска-культурная акцыя, у межах якой ладзіцца ўвесь канцэрт, — “Мы — беларусы!”. Пачынаецца ён з дэфіле ўзорнага аркестра ўнутраных войск Міністэрства ўнутраных спраў. У ім выступаюць арт-гурт “Беларусы”, Пётр Ялфімаў, Ірына Дарафеева, ансамблі “Сябры”, “Верасы”, Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, Якаў Навуменка, Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі з новай “Лявоніхай”.
— А як зрэжысіравана само выкананне гімна?— Пераходам да яго становіцца нумар “Сцягі”, падрыхтаваны студыяй эстраднага танца Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў. А далей — уявіце: у выкананні зводнага хору вакальным фонам пачынае гучаць мелодыя песні “Красуй, Беларусь!” без слоў.
На гэтым фоне вядучыя чытаюць словы гэтай песні. А па прыступках ад абеліска спускаюцца 150 навучэнцаў ПТВ, якія нясуць палотнішча сцяга.
Ці ж не сімвалічна, што палотнішча сцяга будуць несці навучэнцы? Гэтыя маладыя хлопцы — будучыня нашай краіны. Дык хай яны ўжо сёння адчуюць, што гэта такое — трымаць у руках Дзяржаўны сцяг. Бо ім і надалей трэба будзе ўтрымліваць на сваіх руках усю рэспубліку.І, можа, менавіта ў гэты момант у іх замацуецца тое пачуццё гонару за родную Беларусь і адказнасці за яе лёс, якое яны пранясуць праз усё сваё жыццё.
— І якраз у гэты момант пачне гучаць гімн?— Так. Вялізны сцяг накрые сабой усю лесвіцу: ад абеліска да сцэны. Знізу ён будзе падсвечвацца пражэктарамі, і тут пачынае гучаць гімн. Яго выконвае зводны хор прафесійных і самадзейных калектываў у народных строях. Гэта Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Рыгора Шырмы, Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Генадзя Цітовіча, Дзяржаўны камерны хор Беларусі, хор музычнай капэлы “Санорус”, а таксама шматлікія хоры мінскіх дзіцячых музычных школ і школ мастацтваў.
— Але ж як працягваць канцэрт пасля гімна? Тут далёка не ўся музыка падыдзе.— Гэтая частка святочнай праграмы завяршаецца салютам. А ўжо пасля яго канцэрт працягваецца далей — маладзёжнымі эстраднымі песнямі. Акрамя сталічных калектываў, мы запрасілі Школу сучаснага танца “Белка” з Віцебска. Што ж да знакамітых спевакоў з Расіі і Украіны, дык выступіць Леў Лешчанка — тым больш, што ў яго ёсць сумесная песня з Анатолем Ярмоленкам і ансамблем “Сябры”. Прыязджаюць таксама Алег Газманаў, Таісія Павалій. А побач з імі выступаюць нашы гурты “Пяты сезон”, “DALI”, “Da Vinci”, “Цягні-Штурхай”, “Топлес”, “Лепрыконсы”, “Харлі”, “Каты”, “Атлантыка”, “Палац”, Аляксандра і Канстанцін, Гюнеш Абасава, Мікалай Скорыкаў, Іна Афанасьева, Ларыса Грыбалёва, Алена Грышанава, Паліна Смолава, Вольга Сяднёва, Жанет, Улада, Георгій Калдун, Аляксей Хлястоў — усіх не пералічыць...
— Па якім прынцыпе адбіраліся ўдзельнікі?— Улічваліся і мастацкія якасці выканаўцаў, і іх рэпертуар. Выбудоўвалася паслядоўнасць нумароў, бо гасцей, якія ўнеслі дадатковыя фарбы, хацелася ўключыць не асобным блокам, а змясціць сярод нашых выканаўцаў. А завершыцца дыскатэчная частка канцэрта выступленнем расійскай группы “Чайф”. І будзе гэта ўжо бліжэй да трэцяй гадзіны ночы.
— Вы ўпершыню ладзіце такую працяглую масавую кампазіцыю?— Самым працяглым на сённяшні дзень быў леташні канцэрт грамадска-культурнай акцыі “За Беларусь!” у аэрапорце: ён доўжыўся ажно восем гадзін. Але гэта была звычайная гала-канцэртная праграма, складзеная з асобных выступленняў. А тут будзе штосьці накшталт скразнога дзеяння. Хочацца, каб гэта не было шараговай з’явай, а каб засталося ў памяці.
Каб цяперашнія дзеці з гонарам расказвалі сваім унукам пра тое, як спявалі гімн разам з усёй Беларуссю.