ДК без даху над галавой

№ 18 (1353) 05.05.2018 - 11.05.2018 г

Улетку 2011 года ў вёсцы Дзяржынск згарэў Дом культуры. І пасюль так і не паўстаў з попелу. На былым падмурку СДК ужо раскінула свае плошчы крама-бар, новага будынку ён не атрымаў. Адпаведна, уласнае 40-годдзе ўстанова будзе сёлета, напэўна, адзначаць “у прымаках” — у школе або дзіцячым садку вёскі. Перспектывы ўстановы пакуль падаюцца даволі цьмянымі. Тым не менш, імпэт яе супрацоўнікаў не згасае.

/i/content/pi/cult/690/15179/25.JPG“Гэта лазня?” — “Не, Дом культуры...”

— Некалькі гадоў таму ішлі размовы пра тое, каб аддаць пад Дом культуры будынак ліквідаванай лазні, — распавядае дырэктар СДК Наталля Сівак. — Спецыялісты паглядзелі — і прыйшлі да высновы, што не падыходзіць. А потым нас і зусім агаломшылі: маўляў, Дзяржынск — не аграгарадок, людзі з вёскі з’язджаюць, навошта ёй новы будынак Дома культуры? Немэтазгодна тое і бесперспектыўна.

Дэмаграфічная сітуацыя ў Дзяржынску і сапраўды не тое, каб радуе: насельніцтва ў вёсцы скарачаецца. Можа, і сапраўды — немэтазгодна? Тым не менш, асабіста мне цікава, што сказаў бы на гэты конт Фелікс Эдмундавіч, якi жалезнай рукой вырашыў у РСФСР праблему беспрытульнікаў? Як бы ён адрэагаваў, калі б даведаўся, што ў пераназванай у яго імя вёсцы XXI стагоддзя, дзе жыве каля сямісот чалавек, цэлы ДК у бамжах ходзіць?

— Цяжка працаваць у такіх умовах, — уздыхае Наталля Мікалаеўна. — Удзень ні ў садку, ні ў школе мы свае мерапрыемствы правесці не можам, не можам і гурткі збіраць. З канца мая і да верасня мы фактычна апынаемся на вуліцы, на танцавальнай пляцоўцы, куды на скутары або на машыне знаёмых прывозім апаратуру, якая захоўваецца па хатах, а затым такім самым чынам яе дастаўляем назад. Рэквізіт, касцюмы і абутак, якія мы вырабляем самі і за свае грошы — таксама ўсё па хатах. Але не здаёмся — спяваем, танцуем...

Частку сваіх мерапрыемстваў СДК праводзіць у дзіцячым садку, у якім дзейнічае этнаграфічны музей: інтэр’ер сярэднестатыстычнай сялянскай хаткі. Праўда, змешчанае ў ім начынне датуецца нават рознымі стагоддзямі.

— Сумесна з супрацоўнікамі Дома культуры мы праводзім тут абрады, народныя гульні, — кажа загадчыца Іна Лукашэвіч. — Дзеткам падабаецца, яны з радасцю далучаюцца і вельмі непасрэдна рэагуюць: смяюцца, апладзіруюць, шалеюць, а часам раптам заміраюць, уважліва ўслухоўваюцца, углядаюцца. Яны хоць і маленькія зусім, але нешта ўжо разумеюць. Ды адчуваюць, што ўсё гэта наўпрост тычыцца вёскі, родных, іх саміх. Цікава глядзець на іх у такія хвіліны ды спрабаваць адгадаць, пра што тая малеча думае. На жаль, колькасць нашых выхаванцаў з кожным годам памяншаецца. Магчыма, у хуткім часе паўстане пытанне і пра закрыццё садка. Што тады будзе з музеем?

Асноўныя iмпрэзы Дома культуры праходзяць у спартзале школы. Поспехам яны карыстаюцца, але гледачы наракаюць на асаблівасці распаўсюджвання гуку, які рэальна б’е па іх вушах (не палянуйцеся, зайдзіце ў якую-небудзь пустую спартыўную залу і гыркніце там як след — адчуеце, як па вас дзеўбане рэха. А ўявіце, калі хор там грымне ва ўсе свае далікатныя галасы!). Таму некаторыя несвядомыя вяскоўцы перыядычна манкiруюць запрашэннямі на канцэрты. Хаця выступаць на іх ёсць каму: у ДК пяць фарміраванняў (плюс клуб, які прапагандуе здаровы лад жыцця).

Асаблівую ўвагу работнікі культуры Дзяржынска надаюць адраджэнню старадаўніх абрадаў, якія паходзяць яшчэ з тых часоў, калі вёска насіла куды больш мілагучнае імя Радзіловічы. У апошні час сваё (якое там па ліку?) нараджэнне атрымалі “Шуканне свечкi”, “Завiванне намiткi”, “Жанiцьба комiна”.

— І ўсё ж мы вельмі і вельмі спадзяёмся, — ставіць фінальную кропку ў размове аб СДК яго дырэктар, — што і Дом культуры адродзяць, насуперак усяму.

Усё па-іншаму?

Дзяржынская сельская бібліятэка цяпер прымае сваіх чытачоў у двух пакоях арандаванага калгаснага дома (у ім жа, дарэчы, дыслакуецца і адміністрацыя СДК). Раней яна функцыянавала ў тым самым будынку Дома культуры. Пры пажары згарэла практычна ўся літаратура. Але ўлады Лельчыцкага раёна, натуральна, не пакінулі ўстанову і вяскоўцаў у бядзе, і на сёння бібліятэчны фонд налічвае больш за шэсць тысяч кніг, часопісаў і газет. Ноўтбукам і інтэрнэтам Дзяржаўная СБ таксама забяспечана.

Нягледзячы на тое, што разгарнуцца як след у цяперашнім памяшканні цяжкавата, інфармацыйныя гадзіны, конкурсныя, гульнявыя праграмы, віктарыны для дзяцей тут праходзяць рэгулярна (інтэрактыў гэты “вывозіцца” і ў дзіцячы садок са школай, у іх жа ладзяцца і літаратурныя выставы). Праблема “кватэрнага пытання”, здавалася б, павінна была абавязкова адбіцца на наведванні.

— План па ім мы выконваем, — радуе мяне бібліятэкар Надзея Лукашэвіч. — Моцна дапамагаюць прыезджыя, якім, напэўна, і камп’ютары ўжо надакучылі, і тэлевізары: ім хочацца проста пачытаць з паперы, таму яны і ідуць да нас. А ўсяго ў бібліятэку запісана каля пяцісот чытачоў.

Зусім пажылых людзей Надзея Васільеўна абслугоўвае па месцы іх жыхарства: бярэ стос кніг, нізку газет і часопісаў, садзіцца на ровар — і наперад! Падзякай служаць апавяданні бабуль і дзядуляў пра родны край, якія належным чынам потым афармляюцца і захоўваюцца ў бібліятэцы сярод іншых краязнаўчых матэрыялаў. Разам са спадарыняй Лукашэвіч візіты да старэйшынаў часта наносяць дзяўчынкі і хлопчыкі вёскі, для якіх бібліятэкар арганізуе і экскурсіі па ваколіцах. Балазе, там ёсць шмат чаго паглядзець: адны знакамітыя каменныя крыжы чаго вартыя.

А ў бесстароннія эксперты па культуры Дзяржынска ад вёскі быў дэлегаваны Юрый Краўчэня — настаўнік фізкультуры ў мясцовай школе. Культура іншая таксама заўсёды цікавіла гэтага маладога чалавека: будучы школьнікам, ён удзельнічаў у конкурсах мастацкай самадзейнасці, граў у спектаклях, спяваў, гуляў у КВЗ. Творчасць не закінуў і ў час вучобы ў Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце. А ў 2016 годзе Юрый Віктаравіч прыняў прапанову заняць пасаду мастацкага кіраўніка СДК.

Каментарый Юрыя КРАЎЧЭНІ:

— У цяперашніх аб’ектыўна нялёгкіх умовах дзейнасці Дома культуры мне ўсё падабаецца ў яго працы. А быў бы ў нас будынак, я б адкрыў у ім більярдны клуб. Часам так хочацца адпачыць, хай даруе мне Наталля Мікалаеўна, ад тых выдатных абрадаў, мерапрыемстваў, якія праводзіць ДК. (Можа, гэта ўва мне фізрук кажа?) Іншая справа, куды паставіць тыя більярдныя сталы? Не будзем жа мы кожны раз на сваім карку цягаць іх, напрыклад, на цэнтральную плошчу Дзяржынска. Ды і імпрэзы на адкрытым паветры праходзяць зазвычай толькі ў цёплую пару года.

Мне 25 гадоў, і калі аб маім пакаленні агулам кажуць, што мінулае нашай краіны, вытокі яе народных традыцый яго мала цікавяць — як мінімум, становіцца крыўдна. І цікавяць, і хвалюць, ды і перажываем мы за нашу культуру не менш за людзей старэйшых. Пра гэта я мяркую і па сябрах, і па сваіх вучнях, якія належаць ужо да іншага пакалення. Мы не сядзім склаўшы рукі: вывучаем далёкае мінулае Беларусі, здараецца, штосьці нечаканае для сябе знаходзім, спрабуем рэаніміраваць старыя мала- або зусім невядомыя песні, забытыя абрады. Не ведаю, можа, гэта ў Мінску ўсё па-іншаму...

Мінск — вёска Дзяржынск Лельчыцкага раёна — Мінск / Фота аўтара

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"