Вярнуць наклад “К”!

№ 18 (1353) 05.05.2018 - 11.05.2018 г

Абсалютна незразумелая для мяне тэндэнцыя. Як толькі набліжаецца наша прафесійнае свята — Дзень друку ў Беларусі, што адзначаецца 5 мая, дык імгненна падае наклад “Культуры”. Ніякім чынам не хачу сказаць, што гэта — своеасаблівы падарунак рэдакцыі ад удзячных чытачоў. Але разабрацца ў сітуацыі не пашкодзіла б. Апошнія гады мы ўзмоцненымі намаганнямі даводзілі работнікам культуры, што наша газета — выданне для прафесіяналаў. Вельмі не хочацца абвяргаць саміх сябе. І тлумачэнні наконт малых заробкаў тут таксама падаюцца недарэчнымі. Натуральна, заробкі — малыя. У нас яны таксама вышынёй не вызначаюцца. Але гарантуем: “Культура” пабачыць свет пры любым фінансавым раскладзе. У самы бліжэйшы час зоймемся больш грунтоўным аналізам таго, хто вінаваты і што варта рабіць.

/i/content/pi/cult/690/15177/22.JPGПрафесіяналы не стамляюцца вучыцца. Доказаў таму хапае і ў сённяшняй пошце. Вось пра што, да прыкладу, распавяла загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Браслаўскай райбібліятэкі Ірына Макарэвіч. Яе калегі з ЦБС Браслаўскага раёна бралі ўдзел у міжнародным вэбінары “Бібліятэкі памежжа Беларусі і Латвіі: магчымасці супрацоўніцтва ў адзінай інфармацыйнай прасторы”. З латышскага боку ў анлайн-сустрэчы ўдзельнічалі спецыялісты Латгальскай цэнтральнай бібліятэкі Даўгаўпілса. Яны гаварылі пра свае краязнаўчыя базы, пра тэндэнцыі развіцця сваёй справы. Яны ж, па словах аўтара, прэзентавалі інавацыйныя праекты. У тым ліку акцыю “Свабодная вулічная бібліятэка”. А пра народнае аматарскае аб’яднанне “Кругагляд” гаварыла бібліятэкар з Відзаў Галіна Кандратовіч.

Пра чарговую вучобу напісала галоўны бібліёграф Столінскай раённай цэнтральнай бібліятэкі Вольга Тропец. “На базе раённай дзіцячай бібліятэкі, — паведамляе яна, — прайшоў семінар-практыкум, прысвечаны дзейнасці тамтэйшых прававых цэнтраў. Правяла яго спецыяліст рэгіянальнага цэнтра прававой інфармацыі Брэсцкай вобласці Вольга Галавій”. Сёння ў Столінскай РЦБС дзейнічаюць 13 публічных цэнтраў прававой інфармацыі.

Лельчыцкі цэнтр культуры працягвае пошук талентаў у вытворчых калектывах, арганізацыях і ўстановах. Нядаўні раённы конкурс даў магчымасць паспаборнічаць у вакальным, вакальна-харавым, харэаграфічным жанрах, у дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Таленты знайшліся ў аддзелах адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, у Лельчыцкай перасоўнай механізаванай калоне-103, райбальніцы, райспажыўтаварыстве. Пра конкурс паведаміла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лельчыцкага райвыканкама Галіна Лісіцкая.

Інфармацыя з Навагрудскай раённай бібліятэкі. Загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі ўстановы Іна Шаўчук распавядае пра прэзентацыю літаратурна-мастацкага альманаха “Сузор’е”, які быў выдадзены сёлета ў Мінску. Пад адной вокладкай сабраны вершы і проза дваццаці аўтараў з Беларусі і Літвы — як лаўрэатаў літаратурных прэмій, так і пісьменнікаў-пачаткоўцаў. Навагрудчына прадстаўлена творчасцю Святланы Абдулаевай, Марыі Быт, Ганны Валенцік. Аўтарам праекта стаў пісьменнік і публіцыст Мікалай Герасімаў.

Мастоўская раённая бібліятэка сумесна з раённай дзіцячай правяла бібліяноч. Па завядзёнцы ўсе аддзелы пераўтварыліся ў творчыя пляцоўкі. Тут працавалі візажысты, кветкаводы, можна было паваражыць на тамах літаратурнай класікі. Дзейнічала літаратурна-музычная гасцёўня. Наведвальнікі спрабавалі свае сілы ў веданні кніг і выкананні твораў у суправаджэнні музыкі. Аўтар нататкі — Вольга Коршун, метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу.

Супрацоўнікі Скідзельскай бібліятэкі сямейнага чытання сабралі аматараў прыгожага слова на бібліятэчную маёўку. Працаваў агітпункт “Чытанне — у масы!”, прэзентавалася кніжная выстава “Свет, праца, сонца, май, а чытаць не забывай”. Намеснік дырэктара Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Ганна Сіманенка “вынайшла” яшчэ адну перавагу кнігі. Яна ніякім чынам не замінае загараць.

Беларусь прырастае кірмашамі. Намеснік дырэктара цэнтралізаванай клубнай сістэмы Касцюковіцкага раёна Наталля Дробышава піша пра чарговы — “Іллінскі”. 27 красавіка з ім пазнаёміліся ўдзельнікі VI Міжнароднага форума “Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства” (гл. ст. 10 — 11 гэтага нумара “К”). Дык вось, Іллінскі кірмаш родам з Саматэвічаў і яму амаль дзвесце гадоў. Сюды ехалі нават з Расіі і Украіны. Няма ўжо старых Саматэвічаў па прычыне чарнобыльскай навалы. Новыя Саматэвічы з’явіліся на новым месцы, і кірмаш зажыў па-новаму. Потым госці форума наведалі Гусінае свята, што ладзіцца ў Белай Дуброве і паспела стаць брэндам раёна.

Цягам доўгага часу ў ткацкай майстэрні Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці майстар-тэкстыльшчык Алена Шунейка стварала сапраўдныя цуды. Цяпер яны аздабляюць унутраныя інтэр’еры ўстановы. Новы габелен “Гродзенская ратуша, 1784” — чарговая даніна названай традыцыі. Нядаўна адбылася прэзентацыя гэтай работы. Алена Феліксаўна імкнулася адлюстраваць непаўторнасць гістарычнага цэнтра Гродна. Майстар па вырабе габеленаў у тэхніках падвойнага і пераборнага аднабаковага ткацтва Алена Шумейка з’яўляецца носьбітам элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны, занесенага ў Дзяржспіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"