Прафесіяналізм як мост “паміж намі”

№ 18 (1353) 05.05.2018 - 11.05.2018 г

Мне пашчасціла трапіць на канцэрт артыста, які пачынае сваю сольную кар’еру з прыгожым славянскім прозвішчам “Каралёў”.

/i/content/pi/cult/690/15175/20.JPGТак, менавіта пашчасціла, бо ўсе білеты былі раскуплены задоўга да вызначанай даты.

Легендарныя выканаўцы, якія фарміравалі ўяўленне аб нашай вакальна-эстраднай школе і ўзроўні майстэрства ў жанры эстраднага вакалу, сёння ўспрымаюцца ўжо ў намінацыі “рэтра”. А сучаснаму гледачу хочацца новых эмоцый, песень, шоу, прафесійнага гуку і добрых тэкстаў. Ды замест высакаякаснага прадукту вельмі часта мы чуем нешта з прысмакам “нафталіну” і непрафесіяналізму, не кажучы ўжо пра шоу, якое чакае глядач. Калі слухаеш “артыста”, за спінай якога няма нават пачатковай музычнай адукацыі, у цябе ствараецца ўражанне, што такія элементарныя музычныя тэрміны, як дыяпазон, тэсітура, тэмбр, яму проста чужыя.

Пра ўсё гэта мне думалася ў зале перад пачаткам канцэрта Дзмітрыя Каралёва. І вось, на сцэну выходзяць музыканты з інструментамі. Значыць, будзе “жывы гук”, што на сёння ўжо можна лічыць рэдкасцю. На долю секунды згасла святло, палілася музыка — і ў асляпляльных каляровых промнях з’явіўся сам спявак.

Песні змянялі адна адну. Эмацыйны ўздым у зале спакваля нарастаў. Увесь выкананы рэпертуар вылучаўся яркасцю, прыгажосцю тэмбру і моцнай падачай гуку. Адчувалася “нестамляльнасць” спевака, якая абумоўлена прыроднымі ўласцівасцямі яго галасавога апарата, шырынёю дыяпазону і выканальніцкай гнуткасцю.

Дзмітрый Каралёў мае выразную ў сваёй індывідуальнасці манеру выканання. Ёсць у яго і ўласныя “фішкі” — напрыклад, здольнасць доўга вытрымліваць гукі ў высокай тэсітуры, захоўваючы пры гэтым “палётнасць”, якую вызначаюць у спектры голасу групы высокіх абертонаў (высокай спеўнай фарманты).

Што асабліва прыемна, голас Дзмітрыя Каралёва даносіў да слухачоў глыбокія сэнсы, часам нават са своеасаблівым “прароцтвам”. Так, песня на музыку і словы Макса Алейнікава “Усё будзе добра” ўжо здабыла шырокую папулярнасць. А яе падача артыстам настройвае на пазітыўны лад і веру ў жыццё.

Папраўдзе ўразіла і праца каманды прафесіяналаў, якія забяспечвалі гук, святло, пісалі сцэнарый, афармлялі сцэну і дэкарацыі — а яны мяняліся на працягу кожнай песні. Напэўна, нават не ўсе “заезджыя” сусветныя зоркі маюць такое шыкоўнае шоу! Выснова напрошваецца сама сабою: толькі прафесійны падыход, дбайны выбар аднадумцаў са спецыяльнай адукацыяй, велізарная карпатлівая праца, штодзённыя шматгадзінныя рэпетыцыі даюць такі надзвычайны вынік.

Пасля канцэрта глядач доўга трымаў Дзмітрыя Каралёва, артыст літаральна “патанаў” у букетах кветак ад удзячных прыхільнікаў. Пра поспех спевака засведчыла і тое, што ў холе былі раскуплены ўсе яго дыскі з загадкавай назвай: “Паміж намі”. І сапраўды, для мяне было несумненна, што з выхадам на сцэну Дзмітрыя Каралёва на беларускай эстрадзе запалілася новая зорка.

Людміла ГРЫЦКЕВІЧ