Батл Рамэа, бітва Джульет

№ 18 (1353) 05.05.2018 - 11.05.2018 г

Дзве прэм’еры на адну п’есу
Хвалі любові розных рэжысёраў да адной і той жа п’есы не так ужо і рэдка накрываюць сталіцу, а то і перакідваюцца на рэгіёны. Гэтым разам у паветры лёталі згадкі пра адвечнае каханне Рамэа і Джульеты. Аглядальнік “К” наведала прэм’еры ў Тэатры юнага гледача і Сучасным Мастацкім Тэатры, каб даведацца, што застаецца ад Шэкспіра, калі яго перакладаюць на сённяшнюю сцэнічную мову.

/i/content/pi/cult/690/15174/19.JPGІ камяні пачуюць!

Яшчэ год таму можна было б растлумачыць выбар ТЮГа жаданнем адпавядаць школьнай праграме, але з восені “Рамэа і Джульету” выключылі са спісу літаратуры да абавязковага вывучэння беларускімі школьнікамі. Па меркаванні складальнікаў айчынных адукацыйных праграм, васьмікласнікам яшчэ рана ўспрымаць тэкст пра каханне і родаваю нянавісць, а разважанні пра самагубства ўвогуле могуць выклікаць непатрэбныя думкі. Шчасце, што ТЮГ не пабаяўся звярнуцца да Шэкспіравага твора, які варушыў пачуцці цэлых пакаленняў на працягу чатырохсот гадоў і даўно стаў мульцікультурным кодам, што пусціў свае карані ва ўсіх відах мастацтва.

Рэжысёр Уладзімір Савіцкі значна адрэдагаваў п’есу, скараціўшы і абвастрыўшы яе акурат так, каб захапіць увагу юнай аўдыторыі на ўсе дзве гадзіны. Мантэкі і Капулеці загаварылі жывой мовай, з вуснаў сцэнічных падлеткаў час ад часу гучыць слэнг ці якое зачэпістае слоўца, тым самым спрыяючы збліжэнню моладзі на сцэне і ў зале. Спецыяльна для ТЮГа пераклад з мовы арыгінала зрабіла Кацярына Маціеўская — і гэта той выпадак, калі ў тэатр трэба ісці ўжо для таго, каб пачуць Шэкспіра на добрай беларускай мове.

Падаецца, пастановачнай групе можна было ў пэўных момантах не пабаяцца і пазбавіцца тых фрагментаў тэксту, што запавольваюць тэмпарытм спектакля. Прыкладам, пачатак спектакля ледзь не загубіў нудны пралог, прамоўлены, да ўсяго, на суперзаслону — распаведзены тонам настаўніцкіх натацый, ён можа ад пачатку адштурхнуць падлеткавую аўдыторыю. Адмова ад некаторых украпванняў пайшла б толькі на карысць дынамічнаму, відовішчнаму спектаклю, які ўражвае сваім юнацкім запалам.

Лёгкасць і маладзёжная дзёрзкасць знаходзіць увасабленне ў касцюмах: юнае пакаленне, якое імкнецца выбрацца з закамянелай непрыязнасці аслупянелых старэйшых, лётае сярод магільных камянёў у кедах, сукенках са снудамі, талстоўках з капюшонамі ды іншых рэчах сучасных сity-трэндаў. Мастак-пастаноўшчык Ларыса Рулёва ў касцюмах падкрэсліла прорву паміж моладдзю і дзядамі, апрануўшы бацькоў сямействаў у строі, стылізаваныя пад велікасвецкія ўборы сівой даўніны.

Вывеўшы на сцэну амаль усю моладзевую частку трупы, тэатр працягнуў эксперымент у сцэнаграфіі: спадарыні Рулёвай далі магчымасць выкарыстаць маштабную відэаінсталяцыю, задзейнічаць пад’ёмнікі, аркестравую яму, нават кішэню сцэны, каб хапіла размаху ўзвесці шмат’ярусную дэкарацыю. Гэтая прастора лёгка ператваралася з палацавага дворыку першай дзеі ў сцюдзёны склеп другой, дазваляла знайсці ўласную лакацыю для кожнага з сюжэтных паваротаў. Уразіла і вырашэнне класічнай сцэны на балконе: падчас дыялогу Джульета (Вікторыя Кадрава) павольна лётала на сваім “балкончыку” над сцэнай.

На гэтай жа перасоўнай канструкцыі ў другой дзеі будзе свавольнічаць адзін з трох блазнаў — персанажаў, якіх у Шэкспіра не было. Мяркую, нездарма… Пакуль гэтыя фрыкаватыя ўвасабленні цёмных сілаў не атрымалі паўнавартаснага раскрыцця ў палатне спектакля. Уся ўвага гледача была захоплена віраваннем іншых жарсцяў: неабсяжнасцю першага кахання, непрабіўнасцю сляпога бацькоўскага патрабавання паслухмянасці.

У афішы цэнзавы ўзрост пазначаны “16+”. У яго пацвярджэнне на падмостках ладзяцца палкія танцы, эфектна праліваецца фарбавая кроў ды разварочваюцца відовішчна-жорсткія бойкі — апошнія заканчваюцца аднолькавымі палымянымі шалікамі, што быццам крывавымі маскамі хаваюць твары юных прадстаўнікоў Мантэкі і Капулеці. Гэтыя візуальныя ўсплёскі дазволяць захапіць публіку, пры гэтым не адсоўваючы ў бок галоўныя ідэі, закладзеныя ў п’есе: няма часу на каханне ў тых, хто прапагандуе варожасць і непрыняцце іншых, а без кахання ў ненавіснікаў няма шанцу на будучыню.

Колькі табе патрэбна Джульет?

Для мастацкага кіраўніка СМТ Уладзіміра Ушакова “Рамэа і Джульета. Працяг…” стаўся рэжысёрскім дэбютам. Падаецца, памкненні пастаноўшчыка спелі даўно, бо ў першым спектаклі ідэі і нетрывіяльныя падыходы проста фантаніравалі!

Свой новы праект тэатр называе амбіцыйным і абяцае ўразіць аўдыторыю “прыгожай гісторыяй кахання і смерці”. Прыгожай у тым ліку і таму, што над па-сапраўднаму жывапіснымі касцюмамі працаваў эка-брэнд Historia Naturalis, які ў свой час перамог на Belarus Fashion Award. Вытанчанасці дадае прадуманая пластыка харэографа Гіві Кбілашвілі.

У адрозненне ад калег з ТЮГа, спадар Ушакоў працаваў з тэкстам зусім не беражліва: ён максімальна яго парэзаў, бязлітасна выдаліў шматлікія сюжэтныя адгалінаванні, тыя рэплікі, што засталіся для сцэнічнага ўвасаблення, збольшага размеркаваў паміж Рамэа і Джульетай. А вось саміх галоўных герояў… памножыў у чатыры разы! Калі ж сюжэт вымушаў усё-такі вывесці на сцэну дадатковага персанажа, то хтосьці з чатырох Рамэа браў у рукі маску з выявай вядомых замежных акцёраў ці апранаў накідку з імем — Tybalt, Mercutio — і хуценька разыгрывалі сцэну, неабходную для дзеяння, але не галоўную для ідэі спектакля.

Не галоўную, бо гэтую пастаноўку нельга разглядаць, як манументальнае палатно: гледачам падарылі спектакль-адчуванне, спектакль-уражанне — шчымлівы расповед пра каханне, якім яно бачыцца людзям розных узростаў. Для дзесяцігадовых Рамэа і Джульеты (Ягор Рамейка і Дар’я Акуліч) яно — вернае сяброўства і напарніцтва ў любых гульнях. Для моладзі (Васіль Байдак і Вікторыя Макоўчык) — рамантычны сусвет, поўны сумненняў, ваганняў і юнацкага максімалізму. Для тых, каму за сорак (Іван Шчатко і Віялета Сарвірава) — цялесныя жарсці і душэўная ўпэўненасць адно ў адным. А для шасцідзесяцігадовага Рамэа (Уладзімір Варанкоў) і яго даўняй абранніцы сэрца (Ірына Скарабагатава) каханне набывае прысмак настальгіі па далёкай маладосці, падмурак мудрасці і карункі іранічных жартачак — за доўгае адно на дваіх жыццё яны добра ведаюць, як праз смех адно аднаго сагрэць.

Для чатырох пар каханкаў, што павінны прайсці па адной сюжэтнай сцежцы, рэжысёр паставіў вельмі складаную задачу: рэплікі павінны былі лётаць бы мячык у пінг-понгу. З такой віртуознай задачай не заўсёды атрымлівалася спраўляцца, у сярэдзіне спектакля пайшлі прабуксоўкі. Магчыма, праблема была ў нязвыклай для СМТ пляцоўцы: са сваёй невялічкай сцэны ў канцэртнай зале “Мінск” тэатр перайшоў на тэрыторыю “ОК16” і не зусім зарыентаваўся ў новым аб’ёме. Але пры ўсіх недарэчнасцях акцёры змаглі перадаць той самы нерв гісторыі, які апошнім часам стаў губляцца ў святле многіх самавітых рампаў.

І спадар Савіцкі, і спадар Ушакоў змаглі сыграць з 400-гадовай п’есай па сваіх правілах, прымусіўшы класічныя радкі працаваць у сугуччы з адчуваннямі і памкненнямі сённяшняй аўдыторыі. Шкада, што батл з матэрыялам падуладны далёка не ўсім сучасным рэжысёрам.

 Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"