“Багема” не толькі для багемы

№ 18 (1353) 05.05.2018 - 11.05.2018 г

Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі ў трэці раз за гісторыю свайго існавання звярнуўся да “Багемы”. Паставіць знакамітую оперу Пучыні запрасілі народнага артыста Расіі Аляксандра Цітэля.

/i/content/pi/cult/690/15173/17.JPGПазалетась наша публіка магла на свае вочы ацаніць яго “Пікавую даму”, пастаўленую ў Адэсе: спектакль стаў мастацкай кульмінацыяй Мінскага міжнароднага Каляднага опернага форума. На сёння ён уладальнік 4-х расійскіх тэатральных прэмій “Залатая маска” за рэжысуру. А ўсяго спектаклі Цітэля адзначаны гэтай прэстыжнай узнагародай ажно сем разоў — у розных намінацыях.

Дарэчы, магло здарыцца, што працы таленавітага пастаноўшчыка мы маглі б бачыць значна часцей: у 1980-я, калі ён быў галоўным рэжысёрам Свярдлоўскага опернага тэатра, яго запрашалі на тую ж пасаду да нас, але… не склалася. Затое ў Беларусь тады прыехаў адзін з паплечнікаў Цітэля — мастак Эрнст Гейдэбрэхт, які паставіў у нас балеты “Балеро”, “Карміна Бурана”, “Вясна свяшчэнная”, “Лебядзінае возера”, “Рамэа і Джульета”, “Вітаўт”, оперы “Вайна і мір”, “Кавалер ружаў”, “Дзікае паляванне караля Стаха”. А Цітэль у 1991-м паехаў “выратоўваць” Маскоўскі акадэмічны музычны тэатр імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі — і вывеў яго ў кагорту лідараў. І дагэтуль узначальвае там оперную трупу.

Цяперашняя “Багема” для Цітэля, як і для нашага тэатра, — трэцяя. Папярэдняя ідзе ў тэатры Станіслаўскага ажно 22 гады. Таму, па словах рэжысёра, трэба было прыдумляць штосьці іншае: “Хацелася, каб опера выклікала здзіўленне сваёй свежасцю”. І гэта ўдалося ў поўнай меры.

Цікавым стала ўжо само змяшчэнне герояў у асяроддзе выяўленчага мастацтва пачатку ХХ стагоддзя: знакамітай Парыжскай школы. Невыпадкова і ў адной са сцэн спектакля, і на афішах мы з радасцю пазнаем спасылку на самую, бадай, вядомую карціну Марка Шагала “Над горадам” — што адразу надае пастаноўцы яшчэ і беларускі гістарычны кантэкст. Дзеянне цалкам перанесена ў вялізны ангар, дзе рыхтуецца выстаўка. І пачынаецца яшчэ да гучання музыкі (падобныя “відэаўверцюры” ў сучасных оперных пастаноўках не рэдкасць).

/i/content/pi/cult/690/15173/18.JPGСцэнаграфія Юрыя Усцінава вылучаецца неверагоднай рухавасцю: на задніку, куды мастак Марсэль быццам выплюхвае вядро фарбы, з’яўляюцца абрысы і Парыжа, і мастацкіх прац авангардыстаў. Гэта не звычайная праекцыя, а так званае кінематычнае мастацтва — “жывыя” карціны, якія павольна, але няўмольна змяняюцца (камп’ютарная графіка — Павел Сувораў). На іх можна ўбачыць і намёкі на прыродныя з’явы (то быццам снегам замятае, то ручаі бягуць з ільдзінкамі), і эфекты набліжэння, пераўтварэння. Як ні дзіўна, але ў такіх запаволена паступовых зменах задніка прасочваецца працяг традыцый Яўгена Лысіка: яго маляваныя “габелены” ў балетах Валянціна Елізар’ева таксама рухаліся-праплывалі, быццам прадчуваючы цяперашнія камп’ютарныя магчымасці. Мастак па касцюмах Ірына Акімава асабліва “разгулялася” ў сцэне ў кавярні, зрабіўшы там моднае дэфіле.

Але не пагаджуся, што спектакль трэба лічыць “татальнай перамогай мастакоў”, як давялося пачуць у кулуарах. Бо іншыя складнікі былі не менш выразнымі, знаходзячыся між сабой у дзівоснай гармоніі. Праз гэта “Багема” стала не сацыяльнай агіткай (маўляў, пры капіталізме моладзь не мае ні грошай ні будучыні), ні горкім аповедам на тэму “каханне ці грошы”, ні, тым больш, слязлівай меладрамай. Спектакль успрымаецца як філасофская прыпавесць. Перад намі паралельна, па сваіх уласных “маршрутах”, якія не супадаюць адзін з адным, праплывалі чалавечае жыццё, жыццё мастацтва і змена пораў году. Дык у чым сэнс жыцця? Каб прыбіральшчыца, якая апошняй з’яўляецца на сцэне, змяла ўсё ў сметнік? Ці гэта не прыбіральшчыца, а ўвасабленне самой смерці?

У час паклонаў героі з’яўляюцца на фоне распісаных завесаў-карцін, якіх не было ў самім спектаклі. І гэта “прачытваецца” перакладам з латыні: жыццё — кароткае, мастацтва — вечнае. Знакамітая фраза набывае тут візуальнае “вымаўленне” — і схіляе да далейшага асэнсавання.

Нарэшце ў нашым тэатры з’явіўся спектакль, які не толькі можна, але і трэба глядзець не адзін раз, а некалькі, прычым неабавязкова з-за розных выканальніцкіх складаў. Бо ён жывы — і “дыхае”. Справа не ў новых змяненнях (а рэжысёр, нягледзячы на неверагодную дэталізаванасць сваёй працы, працягваў удасканальваць пастаноўку да апошняга: фінал прэм’ернага спектакля значна адрозніваўся ад паказанага на генеральным прагоне). Справа ў тым, што кожны новы прагляд дадае новых роздумаў і сэнсаў. А каханне-мастацтва-жыццё становяцца непадзельнай трыядай.

Мы прызвычаіліся ўспрымаць “Багему” драматычна-трагічным аповедам (гераіня ж памірае!), дзе жарты могуць быць хіба горка-іранічнымі. А ў новым спектаклі адкрылася нечакана многа гумару. Рэжысёр, як мне падказалі ў тэатры, сам рабіў тэкст рускамоўных тытраў, не проста абапіраючыся на падрадкоўнік, а адаптуючы яго для гледачоў (менавіта таму там з’явілася, да прыкладу, прыказка: баба з воза — каню лягчэй). І сам сачыў за своечасовасцю з’яўлення пэўных фраз і слоў, каб тыя супадалі са спевамі і сцэнічным дзеяннем. Жартоўнасць ёсць і ў пастаўленых мізансцэнах, пластыцы герояў, у некаторых танцавальных па (харэограф — Вольга Костэль).

Цікава сачыць за кожным персанажам, бо ўсе, уключаючы артыстаў хору і мімансу, юных удзельнікаў Дзіцячага музычнага тэатра-студыі, атрымалі ярка выяўленую персаніфікацыю. Каб “хто ёсць хто” было бачна з балкона, Шанар (Дзяніс Янцэвіч ці Сяргей Лазарэвіч) не расстаецца з тубай, раз-пораз выціскаючы з яе гукі. Марсэль (Уладзімір Громаў ці Ілья Сільчукоў) — з вядром фарбаў і пэндзлем.

Дый характары герояў аказаліся пераасэнсаванымі! Асабліва гэта тычыцца Мімі, якая звычайна паўставала гэткай безабароннай “тургенеўскай паненкай”, а тут ператварылася ў сучасную эмансіпіраваную дзяўчыну, поўную святла і надзеі. Ухапіўшыся за лямпу і спяваючы пра сонца, яна сама становіцца сонейкам. Не губляе ключ, з пошукаў якога і пачынаецца “любоўная хімія”, а наўмысна закідвае куды далей, каб была падстава застацца. А да Рудольфа (Аляксандр Міхнюк ці Аляксандр Гелах) прыходзіць невыпадкова: яна ўжо даўно назірала за ім ды злавіла зручны момант, калі яго сябры сышлі.

Да новага спектакля Цітэль рабіў кастынг. Ганну Налбандзянц ён заўважыў яшчэ на другім туры леташняга ІV Мінскага міжнароднага Каляднага опернага конкурсу: яна спявала там менавіта Мімі. А Марту Данусевіч паслухаў у Маскве: выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі па класе знакамітай Людмілы Колас, лаўрэат ІІ Міжнароднага конкурсу вакалістаў імя Л. Александроўскай, што праходзіў у нашай філармоніі ў 2012 годзе, цяпер яна стажыруецца ў Вялікім тэатры Масквы, шмат гастралюе. Абедзве салісткі — выдатныя! І вельмі розныя, што закладзена ўжо ў прыродзе голасу кожнай. У Марты гераіня больш “сонечная”, нягледзячы ні на што. У Ганны ж яна літаральна з першага з’яўлення ўтрымлівае ў сабе схаваную трагедыю, якая потым завалодае ёй цалкам.

А як па-новаму паўсталі іншыя салісты! Тая ж Ірына Кучынская, якая звычайна выступала ў лірычным амплуа, стала ярка характарнай Мюзэтай, захаваўшы пры гэтым уласцівую спявачцы тонкасць псіхалагічных адценняў. Гераіня Клаўдзіі Пацёмкінай (а гэтую новую салістку тэатра раней мы бачылі хіба ў канцэртах) яшчэ больш успрымалася прамой спадкаемкай Кармэн. Андрэй Валенцій (Кален) памаладзеў да юнака, а ў голасе, акрамя басовай прыгажосці, з’явіліся філасофскія ноткі — адпаведна з заняткамі яго героя. Тую ж партыю выконвае і зусім малады Андрэй Сялюцін — зноў-такі, іначай, але не менш прыцягальна.

Увогуле, галасы ўсіх удзельнікаў загучалі па-новаму — з большай свабодай, раскаванасцю, асэнсаваннем праспяванага, чаму спрыялі і натуральныя воклічы, што надалі рэчытатыўна-арыёзнаму стылю асаблівую “праўдзівасць”. Пры ўсёй рухавасці артыстаў, рэжысёр ашчадна паставіўся да вакалу. У час найбольш складаных фрагментаў “прыўзнімаў” салістаў, змяшчаючы іх на якое-небудзь збудаванне, “апраўдваў” іх пэўную статычнасць. Дый сцэнаграфія не перашкаджала маладым галасам: мінімум грувасткасці, матэрыялаў, якія “паглынаюць” гук. У пэўных момантах кулісы ўвогуле ператвараюцца ў зачыненыя дзверы ангара, скіроўваючы гукавыя плыні ў залу. Ды што там салісты — Цітэль умудрыўся з рабочых сцэны зрабіць выбітных акцёраў! Усё проста — даручыў ім “іграць” саміх сябе.

Аркестр — таксама на шляху да дасканаласці. У яго гучанні сталі з’яўляцца фарбы, гнуткасць, якіх, можна не сумнявацца, з кожным разам будзе ўсё больш, а неадольнай, “непрабіўнай” моцы стане ўсё менш. Ужо хаця б таму, што на прэс-канферэнцыі дырыжор Віктар Пласкіна назваў гэтую пастаноўку “спектаклем цішыні”.

Дарэчы, у канцы мая нас чакае яшчэ адна “Багема” — усяго два паказы прэм’ернага спектакля опернай студыі Акадэміі музыкі ў пастаноўцы найталенавітай Ганны Маторнай. Студэнты таксама не ўпершыню звяртаюцца да гэтай оперы пра іх равеснікаў: на маёй памяці даўні спектакль з кранальнай Лесяй Лют (Мімі), цяпер вядучай салісткай Музычнага тэатра, і ўжо нябожчыкам Маратам Грыгорчыкам (Рудольф). Цікава, якімі атрымаюцца іх паслядоўнікі.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"