“Дэкаданс” або творчы крызіс?

№ 18 (1353) 05.05.2018 - 11.05.2018 г

26 красавіка на “Беларусьфільме” адбыўся прагляд работ студыі анімацыйных фільмаў, зробленых за мінулы год. У ліку дзевяці стужак, прадстаўленых у справаздачнай праграме — карціны вядомых аніматараў Ігара Воўчака, Аляксандра Ленкіна, Уладзіміра і Алены Пяткевіч, Наталлі Касцючэнка, а таксама альманах маладых аўтараў.

/i/content/pi/cult/690/15172/16.JPGФокус зроблены на дзіцячую аўдыторыю. Новыя фільмы кінастудыі, відавочна, займелі мэтавага гледача. “Вясёлыя літары” Уладзіміра Пяткевіча — навучанне малечы літарам беларускай азбукі, “Акіяны” Ігара Воўчака — падарожжа ў краіну ведаў для тых, хто ўжо ўмее чытаць і пісаць, “Чараўніцтва ў дзіцячым садку” Марыны Лук’янавай — для тых, хто ходзіць ці нават толькі збіраецца ў дзіцячы садок, “У Палессі на балоце” — для большстарэйшай узроставай групы.

Важна, што многія стужкі — на беларускай мове, і гэты курс студыя актыўна трымае ўжо некалькі гадоў. Навідавоку — даволі размаіты анімацыйны кантэнт, які можна аформіць, скласці ў сетку асобнага канала для дзяцей. Кінастудыя актыўна шукае патэнцыйны рынак збыту айчыннай анімацыі, і ўласна сама прадукцыя прапануе магчымыя варыянты яе распаўсюджвання.

Аднак прагляд пакідае і іншае ўражанне: прыкрая герметычнасць твораў і самапаўторы айчынных аўтараў, што сказваецца на якасці работ. Як ні дзіўна тое гучыць, але найбольш жывымі і цікавымі фільмамі за мінулы год сталіся працы маладых аніматараў. Што да нашых класікаў… Або арыентацыя на дзіцячую аўдыторыю не прыносіць творцам задавальнення, або прэс тэматычнага заказу не дае раскрыцца напоўніцу, аднак іх творы ўсё больш дэманструюць рамесніцкую завядзёнку, а не творчы ўздым. І адпаведны “дэкаданс” імпэту адбіваецца на саміх творах, якія не “блішчаць” арыгінальнасцю і новымі ідэямі.

Бульба або агрэст

/i/content/pi/cult/690/15172/15.jpgВозьмем, да прыкладу, “Вясёлыя літары” Уладзіміра Пяткевіча. Знаёмыя тэхніка і почырк майстра тут выглядаюць прыстойна і яскрава — розныя літары беларускага алфавіту раскрываюцца праз словы, якія абыгрываюцца ў маленечкіх гісторыях. Але… Дзіўная застаўка, якая ўжо не выкарыстоўвае, а эксплуатуе беларускі арнамент, падаецца спрошчаным рашэннем, што ажно набіла аскоміну. Складваецца адчуванне, нібы рэжысёр імкнецца адаптаваць сваю мастацкую мову да патрэбаў заказу, але тое даецца яму з цяжкасцю і выпадковымі прыдумкамі.

Фільм Аляксандра Ленкіна “Тошка і яго сябры”. Галоўны персанаж карціны — хлопчык-бульбачка, які жыве дзесьці пад Нараччу і трапляе ў розныя незвычайныя сітуацыі. Чым не праект, які можа спалучаць фантазійнасць фільмаў Міядзакі і лакальную спецыфіку? Аднак канфлікт у першай гісторыі фільма ўніверсальны да нельга. Тошка заступаецца за багоўку, якую крыўдзіць Каларадскі жук — і дасціпная ідэя “разбіваецца” аб… увасабленне.

У стужцы не адчуваецца духу беларускага асяродку, няма палёту фантазіі, вытанчанага мастацкага рашэння, героі дзейнічаюць у прасторы і часе ўмоўных 1980-х. З той толькі розніцай, што замест хлопчыка — бульба. Умоўны двор, шкодны і хітры хуліган, Тошка — смелы і добры — усё проста і зразумела. І тады ўзнікае пытанне: а ці мае сэнс тое, што Тошка — бульбіна? Або, скажам, гэта мог быць агрэст? Аловак? Верабейка? Спрашчэнне персанажаў ды канфліктаў адбываецца настолькі бязлітасна, што ад самой ідэі застаецца адно абалонка.

Выкшталцоным самапаўторам вылучаецца і фільм “Нянюшкавы казкі” Алены Пяткевіч па казках братоў Грым. Прыгожая і вытанчаная паводле малюнку фантазійная карціна напоўнена бясконцымі перамяшчэннямі і пераўтварэннямі ды нагадвае… многія папярэднія працы аўтаркі. Наколькі цэласнай і змястоўнай была Алена Пяткевіч у пазалеташнім фільме “Марк Шагал. Пачатак”, скарыстаўшы ўлюбёныя прыёмы на карысць пастаўленай задачы, настолькі ў новай карціне рэжысёрка адпускае сябе на волю “аўтарскага бачання”, якое часам можа выйсці за межы глядацкага разумення.

У пошуках сучаснасці

Тры папярэднія карціны ўсё ж трымаюць планку прафесіі. А вось пяты фільм серыяла “Пра дзяўчынку Жэню. Фламінга” Таццяны Жыткоўскай — відавочны правал, які дэманструе альбо недахоп часу, або адсутнасць рэсурсаў у каманды стужкі. Дзіўны сюжэт, непрапрацаваная камп’ютарная графіка, адсутнасць колеравага рашэння фільма — усё разам дзейнічае гнятліва.

Вельмі супярэчлівае ўражанне пакідае і карціна Алены Туравай “Зоркі 7-га неба. Гульні без правіл”. Калі па пасланні фільм трапляе ў сучасны кантэкст, то яго візуальнае рашэнне выклікае недаўменне. “Жахлівы і бязлітасны” Разлюляй, які спакушае хлопчыка Сашу, ляльку Элю і ката Мурмота на бясконцыя забавы, выглядае не проста страшна (якім яму і належыць быць), але вычварна ды агідна. Увогуле, калі мы кажам пра візуальныя коды, што падказвае нам час, то “Гульні без правіл” адсылаюць да 1970-х. Прычым тая адсылка не выглядае асэнсаванай — персанажы не “прызямляюцца” на глебу пазнавальнай эстэтыкі, не абыгрываюцца, не стылізуюцца, пакідаючы ўражанне адно накіду.

І менавіта адсутнасць сувязі з сучаснасцю з’яўляецца галоўным недахопам большасці фільмаў. Сучаснасць, якая ўбірае шматлікія рэчы — знаёмства з актуальнай гісторыяй і найноўшымі канфліктамі, актуальным мастацтвам і візуальнай культурай (жывапісам, скульптурай, модай, графіці, перформансам, лічбавым мастацтвам, архітэктурай…) — пазбягаецца ў творах айчынных аўтараў. Сучаснасць — гэта тое, што турбуе нас рознымі выклікамі і ідэямі.

Зразумела, анімацыя, асабліва для дзяцей, павінна прапагандаваць веды, дабрыню, смеласць, сяброўства, любоў, але яна не мусіць выключацца з часу, пакідаючы гледача сам-насам з сабой. Герметычнасць і закрытасць светаўспрымання аўтараў студыі “разбіваецца” настолькі неахвотна, што іх творы паступова пачынаюць губляць сваю ранейшую глыбіню і таленавітасць. І ў выніку — выглядаюць састарэла. Студыі відавочна не хапае “маладой крыві”, якая здолела б прабіць гэту сцяну непаразумення і адарванасці ад свету.

Ды, нарэшце, штосьці новае?

Варта адзначыць, што пэўны прасвет ужо ёсць. Усцешылі і натхнілі спробы маладых аніматараў, якія былі прадстаўлены на праглядзе. Альманах “На Палессі ў балоце” сабраў чатырох аўтараў — Руслана Сінкевіча, Рамана Бурмакова, Святланы Катляровай, Марты Герашчанка. Фільм распавядае пра сустрэчу гарадскога хлопца з палескім волатам-дзедам. Дзед дзеліцца гісторыямі пра розныя міфічныя беларускія істоты — і кожная з навэл вырашаецца ў сваёй мастацкай манеры і тэхніцы. Скажам, ёсць навэла, зробленая ў пластыліне, ёсць — рысаваная гісторыя, у камп’ютарнай графіцы, і гэтак далей — і ўсё разам працуе як тая сувязь з сучаснасцю, пра якую ўзгадвала вышэй. Інфармацыя паступае да гледача праз розныя візуальныя коды і прымушае зацікавіцца ўласнай культурай. Варта адзначыць, што не ўсе міні-стужкі атрымаліся ўдалымі, але ў цэлым — гэта ўжо іншы падыход і светапогляд.

За кошт выкарыстання тэхнікі фотаперакладкі (ротаскапіравання, калі фільм ствараецца шляхам пакадравай перарысоўкі адзнятага кінаматэрыяла з удзелам акцёраў) атрымала свежае ўвасабленне гісторыя Наталлі Касцючэнка “Баявая машына”. Рэжысёр — сталы майстар, і хочацца падтрымаць яе спробу засваення вядомай у свеце тэхнікі. “Баявая машына” цікавая стварэннем мінскага даваеннага асяродку, ды нават шкада, што сустрэча герояў гэтай ваеннай драмы адбываецца ва ўмоўна акрэсленым цэнтры горада.

Дасціпнай і мілай выглядае стужка “Чараўніцтва ў дзіцячым садку” Марыны Лук’янавай — унікальны матэрыял для малечы, якая толькі ў той садок збіраецца. Розныя героі-дзеці — мышка, лісічка, чарапашка, кракадзільчык, жыраф; гульня дзяцей у хованкі, “ціхая гадзіна”… Папракнуць стужку можна толькі ў тым, што садок выглядае ў ёй занадта ўтапічна. Дадатковы пасыл радасці дадае карціне музыка Святланы Бень і Арцёма Залескага.

У шэраг сучасных твораў трапляе і фільм “Акіяны” Ігара Воўчака. І немалаважную ролю ў тым адыграла праца мастачкі-пастаноўшчыцы Святланы Катляровай. Героі карціны — яскравыя і запамінальныя, мастацкае рашэнне — дасціпнае і простае. Адпаведна, не надта ментарскім падаецца пасыл стужкі — вучыцца. Што цікава, у якасці крыніцы ведаў згадваецца планшэт, які варта выкарыстоўваць для пошуку важнай і карыснай інфармацыі. Дадаць бы ў дыялогі герояў больш гумару — і вось ён, пачатак новага навучальнага серыялу: ад акіянаў — да горных вяршынь.

Беларускім аніматарам вельмі не хапае адваротнай сувязі — да такой высновы прыходзіш пасля прагляду. Вялізная канкурэнцыя за гледача нібыта не датычыцца творцаў, аднак іх фільмы не назавеш і прыкладам шчырага аўтарскага выказвання. Так, з сярэдзінкі на палавінку. Адпаведна, і вынік такі ж.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"