“Песняры” як зона камфорту

№ 18 (1353) 05.05.2018 - 11.05.2018 г

Тры пяцігодкі абноўленай легенды
У верасні 2003-га скончылася фарміраванне новага складу знакамітага калектыву — ужо без Уладзіміра Мулявіна. Творчыя вынікі прамінулых 15 гадоў ансамбль падвядзе ў канцы мая ў сталічнай канцэртнай зале “Мінск”, прэзентуючы падчас выступу і чарговы дыск. А незадоўга да імпрэзы карэспандэнт “К” папрасіў зрабіць такую справаздачу дырэктара і мастацкага кіраўніка БДА “Песняры”, клавішніка, кампазітара і аранжыроўшчыка Рамана КОЗЫРАВА.

/i/content/pi/cult/690/15171/14.JPG— Як патрапілі ў “Песняры”? І адкуль?

— З басістам Андрэем Шчыткаўцом мы ў той час гралі самую розную музыку ў самых розных месцах Мiнска. Нас пачулі і прапанавалі прайсці праслухоўванне. І мы яго прайшлі, нягледзячы на тое, што да “конкурсу” нічога з рэпертуару “Песняроў” не выконвалі.

— Адпаведна, гэта была неспадзяванка, пра якую вы і не марылі?

— Так, не марыў. Нават ніколі і не задумваўся, ці хацелася б мне граць у ансамблі — ні пры жыцці Уладзіміра Георгіевіча, ні ўжо пасля ўдалага кастынгу. Усведамленне таго, куды я трапіў, прыйшло значна пазней.

— Пасля смерці Уладзіміра Мулявіна музыканты “Песняроў” мусілі вырашаць, як калектыву жыць далей...

— Калі я прыйшоў спрабавацца ў ансамбль, усе фармальныя пытанні яго далейшага існавання былі ўжо адрэгуляваныя. За выключэннем адной “драбніцы”: хто ж, уласна, будзе ўваходзіць у склад, бо ў працэсе “перазагрузкі” калектыў пакінулі Леанід Барткевіч і яшчэ некалькі музыкантаў. І недзе з мая па верасень 2003 года праходзілі праслухоўванні прэтэндэнтаў. Была нават створана камісія з прадстаўнікоў Міністэрства культуры, тагачаснага кіраўніка “Песняроў” Валерыя Скаражонка і такіх мэтраў як Аркадзь Эскін ды Уладзімір Ткачэнка. Яны і вырашалі лёс кандыдатаў.

— З чаго пачаўся адлік абноўленага ансамбля?

— Першыя гадоў пяць мы займаліся шмат у чым капіяваннем мінулых набыткаў. І гэта было натуральным: каб уліцца ў ансамбль, маладняку трэба было засвоіць яго стыль, зразумець, у які бок развівацца далей, каб захоўваць “песняроўскія” традыцыі. Рэпетуючы і набываючы базу, мы паступова абрасталі і сваім “мясам”. Але цалкам “жыўцом” граць канцэрты сталі не адразу: спачатку часткова выкарыстоўвалі фанаграму, і толькі гады праз два — тры адмовіліся ад яе зусім.

У тую пяцігодку і склад калектыву ліхаманіла: здавалася б, ён быў сфарміраваны, мэты вызначаны, кантракты падпісаныя, але нехта чамусьці хутка расчараваўся і пайшоў, другі проста “не пацягнуў”, трэцяму не спадабалася, на яго погляд, зацяжное станаўленне, па сутнасці, новага ансамбля, якое адбівалася і на заробку. Тым болей, нам трэба было пастаянна апраўдваць чаканне слухача, нават грамадства, якое хацела бачыць у нас тых самых “Песняроў”, і нашы ўнутраныя праблемы ўсім былі “да ліхтара”. А тут яшчэ і незабыўнае кланаванне...

— А што наконт наступнай пяцігодкі?

— Гэта ўздым ансамбля: росквіт выканаўчага майстэрства, далейшая рэалізацыя ўласнага творчага патэнцыялу, шматлікія выступы ў краіне і за мяжой. Мы рэальна давялі сваю жыццяздольнасць і самастойнасць. Стратэгія, выбудаваная разам з ранейшым нашым дырэктарам-мастацкім кіраўніком Вячаславам Шарапавым, была эфектыўнай — “песняроўская” спадчына плюс творчасць сённяшняя, якая адказвае запытам і “той” публікі, і пакалення маладога.

— І ўрэшце — апошнія пяць гадоў…

— Я б назваў гэтыя гады няпростымi. Усё часцей музыканты сталі задавацца пытаннем: а куды ісці далей — і ім, і ансамблю ў цэлым? Але гэта нармальная з’ява. Успомнім “мулявінскіх” “Песняроў”, якія ад апрацоўкі народных песень прыйшлі да савецкай эстрады, следам былі арт-рок, вялікія формы, джазавы ўплыў... Геніяльны Уладзімір Георгіевіч ніколі не баяўся змяняцца. Ён і сам быў у курсе актуальных музычных павеваў, і ў ансамбль прыцягваў маладыя таленты, што таксама дапамагала яму заўсёды трымаць нос па ветры. Таму яго “Песняры” і былі цікавыя ды заўсёды сучасныя. Але хтосьці такія пошукі лічыў за кіданне ў розныя бакі, хтосьці — за таптанне на месцы. І многія сыходзілі, палічыўшы, што яны выспелі для сольнай кар’еры. Колькі “залатых” складаў змянілася ў “Песнярах”?

— Без “цякучкі” не абышлося і ў “Песнярах” сённяшніх…

— Ну так. Тыя, хто не знайшоў для сябе адказу на пытанне, куды ансамблю ісці далей, яго пакінулі. Ці іншы момант: шмат працуючы, людзі ў калектыве трошкі стаміліся адзін ад аднаго — ад гастрольнага побыту, ад гэтых не заўсёды пяцізоркавых гасцініц, цягнікоў, аўтобусаў, саўндчэкаў, адарванасці ад сваіх сем’яў. У мяне ўсе тры дзіцяці нарадзіліся, калі я быў на гастролях! А ў раз’ездах мы — 15 — 20 дзён на месяц: трэба ж выконваць план, бо “Песняры” — калектыў дзяржаўны. Ды і на сябе трэба ж яшчэ зарабляць грошы.

— А ці адчулі вы ўласны прафесійны рост за гэтыя паўтара дзясятка гадоў?

— Вядома! З проста добрага піяніста я вырас у больш шматпланавага артыста, здольнага і граць, і падпяваць, і складаць музыку, і рабіць аранжыроўкі. Наогул, я сам па сабе чалавек не амбіцыйны, таму і адчуваю, што маё месца сапраўды ў ансамблi, гэта мая зона камфорту. Для мяне важны камандны дух, людзі, з якімі працую. У тым і складаецца мая жыццёвая філасофія — жыць у гармоніі з самім сабой і тымі, хто побач. Быць у ансамблі — гэта азначае тварыць у калектыве аднадумцаў. Таму так моцна і перажываў, калі з яго сыходзілі мае сапраўдныя сябры.

А ў большай ступені перамены былі звязаныя з тым, што з канца 2016 года я ўзяў на сябе і частку адміністрацыйных функцый. Званкі, дзелавыя сустрэчы, зносіны з пракатчыкамі, пытанні прасоўвання на музычным рынку, планаванне асобных канцэртаў і гастрольных тураў… Каму хлопцы прад’явяць прэтэнзіі, калі ім не забяспечаць нармальную транспартную лагістыку, добрыя нумары ў гасцініцы і харчаванне? Мне! Палова дня на ўсё гэта сыходзіць. Я б лепей музыкай у той час займаўся, але не атрымліваецца, на жаль.

— Якая цяпер атмасфера ў ансамблі?

— Здаровая, творчая. Хлопцы імкнуцца прыўнесці ў ансамбль нешта сваё. А вынікам, у прыватнасці, ужо стаў альбом “Працяг...”, якi толькі што выйшаў — сёмы па ліку, пачынаючы з 2003 года.

— Які ён атрымаўся?

— За выключэннем трох песень, усе трэкі ў ім — новыя. Але і гэтыя тры — “Стася”, “Чаму ж мне не пець”, “Паланэз Агiнскага” — выдадзены ў перааранжыраваным выглядзе, а “Паланэз...” — яшчэ і на беларускай мове, як мы ўжо спявалі на канцэртах. Дзве рэчы ў альбоме — “Сыходжу” і “Няхай цячэ рака” — рускамоўныя. Як я называю іх — гэтакі рэверанс папулярнай музыцы. Стылістычна ж дыск досыць “стракаты”: у ім ёсць і эстрадныя матывы, і джазавыя, і, вядома, народныя. “Песняры” працягваюць прасоўваць сваёй творчасцю беларускае слова, музыку, культуру. Хай бы ўсе нашы артысты прасоўвалі іх так, як гэта робім мы! Вось і гэты альбом зроблены такім знарочыста... “песняроўскім”, знарочыста бескампрамісным, без аглядак на тое, ці будуць гэтыя песні фарматнымі для радыё ці не. Ну, амаль без аглядак...

— А ці дапамагае вам уведзеная ў свой час для радыё квота ў 75% беларускай музыкі?

— Яна адыграла велізарную станоўчую ролю. Зараз, я лічу, тое самае варта зрабіць і на тэлебачанні. Толькі трохі паглыбіў бы “тэму”. Для эфіру патрэбны не проста беларускі кантэнт, а кантэнт якасны, крэатыўны. А ў нас ТБ некалі заразілася ад рускага рэтраманіяй. І сёння маем дзве крайнасці. Альбо паказваюць новую айчынную музыку (не заўсёды, зрэшты, сучасную), якую, праўда, у сваёй большасці ідэнтыфікаваць як беларускую складана. Альбо — архіўныя запісы, стылізацыі пад рэтра, перапевы мінулага ў новых аранжыроўках. Зразумела, што архіў павінен прысутнічаць абавязкова, але колькі можна паказваць рымейкі? Прычым гэта самі тэлевізійшчыкі іх замаўляюць артыстам, нават навязваюць. І тыя “падсаджваюцца”. Лепш бралі б прыклад з Міхаіла Якаўлевіча Фінберга, які выдае шмат новых праграм з музыкай сучасных беларускіх кампазітараў.

— Адпаведна, “Песняры” сябе рэтра не лічаць?

— Не лічым! Мы разумеем, што старое культуру не рухае, толькі новае. Таму калі дзяржава з’яўляецца галоўным заказчыкам у галіне культуры (нічога дрэннага ў тым не бачу), калі яна выступае за яе развіццё, тады павінна быць і дзяржаўная праграма па падтрымцы новага беларускага музычнага прадукту — і не толькі на радыё, але і на тэлебачанні. Гэта вельмі важна для ўсёй музычнай сферы нашай краіны.

— У наступным годзе ансамблю споўніцца 50...

— Намёк зразумеў: як будзем адзначаць? Напэўна, зробім вялікі канцэрт у “Мінск-Арэне”. Хутчэй за ўсё, сумесна з якім-небудзь аркестрам. Хочацца паказаць усю палітру творчасці “Песняроў”. Будзем запрашаць да ўдзелу былых музыкантаў ансамбля — Леаніда Барткевіча, Анатоля Кашапарава, Валерыя Дайнэку, Уладзіміра Ткачэнку... Ці зможам мы з імі дамовіцца? Хачу ў гэта верыць. Так што — будзем запрашаць, нават настойваць!

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"