“Партызанская мадонна” ў ХХІ стагоддзі

№ 18 (1353) 05.05.2018 - 11.05.2018 г

Эвалюцыя тэмы: як казаць пра вайну ў мірны час?
Напярэдадні свята Вялікай Перамогі мы звярнуліся да шэрагу мастакоў, якія ў сваёй творчасці неаднойчы дакраналіся да тэмы Вялікай Айчыннай вайны, з пытаннем, наколькі тая тэма сёння запатрабавана грамадою. Як сродкамі мастацтва распавесці пра пакуты і подзвігі тым, хто на сваё шчасце вайны ніколі не ведаў і, дасць Бог, не зведае? Адказы атрымаліся блізкія па сэнсе, хоць і розныя па словах.

/i/content/pi/cult/690/15169/8.JPGУладзімір ТОЎСЦІК, жывапісец, народны мастак Беларусі:

“Той, хто разбурае стэрэатыпы, гарантавана мае праблемы”

 — Вялікая Айчынная вайна — падзея, глыбока ўкаранёная ў нашу нацыянальную свядомасць. Гэтая тэма была стрыжнявой для выяўленчага мастацтва і літаратуры Беларусі ўсю другую палову мінулага стагоддзя. Безумоўна, аўтары ў сваёй працы мусілі ўлічваць наяўнасць тых ці іншых ідэалагічных і маральных норм — ведаць, што зварот да пэўных сюжэтаў ці занадта вольная трактоўка важных для грамады фактаў, з’яў і падзей не будуць ухваленыя замоўцам (а замоўца тады ў нас быў адзін — дзяржава).

Аднак, так было заўжды і паўсюль, і надалей так будзе. Мастацтва — гэта сацыяльная практыка, а значыць, яно зыходна залежнае ад грамадскага ладу. Хіба ідэалагічны вектар можа мяняцца. Але я ўпэўнены, што ступень творчай свабоды залежыць не столькі ад вонкавых акалічнасцей, колькі ад таленту і прафесіяналізму мастака. Ад ягонай здольнасці даводзіць сваю правату. Да прыкладу, творы Васіля Быкава не ўпісваліся ў ідэалагічныя каноны, але ж і кнігі ягоныя выходзілі, і чытацкую аўдыторыю ён меў велізарную. Дарэчы, “Партызанская мадонна” Міхаіла Савіцкага — несумненная наша класіка — таксама спачатку не ўсім прыйшлася даспадобы. Той, хто разбурае стэрэатыпы, гарантавана мае праблемы.

Сёння тэма Вялікай Айчыннай не тое каб у заняпадзе, але ж і не надта запатрабаваная. Я ўжо не памятаю, калі апошні раз у нашай акадэміі тая вайна была тэмай дыпломнай ці курсавой работы. У даведніку “Мастакі Савецкай Беларусі”, выдадзеным у 1960-я гады, мноства творцаў былі прадстаўлены работамі менавіта на ваенную тэматыку, а ў даведніку 1998-га такіх мастакоў можна пералічыць па пальцах. Гэта адбываецца, на маю думку, з той прычыны, што ў савецкі час ваеннай тэматыкай грамаду, так бы мовіць, перакармілі. Да таго ж няшмат засталося тых, для каго вайна — частка біяграфіі. Для большасці яна — ужо гісторыя. А значыць, каб да сённяшняй аўдыторыі дайшло тое, што для папярэдняга пакалення было відавочным, распавядаць пра Вяліую Айчынную трэба іншымі словамі.

У гэтай сувязі нагадаю і праблемы станковай карціны, якія мы маем сёння. Яна можа проста знікнуць. Нацюрморты і краявіды, хутчэй за ўсё, застануцца, а вось сюжэтнай карціне пагражае рэальная небяспека. Мастакі не аднойчы звярталіся да органаў кіравання ў сферы культуры з просьбай звярнуць увагу на тое, што ў блізкай перспектыве ў нас можа не застацца жывапісцаў, здольных напісаць гістарычнае палатно. Такія праблемы сёння ёсць у некаторых былых савецкіх рэспубліках, і вельмі не хацелася б, каб з гэтым сутыкнуліся і мы. Таму, шчыра кажучы, сёння я проста не бачу перадумоў з’яўлення палатна ўзроўню згаданай вышэй “Партызанскай мадонны” Міхаіла Савіцкага ці ягонага ж “Поля”.

Андрэй ДУБІНІН, жывапісец:

“Урэшце, за тое і ваявалі…”

/i/content/pi/cult/690/15169/9.JPG— Я падзяляю тую думку, што Вялікая Айчынная вайна — вызначальная падзея ў фарміраванні беларускай ментальнасці. Нашу нацыю яднае ўсведамленне маштабаў пакутніцтва і гонар за вялікую перамогу. Не дзіва, што сярод твораў, якія мы лічым залатым фондам беларускай культуры, большасць прысвечана той вайне. Для гісторыка культуры досыць цікавым можа быць працэс асэнсавання гістарычных падзей праз мастацкія вобразы і сама трансфармацыя гэтых вобразаў пад уплывам змен у сацыяльна-культурным асяроддзі.

Для тых мастакоў, што бачылі вайну на свае вочы і адчулі яе на сваім лёсе, важна было як мага больш дакладна зафіксаваць (задакументаваць, калі хочаце) убачанае і адчутае для гісторыі. І зробленае імі насамрэч нагадвае гістарычную хроніку з мноствам дэталяў, падрабязнасцей, нюансаў, важных для аўтараў, бо гэта рэаліі іхняга жыцця. Цалкам натуральна, што афіцыйная гістарыяграфія тае пары мела пафасны характар. Такім жа было і выяўленчае мастацтва, падпарадкаванае ідэалогіі. У ім сумяшчаліся, часам даволі гарманічна, узнёслы лад і гістарычная дакладнасць у адлюстраванні падзей вайны.

Потым прыйшло пакаленне, якое ўспрымала гэту вайну ўжо нібы здалёк і ведала яе па бацькоўскіх аповедах. У іх і вобразы іншыя: менш канкрэтыкі, больш абагульненасці. Далей ад рэалій, бліжэй да сімвалу. З’яўляюцца пры асэнсаванні ваенных падзей і крытычныя ноты. У 1960-я людзі, у тым ліку і творчыя асобы, усё часцей задаюць пытанне адносна цаны Перамогі. Раней такое было немагчымым паводле вызначэння. Новы погляд на Вялікую Айчынную і на падзеі, што ёй папярэднічалі, быў адлюстраваны найперш у літаратуры, але і ў выяўленчым мастацтве, якое таксама адчувае грамадскія настроі, паменела пафаснасці, а сэнсавы акцэнт змясціўся з генералітэту ў бок шараговага байца. Менавіта ён, просты салдат, партызан, працаўнік тылу становіцца ўвасабленнем народа- барацьбіта, народа-пераможцы.

Сёння сярод нас няшмат ветэранаў вайны. Ды і дзеці іхнія, для якіх святое само словазлучэнне “Вялікая Айчынная” — людзі ўжо немаладыя. А новаму пакаленню тая вайна… не надта і цікавая. Лічу, ставіцца да гэтага трэба спакойна. Бо, урэшце, менавіта для таго ваявалі і перамаглі нашы продкі, каб сённяшнія юнакі і дзяўчаты маглі засяродзіцца на мірных справах і радавацца жыццю.

Цяперашняя мастацкая моладзь больш разняволеная, дасведчаная і адукаваная, чым іх дзяды і бацькі. Трэба лічыцца з тым, што іх уласны ўнутраны свет, нейкія разумовыя гульні і парадоксы псіхалогіі ім могуць быць цікавей, чым гісторыя дзяржавы.

На маю думку, калі мы мовай мастацтва распавядаем пра вайну маладым людзям, акцэнтаваць увагу трэба не на падзеях — пра іх яны даведаюцца з падручнікаў і музейных экспазіцый, а на тым, як вайна адбіваецца ў чалавечым сэрцы і розуме, як змяняе душу. Гаварыць пра тое, як цяжка застацца чалавекам у нечалавечых умовах. Балазе, Вялікая Айчынная дае шмат матэрыялу для такога роздуму.

Уладзімір УРОДНІЧ, жывапісец, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь:

“Неад’емная частка нашых сямейных хронік”

/i/content/pi/cult/690/15169/10.JPG— Адна з прычын таго, што ў няпростых варунках Беларусь здолела захаваць сацыяльную стабільнасць, не мае праблем на нацыянальнай глебе, пазбегла канфлікту пакаленняў, акурат і палягае ў тым, што мы маем павагу да гістарычнага шляху, які прайшлі разам з іншымі народамі Савецкага Саюза. Памяць пра сумесную працу і барацьбу ў мінулым — гэта добры задзел на будучае супрацоўніцтва. Бадай усе, хто бывае ў Беларусі, адзначаюць, што ўшанаванне памяці пра гераізм і пакуты ў часе Вялікай Айчыннай вайны з’яўляецца ў нас чыннікам дзяржаўнай палітыкі, і гэта прыязна прымаецца грамадою. Мастацкая суполка “Традыцыя”, да якой я належу, якраз і зыходзіць у сваёй творчасці з інтарэсаў супольнасці і дзяржавы. У прыватнасці — у тэме захавання памяці пра подзвіг народа ў Вялікай Айчыннай вайне. А тэма гэтая многім з нас блізкая, бо вайна — неад’емная частка нашых сямейных хронік.

Калі ўстановы, адказныя за культуру і ідэалогію, маюць канкрэтны план па мастацтве, гэта на карысць усім, хто датычны да культурных працэсаў. У Савецкім Саюзе ў мастацтве былі дакладна акрэслены тэматычныя і нават сюжэтныя прыярытэты, што дазваляла мастакам не марнаваць час і адразу брацца за патрэбную дзяржаве працу. А калі на працу была дамова, дык звычайна загадзя было вядома, якія сцены яна будзе ўпрыгожваць у перспектыве. І дзякуючы гэтаму сёння мы маем савецкую культурную спадчыну, якой варта ганарыцца. Думаю, што ў суверэннай краіне падобная практыка таксама прынесла б свой плён. А тэма Вялікай Айчыннай вайны, беручы да ўвагі яе сацыяльную значнасць, павінна ўзначаліць спіс дзяржаўных культурных прыярытэтаў.

Уладзімір СЛАБОДЧЫКАЎ, скульптар, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў:

“Помнік патрэбны — каб помніць”

/i/content/pi/cult/690/15169/11.JPG— У Старажытнай Грэцыі быў звычай ставіць у гонар ваенных перамог помнікі з дрэва. Навошта скарыстоўваць такі нетрывалы матэрыял, калі і каменя вакол хапала, і выбітных майстроў па яго апрацоўцы? А рабілася гэта дзеля таго, каб помнікі з часам самаразбураліся і не правакавалі ў пераможаных пачуцця варожасці і прагі рэваншу, а ў пераможцаў — пагарды да пераможаных.

Як па мне, дык гэта крыху наіўна. Свае вялікія перамогі і страшныя паразы народы памятаюць і без усялякіх мемарыяльных знакаў. Такая інфармацыя занатавана недзе ў падсвядомасці і можа праяўляцца ў рэчаіснасці самым нечаканым чынам. Хаця, зрэшты, усё залежыць ад ступені цывілізаванасці і канкрэтнага чалавека, і грамадства наогул.

Гісторыю трэба ведаць, каб рабіць з яе практычныя высновы. Хаця б для таго, каб не наступаць на граблі, калі тыя граблі можна
абысці. Я абсалютна ўпэўнены: савецкі мемарыял у берлінскім Трэптаў-парку спрыяе таму, што ў знешняй палітыцы Германіі дамінуе рэалізм і памкненне да мірнага вырашэння канфліктаў. А знішчаюць савецкія помнікі ў тых краінах, дзе з досведу Другой сусветнай вайны правільных высноў не зрабілі.

Калі б наша ваенная эпапея не была ўвасоблена ў такіх высокамастацкіх аб’ектах, як абеліск на
плошчы Перамогі і Курган Славы пад Мінскам, як архітэктурна-пластычны комплекс новага Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, нас меней паважалі б у свеце — і, магчыма, хутка забылі б пра наш унёсак у Перамогу. Нас паважаюць яшчэ і таму, што самі сябе шануем.

Я скульптар, і для мяне вялікая ўдача атрымаць замову на манументальны аб’ект, тым больш калі ён будзе служыць высакароднай справе ўшанавання палеглых за Айчыну. Такі мемарыял я рабіў для Светлагорска. Таксама мне пашчасціла ствараць мемарыяльныя знакі на месцах пакутніцтва нашых суайчыннікаў у Нямеччыне.

Помнік на тое і патрэбны, каб… помніць. І чым больш дасканалая форма мемарыяльнага аб’екта, тым больш шанцаў, што памятаць будуць доўга. Як прафесіянал, я не прымаю ў мемарыяльнай пластыцы тэатралізаванасці і штучнага пафасу. І хоць ваенная тэматыка часам правакуе мастака на эфектную дынаміку, мяркую, што ў мастацтве ўвогуле, а ў пластыцы ў прыватнасці, мусіць прысутнічаць псіхалагізм. Зразумела, гэта датычыць і знакаў ушанавання памяці палеглых на той вайне.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"