Гракі, якія ніколі не адляталі

№ 17 (1352) 28.04.2018 - 05.05.2018 г

Наяўнасць пры бібліятэках батлеек ці лялечых тэатраў — не вялікая рэдкасць. А вось тым, што пры такой установе актыўна дзейнічае “дарослы” самадзейны тэатр, ды яшчэ са званнем “народны”, пахваліцца можа, бадай, толькі Гомельская абласная бібліятэка. Тэатр называецца “Гракі”. Калі я па раёнах пытаюся ў маладых бібліятэкараў, навошта патрэбна бібліятэцы такое стварэнне, адказ дае далёка не кожны. І гэта насцярожвае. Тым больш, што тлумачэнне — на паверхні. “Гракі” — птушкі веснавыя, жыццярадасныя, і з дапамогай сцэнічнай мовы прапагандуюць яны слова, літаратуру, кнігу.

/i/content/pi/cult/689/15157/19.JPGАднаго гэтага было б дастаткова, каб занесці Гомельскую бібліятэку ў лік адмысловых устаноў культуры. Але ж акрамя “Гракоў” названая ўстанова вызначылася апошнімі гадамі яшчэ трыма нестандартнымі праектамі. Клуб “Экслібрыс” знаёміць дзяцей з аздобай кніг, вучыць разумець значэнне кожнай старонкі. Фотаальбом “Кніжныя людзі” стаў карпаратыўным гімнам тым гістарычным асобам ды літаратурным героям, якія не ўяўляюць жыцця без чытання. Работнікі бібліятэкі без стомы пазіравалі прафесійным фатографам, якія стварылі вобразы графа Румянцава, купалаўскіх Зоські і Паніча, мележаўскіх Васіля і Ганны… Пра чацвёрты праект распавяла загадчык аддзела перыядычных выданняў Гомельскай абласной бібліятэкі Настасся Караткевіч. Праект носіць назву “Навуковая кавярня” і з’яўляецца адным са спосабаў бібліятэчнага прасоўвання ў сучаснай інфармацыйнай прасторы. “Для папулярызацыі айчынных навуковых дасягненняў, — піша Настасся Караткевіч, — для фарміравання іміджу бібліятэкі як установы з высокім узроўнем інтэлектуальнага і чалавечага капіталу, супрацоўнікі аддзела перыядычных выданняў і стварылі дыскусійны навуковы клуб, які стаў дыялогавай інавацыйнай пляцоўкай для зносін актыўных студэнтаў і аспірантаў з навукоўцамі, палітыкамі, прадпрымальнікамі”. Цяпер такія сустрэчы адбываюцца кожны трэці чацвер месяца і карыстаюцца сярод чытачоў вялікім попытам. Рэалізацыя праекта працягваецца.

Навуковы супрацоўнік Музея гісторыі і культуры Наваполацка Вера Шушко згадвае пра свой любы горад над Дзвіной. Спякотным летам 1958 года на крывіцкай зямлі быў пастаўлены першы намёт. Мінула 60 гадоў, і тут раскінуўся сучасны горад, сімвал маладосці краіны і спадарожнік старажытнага Полацка. Аўтар распавядае, што ні адзін праект новабудоўлі не прымаўся без годнага мастацкага вырашэння. Такога суладнага супрацоўніцва будаўнікоў, архітэктараў і мастакаў не было нідзе ў СССР. Сюды ехалі па досвед. У Наваполацку нават пад’езды дамоў і прыпынкі грамадскага транспарта былі аздоблены мазаікай. Не дзіва, што ў 1980-я гады менавіта ў Наваполацку адбыўся з’езд мастакоў-манументалістаў СССР. Цяпер у горадзе — жывуць і працуюць 14 сябраў Беларускага саюза мастакоў. Мастацкі летапіс слаўнага горада працягваецца.

Навіна з Навагрудскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Метадыст аддзела метадычнай работы ўстановы Юлія Галянеўская паведамляе, што духоўна-асветніцкая акцыя “Велікодны дабравест”
прайшла ў аграгарадках Ладзенікі і Пятрэвічы. Выступілі народны хор ветэранаў вайны і працы “Радасць” Цэнтра культуры Навагрудка, творчыя калектывы з абедзвюх вёсак. Удзельнікі гуртка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Ладзеніцкага дома культуры падрыхтавалі выставу сваіх работ.

Андрэй Струнчанка піша пра чарговую падзею аграгарадка Мазалава Віцебскага раёна. У межах “Фэста экскурсаводаў — 2018” была наладжана квэст-экскурсія “Уздоўж Лужаснянкі” па мясцінах, звязаных з жыццём і дзейнасцю дзяржаўнага і грамадскага дзеяча Віцебшчыны Ігната Манькоўскага, дзе праходзілі здымкі кінафільма “Чорная бяроза”.

На Смаргоншчыне працягваецца традыцыйны раённы агляд-конкурс аматарскай творчасці. Сёлета мерапрыемства клубных работнікаў прымеркавана да Года малой радзімы. Свае праграмы прэзентавалі супрацоўнікі Жодзішкаўскага, Лылойцінскага дамоў культуры, Валэйкавіцкага сельскага клуба.

У Навагрудскай дзіцячай школе мастацтваў прайшоў V адкрыты рэгіянальны фестываль навучэнцаў музычных школ і школ мастацтваў “Вясёлка надзей” у намінацыях “Баян”, “Акардэон”, “Ансамбль”. У фестывалі бралі ўдзел школьнікі Гродзенскай, Мінскай, Брэсцкай абласцей.

Наталля Латышава, настаўнік ДШМ № 3 Барані (Аршаншчына) распавядае: “Навучэнец нашай установы Іван Пацемін вызначыўся на XIX Сусветнай дзіцячай мастацкай выставе ў Канагаве (Японія). Сюды прыйшло больш за 24 тысячы работ з 88 краін свету (узрост
удзельнікаў ад чатырох да пятнаццаці гадоў). Работа Івана Пацеміна “Жывая рака” (графіка) атрымала спецыяльны прыз”. Аўтарка допісу віншуе і настаўніка Вікторыю Грыцук, і яе выхаванцаў з годнай перамогай, бо ўзгнагародамі адзначаны толькі 465 работ.

Шмат падзей адбылося за апошні час на Навагрудчыне. Адна з іх — караоке-батл. Лепшыя галасы прагучалі ў Навагрудскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. Восем каманд змагаліся ў двух турах. Першы — калектыўнае выкананне загадзя невядомай песні, другі — выступленне аднаго прадстаўніка ад каманды. Першае месца прысуджана прадстаўніку лячэбна-працоўнага прафілакторыя № 5, другое і трэцяе — спевакам з аддзялення “Беларусбанка” і Навагрудскага дзяржаўнага аграрнага каледжа. Конкурс арганізаваў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Навагрудскага райвыканкама сумесна з Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі.

Дырэктар Магілёўскай дзіцячай школы мастацтваў № 1 Ніна Сурэнкіна піша, што ўстанова яе — унікальная. Яна першай у рэспубліцы зрабіла эксперымент па апрабацыі інтэграцыйнай мадэлі “Магілёўская ДШМ № 1 + пачатковая школа”. У эксперыменце ўдзельнічалі 1 — 4-я класы адной з магілёўскіх школ. Такая ўстанова, лічыць аўтар, арганічна спалучае лепшыя рысы пачатковай школы і школы мастацтваў, стварае спрыяльныя ўмовы для гарманічнага развіцця дзяцей. Тут наладжана адзіная сістэма выхаваўчай і метадычнай работы. Агульны расклад дазваляе рацыянальна выкарыстоўваць час і пазбегнуць перагрузак. Урокі — інтэграваныя. За час эксперыменту (2014 — 2017) больш чым у дзесяць разоў павялічылася колькасць узнагарод на міжнародных, рэспубліканскіх, абласных конкурсах і алімпіядах. Сярэдні бал паспяховасці ў школе мастацтваў — 8,5, у пачатковай — 8,6. А конкурс пры паступленні складае 3,5 чалавека на месца. На сёння ва ўстанове — 611 навучэнцаў. Кірункаў дзейнасці пяць: музычны, тэатральны, выяўленчы, харэаграфічны, мастацка-эстэтычны. З 16 творчых калектываў два — народныя, чатыры — узорныя. За 28 гадоў працы школа выпусціла 1145 навучэнцаў, 18 працэнтаў з іх працягнулі навучанне ва ўстановах адукацыі сферы культуры. Апрабаваная ў ходзе эксперыментальнага праекта інтэграцыйная мадэль можа быць шырока выкарыстана іншымі ўстановамі дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі… Тэма — надзвычай цікавая. І вартая больш заглыбленага практыкаарыентаванага аналізу.

Прысвечанае Дню памяці святых жанчын-міраносіц свята “Жаночая нядзеля” адбылося ва ўстанове культуры аграгарадка Елка Зэльвенскага раёна. З віншаваннямі выступіў настаяцель храма Архангела Міхаіла вёскі Сынковічы протаіерэй Арсеній Ананко, а таксама начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Зэльвенскага райвыканкама Галіна Раманчук.

У канцэртнай праграме прынялі ўдзел мясцовыя калектывы аматарскай творчасці і вакалісты, праваслаўны хор прыхода храма Архангела Міхаіла, дзіцячы танцавальны калектыў, чытальнікі. Пра гэта паведаміла загадчык аддзела па развіцці народнай творчасці Зэльвенскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Алена Ламека.

Як прайшоў фінал конкурса “Міс Школьная пара — 2018” 21 красавіка ў Бабруйску, напісала ў рэдакцыю метадыст тамтэйшага Палаца мастацтваў Ала Кірызліева. Дзесяць удзельніц, якія прайшлі папярэдні кастынг і адборачны тур, мусілі праявіць сябе перад гледачамі ў пяці конкурсах: візітным “Гонар школы — гэта я! ”, творчым “Я беларусачка”, танцавальным Dance Wave, парадыйным “Кропля ў кроплю”, дэфіле “Імгненне зачаравання”. Актыўнасць групы падтрымкі журы таксама ўлічвала.

У выніку карону і галоўны тытул атрымала Паліна Вавула (гімназія № 2), званне першай віцэ-міс прысвоілі Кацярыне Пяхота (сярэдняя школа № 20), другой віцэ-міс стала Юлія Капцелава (сярэдняя школа № 27). Яшчэ з дзясятак школьніц атрымалі іншыя тытулы.

Загадчыца арганізацыйна-метадычнага аддзела Наталля Чорная падзялілася навіной, што ў бабруйскім Палацы мастацтваў яшчэ і распачаліся справаздачныя канцэрты. Першым трымаў адказ перад аўдыторыяй узорны ансамбль танца “Чабарок”, які толькі за апошні год стаў лаўрэатам другой і трэцяй ступені IV Рэспубліканскага адкрытага конкурса дзіцячай сучаснай харэаграфіі “Зорачкі”, лаўрэатам першай і другой ступені Х Міжнароднага фестывалю танцавальнага мастацтва Dance Power, а таксама дыпламантам і удзельнікам іншых конкурсаў.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"