Удава — вясёлая, публіка — задаволеная

№ 17 (1352) 28.04.2018 - 05.05.2018 г

Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр за апошні год паставіў новы айчынны балет (яшчэ адзін — наперадзе), дзве дзіцячыя музычныя казкі, французскі фолк-рок-мюзікл, эксперыментальны спектакль. І звярнуўся да класічнай нававенскай аперэты — “Вясёлай удавы” Феранца Легара. Прычым ужо ў чацвёрты раз (апошняя пастаноўка ладзілася ў 1995-м). І давёў, што ў гэтым жанры яму няма роўных у краіне.

/i/content/pi/cult/689/15156/17.JPGНа прэм’еры прысутнічаў і дырэктар сусветна вядомага парыжскага кабарэ “Фалі Бержэр”. Магчыма, наш спектакль будзе паказаны і там, бо “прымерка” прайшла паспяхова. Адчуць сябе заўсёднікамі легендарнай французскай залы артыстам і гледачам дапамагло мастацкае рашэнне спектакля, выкананае расійскай пастановачнай камандай на чале з рэжысёрам і харэографам Мікалаем Андросавым, які раней ставіў у нас “Блакітную камею”, “Дуброўскага”, “Казанову”, “Джэйн Эйр”, “Трыстана і Ізольду”. Сцэнаграфія Рыгора Бялова, паводле рэжысёрскай канцэпцыі, паўтарае інтэр’ер фае згаданага вар’етэ.

Тэатр рыхтуецца да рэканструкцыі будынка (праўда, тая ўсё адсоўваецца, але абавязкова будзе). Таму прэм’еры выпускаюцца так, каб без праблем паказваць іх на розных сцэнах: у невялічкіх залах (“Вяселле ў стылі рэтра”), у больш буйных, але без аркестравай ямы (“Трыстан і Ізольда”, дзе рок-гурт знаходзіцца на сцэне). З такім разлікам размеркаваная прастора і ў “Вясёлай удаве”: падзелены на групы аркестр знаходзіцца ў глыбіні сцэны — пад вялізнай лесвіцай і перад ёй. Гэта ніяк не перашкаджае дзеянню — наадварот, дадае яму рэалістычнасці. Музыканты запрошаны суправаджаць баляванне, і ў пачатку спектакля артысты нават пантамімна разыгрываюць “спазненне” дырыжора Юрыя Галяса, які на бягу скідвае плашч і адразу становіцца да пульта. Баланс інструменталу з галасамі дасягаецца выкарыстаннем тэхнічных сродкаў і добрай гукарэжысурай. Дый аркестр, які можа сачыць за дзеяннем і непасрэдна рэагаваць на паводзіны герояў, грае вельмі выразна. На месцы ж закрытай ямы ўзнікае ўяўнае возера з рамантычна падсветленымі лодкамі і белымі лілеямі. Масток перакінуты наўпрост у залу — і героі неаднойчы перасякаюць яго, робячы гледачоў саўдзельнікамі. Інтэрактыў!

У сцэнічных строях (мастак — Кацярына Мірашнічэнка з Расіі) многа чырвонага колеру. Ён, вядома, розных адценняў. Але залішняя колькасць такіх фарбаў змяншае кантраст паміж сцэнамі. І глядач не бачыць вялікай розніцы ў пасольстве і сядзібе Ганны, дзе гераіня спачатку ладзіць прыём у нацыянальным стылі, а потым (другая і трэцяя дзеі з’яднаны ў адну) дэкарыруе ўсё ў стылі шынка “Максім” — каб Даніла адчуваў сябе “як дома”.

Разнастайныя перапрацоўкі тэксту і перастаноўкі нумароў даўно сталі для класічнай аперэты за норму. Але ў цяперашнім спектаклі ўзнікаюць куды больш глыбокія змены. Лірычнай парай герояў тут успрымаюцца, здавалася б, другарадныя персанажы: Валенсьена, жонка пасла (Лідзія Кузьміцкая), і закаханы ў яе Каміл дэ Расільён (Дзмітрый Шабеця). У іх так цудоўна зліваліся галасы! Тэмбры, погляды, дотыкі дыхалі пяшчотай, пачуццёвасцю, музычнай асалодай. Бязмоўныя дыялогі напаўняліся насычанай унутранай дзеяй з безліччу тонкіх псіхалагічных пераходаў. Гэта была не проста добрая ансамблевая тэхніка і пачуццё партнёрства, а той узровень паразумення, які бывае хіба ў рэдкіх дуэтах, дый тое працягласцю ва ўсё творчае жыццё.

/i/content/pi/cult/689/15156/18.JPGА вось пара цэнтральных герояў, пры ўсёй напружанасці закладзеных у музыку Легара любоўных жарсцяў, аказалася куды больш просталінейнай, таму наблізілася да каскаднай. Халаднаватая, іранічная Наталля Дзяменцьева малюе сваю Ганну мільянеркай, знаёмай па расійскіх “мыльных” меладрамах: ёй усё дазволена, яна адчувае сваю перавагу над астатнімі і можа здзеквацца з іх, колькі захоча.

А што Даніла? Арцём Хамічонак не здраджвае ўзнёсла-аксамітным спевам, надае ім значна больш артыстызму, чым у сваіх іншых партыях. Але ўпартасць, рэзкая парывістасць яго героя даведзена рэжысёрам да… рукапрыкладства. У пераломны ва ўзаемаадносінах момант Даніла дае Ганне добрага плескача па азадку (тая ажно ўскрыквае), потым нахабна, безапеляцыйна цалуе яе (маўляў, яму таксама ўсё дазволена) — і гэта, нарэшце, змяняе іх супрацьстаянне гармоніяй кахання. Праўда, такі расклад ідзе ў разлад з куды больш глыбокай музыкай. Дробязь?

Сярод астатніх удзельнікаў даволі “густанаселенага” спектакля немагчыма не адзначыць Дзяніса Нямцова, які ўкладае ў свайго Негуша сапраўднае майстэрства непераўзыдзенага коміка. І робіць гэта “ўсур’ёз”, без ценю таннага камікавання. На жаль, з агульнай палітры рэзка выпадае Праскоўя, якую пастаноўшчыкі “зляпілі” ў сатырычна-фарсавай манеры, з відавочнымі сексуальнымі адхіленнямі — бы гераіню зусім іншага твора. Дый з Валянсьены, у душы якой цалкам сур’ёзна, без аперэтачна-гуллівай какетлівасці (і музыка да гэтага схіляе) змагаюцца абавязак з каханнем, наўрад ці так неабходна было ў адной са сцэн скідваць спадніцу дзеля большай пікантнасці.

Але, як гэта заўсёды бывае, з часам артысты крыху “перашыюць” прапанаваныя ім мізансцэны, прыстасуюцца да складзеных вобразаў і логікі паводзін сваіх герояў — і спектакль, трэба спадзявацца, зайграе новымі фарбамі.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"