Старэйшына беларускага дызайну

№ 17 (1352) 28.04.2018 - 05.05.2018 г

3 — 4 красавіка 1987 года адбылася знакавая для савецкага дызайну падзея. У Маскве ў Калоннай зале Дома Саюзаў прайшоў Устаноўчы з’езд Саюза дызайнераў СССР. Прысутнічалі 615 дэлегатаў з усіх куткоў “адной шостай часткі сушы”. 25 з іх — з Беларусі. Адзін з іх быў абраны членам Праўлення навастворанага саюза. І менавіта яго аднагалосна абралі прэзідэнтам Саюза дызайнераў тады яшчэ БССР, які быў заснаваны ў Мінску 14 снежня таго ж 1987 года. На жаль, імя гэтага чалавека вядомае толькі прафесіяналам. Затое, яго творамі захапляюцца самыя шырокія масы. Многія мінчукі памятаюць, якое моцнае ўражанне выклікала ва ўсіх з’яўленне на нашых вуліцах тралейбуса чацвёртага пакалення “Вітаўт”. А сваім густоўным і эфектным абліччам ён абавязаны менавіта Аляксандру ДЛАТОЎСКАМУ. 24 красавіка старэйшына беларускага дызайну адсвяткаваў сваё 80-годдзе.

/i/content/pi/cult/689/15153/13.jpg“Залатыя рукі”

У дванаццаць гадоў ён сабраў супергетэрадынны радыёпрыёмнік. У чатырнаццаць — зрабіў сабе веласіпед са знойдзеных на сметніку бракаваных дэталяў. Будаваў малацілку, легкавы аўтамабіль…

Свой творчы шлях да вяршынь індустрыяльнага дызайну Длатоўскі пачынаў мастаком-канструктарам на Мінскім станкабудаўнічым заводзе Кастрычніцкай рэвалюцыі. За плячыма была адукацыя ў Мінскім архітэктурна-будаўнічым тэхнікуме і праца тэхнікам-архітэктарам у такіх установах, як Белдзяржпраект і Мінскпраект. Потым — вучоба на кафедры прамысловага мастацтва Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута.

Дыпломная работа Длатоўскага адлюстроўвала тагачасную мару кожнага савецкага грамадзяніна — мець індывідуальны сродак транспарту. Пакуль у іншых краінах стваралі мадэлі бюджэтных аўто, Аляксандр прыдумаў арыгінальную ідэю, якая магла стаць новым напрамкам прамысловасці — мотакупэ. Але самае важнае, што… яно ездзіла! Дызайнер стварыў не толькі вонкавае аблічча — ён зрабіў сапраўдны аб’ект. Мотакупэ ўзяла ўдзел ва ўсесаюзным аўтапрабегу, за што атрымала залаты медаль “Залатыя рукі” ЦК ВЛКСМ. І тут варта адзначыць, што менавіта рэальнасць распрацовак з самага пачатку была асноўным крэда дызайнерскай творчасці Длатоўскага.

Гібрыд лодкі з прычэпам

Пасля заканчэння інстытута была праца мастаком-канструктарам у Канструктарскім бюро дакладнага электроннага машынабудавання. Затым Аляксандр на доўгі час звязаў свой лёс з Беларускім філіялам Усесаюзнага навукова-даследчага інстытута тэхнічнай эстэтыкі (УНДІТЭ). Пачынаў ён на пасадзе вядучага мастака-канструктара, потым стаў галоўным мастаком-канструктарам праектаў аддзела машынабудавання і культбыту, пазней — загадчыкам аддзела мастацкага канструявання тавараў культурна-бытавога прызначэння.

Нарэшце, у 1992 годзе, будучы ўжо прэзідэнтам Беларускага саюза дызайнераў, Длатоўскі заняў пасаду дырэктара Беларускага філіяла УНДІТЭ, які пазней ператварыўся ў Нацыянальны дызайн-цэнтр. Акрамя таго, з 1991 года Аляксандр з’яўляўся кіраўніком творчай студыі Саюза дызайнераў “А.Д.”

У арсенале дызайнерскіх распрацовак Длатоўскага мастацка-канструктарскія праекты станка для балансіроўкі карданных валоў, камплекта дыяпраекцыйнай апаратуры, такарнага і свідравальнага станкоў для гадзіннікавай прамысловасці. Створаны ім гібрыд аўтамабільнага прычэпа і лодкі ўвасабляў абодва “пажыццёвыя” хобі Длатоўскага — рабіць нешта новае і вынаходлівае сваімі рукамі і… вудзіць рыбу. Шкада, што тая распрацоўка так і не пайшла ў масавую вытворчасць. Думаецца, яна парадавала б многіх зацятых рыбакоў.

Стратэгія і практыка

Творы Аляксандра былі паказаны на міжнародных дызайнерскіх выставах у Індыі, Германіі, Польшчы. У Маскоўскім цэнтры тэхнічнай эстэтыкі дэманстраваліся на пастаяннай аснове тры распрацоўкі Длатоўскага: прычэп-лодка, “Майдадыр-аўто” і школьны мікраскоп. Аляксандр мае 22 аўтарскія пасведчанні на прамысловы ўзор і адзін патэнт.

Несупынна праяўляючы сябе як практык, Длатоўскі зарэкамендаваў сябе таксама і ў якасці тэарэтыка, здатнага акрэсліць стратэгічныя напрамкі развіцця дызайну — і найперш прамысловага. Ён з’яўляецца аўтарам шматлікіх публікацый у прэсе, якія прысвечаныя папулярызацыі дызайн-дзейнасці і яе эфектыўнасці для стымулявання эканомікі. На думку іх аўтара, у наш век гэтае паняцце ўжо стала куды больш шырокім, чым звыклае “адзінства ўтылітарнага і эстэтычнага”.

— Прамысловы дызайн — стратэгічны інструмент канкурэнтнай барацьбы ў сучасным постіндустрыяльным грамадстве, — перакананы Аляксандр Длатоўскі. — Для дасягнення лідарства краіне неабходна павысіць узровень разумення сэнсу дызайн-дзейнасці. А гэта тычыцца і адукацыі, і сістэмнага ўкаранення перадавых тэхналогій.

У 1998 годзе Длатоўскі пачаў педагагічную дзейнасць. Ладны час ён займаў пасаду дэкана факультэта дызайну Беларускай акадэміі мастацтваў. Цяпер працуе на кафедры дызайну факультэта сацыякультурных тэхналогій Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Студэнтам, якія праяўляюць цікавасць да індустрыяльнага дызайну, Аляксандр заўсёды рэкамендуе ўлівацца ў мультыдысцыплінарныя каманды (канструктарскія бюро, падраздзяленні на прадпрыемствах і г.д.) і там набірацца досведу праектнай працы.

— Дызайнеру нельга спыняць сваю адукацыю, яна павінна быць бесперапыннай, — перакананы Длатоўскі. — Галоўнае — развіваць здольнасць апрацоўваць розныя веды і сінтэзаваць іх у інавацыі.

У Аляксандра шмат вучняў, якія маюць дыпломы і Акадэміі мастацтваў, і БДУ. Многія падтрымліваюць з ім сувязь ужо на працягу шмат гадоў па заканчэнні ВНУ, дзеляцца сваімі поспехамі, прыходзяць па парады.

Аляксандр гаворыць, што ён ніколі не адпачывае, толькі працуе, працуе, працуе… Але ўсё ж ён мае і свае захапленні: тая ж рыбалка, гітара. У цяперашні час стараецца працягнуць жыццё маляўнічага хутара ў Валожынскім раёне.

Ён не заўважае свае гады. Дасюль актыўна вядзе выкладчыцкую дзейнасць у Беларускім дзяржаўным універсітэце, працягвае займацца дызайнерскім праектаваннем.

— Я звычайны мастак-канструктар, — гаворыць Аляксандр. — Думаю, што дызайн — гэта не прафесія, а вобраз думкі і дзейнасці чалавека… Азарэнне прыходзіць заўсёды, але не адразу. Галоўнае, не здавацца і правільна сфармуляваць пытанне. Адказ абавязкова прыйдзе.

Якаў ЛЕНСУ,
Анатоль ЦЕХАНОВІЧ,
члены Беларускага