Плакат павінен чапляць

№ 17 (1352) 28.04.2018 - 05.05.2018 г

Шпацыруючы міма Купалаўскага тэатра, я — як, напэўна, і многія іншыя мінакі — не раз спынялася, каб паглядзець на плакаты, прысвечаныя яго спектаклям: “Дзве душы”, “Запалкі”, “Каханне як мілітарызм”, “Войцэк”… Кожны з іх прыцягваў увагу сваёй вынаходлівасцю. Але наўрад ці многія з гледачоў змогуць назваць імя іх аўтара. Дызайнер Настасся ПАНЦЭВІЧ, якая тыя плакаты рабіла, цяпер жыве ў Польшчы, але для нашай размовы адлегласць не стала перашкодай — чаго, на жаль, не скажаш пра супрацоўніцтва ў сферы дызайну.

/i/content/pi/cult/689/15152/12.jpg— Як ты стала плакатысткай?

— Калі я вучылася ў Акадэміі мастацтваў, у нас быў такі прадмет, як плакат. Нам казалі, што гэта вышэйшая ступень візуальнага майстэрства. Мяне зацікавіла такая форма, мне падабалася, што ў плакаце адна карцінка можа быць складзеная з розных вобразаў і метафар, з элементаў тыпаграфікі або 3D-мадэлявання.

— Акадэмія мастацтваў дала досыць ведаў або давялося дзесьці яшчэ вучыцца?

— Вучыцца мне надакучыла, бо прыемней гэта рабіць на працы. Такая вучоба праходзіць значна хутчэй і прадуктыўней, яна больш мэтанакіраваная, чым у навучальнай установе, дзе акцэнт робіцца на ўсебаковае развіццё. Перакананая, што ўжо ў студэнцкія гады неабходна працаваць па спецыяльнасці, бо пачынаць па атрыманні дыплома будзе вельмі цяжка. Трэба разумець: Акадэмія толькі дае табе базу. Ты вучышся працаваць са святлом, кампазіцыяй, шрыфтамі. Для мяне самым каштоўным было тое, што нас вучылі мысліць, прыдумляць канцэпцыі.

— Чаму ты пераехала ў Польшчу? Там больш магчымасцяў рэалізаваць сябе як дызайнер?

— У Польшчы мне проста камфортней жыць, але з пункту гледжання дызайну магчымасці такія самыя, як і ў Беларусі. Я ніколі не адмаўлялася ад праектаў, якія мне цікавыя, таму гатовая працягваць працаваць з нашымі заказчыкамі. Каб Купалаўскі прапанаваў мне далей рабіць плакаты для іх, я пагадзілася б, але яны, на жаль, не хочуць камунікаваць дыстанцыйна, ім патрэбныя жывыя зносіны.

— У чым розніца паміж афішай і плакатам, і які мэсэдж яны павінны даносіць да гледача?

— Зразумела, што афіша больш інфарматыўная рэч, чым плакат: на ёй заўсёды знойдзеш дату, месца і час правядзення мерапрыемства. Плакат можа не мець нічога з гэтага. Таксама ўсё залежыць ад таго, што мы хочам: адлюстраваць атмасферу спектаклю, паказаць галоўнага героя ці як ён успрымае сябе ў спектаклі, нейкае дзеянне… А можа, і ўвогуле ніяк не звязаную са спектаклем рэч, якая, аднак, раскрывае яго асноўную сутнасць. Напрыклад, штогод шмат людзей з усяго свету малююць плакаты да “Гамлета” — класічныя, наватарскія, мінімалістычныя ці максімалістычныя, але ўсе нясуць у сабе адзіную ідэю, і часцей за ўсё на іх паказана карона.

— Плакат — гэта мастацтва, або…?

— Найперш, плакат павінен чапляць, прычым на любой адлегласці — будзь то 5 ці 20 метраў. Як бы ні гаварылі, што плакат — гэта мастацтва, галоўнай яго функцыяй застаецца прыцягнуць людзей на спектакль.

/i/content/pi/cult/689/15152/11.JPG— А цяжка было працаваць у тэатры? Як ты абмяркоўвала плакаты, ці глядзела спектаклі перад тым, каб зрабіць нейкія эскізы?

— Звычайна замаўлялі плакат дзесьці за 4 — 5 месяцаў да прэм’еры. Зразумела, спектакль я бачыць не магла — хіба пачытаць п’есу альбо паглядзець зняты паводле яе фільм. Рабіла эскізы, прыносіла іх рэжысёру, мы ўсё абмяркоўвалі, ён уносіў пэўныя карэктывы, я працавала далей, і ўрэшце мы на чымсьці спыняліся. Але апошняе слова было заўсёды за мастацкім кіраўніком Мікалаем Пінігіным. Увогуле, мая асноўная праца заключалася ў тым, каб перавесці слоўную алегорыю ў візуальную, таму з кожным спектаклем усё рабілася па-рознаму.

— Ці ёсць нейкі асаблівы падыход да візуалу, які робіцца да тэатра?

— Па шчырасці, у кожнага тэатра павінен быць брэндбук з прапісаным у ім фірменным стылем, на аснове якога будаваліся б іншыя праекты. Паколькі беларускія тэатры не пазіцыянуюць сябе як брэнд, у іх усё існуе на словах, і гэты стыль нідзе не прапісаны. Нават няма правілаў, як выкарыстоўваць лагатып на фарматах. Я часцей сутыкаюся з тымі арганізацыямі, якія маюць брэндбукі, і дакладна ведаю, што мая афіша ці плакат павінны будавацца па яго правілах, каб брэнд пазнаваўся.

У Купалаўскага свой стыль ёсць, і ў яго рамках амаль немагчыма зрабіць крок улева ці ўправа. Прыкладам, тэатр ніколі не дазволіць змясціць на плакаце проста геаметрычныя фігуры. Аднак, скажам, у Францыі ёсць тэатр, які прыцягвае да супрацоўніцтва самых розных мастакоў: адзін малюе абстракцыі, другі — рэалістычныя выявы, трэці ўвогуле працуе з нейкім канцэптам. І гэта іх стыль! У нашай краіне мы не можам сабе многага дазволіць, бо людзі не прызвычаіліся, яны проста не зразумеюць. Аднак паспрабаваць было б варта. Многія арганізацыі баяцца эксперыментаваць, у іх ёсць стыль, які фарміраваўся шмат гадоў, і я, як графічны дызайнер, гэта адчуваю.

— Адпаведна, эксперыментаваць не ўдавалася?

— Чаму ж? Я сапраўды ўдзячная Купалаўскаму тэатру за гэтую магчымасць. Так, большасць маіх эксперыментаў заканчваліся тым, што, на жаль, рэжысёр заставаўся пры сваім меркаванні. Напрыклад, да спектакля “Запалкі” ў мяне назбіралася больш за 50 добрых эскізаў. Але ж я магу выкарыстаць іх дзесьці яшчэ — нядаўна вось з сябрамі захацелі зрабіць майкі з такімі прынтамі!

— Не крыўдуеш з-за таго, што тваё аўтарства не пазначана?

— Насамрэч, плакатыстаў ніколі не падпісвалі на плакатах, прынамсі ў Купалаўскім тэатры. Калісьці гэтае пытанне ўздымалася, але ўсё ж такі вырашылі не пісаць імя аўтара, паколькі палічылі, што рэжысёр і сцэнограф прыкладаюць больш намаганняў, чым плакатыст. Я ніколі не крыўдзілася, бо тыя, хто хочуць ведаць імя дызайнера, заўсёды змогуць мяне знайсці, хоць я асабліва не займаюся самапіярам. Паколькі правы на плакаты належаць тэатру, яны могуць рабіць з імі ўсё, што хочуць. Калі пачнуць штосьці змяняць, правіць, ці на аснове старога плаката новы маляваць — я не супраць, хай ён толькі развіваецца ды асвяжаецца.

— Як ты ставішся да плакатаў іншых мастакоў?

— Я гляджу на іх не з пункту гледжання спажыўца, мяне больш цікавіць крэатыўная частка, нейкія візуальна новыя рэчы. Я рэагую на гэта і думаю пра тое, як выкарыстаць штосьці падобнае ў сябе. Мне заўсёды цікава, як усё развіваецца, бо мае плакаты мусяць быць сучаснымі. Таму першае, што я раблю на працы, — гляджу партфоліа розных дызайнераў у інтэрнэце. У Акадэміі нам казалі, што не варта гэтага рабіць, бо потым шмат чаго запазычваецца. Але ў жывапісе гэта звычайная практыка, калі мастакі вучацца капіістыцы. У графічным дызайне павінен быць той жа падыход: пакуль не паўторыш тое, што ўжо зрабілі, не зразумееш, як зрабіць яшчэ лепш.

— Ці цэняць беларусы плакатнае майстэрства? Наколькі яны яго разумеюць?

— Я сказала б, не столькі не цэняць, колькі проста не ведаюць яго, бо сустрэць плакаты ў Мінску можна толькі каля Купалаўскага і Вялікага тэатраў. Астатняя прастора горада проста забітая рэкламай. Нягледзячы на гэта, у нас усё ж такі ёсць аматары плаката, якія нават ездзяць у Маскву на выставы. У асноўным, гэта студэнты і выкладчыкі з Акадэміі мастацтваў. Што да мінакоў… У нас няма культуры ўспрыняцця плаката, і ў гэтым праблема.

— Як, па-твойму, плакат уплывае на эстэтыку горада? Ці мяняе ён гарадское асяроддзе?

— Мінск — вельмі чысты горад. Графіці часта замалёўваюць, стыкеры зрываюць. Каб мы вешалі плакаты па ўсёй сталіцы, магчыма, гэта было б прыгожа. Хаця… гледзячы якія гэта плакаты і ў якім месцы. Насупраць Купалаўскага яны вісяць як у музеі, тэатр вельмі акуратна адносіцца да іх. Калі на вуліцы шмат яркіх карцінак, зразумела, выглядаць гэта будзе не вельмі эстэтычна. Таму ёсць розніца, калі плакат проста вешаюць на плот, або калі ён гарманічна ўваходзіць у навакольнае асяроддзе і не выглядае як іншародная пляма. Цяпер неяк так пачала выглядаць вуліца Кастрычніцкая. Я сказала б, яна пераўтварылася ў “брудную арт-прастору”. Ты ўжо не можаш павярнуць галаву, каб не пабачыць хоць якую карцінку. Мне здаецца, на Кастрычніцкай перабралі з андэграўндам, нягледзячы на тое, што ён стварае гэткую атмасферу Дэтройта.

— Ідзе шмат дыскусій наконт кошту мастацтва ў нашай краіне. Скажам, вядуцца спрэчкі наконт фатаграфіі. А колькі павінен каштаваць дызайн плаката?

— Здаецца, у нашым свеце пакуль не ўсталяваліся нейкія кошты. Прайсы вар’іруюцца, людзі па-рознаму сябе ацэньваюць, і гэта часцей прыводзіць да такога працэсу як дэмпінг. Калі ў дызайнераў-фрылансераў на рынку лагатып будзе каштаваць 500 у.а., знойдзецца той, хто прапануе за 100. Зразумела, што давядзецца з 500 панізіць да 300 у.а. Сёння кожны сам вырашае, колькі ён бярэ за гадзіну працы і нават за напрацаванае імя — таксама як і ў фатаграфіі. Роўніцы ніколі не будзе. Да ўсяго, многія не разумеюць, што сабекошт фота можа складаць нават тысячы долараў. Тое самае тычыцца і дызайну — ён можа ўтрымліваць, скажам, складаную 3D-графіку, якая патрабуе магутнага абсталявання.

— А калі гаварыць пра сучасныя тэхналогіі і хуткасць аднаўлення і развіцця дызайну, Беларусь адстае ад іншых краін?

— І так, і не. Усё ж такі, доступ у інтэрнэт ёсць ва ўсіх. Кожны можа прайсці анлайн-курсы або знайсці заказчыка за мяжой. Беларускія аўтары заваёўваюць узнагароды на еўрапейскіх конкурсах. Але праблема ў іншым: наш рынак не можа забяспечыць дызайнераў заказамі. Тая ж кінаіндустрыя амаль не займаецца спецэфектамі, хаця ў нас ёсць добрыя “трохмершчыкі”, якія вымушаны працаваць на іншыя краіны. Калі працу, якую зрабіў беларус, выстаўляе Германія, тады здаецца, што мы адсталі.

— Якім мусіць быць добры дызайнер, каб на яго быў попыт?

— Дызайнер павінен стварыць канцэпцыю і дакладна яе ўвасобіць, а не сядзець ды выдумляць нейкія дзіўныя рэчы, якія ніхто не разумее і за якія ніхто не заплаціць. Дызайнеру ставяць пэўныя ўмовы, ён вырашае канкрэтныя задачы, робіць усё так, каб яго праца была максімальна даступная і зразумелая. Як заказчыку, так і простым мінакам.

Аўтар: Ганна ШАРКО
карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"