Цяжка спрынтару на марафоне

№ 17 (1352) 28.04.2018 - 05.05.2018 г

19 — 20 красавіка на кафедры дызайну факультэта сацыякультурных камунікацый Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адбылася навукова-практычная канферэнцыя “Актуальныя праблемы дызайну і дызайн-адукацыі”.
Ці ведаеце вы імя вынаходніка швейнай машыны? Можа, згадаеце, хто прыдумаў светлафор, пыласос, шаравы кран, запальнічку, хірургічны скальпель, рухомую пажарную лесвіцу? А можа, ведаеце імя аўтара эфектнай афішы, якая спыніла ваш позірк у вулічным тлуме? Наўрад ці, калі вы не ў тэме. Кожны больш-менш адукаваны чалавек нешта чуў пра Шэкспіра ці Рэпіна, хоць можа не чытаць кніг і не хадзіць у музей. А імёны творцаў, што прыдумалі зручныя рэчы, без якіх немагчыма ўявіць наш побыт, якія ствараюць нам станоўчы настрой і дапамагаюць, калі надараецца бяда, выкараскацца з экстрыму, здолее назваць хіба што спецыяліст па гісторыі матэрыяльнай культуры. Каб выправіць гэтую несправядлівасць, мы вырашылі падрыхтаваць блок матэрыялаў пра дызайн і дызайнераў, якім наканавана заўжды застацца невядомымі для грамады салдатамі тэхнічнага прагрэсу. Пра некаторыя чыннікі беларускага дызайну, які яшчэ чакае свайго ўдумлівага гісторыка, некалькі наступных матэрыялаў.

/i/content/pi/cult/689/15150/10.JPGУжо не элітарная, яшчэ не масавая

Дызайнераў у Беларусі сёння рыхтуюць некалькі вышэйшых навучальных устаноў і шэраг сярэдніх спецыяльных. А для тых, хто не збіраецца рабіць дызайн сваёй прафесіяй, але хацеў бы мець пра яго ўяўленне (хаця б для таго, каб аздабляць сваё жытло), існуюць кароткачасовыя курсы па розных спецыялізацыях. Пачатковыя веды ў гэтай галіне можна атрымаць нават у дзіцячых школах мастацтваў. Да таго ж, можна прадоўжыць адукацыю за мяжою ды, зрэшты, там і застацца. Так што дызайн-адукацыя ў нашай краіне — шырока разгалінаваная структура. Дызайн у нас даўно страціў арэол элітарнасці. Сёння гэта проста прафесія. Калі і не масавая, дык даволі распаўсюджаная.

У гэтай галіне, як і ў іншых сегментах нацыянальнай адукацыйнай сістэмы, увесь час даводзіцца вырашаць няпростыя пытанні. Зарабляць грошы, павялічваючы колькасць платнікаў — альбо дбаць пра прэстыж навучальнай установы і рабіць жорсткі адбор ужо на стадыі прыёму дакументаў? Рыхтаваць спецыялістаў пераважна для Беларусі — ці імкнуцца пашырыць сваю прысутнасць на міжнародным рынку адукайцыйных паслуг? Засяродзіцца на спецыялізацыях — альбо рыхтаваць прафесіяналаў шырокага профілю, здольных адаптавацца да якіх заўгодна варункаў? Адным словам, спецыялістам было пра што пагаварыць.

У новы дом са старымі праблемамі

Да канферэнцыі былі прымеркаваны выставы лепшых студэнцкіх работ. Даклады ахоплівалі шырокае кола праблем: ад вызначэння ролі агульнамастацкіх дысцыплін (малюнак, жывапіс) у навучальным працэсе і методык выкладання дысцыплін уласна дызайнерскіх да асэнсавання ролі геніяў мінуўшчыны ў станаўленні дызайну як прафесіі і сацыяльна-культурнай з’явы і спробы ўявіць вектар развіцця прафесіі, зыходзячы з рэалій бягучага стагоддзя. Але, бадай, самай цікавай часткай гэтага дызайн-сумоўя быў круглы стол, якім завяршалася канферэнцыя.

Акрамя выкладчыкаў і гасцей, на ім прысутнічалі студэнты, што можна трактаваць як праяву дэмакратызму. Але паколькі дэмакратыя прадугледжвае свабоду слова, выкладчыкам давялося пачуць з вуснаў студэнтаў і пэўныя прэтэнзіі. Так, ім не даспадобы зневажальна-паблажлівае стаўленне да сябе, якое яны, нібыта, адчуваюць на першым курсе. Той, хто пытаўся, у адказ пачуў: стаўленне, насамрэч, нармальнае, а вось ступень падрыхтаванасці першакурснікаў бывае такой нізкай, што выкладчык іншым разам з цяжкасцю стрымлівае раздражненне. Пры гэтым студэнтам паабяцалі іх заўвагі ў навучальным працэсе ўлічыць.

Усё якаснае каштуе дорага

Гаварылася і пра неабходнасць сувязі навучання з вытворчасцю. Адзначалася, што калі няма размеркавання, дык ва ўмовах няпростай эканамічнай сітуацыі выпускнік нібыта завісае ў паветры, і калі-нікалі вымушаны шукаць заробак у сферах ад дызайну вельмі далёкіх. Было б пажадана, каб студэнт мог давесці сваю работу (не толькі дыпломную, але і курсавую) да прамысловага ўзору. Для гэтага кафедры трэба ці ўласная даследчая вытворчасць, ці дамовы з прамысловымі прадпрыемствамі, дзе студэнты маглі б практыкавацца.

Але скажу шчыра: паводле аб’ектыўных прычын, выпускнікі кафедры не настолькі канкурэнтаздольныя, каб зацікавіць патэнцыйных працадаўцаў. У сувязі з вышэйсказаным, на круглым стале прагучала думка, што сёння ў кафедры дызайну БДУ дзве асноўныя праблемы. Першая: дзе ўзяць абітурыента. Другая: куды яго пасля дыплому ўладкаваць.

Даволі гарачая дыскусія ўзнікла паміж вядомым сваімі тэарэтычнымі распрацоўкамі Алегам Чарнышовым — прадстаўніком пакалення, якое распачынала дызайн у Беларусі, — і Уладзімірам Голубевым, практыкам адукацыйнай справы, дацэнтам кафедры дызайну БДУ. Першы сцвярджаў, што беларускі дызайн знік разам з Савецкім Саюзам, дзе гэтая дзейнасць была сацыяльна арыентаванай. Сёння ж, калі крытэрыем поспеху лічыцца прыбытак, гаварыць пра дызайн у высокім сэнсе гэтага слова ўвогуле не даводзіцца. Прасцей кажучы, раней было добра, а цяпер кепска.

Мне гэтая тырада нагадала дыялог з фільма “Уся каралеўская раць”. Калі галоўнаму герою Джэку Бёрдану сябра ягонага юнацтва гаворыць: “Цудоўнае ў нас мінулае!” Той адказвае: “Ты ж не скажаш, што ў нас цудоўны цяперашні час, а ён, між іншым, узнік якраз з нашага мінулага”.

У сваю чаргу, Голубеў перакананы, што нічога нікуды не знікала. Болей за тое — па шчырасці, усё толькі пачынаецца. І калі мы сёння маем у Беларусі нейкае падабенства дызайну, дык гэта толькі дзякуючы наяўнасці ў нашай краіне пэўных рысаў капіталізму.

Прагучалі меркаванні, што праблемы з уладкаваннем дызайнераў, чыя сфера — прамысловасць, трэба прымаць як дадзенасць. І навучыцца нарэшце пераконваць працадаўцаў, што дызайн хоць і дорага каштуе, але гарантуе прыбытак, які перакрывае тыя затраты.

Як давесці сваю запатрабаванасць?

У сённяшніх умовах адносна някепска пачуваецца дызайн графічны. На яго ёсць сацыяльны і камерцыйны запыты. Дык, можа, кафедры варта на гэтым кірунку і засяродзіцца? Патэнцыял дызайн-графікі запатрабаваны ва ўсіх візуальных камунікацыях — ад вулічных шыльдаў да відэа. Згадваліся меркаванні замежных спецыялістаў пра выхаванцаў беларускай школы дызайну. На іх думку, нашы хлопцы могуць даць фору замежным калегам, калі трэба прапанаваць арыгінальную ідэю і зрабіць яе эфектную падачу. А вось прайсці шлях ад ідэі да вытворчасці, да выніковага прадукту ім даволі складана. Між тым, канкурэнтная барацьба ў галіне дызайну вымагае якасцяў не столькі спрынтара, колькі марафонца.

Дацэнт кафедры Аляксандр Длатоўскі выказаў меркаванне, што праблемы навучальнага працэсу і рэалізацыі выпускнікамі кафедры свайго творчага патэнцыялу немагчыма вырашыць адно высілкамі кафедры, факультэта, універсітэта. Каб нешта змяніць у зацверджаных навучальных праграмах, зрабіць іх больш адпаведнымі патрэбам рынка, каб дакладна акрэсліць, якога ўсё ж такі спецыяліста тут рыхтуюць, трэба дазвол уладных структур. Адпаведна, паразумення неабходна шукаць найперш з дзяржаўнымі ўстановамі, адказнымі за адукацыю.

З гэтым пагадзіліся і выкладчыкі кафедры, і госці з Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Прафесар кафедры прамысловага дызайну БДАМ Валянцін Каламіец сказаў, што зусім неабавязкова на зварот адразу будзе станоўчая рэакцыя ўлады, але адчыняюць дзверы толькі тым, хто ў іх грукае. Трэба звярнуцца і раз, і два, і тры. Знайсці аргументы, якія пераконваюць. Дызайнерам павінен быць уласцівы комплексны падыход да вырашэння праблем. Гэта значыць — дзейнічаць па розных кірунках, такім чынам павялічваюцца шанцы на поспех. Цяжка спрынтару на марафоне, але выйсця няма.