Ідэя як respect табе ж

№ 17 (1352) 28.04.2018 - 05.05.2018 г

Рэспубліканскі суботнік — гэта талака, якая аб’ядноўвае людзей самых розных прафесій і сацыяльнага статусу. Удзел у грамадска-працоўнай акцыі ўзялі і супрацоўнікі апарата Міністэрства культуры краіны. У сталіцы яны працавалі на тэрыторыі будоўлі спартыўна-відовішчнага комплексу Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Своеасаблівыя функцыі прараба выконваў намеснік міністра культуры Аляксандр Яцко.

/i/content/pi/cult/689/15148/8.JPGКарэспандэнт “К” пацікавіўся ў намесніка міністра, чаму правесці суботнік вырашана менавіта на гэтай будоўлі. Той патлумачыў, што вызначальнай пры выбары была прыналежнасць аб’екта да адной з вядучых ВНУ культурнага профілю. Адна з прычын яе прывабнасці для абітурыентаў нашай краіны і замежнікаў заключаецца ў тым, што акрамя наяўнасці кваліфікаваных выкладчыкаў, адпаведнай сённяшнім запатрабаванням навучальнай праграмы і добрай матэрыяльнай базы, у БДУКіМ створаны і належныя ўмовы для студэнтаў. Уладкаваны побыт спрыяе псіхалагічнаму камфорту, які, у сваю чаргу, з’яўляецца важным чыннікам навучальнага працэсу. І тое, што кіраўніцтва Міністэрства культуры вырашыла зладзіць суботнік менавіта тут, ёсць знакам увагі як да ўніверсітэта, так і ўвогуле да ўсёй сістэмы культурніцкай адукацыі.

Уласная ўніверсальная зала, якая можа выкарыстоўвацца як для заняткаў спортам, так і для мерапрыемстваў грамадска-культурнага характару, для ўніверсітэта проста неабходная. Ды, на жаль, яе будаўніцтва зацягнулася — хай сабе і з аб’ектыўных прычын. І ў цэнтры горада, непадалёк ад плошчы Незалежнасці і Чыгуначнага вакзала, з’явіўся незавершаны аб’ект, агароджа вакол якога ўжо не адзін год, так бы мовіць, псуе карцінку мінчукам і гасцям.

Але, як запэўніў Аляксандр Яцко, гэта працягнецца нядоўга. Дынаміка будаўніцтва станоўчая. Засвоена ўжо 60% ад прадугледжаных праектам сродкаў, і працэс гэты ідзе непарыўна. Таму аб’ект будзе здадзены яшчэ да пачатку Еўрапейскіх гульняў. Задзейнічаць яго пад спартыўную праграму не плануецца, але, магчыма, ён стане пляцоўкай для культурных імпрэзаў, якія традыцыйна дапаўняюць спартыўнае свята.

Пакуль ішла наша гаворка, чыноўнік не раз адрываўся на важныя працоўныя пытанні, якія насцігаюць людзей на адказнай пасадзе нават у суботу. Як выявілася, вырашаць іх можна не толькі ў рабочым кабінеце, але і непасрэдна на будоўлі. Балазе, для гэтага ёсць мабільная сувязь.

Таксама суботнік — гэта і магчымасць нефармальных стасункаў грамадзянаў з прадстаўнікамі ўлады. Скарыстаўшыся аказіяй, спытаў у намесніка міністра пра тое, што даўно ўжо мяне хвалюе: калі ўсё ж такі наш праспект Незалежнасці трапіць у Спіс сусветнай спадчыны UNESCO.

— Трэба запасціся цярпеннем, — сказаў спадар Яцко. — Трапіць у прэстыжны спіс у адзіночку нашаму праспекту даволі праблематычна. Шанцы падвышаюцца, калі ісці ў групе з іншымі комплекснымі помнікамі горадабудаўніцтва таго перыяду ў краінах колішняга сацыялістычнага блоку. Пакуль жа нам трэба дбаць пра тое, каб захоўваўся архітэктурны вобраз праспекта. А ён залежыць ад мноства рэчаў, у тым ліку, і ад рэкламы на фасадах. Можа, калі-небудзь з’явіцца магчымасць зрабіць на праспекце ліхтарні, якія адпавядаюць стылістыцы 1940 — 1950-х.

Як бачым, спраў наперадзе яшчэ вельмі шмат. І вельмі важна, каб у пытаннях паляпшэння свайго жыццёвага асяроддзя ўдзел бралі не толькі ўпаўнаважаныя структуры, але і ўсе грамадзяне. Менавіта гэтую ідэю прапагандуе рэспубліканскі суботнік.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"