Байкеры на паралелях з Мельпаменай

№ 17 (1352) 28.04.2018 - 05.05.2018 г

Заўтра завяршаецца VIII Міжнародны фестываль-семінар юнацкіх і маладзёжных аматарскіх тэатраў “Паралельныя светы — 2018”. Пасля капусніка прафесійнае журы абвесціць уладальнікаў Гран-пры форуму.

/i/content/pi/cult/689/15145/4.JPGТак любімы жыхарамі Баранавічаў фестываль традыцыйна распачаўся з праезду матацыклетнай калоны. Разам з байкерамі праз увесь горад прамчаліся рэжысёры спектакляў, а таксама члены міжнароднага журы. Пад роў матораў прыхільнікаў Мельпамены заклікалі ў гарадскі Палац дзіцячай творчасці — галоўную пляцоўку фэсту, дзе цягам тыдня можна было паглядзець 18 спектакляў калектываў з пяці краін.

Як распавяла “К” рэжысёр баранавіцкага тэатра-студыі “Паралель” Ларыса Сартакова, каб прыняць каля 300 удзельнікаў, калектыў Палаца дзіцячай творчасці на чале з дырэктарам установы Леанідай Баярскай спрацаваў як адзінае цэлае. Кожны з аддзелаў узяў шэфства над пэўным калектывам: сустракаў, суправаджаў на засяленне, адказваў за харчаванне, дапамагаў манціравацца, вырашаў бягучыя пытанні гасцей.

Па словах суразмоўцы, за восем гадоў узровень фестывалю значна павысіўся. Калі першы раз заявілася 15 калектываў і практычна ўсе патрапілі ў конкурс, то апошнім часам у Баранавічы дасылаюць па 50 відэазаявак, з якіх праз сіта праходзіць толькі траціна.

— Мы заслужылі павагу сярод аматараў. Наш фестываль ведаюць, існуе сапраўдная канкурэнцыя за права выступаць на ім, — адзначыла спадарыня Ларыса. — Штогод засмучае толькі адно: не так многа прапаноў паступае ад канкурэнтаздольных айчынных калектываў. Я ведаю шмат шыкоўных дзіцячых калектываў краіны. Мы самі калісьці пачыналі з дзвюх асобных праграм для дзяцей і моладзі, пасля ж спыніліся на “пасталеўшым” варыянце фэсту. Дык вось пра маладзёжныя беларускія тэатры ў нас чуваць куды менш. Магчыма, яны абіраюць іншыя форумы…

У сёлетняй афішы беларусы прадстаўлены адной назвай — пластычным спектаклем “МІМ” сталічнага тэатральнага праекта Арцёма Еўсіевіча. Ды па-за конкурсам гаспадары мерапрыемства паказалі пастаноўку “Ціль” і шоў-праграму “Наша жыццё — вялікі сцэнарый”.

“Паралельныя светы” маюць і другое азначэнне — семінар, таму адбыўся і шэраг майстар-класаў па сцэн-мове, сцэн-руху, рэжысуры і харэаграфіі. Штовечар ладзіліся круглыя сталы з удзелам рэжысёраў калектываў-удзельнікаў і членамі журы.

На фестывалі працуе некалькі складаў журы. Прыз глядацкіх сімпатый уручаюць рэжысёры аматарскіх тэатраў. Ларыса Сартакова растлумачыла: адштурхоўвацца менавіта ад іх меркавання вырашана таму, што ўдзельнікі паглядзелі ўсе без выключэння пастаноўкі форуму. Яшчэ адну ўзнагароду прызначыць грамадская калегія. Гран-пры і тры званні дыпламантаў конкурсу назаве прафесійнае журы, большасць членаў якога крочыць з фестывалем амаль са дня яго заснавання. У сёлетні склад увайшлі заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, актрыса Тэатра-студыі кінаакцёра Ала Проліч і яе калега Анжэла Караблёва, актрыса ТЮГа Наталля Якаўлева, мастацтвазнаўца, выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Вольга Грачова, педагог Юлія Ерусава і акцёр, мастак, вядучы, пісьменнік Ігар Грыгор’еў з Санкт-Пецярбургу. Узначальваў самавітую талаку рэжысёр-пастаноўшчык Брэсцкага тэатра драмы Цімафей Ільеўскі.