Арт-ход у хадзе сталіцы

№ 17 (1352) 28.04.2018 - 05.05.2018 г

Пачынаючы з гэтай пятніцы, назва нашай сталіцы атрымала прыстаўку “арт”. 27 красавіка ў Палацы мастацтваў адкрыўся беспрэцэдэнтны паводле маштабаў міжнародны форум: 18 выставачных пляцовак, болей за 250 удзельнікаў, насычаная суправаджальная праграма… Арганізатары “Арт-Мінска” паставілі перад сабой амбітную мэту — хаця б на няпоўны месяц пераўтварыць горад у суцэльную мастацкую галерэю.

/i/content/pi/cult/689/15144/1.JPGФота Сяргея ЖДАНОВІЧА

— Не тое, каб мы капіравалі “Арт-Маскву”, “Арт-Базэль” ці “Арт-Вільнюс” — проста, выкарыстоўваем даволі распаўсюджаны ў свеце ход, калі да назвы горада дадаецца прыстаўка “арт”, — тлумачыць дырэктар Цэнтра выяўленчага і медыямастацтва “Новыя культурныя ініцыятывы” Аляксандр Зіменка. — Наш фармат прадугледжвае максімальна шырокія рамкі, якія змяшчаюць самыя розныя праявы выяўленчага мастацтва.

Своеасаблівым прадвеснікам фестывалю стаў небезвядомы “Восеньскі салон з Белгазпрамбанкам”. Аднак ён разлічаны на маладых мастакоў, і тым, каму больш за 40 гадоў, у праве на ўдзел адмаўляюць. Па словах Аляксандра Зіменкі, з гэтай прычыны штогод узнікаюць шкадаванні і нараканні на правілы правядзення выставы.

— Сапраўды, ёсць шмат цікавых аўтараў, якія на “Восеньскі салон” не трапляюць. Мы палічылі, што не варта рабіць дадатковай яго праграмы — лепей правесці дзве буйныя імпрэзы на год. Так з’явілася канцэпцыя “Арт-Мінска” — фестывалю, які не мае ўзроставых абмежаванняў і павінен будаваць масты паміж мастакамі і галерэямі.

Без сумневу, адна з задач праекта — прыцягнуць да сучаснага беларускага мастацтва як мага больш увагі. І прымусіць гледачоў крыху паездзіць па горадзе, адкрываючы для сябе новыя выставачныя лакацыі. А можа, і невядомыя дасюль мастацкія з’явы.

— Фармат “Арт-Мінска” не такі аднабаковы, як выразна камерцыйнай “Арт-Масквы” ці канцэптуальнага “Арт-Вільнюса”, — кажа Аляксандр Зіменка. — Мы імкнуліся прадэманстраваць самую шырокую палітру як modern, так і contemporary art. Запрошаны намі куратар, італьянскі арт-крытык Стэфана Антанэлі, стварае паміж гэтымі плынямі дыялог і запрашае да ўдзелу аўдыторыю.

Куратарская стратэгія спадара Антанэлі — гэта пераход ад інфармавання гледача да развіцця яго асабістага досведу. Куратара цікавіць, якім чынам сучаснае мастацтва змяняе горад, як сталася, што стрыт-арт перасягнуў межы адной субкультуры і распаўсюдзіўся па ўсім свеце. А сярод самых заўважных яго праектаў — выстава легендарнага Banksy ў Рыме ў 2016 годзе.

Замежны куратар быў запрошаны дзеля непрадузятага погляду, які вызначыў бы кірункі развіцця беларускага мастацтва, цікавыя ўсяму свету. З 250 адабраных экспертным журы “Арт-Мінска” работ спадару Антанэлі прапанавалі выбраць патрэбныя для асабістага праекта — выключна на свой густ. Як запэўніў Аляксандр Зіменка, арганізатары форума нават пагадзіліся б з тым, калі б куратар адабраў усяго некалькі або і ўвогуле толькі адну работу. Маўляў, калі мы вызначылі такія правілы гульні, дык павінны іх і прытрымлівацца.

Аднак спадар Антанэлі праявіў да беларускіх мастакоў спагадлівасць. Адзначыўшы іх узровень майстэрства, валоданне класічнай тэхнікай, усхваліўшы традыцыі нацыянальнай школы жывапісу, ён адабраў каля 150 твораў. Таму выстава займае ўвесь Палац мастацтва, у тым ліку вестыбюль і ўнутраны дворык. Цэнтральнае месца адведзена праекту Руслана Вашкевіча.

/i/content/pi/cult/689/15144/2.JPG— Палац мастацтва пастаянна папікалі тым, што ён здае свае пляцоўкі гандлярам мёду і футра, — гаворыць Аляксандр Зіменка. — Сапраўды, у сучасных фінансавых умовах Саюзу мастакоў утрымліваць такое памяшканне вельмі цяжка. Даводзіцца самім зарабляць грошы.

Руслан Вашкевіч прапанаваў перанесці гэтую дыскусію ў галіну творчасці. У межах выставы ён размясціў дзве гандлёвыя кропкі, на якіх рэальныя ІП прадаюць мёд і хусткі. Стэфана Антанэлі ідэю горача падтрымаў, разам з мастаком яны знайшлі для яе адпаведную форму.

Дыялогу паміж рознымі плынямі мастацтва і гледачом спрыяюць перасоўныя сцены, якія не толькі звужаюць прастору, але і дзеляць яе на тэматычныя сегменты. Як, напрыклад, узаемадзеянне класічнага пейзажа і фатаграфіі, наіўнага і абстрактнага мастацтва, бязмежных сусветаў на карціне і інклюзіўнага праекта з удзелам пацыента брэсцкага псіханеўралагічнага дыспансера.

Удзельнічаюць у “Арт-Мінску” і замежныя галерэі. На першым паверсе палаца — выстава з Эстоніі, побач з ёю работы літоўскіх мастакоў, якія прывезла вільнюская галерэя “Арка”. Яе кіраўнік, мастачка Довіле Тамкутэ, імкнулася прывесці нам гэткае вясёлае веснавое прывітанне:

/i/content/pi/cult/689/15144/3.JPG— Я наведвала Мінск неаднойчы, а два апошнія гады была членам журы “Восеньскага салона”. У мяне склалася пэўнае ўяўленне, якое мастацтва папулярнае ў Беларусі. І таму хацелася з Літвы прывезці нешта, трохі для вас нязвыклае — тое, што не надта часта можна ўбачыць у мінскіх выставачных залах. Мы абралі шэсць мастакоў прыблізна аднаго ўзросту, якія працуюць у вясёлай гульнёвай манеры. Яны не паглыбляюцца ў палітычныя праблемы, а трымаюць руку на жыццёвым і творчым пульсе. Гэта жывапіс, а таксама крыху вясёлай некласічнай графікі, керамікі і тэкстылю.

Дасланыя на конкурс работы, якія прайшлі экспертны адбор, але не прыцягнулі ўвагу куратара, паказваюць у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў і галерэі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Адпаведна, было зроблена ўсё, каб пакрыўджаных апынулася як мага меней.

Паводле задумы арганізатараў, “Арт-Мінск” — гэта творчы праект, які рабіўся без уліку мастакоўскіх узаемаадносін, тусовак, суб’ектыўных сімпатый і антыпатый. Такі незалежны погляд на мастацкую сітуацыю ў краіне. Ці зацікавіць ён беларусаў? Аляксандр Зіменка ўпэўнены, што абавязкова.