Пакадравы разбор

№ 16 (1351) 21.04.2018 - 28.04.2018 г

Гісторыя беларускіх дыяфільмаў — словамі стваральнікаў
Марту ЛУБЯНІКАВУ і Уладзіміра ГОЛІКАВА называюць заснавальнікамі айчыннай анімацыі, бо ў 1971 годзе муж і жонка пераехалі з Душанбэ ў Мінск і зрабілі пілотную серыю першага ў краіне мультфільма — лялечнага “Нязнайкі-паэта”. Яны ж фактычна першымі ў Беларусі распачалі яшчэ і дыяфільмы вырабляць.

/i/content/pi/cult/688/15142/24.JPG“30 — 40 капеек за стужку”

Захавалася нямала стужак, на завяршальных кадрах якіх змешчаны лагатып Нацыянальнай кінастудыі з удакладненнем — Майстэрня дыяфільмаў, горад Мінск, праспект Францыска Скарыны, 98. Марта Аляксандраўна працавала на “Беларусьфільме” з 1971 па 1996 гады. Уладзімір Аляксандравіч хоць і з перапынкамі, але ў такі самы час. Разам яны прынялі ўдзел у стварэнні і працы той майстэрні, што існавала ў сталіцы з /i/content/pi/cult/688/15142/25.JPG1990-га па 1996 год.

— У 1990 годзе Міністэрства адукацыі даслала на кінастудыю ліст з просьбай вырабляць дыяфільмы, — узгадвае Марта Аляксандраўна. — Гэта адразу быў запыт па канкрэтных тэмах. І такім жа чынам мы працавалі на працягу некалькіх гадоў: нам дасылалі тэмы і тэксты, нашы рэдактары, мастакі і аператары працавалі з матэрыялам, а потым гатовыя дыяфільмы перадаваліся ў крамы “Глобуса” (Беларускага рэспубліканскага гандлёвага аб’яднання — “К”), дзе прадавалі розныя тавары для школы. Там ужо любы чалавек мог набыць сабе патрэбныя стужкі.

— Здаецца, 30 — 40 капеек за адну, — дадае Уладзімір Аляксандравіч. Спачатку ён дапамагаў жонцы парадамі па арганізацыі працы, затым сам далучыўся да працэсу як мастак.

— Натуральна, усе мы ў той час глядзелі дыяфільмы з дзяцінства і ведалі, што гэта такое, амаль у кожным доме быў дыяпраектар, але ніхто не ўяўляў адразу, з чаго пачынаць, калі рабіць такія стужкі самім — асабліва ў тэхнічных пытаннях, як працаваць з плёнкай і што рыхтаваць да здымак, — кажа Марта Аляксандраўна, якая ўзначаліла майстэрню. — Таму я ездзіла кансультавацца на “Дыяфільм”, дзе мне падрабязна ўсё расказвалі і паказвалі.

З 1933 па 1993 год маскоўская студыя была галоўным вытворцам дыяфільмаў на тэрыторыі Савецкага Саюза. Штосьці рабілі і кінастудыі Ленінграда, Ташкента і Тбілісі, а таксама кіеўская “Укркінахроніка”, толькі не ў такім вялікім аб’ёме. Але калі там выпускалі пераважна казкі і іншыя літаратурныя творы, то беларуская майстэрня мусіла выконваць перадусім асветніцкія задачы і вырабляць адукацыйныя стужкі для школ.

“Дзецям дрэнна не малююць”

На працягу шасці гадоў у Мінску выпускалі дыяфільмы некалькіх кірункаў: вучэбна-школьныя (“Раслінны свет лясоў Беларусі”, “Правілы дарожнага руху”, “Энергія сонца на службе ў чалавека”, “Вялікае Княства Літоўскае”), экранізацыя казак (“Рыгор Барадулін — дзецям”, “Як курачка пеўніка ратавала”, “Як грыбы збіраліся на парад”), стужкі з экалагічным ухілам (“Буслінае лета”, “Падарожжа па дэндрарыі батанічнага саду”, “Царства жывёл”), фільмы па беларускай нацыянальнай культуры (“Архітэктура Беларусі XI — XVI стст.”, “Францыск Скарына”, “Старадаўнія цацкі”), а таксама па сусветнай мастацкай культуры (“Мастацтва скіфаў”, “Антычнае мастацтва. Старажытны Рым”, “Рамантызм у творчасці заходнееўрапейскіх мастакоў”).

— Я запрасіла рэдактарам Рагнеду Раманоўскую — дачку Кузьмы Чорнага, — распавядае Марта Аляксандраўна. — Яна займалася тэкстамі на беларускай мове. Мастацкім рэдактарам была Ірына Волкава, якая прыцягнула да працы іншых мастакоў.

— Дзецям дрэнна не малююць — бралі толькі прафесіяналаў, — адзначае Уладзімір Голікаў. — Гэта была сур’ёзная арганізацыя, дзе вучобай не займаліся. Туды адразу прыходзілі людзі, якія даўно ведаюць, як трэба трымаць аловак.

З майстэрняй супрацоўнічала Кацярына Паплаўская, Алена Лось, Наталля Сустава ды іншыя мастакі.

“Здымкі і праяўка — самы складаны этап”

Спачатку рэдактары адаптавалі тэкст, якім суправаджаўся кожны кадр дыяфільма. На гэтую працу адводзілася каля тыдня.

— Па кожнай тэме быў асобны аўтар, з якім непасрэдна і звязваўся рэдактар, бо немагчыма ж самому ведаць усё і па хіміі, і па мастацтве, — тлумачыць Марта Аляксандраўна. — Аўтар таксама прыносіў на студыю свой ілюстратыўны матэрыял, мог параіць, на што лепш зарыентаваць мастакоў. Хтосьці прыносіў выразкі з часопісаў ці фотаздымкі. Часам мы спецыяльна набывалі нейкія кнігі, расшывалі іх, каб выкарыстаць ілюстрацыі адтуль. Напрыклад, трэба распрацаваць тэму запаведнікаў — можна нічога не выдумляць, а ўзяць з гатовага альбома. Гэта зараз за некалькі секунд любую карцінку лёгка знайсці ў інтэрнэце. Тады хуткасці і магчымасці былі зусім іншыя.

Ужо па сабраных тэкстах, ілюстрацыях і рэдактарскім плане мастакі рыхтавалі макеты дыяфільмаў.

— Мне давалі канкрэтнае заданне, таму імправізацыя была выключана — для кожнага кадра патрэбны ж тэматычны малюнак, — кажа Уладзімір Аляксандравіч. — Унізе макета на спецыяльнай паперы прыклейвалі тэкст, але галоўнае месца ўсё адно адводзілася ілюстрацыі.

Далей ужо справа ішла за аператарамі.

— На камеру ўсё запісвалі ў цэху камбініраваных здымак, — кажа Марта Аляксандраўна. — Часцей за ўсё, кінааператарам быў Фарыд Мігранаў. Таксама з намі працаваў Юрый Мільтнер. Макеты, здаецца, змяшчалі пад шкло і здымалі на звычайную каляровую стужку Kodak. Негатывы праяўлялі ў лабараторыі, там жа пераводзілі ўсё ў пазітывы. Колькі трэба для тыражу, столькі стужак і рабілі. Здымкі і праяўка — самы складаны этап працэсу.

Але перад тым як растыражыраваць любую стужку, папярэдне яе адглядала так званая мастацкая рада — група, якая працавала над дыяфільмам, супрацоўнікі Міністэрства адукацыі.

— Пільна сачылі за колерамі, асабліва калі гэта тычылася тэм, звязаных з творамі сусветнага мастацтва, правяралі парадак кадраў, абмяркоўвалі, наколькі выразная і зразумелая гісторыя, якую мы прапануем гледачу. Адразу прымалі не ўсё, — адзначае Марта Аляксандраўна.

На саму студыю дыяфільмаў працаваў асобны цэх упакоўкі.

— Маскоўскія калегі падказвалі мне нават тое, як лепш разразаць і ўпакоўваць стужкі. Нам жа і форму для пластыкавых баначак трэба было распрацаваць “з нуля”, каб перадаць яе на якое-небудзь прадпрыемства, — узгадвае колішні кіраўнік майстэрні. — Адным з іх быў торфабрыкетны завод каля Усяжа. Лецішча нашай сям’і знаходзілася непадалёк, я прыйшла і проста папрасіла: “Дапамажыце”.

“За дыяфільмамі да нас ехалі з вёсак”

Невялікая студыя выпускала за год каля паўсотні дыяфільмаў.

— Усе настаўнікі казалі, што такі матэрыял ім вельмі неабходны, — узгадвае Марта Аляксандраўна. — Тады акурат у школьную праграму ўвялі новы прадмет — сусветную мастацкую культуру, але што паказваць дзецям, якія выявы? Нічога не было, падручнікаў не хапала. Дыяфільмы сталі выйсцем. Нам дзякавалі: “Вось цяпер я іду на ўрок і мне ёсць што паказаць, мне не трэба расказваць пра карціны і скульптуры на пальцах”.

Але, нягледзячы на вялікі попыт на адукацыйныя стужкі, у 1996 годзе беларускі “Дыяфільм” вырашылі зачыніць.

— Так, паступова з’явіліся ўжо відэафільмы, і набыць тэлевізар стала лягчэй, але школам усё гэта яшчэ не было даступна, — кажа Марта Аляксандраўна. — За дыяфільмамі непасрэдна да нас ехалі настаўнікі і з Гродна, і са Слоніма, і з розных вёсак з просьбай: “Ну прадайце нам, калі ласка! Нам вельмі трэба”. А мы ж не маглі так зрабіць — па дамове з Міністэрствам адукацыі заўжды перадавалі стужкі толькі ў спецыялізаваныя крамы, копіі захоўваліся на складзе. У выніку ўсё адтуль раздалі людзям, якім гэта яшчэ было патрэбна на той момант, але я тады ўжо не працавала на кінастудыі.

Пасля 1996 года і да пенсіі Марта Аляксандраўна з Уладзімірам Аляксандравічам разам з прыватнымі выдавецтвамі займаліся выпускам дзіцячых кніг — некаторыя мультыплікацыйныя гісторыі ператварыліся ў серыі казак. Цяпер ёй 76, яму — 86. Дома заснавальнікі беларускай анімацыі і дыяфільмаў часам пераглядаюць архівы з эскізамі, спісамі выпушчаных стужак ды газетнымі выразкамі пра “вялікі падарунак школам”.

— Чулі, што менавіта апошнім часам моладзь чамусьці стала цікавіцца дыяфільмамі — артысты паказваюць іх гледачам на старых дыяпраектарах, чытаюць казкі да іх, — дзівіцца Марта Аляксандраўна. — Не ўяўляю дакладна, у якой форме гэта адбываецца, але цікава было б убачыць. Можа, так модна цяпер стала? Няхай і нашы стужкі возьмуць — гэта ж гісторыя беларускага кінамастацтва, можна сказаць.

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"