Ад Скарыны да Манюшкі і далей

№ 16 (1351) 21.04.2018 - 28.04.2018 г

Аляксей ФРАЛОЎ — вядомы беларускі музыкант, лаўрэат міжнародных конкурсаў. Фагатыст, дырыжор, даследчык. Яго шчырая прага да папулярызацыі старадаўняй беларускай музыкі выліваецца не толькі ў архіўныя пошукі і разнастайныя публікацыі, але таксама і ў выкананне знойдзеных артэфактаў. І дзеля гэтага — у арганізацыю музычных калектываў і іх выступленняў, прычым не толькі ў Беларусі, але і ў замежжы. Нядаўна ён вярнуўся з сольных гастроляў па Германіі, дзе іграў, зноў-такі, беларускую музыку — ды часам яшчэ і з тамтэйшымі музыкантамі!

/i/content/pi/cult/688/15141/23.JPG— Усё менавіта так. Я выконваў на фагоце выключна беларускія творы (вядома, з маімі каментарыямі): ад манодыі “Багародзіца”, якая з ХІV стагоддзя лічылася духоўным гімнам Вялікага Княства Літоўскага, да п’ес Генрыха Вагнера, Яўгена Глебава, Уладзіміра Солтана. А адзін з нямецкіх музыкантаў падрыхтаваў “слова ў адказ”: вельмі ўдумліва, узвышана сыграў песняспевы Еўфрасінні Полацкай. Гэта быў фурор! Усе былі не проста ў захапленні, а літаральна ў шоку ад таго, што на Усходзе Еўропы ёсць такая культура.

— Звычайна нашы музыканты кажуць, што замежныя імпрэсарыа самі замаўляюць ім праграму. Таму лічыцца, быццам везці туды творы беларускіх кампазітараў не мае сэнсу: маўляў, хто плоціць, той і...

— Зусім наадварот! Калі ты ясна і выразна аргументуеш, што гэта, па сутнасці, адкрыццё terra incognita, што гэта будзе цікава, прыгожа, годна — з табой пагаджаюцца. Захад адкрыты да спасціжэння чагосьці новага для сябе — і мы можам яму гэта прапанаваць. Дадам, што ў такіх перамовах мне вельмі дапамагаюць зробленыя аўдыязапісы, хай гэта і невялічкі працэнт ад сыгранага, а тым больш — знойдзенага ў архівах. Паслухаўшы іх, усе пераконваюцца, што ты прапануеш сапраўды цікавыя для тамтэйшай публікі творы, — і прымаюць твае прапановы.

Гэта лухта, быццам наша музыка там не патрэбная! Ды і як яны могуць замаўляць тое, чаго не ведаюць? Вось і трэба знаёміць іх з нашымі творамі. Да прыкладу, калі выбіраў, што сыграць са старадаўняй беларускай музыкі, прапанаваў імпрэсарыа паслухаць псалмы Сімяона Полацкага і Васіля Цітова, знойдзены сшытак з планктамі невядомага аўтара — песняспевамі Вялікага тыдня, дзе аплакваюцца пакуты і смерць Хрыста (гэтыя творы мы ўжо выконвалі ў Камернай зале нашага Вялікага тэатра). І калі нямецкі імпрэсарыа пачуў тыя музычныя дыяменты-перліны, дык пагадзіўся са мной, што гэта невядомая музыка вышэйшага парадку — накшталт беларускага Пергалезі.

І гэта не перабольшванне! Калі мы маем беларускія нотныя зборнікі, надрукаваныя праз пяць дзясяткаў гадоў пасля таго, як было ўвогуле вынайдзена нотадрукаванне ў свеце, гэта сведчыць пра перадавыя пазіцыі нашай культуры ў тую папраўдзе зорную эпоху.

— Мы пачалі размову з вашых замежных выступленняў, але колькі адметных імпрэзаў вы ладзіце ў Беларусі! Толькі за мінулы год я налічыла з пяць розных праграм, якія не паўтаралі адна адну і сталі асновай больш як 20-ці канцэртаў. І ў кожным — вялікія ды маленькія адкрыцці забытай сёння музыкі.

— Мінулы год прайшоў пад знакам 500-годдзя беларускай кнігі — вельмі ёмістага і шматзначнага. Бо гэта юбілей не толькі айчыннага кнігадрукавання і Бібліі Скарыны, але таксама і еўрапейскай Рэфармацыі. Так, наш першадрукар не быў кампазітарам, але ж можна — і трэба — было данесці яго эпоху праз музыку. Згаданы вамі цыкл праграм, які ахопліваў розныя музычныя калектывы — ад ансамблевых да аркестравых і харавых — атрымаўся геаграфічна, тыпалагічна, рэпертуарна разнастайным. Першы канцэрт “На пачатку было слова” з’яднаў музыкантаў з доктарам філасофіі і тэалогіі Ірынай Дубянецкай, якая са сваімі навуковымі каментарыямі выступіла ў ролі маёй сувядучай.

— Праграма вылучалася і сваім азначэннем: “музычнае прысвячэнне Марціну Лютэру і Францішку Скарыну”. Адпаведна, вы правялі паралелі між двума імёнамі…

— Для нашага народа вельмі важна ўспрымаць айчынную культуру ў кантэксце еўрапейскай і сусветнай, бо гэта дае разуменне яе глыбокіх каранёў і высокіх дасягненняў — не праз нечыя словы, а праз уласныя адчуванні. І ў гэтым сэнсе постаць Скарыны — фенаменальна яркая. Я параўнаў бы яго не толькі з Лютэрам (а яны былі амаль аднагодкамі), але і, да прыкладу, з больш старэйшым за іх Леанарда да Вінчы — па той дзейнасці, якая змяніла далейшае развіццё культуры. Таму першае аддзяленне склала музыка беларускага і еўрапейскага Рэнесансу, уключаючы творы з Нясвіжскага канцыяналу і харал самога Марціна Лютэра, а другое — фундаметальныя багаслоўскія шэдэўры Баха і Гендэля. Гэтыя кампазітары, зразумела, завяршалі эпоху Барока, але ідэалы Адраджэння і Рэфармацыі заставаліся для іх найвялікшай эстэтычнай каштоўнасцю.

Былі яшчэ праграмы Tuba mirum з духавым аркестрам “Няміга” пад кіраўніцтвам Аляксандра Сасноўскага (мы з ім дырыжыравалі напераменку) і з удзелам выдатнага трамбаніста Жака Мажэ (Францыя — Швейцарыя). А праграма “Дзень Лютэра. Дзень Рэфармацыі” (як і першая, з Дзяржаўным камерным хорам Беларусі пад кіраўніцтвам Наталлі Міхайлавай) прагучала манументальным фіналам юбілейнага года. Усе тры канцэрты адбыліся ў вялікай зале Белдзяржфілармоніі.

— А ці часта вам удаецца выступаць з такімі праграмамі па-за межамі сталіцы?

— Часам удаецца. Адметны канцэрт быў, да прыкладу, у Полацку, у сценах былога Езуіцкага калегіума. Ігралі і для дзяцей — скажам, у Мар’інай Горцы. Разам з кіраўніцтвам Мірскага замка заснавалі асобны фэст — Lux Mirum (гэтак жа, як калісьці ў адноўленым палацы Агінскага ў Залессі правялі 12 розных праграм, удыхнуўшы жыццё ў адроджаныя сцены). Некаторыя турысты прыязджалі туды па некалькі разоў — менавіта каб пачуць музыку ў адпаведным эпосе інтэр’еры. Кожны канцэрт меў унікальную праграму і непаўторны каларыт дэталяў. Выказваю сардэчную падзяку спадару Юрыю Усціновічу за рыцарскі даспех з ягонай калекцыі, які так гожа аздобіў адзін з нашых канцэртаў да 500-годдзя ў зале Акадэміі музыкі. Удзячны многім класікам беларускага мастацтва, якія ўпрыгожвалі жывапіснымі палотнамі інтэр’еры залы філармоніі, а таксама гісторыку Антонію Бокуну за ўсебаковую падтрымку.

Усе гэтыя праграмы пераследавалі тры галоўныя мэты. Першая — захапіць, зачараваць людзей найлепшай беларускай музыкай сусветнага значэння. Другая — адкрыць грамадству мноства забытых помнікаў даўніны, нядаўна выяўленых у архівах (дарэчы, гэта не толькі мае знаходкі, але таксама нашых знакамітых даследчыц Вольгі Дадзіёмавай і Святлены Немагай). Нарэшце, трэцяя мэта — інтэграваць беларускую культуру ў еўрапейскую і сусветную прастору. Бо мы не проста граем прыгожую музыку, мы напаўняем кожны канцэрт важнымі ідэямі і сэнсамі, якія падкрэсліваюць, што Беларусь — гэта паўнавартасная еўрапейская краіна з багацейшай унікальнай культурай, але драматычнай гісторыяй. Наша задача — узвышаць наш народ, дапамагаць яму духоўна расці, пераадольваючы часы забыцця сваёй прафесійнай культурнай спадчыны.

— Аляксей, вы граеце ў аркестры нашага Вялікага тэатра, паралельна выкладалі ў Акадэміі музыкі, некаторы час працавалі ў Дамаску. І пры гэтым кіруеце адразу некалькімі недзяржаўнымі калектывамі высокапрафесійных музыкантаў, што існуюць пры Беларускім саюзе музычных дзеячаў: трыа “Вытокі”, якому больш за 15 гадоў і якое ў асобных праектах разрастаецца да буйнога ансамбля, і аркестрам Capella Academia, які гэтаксама пры неабходнасці пераўтвараецца з камернага ў сімфанічны. Пры такой інтэнсіўнасці працы ў вас, пэўна, ёсць не толькі бліжэйшыя, але і далёкасяжныя планы.

— Так, мы пачалі ўжо рыхтавацца да 200-годдзя з дня нараджэння Станіслава Манюшкі, якое будзе святкавацца налета. З гэтай нагоды правядзём цэлы шэраг разнастайных музычных імпрэз. Але хочацца, каб увага была звернута не толькі на яго музыку, а яшчэ і на звязаную з кампазітарам матэрыяльную спадчыну. Найперш гэта Смілавіцкі палац, дзе кожная цаглінка памятае, як узрастаў будучы геній. На Захадзе вельмі цэніцца аўтэнтыка, і вельмі важна яе захаваць пры рэстаўрацыі, якая цяпер адбываецца. Гэта прыцягне куды больш турыстаў, у тым ліку замежных.

Спадчына Манюшкі належыць некалькім краінам — і наогул усяму свету. Але, разам з тым, гэта брэнд Беларусі — як і Скарына. Таму яго творы павінны гучаць не толькі ў юбілейныя дні, а рэгулярна. Цягам гэтага і наступнага канцэртных сезонаў мы зробім усё ад нас залежнае, каб так і было. Трэба “разагрэць” цікавасць грамадства да яго асобы і творчасці, прывучыць да думкі, што ён не які-небудзь замежны, а беларускі творца — і ніякіх перабольшванняў тут няма. Манюшка і нарадзіўся пад Мінскам, і гадаваўся тут, і першыя свае опусы, уключаючы оперы, таксама тут ствараў. Невыпадкова Рыгор Шырма пісаў: калі чуеш музыку Манюшкі, здаецца, бы знаходзішся на вясковым (!) свяце недзе паміж Мінскам і Слуцкам. Цікава, што нават польскія музыканты сёння больш адэкватна ўспрымаюць беларускасць Манюшкі, чым некаторыя айчынныя дзеячы культуры.

— Развітаўшыся са Скарынам, вы пераходзіце да Манюшкі?

— Не зусім. Мы іх, калі хочаце, яднаем як нашу агульную нацыянальную спадчыну. У сувязі з гэтым у мяне нарадзіўся рэкламны слоган: “Манюшка — наш Скарына ў музыцы”. Вядома, гэта зусім іншая эпоха, але паводле значнасці культурнага ўнёску і ўплыву на наступныя пакаленні паралелі будуць цалкам дарэчнымі.

Ёсць і некаторыя іншыя планы на гэты і наступны сезон. Яны звязаны, зноў-такі, з 500-годдзем — толькі не Скарыны, а каранацыі Боны Сфорцы, якая так моцна паўплывала на кантакты Італіі і Беларусі. Бо гэта была не адно польская каралева, але і княгіня Вялікага Княства Літоўскага. Плануюцца паездкі ў Італію, адкуль яна родам. І, надварот, прыезд у Беларусь лепшых італьянскіх спецыялістаў па паркавым мастацтве, каб адрадзіць італьянскі сад у Мірскім замку, які мы будзем агучваць музыкай. Гэта будзе і працяг беларуска-італьянскіх сувязяў, і чарговае пазіцыянаванне нашай культуры, нашай краіны як еўрапейскай, роўнай сярод астатніх. Такой я і бачу сваю місію.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"