Маўклівыя абаронцы мяжы

№ 16 (1351) 21.04.2018 - 28.04.2018 г

Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін — добрая нагода ўспомніць, што спадчынай з’яўляюцца не толькі велічныя замкі або храмы. Гэтае паняцце куды больш ёмістае і ўключае яно і такіх сведак беларускай гісторыі, як дакі (гэты адпаведнік абрэвіятуры “дот” выкарыстоўваўся яшчэ ў 1920-я) ды іншыя фартыфікацыйныя збудаванні ХХ стагоддзя. Карэспандэнт “К” выправіўся ў невялічкую вандроўку разам з гісторыкам Ігарам МЕЛЬНІКАВЫМ на “старую” савецка-польскую мяжу, дзе ў міжваенны час была збудаваная лінія ўмацаванняў.

/i/content/pi/cult/688/15140/21.JPGЗабытыя героі

Першы з наведаных намі дакаў знаходзіцца літаральна ў трохстах метрах ад станцыі Хмелеўка — яшчэ не так даўно вёскі, а цяпер мікрараёна Заслаўя. Гэты помнік мілітарнай архітэктуры стаіць пасярод дзіцячай пляцоўкі ў атачэнні катэджаў на пагорку. Пашкоджаны, але ацалелы ў Другую Сусветную вайну, найбольш ён пацярпеў ужо ў нашы часы, калі ў ім пасяліліся бяздомнікі. Літаральна летась у даку нарэшце былі пастаўленыя дзверы, а прылеглая тэрыторыя добраўпарадкаваная.

— Вось сляды абстрэлаў 1941 года — гэта палілі па даку з 88-міліметровых зенітак, — звяртае маю ўвагу Ігар Мельнікаў. — Як бачым, немцы ладна тут пастараліся. Затое, па гэтых выбоінах можна даследаваць, як і з чаго будавалі агнявыя пункты. Бачна, што яны рабіліся далёка не з друзу — гэта ўсё спрэс жалезабетон.

Першыя дакі былі тут пабудаваныя яшчэ ў 1932 годзе — на выпадак вайны з Польшчай. А пасля 17 верасня 1939 года ўзбраенне з іх было знятае. Частка перанесеная на “новую” мяжу, а частка — захоўвалася побач на вайсковых складах у Зялёным.

— Маршал Цімашэнка тады прапаноўваў наогул аддаць усе гэтыя дакі пад бульбасховішчы для калгасаў, — працягвае расказчык. — Аднак вырашылі пакінуць другую лінію абароны. Размяшчаўся тут усяго адзін батальён, а гэтага было катастрафічна мала. Таму ў адрозненне, скажам, ад Полацкага ўмацаванага раёна (УР), Мінскі не здолеў аказаць моцнага супраціву. Але і тыя баі, якія тут адбываліся, змаглі знізіць тэмп наступлення вермахта і даць магчымасць эвакуіравацца хаця б частцы мінчукоў.

Калі мы рушым да наступнага дака, Ігар распавядае пра абарону Мінскага ўмацаванага раёна і ролю ў ёй фартыфікацыйных пабудоваў:

— Па выбоінах, па разбітых амбразурах відаць, якія суровыя баі тут ішлі. З абаронцаў Мінскага УРа выжылі нямногія. Вельмі часта побач з агнявымі пазіцыямі мясцовыя жыхары пасля бою хавалі загінулых тут салдат. І пасля на тыя магілы яшчэ доўга хадзілі людзі. На жаль, цяпер большасць з гэтых пахаванняў ужо і не знайсці.

Аднак не заўсёды жаўнеры гінулі ад нямецкіх куль і аскепкаў. Па словах даследчыка, здараліся і трагікамічныя выпадкі. Так, камандзіра Мінскага УРа ў першыя дні вайны расстралялі свае ж — ён ехаў на матацыкле і яго прынялі за дыверсанта. І такое бывала.

Дак на дне кар’ера

/i/content/pi/cult/688/15140/22.JPGІгар Мельнікаў тлумачыць, што абарончыя збудаванні звычайна ўзводзілі на адлегласці ад некалькіх сот метраў да палутара-двух кіламетраў. А паміж імі — земляныя ўмацаванні, акопы, артылерыйскія батарэі.

Напрасткі да наступнага даку зусім блізка — трошкі больш за кіламетр. Але гэта — напрасткі. Нам даводзіцца абмінаць сажалку — былы кар’ер, на дне якога… яшчэ адзін дак!

— Пасля вайны агнявыя пункты афіцыйна лічыліся бамбасховішчамі і ніхто не здымаў іх з уліку. Але, як бачым, у рэальнасці яны закінутыя і часта ператвораныя ў сметніцы — асабліва калі месцяцца ля населеных пунктаў ці лецішчаў. На вялікі жаль, статус гісторыка-культурнай каштоўнасці гэтаму комплексу міжваенных абарончых збудаванняў дагэтуль не нададзены. Я ж лічу, што яго варты кожны з дакаў, асабліва тыя, дзе адбываліся баі.

Памежны фарпост

Лепш захаваныя тыя дакі, якія прытаіліся недзе ў лесе. У адным з іх — арыгінальныя стальныя дзверы, за якімі сапраўдныя фрэскі міжваенных часоў — хвалебныя оды Сталіну. Але ж падказаць да яго шлях зможа нават далёка не кожны з мясцовых.

Спадар Ігар перкананы, што вельмі важна не проста надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці гэтым пабудовам, але і ўключыць іх у турыстычныя маршруты. Нешта падобнае ўжо робіцца на гісторыка-культурным комплексе “Лінія Сталіна”.

— Гэта была вельмі добрая задума — паспрабаваць аднавіць на гэтым месцы фрагмент фартыфікацыйных збудаванняў у комплексе, — лічыць гісторык. — Аднак іншая справа, што там у выніку атрымалася. Магчыма, для дэманстрацыі сучаснай тэхнікі, усіх гэтых БТРаў і самалётаў, варта было абраць іншую пляцоўку, а тут засяродзіцца менавіта на падзеях міжваеннага часу і Другой Сусветнай вайны. Гэта было б справядліва з гістарычнага пункту гледжання.

І сапраўды, калі трапляеш на “Лінію Сталіна”, не пакідае адчуванне
нейкага аксюмарану — сучасныя вайсковая тэхніка побач з даваеннай, помнік таму ж Сталіну — побач з праваслаўнай каплічкай… Значна больш карэктна выглядае дак, адноўлены ў суседнім заслаўскім музеі-запаведніку. Аднак, на бяду, ён значна менш раскручаны як турыстычны аб’ект. І спадар Ігар з гэтым пагаджаецца:

— Ад часоў “Аповесці мінулых часоў” Заслаўе ўвесь час грае ролю памежнага фарпоста. Тое, што ў мясцовым музеі-запаведніку распрацоўваюць тэму Рагнеды і Ізяслава — гэта вельмі важна. Але ж трэба і далей рухацца.

Даследчык марыць, каб на заслаўскіх вуліцах шпацыравалі героі раманаў Пясецкага — кантрабандысты, савецкія вайскоўцы, капаўцы ды звычайныя абывацелі ў строях тых часоў. Зразумела, што тэма мяжы патрабуе і новых музейных экспазіцый.

— Пакуль што я вымушаны праводзіць свае выставы не тут, а ў Мінску, бо Заслаўю гэта не патрэбна, — з сумам дадае гісторык. — Чарговая мая выстава “Другая Сусветная вайна на здымках” з майго асабістага архіва толькі што адкрылася ў галерэі TUT.BY, ужо ёсць папярэдняя дамоўленасць і з новым дырэктарам Нацыянальнага гістарычнага музея на супольныя праекты. Вось мясцовыя музейшчыкі чамусьці не асабліва праяўляюць інтарэс да супрацоўніцтва… А можна ж было ў флігелі палаца Пшаздзецкіх, дзе цяпер ідзе капітальны рамонт (гл. “К” № 40 за 2017 год), арганізаваць экспазіцыю па Міжваенным перыядзе і Другой Сусветнай вайне. Я б з радасцю даў уласныя артэфакты для стварэння такога музея.

У спадара Ігара ёсць і яшчэ адна даволі смелая ідэя, аднак пакуль яна таксама не знайшла падтрымкі.

— Файна было б на рэтрацягніку паехаць з Мінска да Стоўбцаў з праверкай дакументаў на станцыі Коласава, як гэта і практыкавалася, — спярша савецкія памежнікі, потым польскія “капаўцы”. Гэта было б вельмі атрактыўна і цікава не толькі замежным турыстам, але і беларускім. Менавіта пра станцыю Коласава Маякоўскі напісаў свой верш пра пашпарт — там ён бачыў усё гэта на ўласныя вочы.

Магіла помніка

Падыходзім да апошняга на сённяшнім маршруце аб’екта. Менавіта пра яго ў Заслаўі ходзяць паданні і анекдоты. Да ўсяго, гэта адзін з самых першых пабудаваных дакаў.

— Нават зорка над уваходам не намаляваная, а выціснутая ў цэменце — дэманструе экскурсавод. — Такое было толькі ў самых ранніх “мадэлях”. І бачна, што ён пацярпеў у вайну — моцна падбіты, завалены на адзін бок. Але пры гэтым ацалеў, паколькі вельмі якасна зроблены. Вядома, што нават на будоўлю опернага тэатра не хапала цэменту і арматуры. Бо яны ўсе ішлі на дакі — гэта быў тады прыярытэт.

Магчыма, менавіта такі яго завалены выгляд і даў падставы да нараджэння легенды. Як расказваюць старажылы, пасля вайны на Рынкавай плошчы ў Заслаўі пад вокнамі выканкаму стаяў не толькі Ленін, але і Сталін. Пасля ХХ З’езда Камуністычнай партыі Савецкага Саюза і развянчання культу асобы помнікі яму сталі прыбіраць па ўсёй краіне. Заслаўскі з часам таксама дэмантавалі і выкінулі ў кар’ер пад Хмелеўкай. Там ён і ляжаў, пакуль адна мясцовая кабеціна чамусьці не вырашыла забраць ягоную галаву сабе. А самога Сталіна — без галавы — недзе вось тут пад дакам і закапалі.

Свае даследаванні Ігар Мельнікаў выклаў у кнігах, якіх выйшла ўжо восем і дзявятая рыхтуецца. Калі пашчасціць набыць адну з іх, разам з такой невялічкай энцыклапедыяй заўжды цікава будзе выбрацца ў падарожжа па гістарычных мясцінах. Калі ж не пашчасціць — можна дамовіцца і з самім аўтарам, які з ахвотай правядзе экскурсію для ўсіх цікаўных. Балазе, ліцэнзія экскурсавода ў наяўнасці. Адну з такіх экскурсій “Мяжа ля Заслаўя ў 1921—1941 гады” — пры тым бясплатна! — ён якраз праводзіць заўтра, 22 красавіка, у Заслаўі ў рамках беларускага Фэсту экскурсаводаў.