Наш адказ “Буранаўскім бабулям”

№ 16 (1351) 21.04.2018 - 28.04.2018 г

Банкет з фальклорам патрабуе працягу
З пункту гледжання культуры, Любаншчына можа паспрачацца за званне самага-самага перадавога рэгіёна. Асабліва ў галіне прапаганды каранёвага беларускага фальклору. Але пакуль такія спаборніцтвы яшчэ не ладзяцца. Я вырашыў сам пераканацца, наколькі жывая там аўтэнтыка ў асобна ўзятай вёсцы.

/i/content/pi/cult/688/15139/20.JPGParty For Everybody на беларускі лад

У Обчынскім доме народнай творчасці працуе восем фарміраванняў мастацкай самадзейнасці — пяць дзіцячых і тры дарослых. Самы вядомы з іх — прычым на ўсю краіну! — фальклорны гурт “Павалякi”, якi культывуе мясцовы, любанскі, стыль выканання абрадавых і пазаабрадавых песень. Ён характэрны асаблівым рытмічным рысункам, высокім голасам і з’яўляецца элементам нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны. Удзельніцы гэтага ансамбля мелі шанец патрапіць у якасці бэк-вакалістак на “Еўрабачанне” ў той год, калі на ім выступаў TЕО. Справа ў тым, што артысткі калектыву запісалі разам са спеваком яго конкурсную песню Cheesecake. На жаль, “Бурановские бабушки” ў Капенгагене-2014 беларускага працягу не атрымалі, і музычны снарад у тую ж варонку другі раз не трапіў. Хаця выбух адбыцца мог.

Але за межы Беларусі “Павалякi” ўсё ж выбіраюцца. Так, у мінулым кастрычніку гурт з поспехам выступіў у Вільнюсе на Міжнародным фестывалі “Пакроўскія званы”. Замежныя гастролі плануюцца і сёлета.

— Польшча ўжо дакладна ёсць у нашым графіку, а якія яшчэ краіны ў ім будуць — гэта пакуль сакрэт, — інтрыгуе загадчыца Дома народнай творчасці Людміла Савошка.

Яна, дарэчы, узначальвае і яшчэ адно аб’яднанне Дома, чыя дзейнасць прэтэндуе на траплянне ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, — клуб народнай кухні “Гаспадыня”. У 2017-м ён таксама навёў шоргату за мяжой,
удзельнічаючы ў прэзентацыі Мінскай вобласці ў Маскве. А ўсе гурткі ў ДНТ вядуць двое — загадчыца і мастацкі кіраўнік. Яшчэ адзін чалавек у штаце не перашкодзіў бы — напрыклад, харэограф.

Людміла Міхайлаўна запэўнівае, што ўлады Любанскага раёна не даюць установе расслабіцца, усяляк падтрымліваючы яе пачынанні. Аднак факты застаюцца рэчамі ўпартымі: ДНТ патрэбны грунтоўны рамонт, не хапае апаратуры, абсталявання, касцюмаў. Былі б жаданыя сродкі — такую б на іх адзежку тут пашылі на ўзор аўтэнтычнай, што ўсе б ахнулі! А пакуль шыюць з уласнай тканіны і зыходзячы з фінансаў. І тэрыторыю вакол ДНТ варта было б акультурыць (дапусцім, зрабіць там альтанку або невялікую хатку), бо неяк сіратліва ён выглядае. Але на недахоп грошай спадарыня Савошка не скардзіцца:

— Плануем адкрыць банкетную залу, у якой маглі б адзначаць нейкія падзеі жыхары Обчына і не толькі — і такім шляхам будзем зарабляць. З нашага боку, “дадатковым гарнірам” станем прапаноўваць фальклорную праграму — вопыт удзелу ў такіх урачыстасцях у нас ужо ёсць. Вельмі добра зарабляем і канцэртнай дзейнасцю як такой, попыт на калектывы Дома пастаянны!

А ў “культурныя” каментатары вёскі я абраў Сяргея Выскварку — асобу легендарную ў сферы культуры ўсёй Беларусі. Фалькларыст ад Бога — кажуць пра загадчыка аддзела арганізацыйна-метадычнай працы Любанскага раённага цэнтра культуры, кіраўніка ўзорнага фальклорнага ансамбля “Верабейкi” і народнага жартоўнага гурта “Смехаўё”. Ужо каму, як ні яму, было падзяліцца з “К” сваім меркаваннем аб падводных камянях у дзейнасці ўстаноў культуры вёскі.

Каментарый Сяргея ВЫСКВАРКІ:

— Шчыра скажу, у працы Дома я прашу яго загадчыцу рабіць большы ўхіл на народную творчасць. Надзённае — хай не крыўдзяцца на мяне аматары эстрады — прыходзіць і сыходзіць са зменай моды, застаецца толькі нешта сапраўды неардынарнае, таленавітае. А аўтэнтыка жыве стагоддзямі. Гэта матор і каркас нашай культуры. Напэўна, наноснае ў фальклоры таксама не вытрымала выпрабавання часу, таму пра яго мы нічога і не ведаем. Але які ж велізарны пласт каранёвага дайшоў да сённяшніх дзён! Вось яго я і прашу берагчы. Ды і заканадаўства беларускае заклікае да гэтага, на ўзроўні розных міністэрстваў многае робіцца для таго, каб традыцыі і абрады былі... жывей за ўсіх жывых! (Праўда, асабіста я б яшчэ зрабіў так, каб у Міністэрстве культуры цэлы аддзел займаўся толькі адной традыцыйнай культурай.)

Засмучае, што абывацель, у адмоўным сэнсе гэтага слова, адносіцца да такой нашай справы з абыякавасцю. Абудзіць у ім любоў да яе — задача з задач беларускіх СМІ. І газета “Культура” тут ідзе ў іх авангардзе, а прэтэнзіі да айчынных ТБ і радыё ў мяне ёсць. Недастаткова яны, на мой погляд, папулярызуюць народную культуру — у адрозненне ад Обчынскага дома народнай творчасці.

Працэс пайшоў?

У будынку Дома народнай творчасці знаходзіцца і Обчынская сельская бібліятэка, якой ужо 25 гадоў кіруе Вольга Драбышэўская.

— У 1990-я, вядома, наведвальнікаў да нас хадзіла больш, але ж і ў вёсцы тады болей людзей жыло, — успамінае яна. — Тым не менш, і цяпер завітваюць, запісваюцца, бяруць літаратуру. Адзін час напружвала, калі многія сталі карыстацца электроннымі кнігамі і чытаць з інтэрнэту — пра бібліятэку такія сталі забываць. Але цяпер я бачу, што пайшоў зваротны працэс, людзі засумавалі па паперы. Бацькі, калі я з імі гутару пра тое ды гэтае, кажуць, што і дзеці іх, перахварэўшы камп’ютарамі, цяпер з задавальненнем пацягнуліся да “жывой” кнігі. Так яны і трапляюць да мяне.

Сярэдняя штодзённая наведвальнасць Обчынскай сельскай бібліятэкі складае дзесяць чалавек. У прыярытэтах у іх, зразумелая справа, любоўныя раманы і дэтэктывы, але вяртаецца цікавасць і да гістарычнай літаратуры. Папулярызуе кнігу і бібліятэку гурт “Сяброўкі”, які дзейнічае пры ёй. Жанчыны гэтыя праводзяць у мясцовай школе літаратурныя мерапрыемствы, прывязаныя, як правіла, да нейкіх знакавых дат — няхай гэта будзе юбілей вядомага пісьменніка ці твора. Альбо ж клічуць вучняў да сябе ў госці на розныя iмпрэзы. Праходзяць ва ўстанове i дні імянінніка — гарбата, торт, пірожныя з цукеркамі, шчырыя гутаркі, віншаванні ад бібліятэкі. Бач, а там хтосьці ўжо і кнігай зацікавіўся!

— Паклікалі б і пісьменнікаў сталічных да сябе — на сустрэчу з чытачамі, ды інтэрнэту ў бібліятэцы няма, з дапамогай якога, напэўна, было б прасцей за ўсё паспрабаваць дамовіцца з кімсьці пра візіт, — сумна паведамляе Вольга Анатольеўна. — Камп’ютара, зрэшты, у нас таксама няма.

Затое ёсць міні-музей, у якім захоўваюцца прадметы старога побыту — іх спадарыня Драбышэўская збірала і збірае па хатах Обчына. Вядзе яна і сённяшнюю гісторыю вёскі, афармляючы ў тэчкі любыя згадкі пра яе ў прэсе. У іншыя заносіць апавяданні старэйшын аб тым, што раней трава тут была зелянейшай, неба — блакітнейшым, а жыццё — яшчэ весялейшым.

Каментарый Сяргея ВЫСКВАРКІ:

— Як бы ў бібліятэках на вёсцы ні біліся за праславутае наведванне, у лепшым выпадку прырост невялікі або паказчыкі яшчэ нейкі тэрмін трымаюцца на ранейшым узроўні. У асноўным жа, ідзе адток чытачоў, што звязана са змяншэннем колькасці насельніцтва. Лічбу не выцягваюць ні адмысловыя мерапрыемствы, ні сезонныя наплывы часовых жыхароў такіх населеных пунктаў, ні перасяленцы з гарадоў. Можна колькі заўгодна маляваць у справаздачах нейкія лічбы, але ў рэальнасці выніковае становішча рэчаў такое, якое яно і ёсць на самай справе.

Можа, усё неяк па-іншаму ў аграгарадках, у якія перапрафіляваліся перспектыўныя вёскі? Дзесьці так, а дзесьці — не. Паглыбляцца ў гэтую тэму нельга без разумення спецыфікі таго ці іншага канкрэтнага паселішча. Цэнтралізацыя ж сельскіх бібліятэк — крок, вядома, вымушаны. Але гэта не панацэя, бо лік бібліятэк у краіне кожны год скарачаецца. Вось што сумна.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"