Зацішша перад бурай. Ці не так?

№ 16 (1351) 21.04.2018 - 28.04.2018 г

Вельмі мала цікавай інфармацыі, якая па агульнарэспубліканскай значнасці выйшла б за межы двух-трох радкоў, стандартных для нашага агляду. Тлумачэнне тут адно: няма ў раёнах адмысловых падзей. Часовае зацішша перад фестывальнай бурай? Вельмі спадзяюся, што так. Аднак не толькі фестывалямі адметныя нашы раёны. Дзе доўгатэрміновыя праекты, дзе піяр-акцыі, тэатралізацыі ды прэзентацыі, што пакідаюць пасля сябе розгалас? Няўжо і пра іх не карціць напісаць? Хвалім жа не сябе, а сваю родную культуру.

/i/content/pi/cult/688/15138/19.JPG

Гадзіны на дзве завіс на сайтах раённых газет (прагледзеў недзе з паўдзясятка). Апрача дзяжурных шараговых навін пра Гуканне вясны, шанаванне хатынскай трагедыі, справаздачныя канцэрты ці карпаратыўныя праграмы з юбілейных нагод, на вялікі жаль, нічога не знайшоў. Цудоўна разумею, што раённую газету часам больш непакояць паказчыкі прывагаў, надояў ды банітэту ворыўнай зямлі. Звесткі пра культуру займаюць ці не апошнія старонкі. Але гэта не віна мясцовага друку, а яго бяда. Ну не навучыліся раённыя работнікі клубаў ды бібліятэк рэкламаваць здабыткі рэгіянальнай культуры так, каб імі грымелі першыя старонкі перыядычных выданняў. Не выключаю і такую акалічнасць: доўгатэрміновых праектаў сям-там проста няма. Руціна вынішчае творчасць.

Музею-сядзібе “Пружанскі палацык” такая бяда не пагражае. Навуковы супрацоўнік гэтай установы Валянціна Нідзелька напісала пра выставу сталічнага мастака Фёдара Ладуцькі. Падзея прымеркавана да 75-годдзя жывапісца. Аўтар распавядае: “Як дызайнер Фёдар Ладуцька афармляў экспазіцыі Музея народнай творчасці ў Раўбічах, Літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа ў Мікалаеўшчыне… Сустрэча з ім пакінула самае прыемнае ўражанне”. Такія сустрэчы (а яны тут рэгулярныя), упэўнена Валянціна Нідзелька, і робяць музей жывым.

Шэраг навін, натуральна, прысвечаны Вялікадню. Самыя розныя мерапрыемствы прайшлі ў Навагрудскім раённым цэнтры рамёстваў і аграгарадку Ацмінава Навагрудскага раёна; аграгарадках Кракоўка і Гальшаны Ашмянскага раёна; аграгарадку Ваверка Лідскага раёна, шэрагу паселішч Дзятлаўшчыны.

Намеснік дырэктара Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Печкур паведамляе: першакласнікаў установы пасвяцілі ў юныя музыканты. Традыцыйнае свята ладзяць настаўнікі музычна-тэарэтычнага аддзялення і старшакласнікі. Цікава, што думаюць пры гэтым пачаткоўцы?

У гістарычным цэнтры Гродна прайшло рэгіянальнае свята-кірмаш вырабаў рамеснікаў вобласці. Падзеяй натхнілася Вольга Шлавянец, якая распавяла, што выбар сувеніраў быў бязмежны: вырабы з лазы, саломы, дрэва, камянёў, атласных стужак…Традыцыйнай стала і дабрачынная акцыя па падтрымцы выхаванцаў Гродзенскага дзяржаўнага гарадскога сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Мала мы яшчэ пішам пра вось такія цудоўныя праявы міласэрнасці.

Палац культуры Ліды распачаў новы творчы сезон. Прыхільнікі рока пазнаёміліся з музычнай праграмай “Рокафонія”. Гэта сумесны праект рок-лэйбла Niramuza і камернага аркестра Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Гродзенская капэла”. Працягам творчага марафону стаў адкрыты харэаграфічны фестываль-конкурс ArtDance Fest. Сённяшняя харэаграфія развіваецца імкліва, новыя сродкі і формы пластычнай выразнасці пастаянна дораць нам новыя адкрыцці. Сапраўднае свята зрабілі ў Лідзе не толькі дамарослыя харэографы і танцоры, але і госці з Гродна, Баранавічаў, Маладзечна, Свіслачы, Бярозаўкі. Думаеце, радавалася толькі моладзь? Упершыню сярод канкурсантаў былі энтузіясты ад 3 да 45 гадоў. Вось менавіта такая інфармацыя і дадае нам пазітыву. Дзякуй дырэктару Палаца культуры Ірыне Тур!

Яшчэ адна прыемная навіна. Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Светлагорскай раённай бібліятэкі Валянціна Расошанка пазначыла ў лісце: “Гэтая інфармацыя — адказ на ваша шкадаванне, што мы мала пішам для “К”. У лісце — расповед пра
Казлоўскую бібліятэку, якой споўнілася 70 гадоў. Усё пачыналася з хаты-чытальні. Цяпер у аграгарадоцкай установе — інтэрнэт, электронная пошта, у двух пакоях — Музей малой радзімы. Тут каля 200 экспанатаў: супніца з манаграмай памешчыкаў Пушчыных; печ-буржуйка, зробленая на заводзе Лазара Кагановіча. Падчас свята былі ўшанаваны самыя сталыя і маладыя чытачы.

Каля Сапоцкінскага культурна-турыстычнага цэнтра (Гродзенскі раён) побач з двухметровым каваным адлюстраваннем пісанкі з’явіўся яшчэ адзін арт-аб’ект: курыца і певень. Папоўнілася і экспазіцыя Музея пісанак. Тут цяпер каля 500 яек. Ёсць нават страусіныя. Пра гэта паведаміла Людміла Трубчык.

Дырэктар Сенненскай ЦБС Алена Мяцеліца дзеліцца ўражаннямі пра тэматычны семінар “Бібліятэчнае абслугоўванне карыстальнікаў у сферы духоўна-маральнага выхавання”. Былі абагульнены патрэбныя электронныя матэрыялы. Прааналізаваны досвед Машканскай сельскай бібліятэкі.

Дзятлаўская раённая бібліятэка адзначыла 85-годдзе паэта-земляка Віктара Шымука. Загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі ўстановы Вольга Бойка ўдакладніла, што акцыя прайшла ў рамках доўгатэрміновага праекта “Юбілей пісьменніка ў бібліятэцы”.

Супрацоўнікі аддзела метадычнай работы Ашмянскага РЦК напісалі пра свята тэатральнага мастацтва. Дзіцячыя тэатральныя калектывы, асобныя выканаўцы сабраліся разам, каб падзяліцца творчымі ідэямі і пасапернічаць у конкурсе аматараў мастацкага чытання “Тэатральны красавік”.

У Дзятлаўскім дзяржаўным гісторыка-краязнаўчым музеі прэзентаваны альбом мастака Міколы Несцярэўскага “Я яшчэ не ўсё зрабіў”. Навуковы супрацоўнік установы Алена Абрамчык піша: “Альбом — вынік паўвекавой працы. Мікола Несцярэўскі стварае пано, плакеткі, керамічныя скульптуры, медальёны, жывапісныя палотны, пачаў пісаць вершы”.

Мерапрыемства для асаблівых падлеткаў правялі супрацоўнікі Бярэзінскай раённай бібліятэкі. У гарадскім свяце дабрыні прынялі ўдзел дзеці з сем’яў сацыяльна небяспечнага становішча. Пра гэта паведаміла Тамара Круталевіч, загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай ЦРБ.

На базе Крывіцкага сельскага дома культуры Салігорскага раёна адбыўся раённы конкурс прафесійнага майстэрства сярод клубных супрацоўнікаў. Заснавальнік конкурсу — Культурна-дасугавы цэнтр Салігорскага раёна. Прадстаўнікі дзевяці ўстаноў (дырэктары, мастацкія кіраўнікі, кіраўнікі гурткоў незалежна ад адукацыі і стажу працы ў галіне культуры) імкнуліся паказаць свае творчыя якасці. Адзначаны самыя ініцыятыўныя. Дыплом першай ступені атрымала Надзея Усовіч з Крывіцкага СДК.

Бібліятэкары аддзела абслугоўвання і інфармацыі Ашмянскай раённай бібліятэкі запрасілі выпускнікоў СШ № 2 на журфікс “Мая прафесія — мая будучыня”. Загадчык згаданага аддзела Святлана Галінская піша, што, натуральна, падчас прафарыентацыйнай гутаркі асноўны акцэнт ставіўся на прафесію бібліятэкара. Цікава, ці будзе ад мерапрыемства эфект?

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"