Dress Code жаноцкасці і прыгажосці

№ 16 (1351) 21.04.2018 - 28.04.2018 г

Выстава Dress Code у Віцебскім мастацкім музеі, якая аб’яднала творы Алега Кастагрыза і рэстаўраваныя, а таксама ўласныя вінтажныя вырабы Святланы Рудзянковай, арыгінальным чынам паставіла пытанне пра спалучэнне ў мастацтве прыгажосці вонкавай, дэкаратыўнай — і ўнутранай.

/i/content/pi/cult/688/15137/17.JPGСтаршыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў Святлана Баранкоўская адзначыла элітарны характар экспазіцыі, які выклікае пэўныя гістарычныя аналогіі:

— Прайшоўшы праз савецкае мінулае, мы забываемся на тое, які сярод беларусаў працэнт шляхты па паходжанні. Адпаведна, мы не проста “лапатныя” і вясковыя. Мы — гэта каралеўская культура. І вось цяпер перад намі тое, што робіць каралеўскім палацам звычайную кватэру або офіс… Гэта не проста майстэрства, гэта вельмі высокі /i/content/pi/cult/688/15137/18.JPGмастацкі густ.

Пра элітарнасць і раскошу гаварыла і дырэктар Віцебскага мастацкага музея Вольга Акуневіч. Творы Алега Кастагрыза напоўненыя сімваламі і алегорыямі. Прастора яго графічных работ насычаная пачуццём адчувальнай пустаты, з якой узнікаюць вобразы, што родніць іх з усходнім духам дзэн і даасізму. Жывапіс цалкам належыць традыцыям еўрапейскай культуры. Перш за ўсё тут можна гаварыць аб сімвалізме, у якім з дапамогай рэалістычнага выяўленчага метаду перадаецца містычнае адчуванне тайны. Мастаку ўласцівае выяўленне гульнёвай прыроды рэальнасці, якое ўвасабляецца ў характары перадачы міфалагічнай і легендарнай тэматыкі, і ўжо зусім відавочна — у вобразах фашыёна і цырка.

Святлане Рудзянковай належаць як вырабленыя ёй, так і адрэстаўраваныя вінтажныя сумкі з фермуарамі ды эксклюзіўныя шкатулкі. Большасць прадстаўленых рэчаў з’яўляюцца вынікам аўтарскай рэстаўрацыі, што ў праекцыі ідэі выставы дадаткова ўказвае на злучэнне эстэтыкі і ўтылітарызму, духоўны змест прыгажосці не толькі ўнутранай, але і знешняй. У прынцыпе, усе прыгожыя вырабы, нягледзячы на суб’ектыўнасць ва ўспрыманні і ацэнцы, выходзяць за межы ўтылітарнасці і могуць сведчыць аб сутнасці ўнутранага свету іх уладальніка.

У вырабах Святланы Рудзянковай і тым больш у карцінах Алега Кастагрыза мы бачым вяртанне да свету прынцыповага і сімвалічнага, што паказвае на іх успадкоўванне мадэрну. Мы сутыкаемся не проста з “яркім праектам”, які выходзіць за межы “класікі”, але з поглядам праз класіку ў традыцыйнае і архетыпічнае.

Уменне бачыць ва ўтылітарным прадмет мастацтва здзіўляе толькі ў перыяд постмадэрну, калі будынкі з’яўляюцца абяздушанымі “машынамі для жыцця”, а прадметы побыту пазбаўленыя ўласцівасцяў, якія ўзводзяць іх да сімвалічнага значэння. Ва ўсе папярэднія эпохі, нават калі назіраўся разрыў з традыцыяй, такой паўнаты разыходжання з сакральным ніколі не было. І зыходзячы з назвы выставы, паколькі адзенне не з’яўляецца выпадковым і выказвае спалучэнне ўнутраных станаў і інтэнцый, то і любы выраб, які належыць чалавеку, нясе пра яго энергетычную і аксіялагічную інфармацыю.

Алег Кастагрыз з’яўляецца аўтарам некалькіх мастацкіх праектаў, і ўсе яны сведчаць аб тэндэнцыі “вяртання да сутнасці”. Магчыма, дадзеная выстава таксама займее далейшую рэалізацыю. Характэрныя асаблівасці творчасці мастака — напрыклад, такія, як дэкаратыўнасць, — выяўляюць сімвалічную складанасць светабудовы. Той жаноцкі дух культуры, з якім наведвальнікі сутыкаюцца на выставе, абумоўлівае вытанчанасць, глыбіню і ўніверсалізм у выяўленні рэальнасці.

Георгій КАРЖАНЕЎСКІ