“Ліпень”: горача ўсім

№ 16 (1351) 21.04.2018 - 28.04.2018 г

Спектакль “Ліпень” Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра па аднайменнай п’есе расійскага драматурга Івана Вырыпаева быў уключаны не ў асноўную, а ў спецыяльную праграму нядаўняга ХІІІ Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форуму “М@rt-кантакт”. Паводле ж храналогіі падзей менавіта ён даваў старт усім фестывальным мерапрыемствам.

/i/content/pi/cult/688/15135/14.jpgУ “Ліпені” ўсё, пачынаючы з тэмы, правакуе на гарачыя дыскусіі. Бо ў цэнтры — чалавек з псіхічнымі адхіленнямі, які становіцца забойцам і без ценю сумневу падзяляе трупы на часткі. З розных прычын: у парыве помсты, у жаданні заняць чужое месца пад сонцам (дакладней, пад чыгуначным мастом). У знак падзякі, каб адправіць святара ў рай. Ад кахання, каб атрымаць руку і сэрца (у прамым значэнні гэтага выразу).

Тэкст пра жудасныя рэчы ўкладзены ў вусны зграбнай, прыгожай дзяўчыны. Але гэта ідэя належыць не галоўнаму рэжысёру тэатра Саўлюсу Варнасу, які ажыццявіў пастаноўку, а драматургу: яна прапісана ў п’есе. Адштурхнуўшыся ад зададзенага, рэжысёр максімальна абумоўлівае і развівае такое рашэнне. У цемры “чорнага кабінета” ўзнікае светлая дыяганаль дарожкі, што ідзе з глыбіні сцэны і абрываецца на прыступках. Яна звязвае нейкага “змрочнага тыпа” ў жудасна чорных акулярах, які сядзіць за ўдарнай устаноўкай і раз-пораз выдае свае імправізацыі, і артыстку — таксама ва ўсім чорным, якая знаходзіцца на авансцэне і сімвалізуе збалелую, заблытаную, але светлую па сваёй прыродзе душу. Такі падзел вымушае па-рознаму ставіцца да двух герояў, выклікае ў гледачоў спачуванне.

Удзельнікі дзеі — выдатная знаходка рэжысёра. Юлія Ладзік, нядаўняя выпускніца Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў, раней іграла ў дзіцячых спектаклях, у “Скарыне” паўстала рамантычна вытанчанай Маргарытай. І раптам — такое пераўвасабленне, ды яшчэ ў монаспектаклі, што бывае не па сілах нават спрактыкаваным акцёрам! Аляксандр Арцем’еў і ўвогуле працуе ў тэатры дворнікам, забыўшыся на сваё эстраднае мінулае. Спектакль стаўся для абодвух не прыступкай — хуткасным ліфтам, які ўзносіць на новы прафесійны ўзровень і выклікае ў гледачоў захапленне майстэрствам.

Ды ўсё ж мяжы ўдасканалення няма. Музычны складнік спектакля, на мой погляд, мог бы быць больш развітым і разнастайным. Адным з удалых момантаў застаецца імітацыя царкоўных званоў. Дык чаму б не зрабіць фонасферу больш шчыльнай? З дапамогай не столькі пераймання знешніх гукавых эфектаў, колькі адлюстравання няўцямных шоргатаў-памкненняў душы, у якой не заўсёды пануюць знішчальнае полымя ды бура-абурэнне. Але для гэтага давялося б пашырыць колькасць ударных — тымі інструментамі, якіх у тэатры няма.

П’еса, а следам за ёй і спектакль падзяляюцца на дзве часткі. Першая, дзе аповед вядзецца выключна ад першай асобы, у спектаклі бездакорная — найперш па акцёрскім выкананні. Другая частка п’есы больш складаная: там і думкі героя больш блытаныя, і мова. Узнікаюць новыя “галасы” — іншыя дзеючыя асобы, рэмаркі, укладзеныя пераважна ў вусны ўсё той жа Юліі Ладзік, якая амаль дзве гадзіны не пакідае сцэну. Нават фізічна вытрымаць такі напал — даволі няпроста. Дый глядацкая ўвага, прызнацца, паступова пачынае падаць. Пэўна, тут маглі б дапамагчы некаторыя скарачэнні тэкста, які пачынае нагадваць замкнёнае кола. Ды аўтар, па словах рэжысёра, забараніў хоць якія ўмяшальніцтвы.

Тым не менш, і ў цяперашнім выглядзе спектакль — значны крок тэатра наперад. Калі казаць пра выхаванне магілёўскай публікі — увогуле сямімільны. Тое, што ставіць у тэатры Саўлюс Варнас, вылучаецца найноўшымі эстэтычнымі памкненнямі, адпавядае сучасным мастацкім кірункам. А галоўнае — прывучае гледачоў думаць.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"