Спадчыне аптымізацыя не перашкода?

№ 16 (1351) 21.04.2018 - 28.04.2018 г

Сёння назва вёскі Новае Палессе гучыць зусім не так аптымістычна, як у савецкі час, калі яна замяніла “немілагучную” Каросцін. Дзяцей там зусім вобмаль, школа даўно зачыненая. Аднак у маленькім паселішчы ў Лельчыцкім раёне захавалася частка Палесся старога, спрадвечнага. Мясцовы песенны стыль выканання традыцыйных абрадавых і пазаабрадавых твораў мае статус элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Толькі вось… Можа стацца так, што ўнікальны фальклорны гурт, які тыя песні зберагае, неўзабаве апынецца без даху над галавой.

/i/content/pi/cult/688/15132/9.JPGНа пачатку былі планы надаць статус элемента нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці “брэндаваму” святу Новага Палесся — Стрэчанню. Але аказалася, што мясцовы гурт “Палескія напевы” мае вельмі багаты рэпертуар. Ён уключае песні з усяго каляндарнага, а таксама сямейнага і пазаабрадавага цыклаў. Гурт узнаўляе ўнікальныя традыцыі святкавання Калядаў, Дабравешчання, Вялікадня, Юр’я, Троіцы, паказвае на сцэне праграмы па вяселлі і ўлазінах (“ухошчына”). Таму ў 2009 годзе пад ахову дзяржавы быў узяты ўвесь той культурны пласт у сукупнасці. “Палескія напевы” выконваюць песні, што паспелі /i/content/pi/cult/688/15132/10.jpgзапісаць ад старэйшых жыхарак вёскі.

Сёння ў калектыве восем удзельнікаў: загадчыца сельскага клуба Марыя Светава, хормайстар Ніна Палын, спявачкі Надзея Кужалевіч, Валянціна Баравая, Любоў Бялоцкая, Ева Грыцкевіч, акампаніятар Аляксей Баравы. Усе яны — перад- або пенсійнага веку. Па стане здароўя ўжо не выступае з гуртом, але кансультуе па рэпертуары Надзея Лісіцкая, якой сёлета спаўняецца восемдзясят.

Але нават у такіх варунках можна знайсці спосабы перадачы традыцый. Сёлета на святкаванне Стрэчання прыязджалі вучні з вёскі Ударнае (цэнтр сельсавета). Іх разам з настаўнікамі прывёз школьны аўтобус. Дзеці ўзялі на сябе выкананне вялікай часткі абрадавых дзеянняў: дзяўчынка трымала ўпрыгожаную ёлку, хлопцы везлі яе на санках. Удзельніцы гурта “Палескія напевы” распавялі дзецям пра свята. Гурт разам з дзецьмі і ўсімі ахвочымі вадзіў карагоды на пляцоўцы між крамай і клубам. Потым удзельнікі і назіральнікі прайшлі шэсцем па вёсцы да прыдарожных крыжоў, замацавалі там упрыгожаную ёлку, а леташнюю спалілі. Перад ад’ездам дзяцей чакаў пачастунак.

Адным словам, традыцыя жыве — прынамсі, пакуль што. Клубу Новага Палесся пагражае закрыццё. У вёсцы цяпер прапісана 120 чалавек, а калі ў населеным пункце менш за 100 жыхароў, то ўстанову культуры могуць аптымізаваць. Пра гэта ў вёсцы ўжо пагаворваюць.

Для паселішчаў, дзе жыве праява нематэрыяльнай спадчыны, выключэнняў не прадугледжана. Пасля закрыцця клуба некаторыя гурты-носьбіты элемента НКС працягваюць збірацца па хатах, але ў большасці выпадкаў спыняюць дзейнасць.

Заканадаўча гэтыя нюансы канкрэтна не рэгламентуюцца. Падаючы дакументы для надання статуса ў Міністэрства культуры, мясцовы райвыканкам бярэ на сябе ахоўныя абавязальніцтвы, якія сам прапісвае, падпісвае і потым імкнецца выконваць. Атрымліваецца, што (не)аптымізацыя ў пэўнай ступені залежыць ад мясцовага кіраўніцтва. Пытанне можа паўстаць наконт рэсурсаў: наколькі раён можа сабе дазволіць утрымліваць клуб у маленькай вёсачцы толькі дзеля аховы элемента НКС?

Канечне, калі была б магчымасць, то сельскія ўстановы культуры і фінансаваліся б па-іншаму, і тыя ж элементы НКС карысталіся большай вядомасцю ды пашанай у сваёй мясцовасці і па ўсёй рэспубліцы. Але ж хочацца верыць, што мясцовыя ўлады робяць усё магчымае для аховы нацыянальных каштоўнасцей на сваёй тэрыторыі.

Алена ЛЯШКЕВІЧ,
фалькларыстка