А працаваць жа трэба!

№ 16 (1351) 21.04.2018 - 28.04.2018 г

Сёлета Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін адзначаўся ўжо ў 35-ы раз. Свята, усталяванае ў 1983 годзе Генеральнай асамблеяй UNESCO па ініцыятыве Міжнароднай рады па пытаннях аховы помнікаў і гістарычных мясцін ICOMOS, па традыцыі становіцца нагодай для дыскусій аб праблемных аспектах захавання спадчыны. Адну з іх акурат 18 красавіка зладзіў Беларускі камітэт ICOMOS.

/i/content/pi/cult/688/15129/7.JPGДля аматараў і прафесіяналаў

Штогод Беларускі камітэт ICOMOS адзначае сваё прафесійнае свята самымі рознымі падзеямі. Бадай, самая вядомая і масавая — гэта Фэст экскурсаводаў, які аб’яднанне ладзіць супольна з Нацыянальным агенцтвам па турызме ды іншымі партнёрамі ўжо дзявяты год запар, а з нядаўняга часу — і па-за яе межамі. Гэты год таксама не стаў выключэннем, і акурат у цяперашнія выхадныя па ўсёй Беларусі ідзе марафон, які ўключае дзясяткі бясплатных экскурсій.

У адрозненне ад папулярнага фэсту, круглы стол “Захаванне і рэстаўрацыя ў Беларусі: новае пакаленне ўздымае галаву” сабраў у Мінску ў Мемарыяльным музеі-майстэрні Заіра Азгура амаль выключна прафесіяналаў у сферы аховы спадчыны. Месца правядзення, як падалося, было абрана ўдала. Экспазіцыя нібы пераносіць у многія памятныя мясціны Беларусі і не толькі, створаныя пры непасрэдным удзеле Заіра Ісакавіча. Эскізы і мадэлі многіх гэтых помнікаў можна пабачыць у яго колішняй майстэрні, якая і сама ўжо ўключаная ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.

Бульдозеры і абурэнне

Трохі правакатыўная тэма круглага стала была абраная невыпадкова. Кожны год Міжнародная рада ICOMOS прапаноўвае свой лейтматыў святкавання памятнага дня. Сёлета было прынятае рашэнне засяродзіць увагу на тэме “Спадчына дзеля генерацый”. Адпаведна, гутарку ў музеі-майстэрні прысвяцілі пытанням самавызначэння маладых людзей, якія працуюць са спадчынай, і новым ідэям, якія ўзнікаюць у гэтай галіне і могуць быць актуальныя для маладзёнаў. Мэтай пасяджэння была абвешчаная магчымасць даць голас юным прафесіяналам і зрабіць своеасаблівы партрэт генерацыі тых, ад каго ўжо ў недалёкай будучыні будзе залежаць прыняцце самых важных рашэнняў аб лёсе спадчыны.

Як адзначыў старшыня Беларускага камітэта ICOMOS Сцяпан Стурэйка, асноўны фокус увагі на круглым стале скіраваны менавіта на прафесійныя лёсы маладых адмыслоўцаў у пытаннях спадчыны — тых, каму сёння блізу 30 гадоў. У дыскусіі ўзялі ўдзел прадстаўнікі розных прафесійных ідэнтычнасцяў — рэстаўратары, архітэктары, антраполагі, спецыялісты па ахове спадчыны, дызайнеры і культурныя менеджары.

Як распавёў яркі прадстаўнік гэтага пакалення — грамадскі актывіст і прафесійны экскурсавод Цімафей Акудовіч — ягоны асабісты шлях у справе аховы спадчыны пачаўся з… абурэння. Яшчэ студэнтам ён з сябрамі стаў сведкам, як бульдозеры пляжаць праваслаўныя могілкі ў Ракаве. Будучы не ў стане прамінуць такое, хлопцы літаральна перагарадзілі шлях тэхніцы, чым выклікалі шчырае здзіўленне працоўных. Далей былі доўгія перамовы ў Валожынскім райвыканкаме, Міністэрстве культуры — і, нарэшце, наданне могілкам статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Падобная сітуацыя і ў Сцяпана Стурэйкі — ён быў сярод тых, хто ратаваў ад экскаватараў парэшткі падмуркаў палаца князёў Радзівілаў у Гродне. Захаваліся яны менавіта дзякуючы намаганням валанцёраў з усёй краіны, якія тады актыўна бралі ўдзел у грамадскіх акцыях па ахове культурнай спадчыны горада.

У той самы час, у большасці прысутных асабісты шлях да працы са спадчынай пачынаўся не з абурэння, а з цікаўнасці і любові да яе.

Рабіць кепска ці не рабіць наогул?

Круглы стол, удзел у якім узялі таксама і спецыялісты старэйшага веку, засведчыў, што казаць пра нейкі канфлікт пакаленняў у справе аховы спадчыны ў нашых варунках было б перабольшваннем. Але можна канстатаваць пэўны канфлікт поглядаў на тое, як арганізаваць гэтую справу і якія каштоўнасці ў ёй павінны ставіцца ў галаву кута.

Як адзначыў архітэктар Зміцер Савельеў, у рабоце са спадчынай на першае месца мусіць выходзіць пытанне этыкі. Рэстаўратар можа апынуцца перад выбарам — альбо працаваць далей і выконваць замовы тых, хто плаціць, альбо сыходзіць з прафесіі. Таму часта адзіны шлях, які застаецца для рэалізацыі сябе ў дадзенай галіне — гэта валанцёрскі рух.

Спадар Стурэйка, наадварот, сцвярджаў, што бескампрамісная пазіцыя ў дадзеным выпадку можа быць на шкоду, бо галоўнае — наладзіць дыялог ды паразуменне. Для яго спадчына — гэта перадусім поле для дыскусій, да якіх павінны падключацца і ўласнікі помніка, і выканаўцы работ на ім, і мясцовая супольнасць. Таму другі варыянт выбару “рабіць кепска альбо сыходзіць з прафесіі”, на яго думку — гэта не варыянт. Рабіць трэба ў любым разе, але і сама работа са спадчынай найперш мусіць быць пошукам кансэнсусу.

Падтрымаў спадара Сцяпана і дызайнер Андрэй Лары. Па яго словах, вельмі часта не толькі можна, але і неабходна рабіць рэстаўрацыю на помніку нават у тым выпадку, калі яна не зусім адпавядае гістарычнай рэальнасці. Натуральна, замяняць у палацы арыгінальныя вокны XVIII стагоддзя на сучасныя пластыкавыя — гэта няправільна. Але што, калі там стаяць наватворы савецкіх часоў, якія, пры тым, ужо пагнілі? Альбо наступная сітуацыя: вокнаў наогул няма, а на выкананне якасных рэплік арыгіналу папросту не стае грошаў. У такім разе пра бескампраміснасць казаць не выпадае. Тут нават пластыкавыя шклопакеты — не самае горшае рашэнне, хаця б толькі як часовы варыянт. Прынамсі, яны будуць спрыяць прэвентыўнай кансервацыі аб’екта. Гэта лепш, чым нішто.

/i/content/pi/cult/688/15129/8.JPGНе менш спрэчак выклікала і пытанне кіравання культурнай спадчынай. Частка прысутных вызнае класічныя падыходы да гэтага — кіраванне спадчынай разглядаецца імі як ахоўніцкая дзейнасць. Архітэктар Тамара Матыль, спасылаючыся і на колішні беларускі досвед, і на сучасны міжнародны, растлумачыла, чаму неабходна адрадзіць дзяржаўную інспекцыю па ахове помнікаў. Сапраўды, як паказала дыскусія, такога органа дзяржкантролю ў краіне моцна не хапае. Нешматлікія супрацоўнікі адпаведных аддзелаў абл- і райвыканкамаў, якія адказваюць за справу аховы спадчыны, усе праблемы сваіх рэгіёнаў вырашаць не могуць. Тым больш, часам яны папросту не маюць адпаведнай кваліфікацыі ў гэтых пытаннях — на што неаднаразова звярталі ўвагу і прадстаўнікі адпаведнага ўпраўлення Міністэрства культуры краіны. У выніку, нават тыя помнікі, што ўнесеныя ў Дзяржспіс гісторыка-культурнай спадчыны (не кажучы ўжо пра астатнія) часцяком застаюцца сам-насам з абыякавым альбо нават варожым да іх вонкавым светам.

Падтрымаў спадарыню Тамару і Цімафей Акудовіч. Але з гэтым тэзісам не змог пагадзіцца старшыня Беларускага камітэта ICOMOS, які сцвярджае, што кіраванне спадчынай — гэта не толькі, а часта нават і не столькі яе ахова. Перадусім гэта — пошук сэнсаў, якія ёй надаюцца, а таксама работа з мясцовай супольнасцю, якая часта з’яўляецца рэальным уласнікам і карыстальнікам аб’ектаў культурнай спадчыны. Без яе ўдзелу ні пра якое існаванне і захаванне спадчыны гаворкі не можа ісці — лічыць рэстаўратар Ігар Раханскі.

На вялікі жаль, пераканаўчых станоўчых прыкладаў такой працы ніхто з прамоўцаў не прывёў.

Да паразумення, што такое спадчына і што з ёй належыць рабіць — ахоўваць, кіраваць, даследаваць ці нешта яшчэ, — удзельнікі круглага стала ў выніку так і не прыйшлі. Як падсумаваў Сцяпан Стурэйка, часта ў гэтай сферы перасякаюцца бачанні людзей з рознай прафесійнай ідэнтычнасцю і падыходы да працы могуць быць розныя. Таму і аднаго гатовага адказу на пытанне “што рабіць?”, няма і быць не можа. Аднак галоўнае тут — гэта асабістая матывацыя тых, хто займаецца тэмай спадчыны. Бо дыскусіі дыскусіямі, а працаваць жа трэба!

Фота Паліны КАСМАЧОВАЙ