Рэінкарнацыі неўміручых паэм

№ 15 (1350) 14.04.2018 - 20.04.2018 г

Гэты год для беларускай літаратуры не менш багаты на юбілеі за прамінулы. Прычым сёлета выпадаюць угодкі не толькі знакавых асобаў (як, напрыклад, 125-годдзе з дня нараджэння Максіма Гарэцкага), але і этапных твораў. Гэтак, 95-годдзе справіла легендарная “Новая зямля”, а не менш этапны “Сымон-музыка” адзначыў ужо 100-ы юбілей. З гэтай нагоды ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі адкрылася часовая экспазіцыя “У любові да роднай зямлі”, якая паказвае ўвасабленне твораў Коласа ў тэатральнай, музычнай і кінематаграфічнай прасторы.

/i/content/pi/cult/687/15122/11.jpgВыстава складаецца з чатырох тэматычных комплексаў, кожны з якіх сэнсава звязаны з рознымі жанрамі мастацтва. Першы раздзел прысвечаны драматычнай плыні ў творчасці Коласа. Сярод экспанатаў — сапраўдныя рарытэты. Напрыклад, нумары газеты “Вольная Беларусь” за 1917 год, дзе друкуецца драматургічны дэбют Коласа — “Антось Лата”. У гэтым жа годзе з друку “Вольнай Беларусі” выйшла асобная кніжачка “Сцэнічныя творы” аўтарства Тараса Гушчы. Дарэчы, гэты псеўданім у тыя часы вельмі часта выкарыстоўваўся Канстанцінам Міцкевічам і быў не менш вядомым, чым Якуб Колас.

Ужо значна пазней Якуб Колас піша п’есы “Вайна вайне” і “У пушчах Палесся”, пастаўленыя ў 1937 годзе Другім Беларускім драматычным тэатрам у Віцебску. Мяркуючы па выстаўленых у экспазіцыі фота, адносіны Коласа з будучымі коласаўцамі складваліся надзвычай прыязна. Дарэчы, імя Якуба Коласа было прысвоена тэатру ў 1944 годзе — яшчэ пры жыцці класіка!

П’еса “У пушчах Палесся”, прысвечаная барацьбе беларускіх партызанаў у часы польска-савецкай вайны, стала і асновай для оперы. Яе напісаў тады яшчэ малады (усяго 26 гадоў!) кампазітар Анатоль Багатыроў. Прэм’ера прайшла 28 жніўня 1939 года на сцэне Вялікага тэатра оперы і балета БССР — літаральна праз некалькі месяцаў пасля ўрачыстага адкрыцця яго будынка.

Мала хто ведае, што ў другой палове 1940-х гадоў вядомым літоўскім кампазітарам беларускага паходжання Канстанцінам Галкоўскім была зроблена спроба паставіць оперу і музычны спектакль па паэме “Сымон-музыка”. На выставе прадстаўлены такія каштоўныя экспанаты з фондаў музея, як два рукапісныя сшыткі з лібрэта оперы і нотнымі запісамі п’есы. Экспануецца і ліст Якубу Коласу кампазітара Галкоўскага ад 24 кастрычніка 1945 года, дзе той піша: “Работаю с любовью, т.к. поэма мне близка по духу… Планирую либретто для оперы”. На вялікі жаль, гледачы гэтую пастаноўку так і не ўбачылі.

Са сцэнічным увасабленнем культаваму твору давялося пачакаць яшчэ тры дзесяцігоддзі. У 1976 годзе рэжысёр Валерый Мазынскі паставіў “Сымона-музыку” на сцэне таго самага Коласаўскага. Спектакль, узнагароджаны прэміяй Ленінскага камсамола БССР, стаў этапным у гісторыі беларускага тэатра. А ў 1982 годзе падчас шырокага святкавання 100-годдзя беларускага класіка паэма займела і даволі нечаканую інтэрпрэтацыю — на мове жэстаў. Увасобіў яе добра тады вядомы тэатр пантамімы “Рух”.

Пра неўміручасць паэмы сведчаць звароты да яе знакавых творцаў цяпер ужо ХХІ стагоддзя. У 2005 годзе яе паставіў на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы знакаміты Мікалай Пінігін. Хочацца верыць, юбілейны для “Сымона-музыкі” год прынясе і яго новыя сцэнічныя інтэрпрэтацыі.

Паэма “Новая зямля” таксама не раз натхняла творцаў. Сярод экспанатаў выставы — нотныя запісы славутай песні Ігара Лучанка “Мой родны кут”, якую, пэўна, кожны чуў у выкананні “Песняроў”. А да 100-гадовага юбілею Песняра кампазітарам Юрыем Семянякам створаная опера “Новая зямля” (лібрэта — Алеся Петрашкевіча).

Да паэмы рэгулярна звяртаюцца і ў незалежнай Беларусі. Коласаўцы ў 2000 годзе прэзентавалі спектакль “Зямля”, а паэтычны тэатр аднаго акцёра “Зніч” у 2008 годзе паставіў монаспектакль “Красенцы жыцця”. Звяртаўся да тэматыкі “энцыклапедыі сялянскага жыцця” і Мінскі драматычны абласны тэатр, які месціцца ў Маладзечне.

Апошні тэматычны комплекс прысвечаны ўвасабленню паэм Коласа ў кіно. Знамянальнай падзеяй стала з’яўленне на тэлеэкранах пастаноўкі “Песня музыкі”. Рэжысёр Усевалад Кухта беражліва падышоў да вершаванага слова Коласа і скарыстаў значную частку паэтычнага тэксту. Першая аўдыявізуальная прэзентацыя класічнай паэмы беларускай літаратуры атрымала добрыя водгукі рэцэнзентаў, якія адзначылі нацыянальны каларыт тэлеспектакля і гарманічны акцёрскі ансамбль. На выставе можна ўбачыць эскізы дэкарацыі да тэлеспектакля “Песня музыкі” (мастак — Міхаіл Карпук).

Не менш знакавай атрымалася экранізацыя паэмы “Новая зямля” 1982 года. Адну з галоўных роляў — Ганны — сыграла народная артыстка Беларусі Таццяна Мархель. Яе падарункам музею ў юбілейны год стаў касцюм (кашуля, спадніца, фартух і хустка), у якім яна працавала на здымачнай пляцоўцы. Ён экспануецца на выставе разам з іншымі матэрыяламі пра кінафільм.

Неаднаразовы зварот да паэм Коласа сведчыць пра несмяротнасць твораў Песняра. Для кожнага новага пакалення беларусаў яны набываюць новае гучанне, аднак не губляюць цікавасці ды актуальнасці не толькі для нацыянальнага мастацтва, але і для нацыянальнага духу.

Аляксандр КРЫЖЭВІЧ,
старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурна-
мемарыяльнага музея Якуба Коласа