Мастак, які змешвае ў сваёй творчасці французскі кінематограф і японскі дух, прыехаў у Беларусь, каб асабіста прадставіць нашумелую сацыяльную драму “Фісгармонія” ў межах рэтраспектывы “Прыцемкі і прыгажосць. Новая класіка японскага кіно”. Сёмы фестываль, зладжаны Цэнтрам візуальных і выканальніцкіх мастацтваў “Арт Карпарэйшн” пры падтрымцы Пасольства Японіі ў Беларусі і кампаніі JTI, сабраў у сваю праграму фільмы актуальных японскіх аўтараў, якія вядуць рэй на міжнародных фестывальных пляцоўках і лакальнай кінасцэне.
У чым жа спецыфіка стылю Кодзі Фукада? У эксклюзіўным інтэрв’ю “К” рэжысёр распавёў пра сваіх настаўнікаў, тэатр Арыза Хірата і праблемы японскага кіно.
Ад Одзу — да Рамэра
— Спадар Кодзі, ці можна вас назваць спадкаемцам Ясудзіра Одзу? Слынны японскі рэжысёр, як і вы, даследаваў у сваіх фільмах сямейныя ўзаемастасункі.
— Безумоўна, я вельмі паважаю гэтага майстра. Яго фільмы — надзвычайныя! Але для мяне надта смелым было б сказаць, што я з’яўляюся яго спадкаемцам. Ясудзіра Одзу — адзіны ў сваім родзе.
— Аднак ці адчуваеце вы пэўную пераемнасць у японскім кіно?
— У пэўнай ступені. Я глядзеў фільмы Одзу і Курасава, але таксама маімі настаўнікамі можна лічыць і Андрэя Таркоўскага, і асабліва Эрыка Рамэра — рэжысёра французскай новай хвалі, які з’яўляецца маім улюбёным аўтарам. Я вучыўся ў многіх, незалежна ад краіны іх паходжання і часу, у якім яны жылі. Многія фільмы на мяне паўплывалі.
— У лік творцаў, якія на вас паўплывалі, патрапіў і тэатральны наватар Арыза Хірата? Ведаю, што вы супрацоўнічаеце з яго тэатрам. Як адбылася ваша сустрэча? І ці падзяляеце вы канцэпцыю “сучаснага размоўнага тэатра” спадара Хірата — той “ціхай драмы”, якую ён спавядае ў сваёй творчасці?
— Дзякуй за пытанне. Канцэпцыя Арыза Хірата сапраўды мне блізкая, і я па-свойму скарыстоўваю яе ў сваім кіно. Але каб адказаць на ваша пытанне, трэба трошкі заглыбіцца ў гісторыю.
Па шчырасці, я ніколі не з’яўляўся вялікім прыхільнікам тэатра. Колькі разоў ні хадзіў туды — анічога там не прываблівала. Але аднойчы актрыса, якая здымалася ў маім кіно, запрасіла мяне на спектакль у пастаноўцы спадара Хірата. Я пайшоў… ды не пашкадаваў, бо гэта быў той тэатр, які адрозніваўся ад усіх астатніх. Ён
прыйшоўся мне даспадобы.
— Што вас уразіла ў ім?
— Мы ўсе знаёмыя з правіламі традыцыйнага тэатра: гучная прамова, выразная жэстыкуляцыя акцёраў, умоўная сцяна паміж гледачамі і артыстамі. У тэатры Хірата ўсе вядомыя правілы парушаліся. На сцэне проста сядзелі акцёры і спакойна размаўлялі — як цяпер мы з вамі. І гутарылі не аб чым-небудзь сур’ёзным, а пра розную лухту — гэтакая завядзёнка. Аднак хаця на сцэне нічога драматычнага не адбывалася, рэжысура была настолькі выверанай, што гледачам паступова станавіліся зразумелымі зрухі ў душах персанажаў. Такі падыход мне падаўся неверагодна блізкім, сучасным. Я адразу прыгадаў і фільмы ўлюбёнага Эрыка Рамэра. Словам, Арыза Хірата натхніў мяне зрабіць тое ў японскім кіно, што я раблю цяпер.
Калі ўсмешка — толькі ветлівасць
— Якім чынам вы скарысталіся падыходам Хірата? Усё-такі, тэатр і кіно — розныя рэчы.
— Заўважу, што мне была цікавай не тэхніка, а менавіта погляд на рэчы. У сучасным мастацтве, не толькі ў кіно, ёсць такая даволі распаўсюджаная манера, калі эмоцыі людзей у творы выражаюцца надзвычай адкрыта. Акцёры смяюцца або гаруюць надзвычай выразна. Аднак мы з вамі цудоўна ведаем, што ў жыцці так не бывае. Людзі часта хаваюць свае пачуцці. Вось малады чалавек усміхаецца, аднак хто ведае — можа быць, учора ён расстаўся са сваёй дзяўчынай і не ведае, што яму рабіць. Усмешка — усяго толькі ветлівасць. У тэатры Хірата гэта і здзівіла — усё было як у жыцці.
Іншая справа, як раскрыць душу героя… Калі мы кажам пра кіно, каб захаваць гэтую натуральнасць паўсядзённасці і выявіць драму, неабходны моцны сцэнарый. Лічу, калі сцэнарый няўдалы, адразу большасць сэнсавай нагрузкі аўтаматычна “перакладаецца” на акцёра. Ён пачынае рабіць выразныя жэсты, выкарыстоўваць міміку, каб гледачу стала зразумелым, што адбываецца з яго героем. Але гэта не той эфект, якога я хачу дасягнуць. Таму сцэнарый, структура твора, узаемадзеянне акцёраў паміж сабою — гэтаму я надаю шмат увагі.
Не ўсім шанцуе
— Спадар Кодзі, мы гаварылі з вамі пра форму, але хацелася б спытаць і пра змест вашага кіно. Галоўнай лініяй у фільме “Фісгармонія” з’яўляецца сям’я. Мы бачым тую супольнасць, дзе кожны — чужы ў дачыненні да іншага. Ці не здаецца вам тое адчужэнне ў сям’і пэўным прыгаворам сучаснаму грамадству?
— Не зусім. Па-першае, сваёй карцінай мне хацелася разбіць стэрэатып пра салодкасць падобнага японскага кіно. Маўляў, усе фільмы нашых рэжысёраў пра сям’ю выключна меладраматычныя і сентыментальныя. У мяне такога няма — і мяркую, што мой даволі крытычны погляд акурат і зацікавіў еўрапейскіх кінакрытыкаў.
Па-другое, калі мы кажам пра сям’ю, гэта заўжды пытанне больш шырокае, чым можа падацца. У рэкламе, якая круціцца па тэлевізары, мы часта можам бачыць вобраз ідэальнай сям’і. Бацька зарабляе грошы, мама — дома выхоўвае дзіця. Усе шчаслівыя і задаволеныя. Гэткі стэрэатып, які з‘яўляецца ўзорам для ўсіх і ўсім прапаноўваецца. Але ў жыцці не ўсім удаецца стварыць сям’ю — не ўсім шчасціць, будзем шчырымі. Часта людзі, у якіх не атрымалася знайсці “другую палову”, займець дзіця, адчуваюць сябе аўтсайдарамі і няўдачнікамі менавіта з-за гэтага ціску грамадскага меркавання. Сваім
фільмам я акурат і хачу сказаць, што аблічча сям’і можа быць розным. Узаемастасункі ў ёй могуць быць пакутлівымі і складанымі. Ды людзі ў ёй — самотнымі.
“Кожны з нас выжывае як можа”
— Ад вашага кіно — да кантэксту актуальнага японскага кінематографа. Праграма сёлетняй рэтраспектывы прапануе нам фільмы цудоўных рэжысёраў аўтарскага кіно. Але зразумела, што ў вашай краіне ёсць і індустрыя жанравага кінематографа. Нагадаю пра папулярнасць японскіх хорар-фільмаў у свеце. Хацелася б даведацца, як суіснуюць жанравае і аўтарскае кіно ў лакальным кантэксце? Ці адчуваюць рэжысёры незалежнага кіно канкурэнцыю з боку іх калег, якія робяць больш запатрабаваны прадукт?
— Скажу шчыра: прадстаўнікі розных кірункаў не надта сябруюць паміж сабой. Менавіта з прычыны атрымання фінансавання. Дзяржаўныя структуры, што выдаткоўваюць сродкі, улічваюць такі фактар, як прыбытковасць. І гэта пажаданне ўплывае на запуск пэўнага кіно. Зразумела, што перавага тут не на баку незалежных ці арт-праектаў.
На жаль, пакуль мы можам толькі марыць аб французскай сістэме падтрымкі кіно, калі ідзе размеркаванне бюджэту па ўсіх кірунках, а прыбытак ад продажу стужак трапляе ў агульны “кацёл”. І далей — па коле. Атрымліваецца, што грошы цыркулююць і садзейнічаюць развіццю нацыянальнага кінематографа. Канкурэнцыі паміж рэжысёрамі розных жанраў няма. У Японіі мы такога не маем. І маё асабістае меркаванне — японскаму кіно не хапае разнастайнасці.
— Якім чынам асабіста вы знаходзіце фінансаванне на свае карціны?
— Складаю праект — і хаджу па спонсарах. Мяркую, што і ў Еўропе, і ў Азіі рэжысёры знаходзяцца ў падобнай сітуацыі з пошукам сродкаў на вытворчасць кіно. Каб адшукаць грошы на арт-праект, трэба парупіцца. У Японіі рынак незалежнага кінематографа абмежаваны, таму выратоўвае кааперацыя. Апошнюю сваю стужку я рабіў сумесна з Францыяй. Гэта быў зборны бюджэт: частка сродкаў — прыватныя спонсары, частка — з Дэпартамента па культуры Японіі, яшчэ частку далі ўлады Францыі. З пункту гледжання рэжысёраў майго пакалення мне вельмі шанцуе.
— Адпаведна, поспех нават тых рэжысёраў, чые стужкі мы ўбачым на рэтраспектыве, — гэта плён іх індывідуальных стратэгій, а не развіцця галіны?
— Менавіта так. Можна сказаць, што кожны з нас выжывае як можа. Хацелася б, каб наш кінематограф развіваўся супольна — як тое адбываецца ў Паўднёвай Карэі, Францыі — аднак такога няма. У нас ёсць буйныя кінакампаніі, але кожная з іх вядзе сваю гульню, робіць тое, што лічыць патрэбным, дзейнічаючы паасобку. У выніку, прасоўвацца разам не атрымоўваецца.
— Над чым вы працуеце цяпер?
— Завяршыў адну карціну, але ўжо знаходжуся ў стадыі распрацоўкі іншай. Паралельна здымаю рэкламу. Спадзяюся, што ўвосень атрымаецца запусціць новы фільм. Вось акурат сёння пісаў свайму прадзюсару пра нашы справы.
— Ці ёсць у вас мара?
— Шчыра кажучы, калісьці я марыў пра тое, каб здымаць кіно. Як бачым, гэтая мара ажыццявілася. Цяпер, напэўна, маю спадзеў на тое, каб працягваць здымаць далей — яшчэ хаця б гадоў 10 — 20.
— Жадаю ажыццяўлення вашых спадзяванняў.
— Дзякуй!
Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА