Феномен нацыі Беларускага Дома

№ 25 (843) 21.06.2008 - 27.06.2008 г

VII Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка накіраваў удзельнікам і гасцям VII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур прывітальнае пасланне. Ліст на ўрачыстым адкрыцці зачытаў намеснік Прэм’ер-міністра краіны Аляксандр Косінец. У прывітальным пасланні Кіраўніка дзяржавы адзначаецца, што ў Беларусі склаліся шматвяковыя традыцыі добрасуседства, узаемнай дапамогі і павагі паміж прадстаўнікамі розных народаў, якія ўзбагачаюць нашу духоўную скарбонку каштоўнасцямі мастацкай спадчыны і сучаснымі творчымі дасягненнямі. “Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур з’яўляецца яскравым прыкладам паслядоўнай дзяржаўнай палітыкі, — падкрэслівалася ў пасланні. — Ён дэманструе лепшыя здабыткі самабытных культур, садзейнічае ўмацаванню міру і ўзаемаразумення ў нашым агульным доме”. Прэзідэнт пажадаў, каб акцыя з года ў год набірала моц, сцвярджала невычэрпнасць таленту і творчай энергіі беларускага народа, пашырала кола сваіх прыхільнікаў і сяброў.
 /i/content/pi/cult/165/1512/Festyval2.jpg
Прадстаўнік Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў у Рэспубліцы Беларусь Шоле Сафаві зазначыла, што традыцыя правядзення такога важнага культурнага мерапрыемства сведчыць пра сур’ёзную дзяржаўную падтрымку нацыянальных традыцый, талерантнасць, узаемаразуменне і павагу прадстаўнікоў усіх нацыянальнасцей і этнічных груп, якія пражываюць на Беларускай зямлі.
Аб уздыме ўзроўню форуму яскрава сведчыў і той сонм дыпламатаў, які сабрала зала пад адкрытым небам у цэнтры Гродна. Ушанавалі сваёй увагай Гродзенскую зямлю кіраўнікі дыпмісіі Расіі, Чэхіі, Палесціны, Арменіі, Азербайджана, Малдовы, Казахстана, Карэі, Літвы, якія працуюць у Рэспубліцы Беларусь. Браў удзел у свяце Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол нашай краіны ў Польшчы Павел Латушка. На адкрыцці таксама прысутнічалі кіраўнікі беларускіх суполак за мяжой. Так, быў запрошаны ў Гродна старшыня Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы Ян Сычэўскі. Усе дні ганаровых гасцей фестывалю суправаджаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Саўчанка. Усеагульнае ж уражанне ад унікальнага свята, якое гуртуе беларускі народ, у эфіры нашага тэлебачання агучылі прадстаўнікі літоўскага аб’яднання адным ёмістым вызначэннем: “Фенаменальны фестываль!”
А за некалькі гадзін да яго ўрачыстага адкрыцця адбылася прэс-канферэнцыя. Першы намеснік міністра культуры Уладзімір Рылатка, першы намеснік міністра інфармацыі Лілія Ананіч, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанід Гуляка гаварылі аб пачэсным месцы гродзенскага форуму сярод вядучых фестываляў краіны і аб яго незаменнай ролі ў працэсе ўмацавання сяброўства паміж людзьмі розных нацыянальнасцей, якія ў агульным беларускім доме штодня дзеляць хлеб-соль. Лілія Ананіч паднесла старшыні Гродзенскага гарвыканкама Аляксандру Антоненку ў падарунак кнігу “Мінск квітнеючы” з пажаданнямі, каб хутка свет пабачыў аналагічны фаліянт, прысвечаны гораду над Нёманам. Намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Марыя Бірукова і старшыня Гродзенскага гарвыканкама Аляксандр Антоненка расказалі пра сур’ёзную падрыхтоўку вобласці і горада да маштабных мерапрыемстваў і запэўнілі, што Гродзеншчына гатова ў наступны раз прыняць яшчэ большую колькасць гасцей. Начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Васіль Чэрнік і старшыня Кансультатыўнага міжэтнічнага савета пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей Георгій Егіазаран нагадалі прадстаўнікам прэсы пра тое, як праходзілі па ўсіх рэгіёнах краіны на працягу двух гадоў адборачныя туры, дзе і вызначыліся лаўрэаты фестывалю, якія прыехалі на фінальныя канцэрты ў Гродна. Старшыня журы — народны артыст Рэспублікі Беларусь Міхась Дрынеўскі, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур, сакратар журы Ірына Лемцюгова, мастацкі кіраўнік фестывалю Пётр Гуд, галоўны рэжысёр Уладзімір Сяргейчык уразілі журналістаў колькасцю запланаваных на тры дні мерапрыемстваў, 17 з якіх наладжваліся ўпершыню.
Слова “ўпершыню” пастаянна гучала на працягу прэс-канферэнцыі. Напрыканцы мерапрыемства Лілія Ананіч зазначыла, што ўпершыню за апошнія гады Міністэрства інфармацыі разам з Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей заснавала і правяло Рэспубліканскі конкурс сярод друкаваных і электронных СМІ на лепшае асвятленне тэматыкі міжкультурнага дыялога.
Пераможцаў адразу ў зале ўзнагародзілі дыпломамі і каштоўнымі прызамі.У час прэс-канферэнцыі прысутныя пачулі не толькі шмат добрых слоў на адрас арганізатараў, але і сур’ёзных прапаноў на тэму пашырэння свята, напрыклад, каб у Гродне быў наладжаны і фестываль культуры беларусаў замежжа. Многія словы, што гучалі на прэс-канферэнцыі, знайшлі яскравае пацвярджэнне на вуліцах горада, па якіх пракаціўся баль сяброўства і ўзаемаразумення.
Урэшце, запрашаем чытачоў “К” далучыцца да ўсяго, што адбывалася гэтымі днямі ў Гродне. 

Зялёны пялёстак места чароўнага
На стромкім беразе магутнага Нёмана, у месцы чароўным, што аберагаюць старажытныя муры касцёлаў, цэркваў і сінагогі, раз на два гады нараджаецца шматколерная кветка, якая аб’ядноўвае вакол сябе прадстаўнікоў розных народаў. Гасцінная беларуская зямля стала родным домам для людзей 140 нацыянальнасцей. У розных куточках краіны функцыянуе 124 грамадскія нацыянальныя арганізацыі, многія з якіх добра вядомыя аматарам песеннай, харэаграфічнай, дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Вось ужо сёмы раз горад над Нёманам шчыра вітаў гасцей, што з’ехаліся з усіх куткоў Беларусі на VII Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, які аб’яднаў лепшых прадстаўнікоў суполак. Як гарлачыкі раскрываюцца толькі ў чыстай вадзе, так і чароўны сяміцвет невыпадкова з’явіўся на свет менавіта ў Гродне, дзе для гэтай далікатнай краскі гістарычна склалася прыдатная глеба.Гродна — унікальны горад-музей. Дзіўна, як на гэтай зямлі, праз якую прайшло безліч ваенных навал, змагло захавацца столькі архітэктурных збудаванняў, што нясуць на сабе адбітак стагоддзяў. Каложская царква XII стагоддзя, Стары замак — XІV— XV стст., Касцёл Маці Божай Анёльскай і кляштар францысканцаў адносяцца да XVII, а палац Храптовічаў— да XVIII стагоддзя... Спіс можна доўжыць бясконца. Нават гарадскія тапонімы— надзвычай рэдкія для іншых населеных пунктаў — даюць магчымасць успомніць гісторыю Беларусі: вуліца Элізы Ажэшкі, праспект Янкі Купалы, плошча Тызенгауза…Да таго ж, Гродна заўсёды знаходзілася на перакрыжаванні ўсходніх і заходніх культур: нездарма тут здаўна мірна суіснавалі прадстаўнікі многіх нацыянальнасцей!
 /i/content/pi/cult/165/1512/Festyval1.jpg

Намеснік Прэмер-міністра Рэспублікі Беларусь

Аляксандр Косінец і старшыня Гродзенскагааблвыканкама Уладзімір Саўчанка.
Беларусам па-добраму зайздросцяць у многіх краінах, бо такіх вялікіх святаў, дзе на адной пляцоўцы прадстаўнікі ці не ўсіх нацый нашай дзяржавы разам дэманструюць творчыя здабыткі, народныя таленты і кулінарныя вытанчанасці, у свеце няма.
Падобныя ў нечым на наш фэсты праходзяць на Урале і Украіне, але маюць толькі рэгіянальны ўзровень. Не дзіва, што ад усіх дэлегацый аднадушнай ацэнкай фэсту нязменна гучала: “Фенаменальна!”
Блакітны пялёстак гасціннасці
Хата тады блішчыць, ззяе і выпраменьвае дабро, калі ў ёй завіхаецца руплівы гаспадар. Старшыня Гродзенскага гарвыканкама Аляксандр Антоненка добра ведае сваю “вотчыну”, але ўсё роўна за некалькі гадзін да афіцыйнага адкрыцця асабіста правярае, як прыбраны святочныя магістралі. Да фэсту, які ўжо стаў візітоўкай горада і краіны нароўні з архітэктурнымі помнікамі, рыхтаваліся сур’ёзна. У цэнтры з’явілася шмат утульных куточкаў, дзе размясціліся нацыянальныя падворкі. Працягваліся рэстаўрацыя гістарычных забудоў, рамонт дарог, у скверах і на вуліцах высаджваліся дрэвы і кветкі. Сёлета жыхары і ўлады горада ўзяліся за добраўпарадкаванне з падвоеным імпэтам, бо форум праходзіў у час святкавання 880-годдзя Гродна.
— Вельмі прыемна, што наш горад сёння нагадвае мікрасвет, які стане прыкладам для будучых пакаленняў. Тут у згодзе і сяброўстве жывуць розныя нацыянальнасці, якім няма чаго дзяліць, акрамя шчырай радасці ад дасягненняў і поспехаў суседзяў,— адзначыў на адкрыцці фэсту Аляксандр Антоненка. — Мяркую, што добрыя традыцыі, якія мы закладваем на гэтай зямлі, падхопяць ва ўсім свеце.
Фестывальнае ўзрушэнне ахапіла і прамысловую сферу Гродзеншчыны. Прадстаўнікі вядучых прадпрыемстваў з вялікім задавальненнем бралі ўдзел ва ўрачыстым шэсці, прэзентавалі сваю прадукцыю на шматлікіх пляцоўках. Нават індывідуальныя прадпрымальнікі, акрамя афіцыйнай рэкламы, аздаблялі свае крамкі рознакаляровымі веерамі, што паўтаралі гамай галоўны фестывальны сімвал, прапаноўвалі спецыяльныя святочныя скідкі. Пра гасцініцы і казаць няма чаго: яны прымалі каля тысячы ўдзельнікаў, журналістаў, гасцей і для кожнага імкнуліся прадугледзець самае неабходнае. На маіх вачах афіцыянткі па-мацярынску хваляваліся, што дзеці-афганцы не дакранаюцца да сняданка. Калі ж высветлілі прычыну — госці падумалі, што ім прапанавалі сасіскі са свініны, — вольна ўздыхнулі і пачалі тлумачыць пра спецабслугоўванне: асаблівасці нацыянальнай кухні ўлічваюцца пры складанні меню. “Не бойцеся, ешце, вам жа яшчэ цэлы дзень танчыць і спяваць”, — лагодна ўгаворвалі дзяўчаты. Ды і студэнцкая служба аховы, якая працавала на канцэртах, адразу прыйшла на дапамогу, калі нашаму фатографу спатрэбілася высветліць месца, дзе будуць ладзіцца піратэхнічныя залпы, каб знайсці лепшы ракурс для здымка феерверка.
Фіялетавы пялёстак успамінаў
Дзе яшчэ можна пабачыць, як індыянка ідзе пад руку з дагестанцам, а ўкраінкі, чувашкі і казашкі шчабечуць з грузінамі?! Такія маляўнічыя карцінкі на пешаходных вуліцах сустракаліся на кожным кроку.
А з вітрын на сёлетніх удзельнікаў паглядалі… пазалеташнія “фестывальнікі”. Справа ў тым, што на ўсіх фестывалях нацыянальных культур у каманду арганізатараў абавязкова ўключалі фотамастакоў з народнага клуба “Гродна”. Яны і сёлета панавалі на ўсіх мерапрыемтсвах, фіксуючы тое, што ўжо заўтра стане гісторыяй. Частка работ
 /i/content/pi/cult/165/1512/Festyval3.jpg
вывешвалася на вуліцах, астатняя — экспанавалася на выстаўцы-справаздачы. Хто ўпершыню завітаў на фэст, дазнаваліся праз тыя кадры пра мінулае, а заўсёднікі параўноўвалі форум з папярэднім і на свае вочы ўпэўніваліся, наколькі вырас яго ўзровень.
Сёлетняя экспазіцыя ахапіла перыяд з 1996 па 2006 гады. У Сенатарскай зале Новага замка 13 майстроў размясцілі больш за сто работ, якія нідзе не выстаўляліся. Адметна, што на гэтай багатай аснове ўжо падрыхтаваны першы фотаальбом, прысвечаны фестывалю.
— У нашым архіве больш за 7 тысяч фотаздымкаў — бясцэнны матэрыял, дзе не проста зафіксаваны моманты фестывальнай гісторыі, але і перададзены эмоцыі, атмасфера, што панавалі гэтымі днямі ў горадзе, — зазначыў кіраўнік фотаклуба Аляксандр Ласмінскі. — Фотакарткі кранаюць самыя тонкія струны душы. Упэўнены: наша калекцыя атрымае рэзананс не толькі ў межах горада. Доказам таму стала прапанова ад масквічоў (яна паступіла адразу пасля адкрыцця выстаўкі) прывезці ў расійскую сталіцу фестывальную экспазіцыю.
Ліловы пялёстак феерычных падзе
Сярод нацыянальных суполак стала вельмі прэстыжна прыязджаць на фэст у Гродна. Як зазначыў першы намеснік міністра культуры Уладзімір Рылатка, Фестываль нацыянальных культур стымулюе народную творчасць. Па словах Уладзіміра Пятровіча, на апошні адборачны тур у Мінск прыехалі аж 111 калектываў, якіх праслухоўвалі больш за 7 гадзін! У выніку стараннага адбору ў горад над Нёманам запрасілі 53 нацыянальныя аб’яднанні, куды ўваходзяць прадстаўнікі 27 нацыянальнасцей. Фестываль паступова павялічваецца, адкрывае штораз новыя імёны.
 /i/content/pi/cult/165/1512/Festyval4.jpg
— Свята з кожным годам расце і ў творчым плане, набывае новыя мастацкія рысы, — паведаміў мастацкі кіраўнік фестывалю Пётр Гуд. — Прынамсі, рэжысёры ў раёнах і абласцях імкнуцца да таго, кааб знайсці для мерапрыемства незвычайныя фарбы.
Напрыклад, некалькі творчых калектываў розных нацыянальнасцей сёлета выходзяць на сцэну разам, даказваючы, што Беларусь сапраўды — наш агульны дом. Увачавідку ідзе ўзаемаўзбагачэнне нацыянальных культур. На маю думку, такога шчыльнага міжнацыянальнага супрацоўніцтва не было нават у Савецкім Саюзе. Каб выйсці на заключныя мерапрыемствы, ансамблі за два гады праходзяць праз сіта раённых, абласных тураў. Гэта не можа не адбіцца на якасці духоўнага жыцця краіны. Вазьміце хаця б маленькую вёсачку Касцюкі Барысаўскага раёна: у ёй жывуць душа ў душу прадстаўнікі 19 нацыянальнасцей. Акрамя песень і танцаў, народнае аматарскае аб’яднанне “Шматгалоссе” можа прадставіць парад хлябоў, частуючы людзей і яўрэйскай мацой, і нямецкім кухам, і туркменскім чурэкам, і грузінскім лавашом... Пашыраецца спіс нацыянальных святаў, якія адзначаюць у нашым краі ўсёй талакой. Ды і калектывы, што становяцца лаўрэатамі гродзенскага форуму, прызнаюцца не толькі на беларускім абшары, але і запрашаюцца на выступленні за мяжу. Каб зразумець, як глыбока фестываль пусціў свае карані, дастаткова сказаць, што ў тых жа Касцюках ці на Лепельшчыне пачалі праводзіць вясковыя (!) фестывалі нацыянальных культур.
Пад час адборачных тураў журы пабачыла і ансамблі нацыянальнасцей, што раней не заяўлялі пра сябе на фэсце. Гэта балгары, кабардзіна-балкарцы, арабы, а ў Віцебскай вобласці пры Іллюшынскім сельскім доме культуры нарадзіўся народны клуб “Дружба”, які аб’яднаў пяць нацыянальнасцей.
Такая актыўнасць і вызначае штораз новае фестывальнае аблічча. Сёлета ў Гродне прайшло 17 новых мерапрыемстваў, сярод якіх — паказ нацыянальнага кіно, шматлікія спартыўныя спаборніцтвы, выступленні духавых аркестраў, харэаграфічных ансамбляў, свята нацыянальнага гумару. У зале абласной бібліятэкі імя Я.Карскага прэзентавалі друкаваную прадукцыю аўтараў самых розных нацыянальнасцей. “Свята друку” завяршылася падарункамі: суполкі дарылі кнігі і дыскі нацыянальных аўтараў.
У ліку пачэсных гасцей форуму аказалася шмат дзяцей. Яны ўпоравень з дарослымі бралі ўдзел у конкурсе эстрадных выканаўцаў, гала-канцэртах. Аднак больш разняволена адчувалі сябе на мерапрыемствах, адрасаваных непасрэдна ім: напрыклад, на свяце дзіцячага эстраднага мастацтва і паэзіі, што адбывалася ў гарадскім парку імя Жылібера. Для аматараў тэатральнай творчасці на сцэне Гродзенскага абласнога тэатра лялек прайшлі спектаклі тэатра лялек з Дзяржынска (Расія). А для многіх гараджан, якія бачылі сельскую гаспадарку толькі па тэлевізары, лепшай забаўкай стала кармленне трусянят і парсючкоў, што пасяліліся на некаторы час у клетках пасярод парку.
Такой чаргі, каб сфатаграфавацца з “экзатычнымі” жывёлінамі, я асабіста не бачыла з часін курортнага назірання на моры за фатографам з малпачкай.Удзел у фестывалі не заканчваўся выступленнямі на галоўных сцэнах (плошчы Леніна і Савецкая). Калектывы пераходзілі з адной пляцоўкі на другую, спявалі і танчылі на падворках, а на наступны дзень ізноў вярталіся на вялікія падмосткі. Пасля ж заканчэння “праграмных” канцэртаў свята вылілася на вуліцы, якія хутка аблюбавалі музыканты. Вялікія натоўпы збіралі і звыклыя для нашага вуха гітарысты, і зусім нячастыя госці — валыншчыкі ў сярэднявечных строях.
Пунсовы пялёстак спаборніцтваў творчых
Цалкам Савецкую плошчу гледачы запоўнілі позна ўвечары, калі распачаўся конкурс выканаўцаў эстраднай песні. Удзельнікаў ацэньвала кампетэнтнае журы на чале з мастацкім кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Беларусі імя Г.Цітовіча, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, прафесарам, народным артыстам краіны Міхасём Дрынеўскім. Паслухаць песні на нацыянальных мовах у суправаджэнні аркестра Гродзенскай абласной філармоніі пад кіраўніцтвам Барыса
 /i/content/pi/cult/165/1512/Festyval5.jpg
Мягкова прыйшлі сотні аматараў музыкі. Многія з канкурсантаў даўно ўжо лічацца знакамітасцямі ў сваёй мясцовасці, атрымалі калісьці званне лаўрэатаў на шматлікіх фестывалях, у тым ліку і на гродзенскім. Таму конкурс больш успрымаўся не як спаборніцтва, а як чарговая сустрэча таленавітых сяброў з любімай публікай.
Відавочна, і гродзенцы добра ведаюць выканаўцаў, бо з першых нот падхапілі цыганскую народную песню “Сонейка” ў выкананні ашмянца Васіля Каспяровіча, з імпэтам танчылі пад зухаватую кампазіцыю грэка з Маладзечна Арцёма Ахпаша, горача апладзіравалі полацкай украінцы Наталлі Шаўчэнка, лагойскаму расіяніну Дзянісу Святлічнаму і іншым удзельнікам. Завяршыўся конкурс канцэртам зорак эстрады, які скончыўся захапляльным фаер-шоу “Вогненная феерыя” і неверагодна прыгожым феерверкам.
— Падобныя мерапрыемствы гуртуюць людзей, што пражываюць на нашай зямлі, якой бы нацыянальнасці яны ні былі, — падзяліўся ўражаннямі спявак Тарыел Майсурадзэ. — Я на гэтым фэсце другі раз, і адзначу, што атмасфера тут становіцца ўсё больш добрай і сяброўскай. Фестываль нацыянальных культур неабходны, каб разнамоўныя творцы адчувалі сабе запатрабаванымі. Мы ўсе— грамадзяне адной краіны, і не важна, з’яўляемся мы па нараджэнні беларусамі, рускімі ці грузінамі.
Падобныя форумы замацоўваюць саюз паміж народнасцямі. Гэта вельмі важны фактар і для таго, каб дзеці фарміраваліся на Беларусі паўнацэннымі асобамі, каб не адчувалі сябе лішнімі, другараднымі. Да таго ж, пасля свята людзі працуюць з большай аддачай, бо адчуваюць сябе непадзельнай часткай беларускай грамады...
Чырвоны пялёстак абрадаў вясельных
Кульмінацыяй усяго фестывалю стала вандроўка па нацыянальных падворках. З суботняга ранку ішоў праліўны дождж, таму а 10 гадзіне на вуліцах нікога не было. Звыклы рэпетыцыйны гул быў чутны толькі ва ўнутраным дворыку Новага замка, дзе майстравалі ўсё неабходнае палякі. Яны імкнуліся хутчэй усё закончыць, каб арганізаваць сапраўднае свята для супляменнікаў і гродзенцаў. Верагодна, такой актыўнасці спрыяў яшчэ адзін немалаважны нюанс: ад гэтых сцен — вельмі зручнага зыходнага пункта для падарожжа па горадзе — многія распачыналі шпацыр. Таму палякі проста абавязаны былі задаваць тон. Адметна, што і сыходзілі яны апошнімі, калі многія ўжо “згарнулі” свае падворкі.
 /i/content/pi/cult/165/1512/Festyval6.jpg
“Разыначкай” сёлетніх падворкаў сталі нацыянальныя вяселлі. Гараджане пераходзілі з татарскай юрты ў дагестанскі аул, з літоўскай карчмы — ва ўкраінскую мазанку і знаёміліся з нацыянальнымі асаблівасцямі галоўнага побытавага абраду — нараджэння сям’і.
На жаль, не ўсе вытрымалі да драбніц заяўленую тэму, аднак тыя, хто як след узяўся за аднаўленне старажытных традыцый, не прагадаў. “Вясельныя” суполкі збіралі вялікую колькасць гледачоў. Тыя, бы зачараваныя, назіралі за дзеяй. На аб’яднаным падворку арабаў, палесцінцаў, кабардзіна-балкарцаў і дагестанцаў дэманстравалася добра знаёмае па кінафільмах выкраданне нявесты. На малдаўскім падворку група “Лай” распавядала пра тое, як продкі распачыналі вяселле з раніцы ў пятніцу ў доме нявесты, і толькі позна ўвечары да талакі далучаліся жаніх з грамадой. Карэйцы раілі абавязкова пускаць перад маладымі курыцу, каб не абмінала новую сям’ю багацце, і падкідаць на ручніку карэйскія фінікі — для хутчэйшага нараджэння сына, або каштаны — калі чакаеце дачушку. А татары прадэманстравалі “дарогу вады”: нявеста ідзе з каромыслам праз шматлікія перашкоды сваякоў жаніха да калодзежа, а потым набывае ў абмен на ваду пасаг... Пагадзіцеся, такую інфармацыю ў красамоўнай ды зразумелай падачы не адшукаеш нават у самым хуткасным інтэрнет-пошукавіку. А вось у Гродне можна было без перашкод спрычыніцца да багатай абрадавай спадчыны розных краін, адчуць сапраўднае трапяткое стаўленне нашых народаў да нараджэння сям’і.
— Я чацвёрты раз прыязджаю сюды і бачу, як цяплеюць вочы людзей розных нацыянальнасцей, як завязваецца моцнае сяброўства паміж сем’ямі, як з’яўляецца новая традыцыя — прызначаць чарговую сустрэчу праз два гады ў Гродне... Бачылі, якая на адкрыцці энергетыка была? Аж плакаць хацелася, — распавядае прадстаўніца татарскай суполкі Фарыда Лукманава. — Мяне ж сам Алах накіроўвае сюды, бо мой муж з гэтага горада. Ён — рускі, я — татарка, аднак мы разам пражылі 50 гадоў, і ўзімку адзначылі залатое вяселле. Мне прыемна, што для беларусаў фестываль нацыянальных культур — такое ж свята, як і для нашых суполак. Вось стаяць побач мусульмане, каталікі, праваслаўныя і не спрачаюцца, бо нам няма чаго дзяліць. Да таго ж, фэст у Гродне не дае забыцца ўладам на нас і нашы праблемы. Я рада таму, што хутка ў Мінску, дзе цяпер мы з мужам жывём, з’явіцца мячэць. Раней прыходзілася ездзіць у Іўе, а зараз будзе прасцей.
Гараджане і госці хадзілі ад аднаго падворка да другога, каштуючы малдаўскія сармале, татарскі чакчак, азербайджанскі люля-кебаб, грузінскую чурчхелу, палесцінскую гарбату, літоўскае піва, украінскія варэнікі, казахскія манты. Вандроўку разам з афіцыйнай дэлегацыяй праводзіў старшыня Гродзенскага абылвыканкама Уладзімір Саўчанка. Але ў кожным месцы абавязкова пытаўся ў мясцовых жыхароў, ці падабаецца ім свята і ці патрэбна Яго праводзіць надалей, на што нязменна чуў у адказ: “Абавязкова трэба!”Усе жадаючыя не маглі змясціцца ў дварах, дзе праходзілі выступленні лепшых нацыянальных калектываў. Гэтак на грэчаскім падворку панавала Беларускае грамадскае аб’яднанне“Пелапанес”. Яно ўтварылася ў Маладзечне 10 гадоў таму і за гэты час завязала цесныя адносіны з аналагічнымі аб’яднаннямі па ўсім свеце. На “біс” гродзенцы выклікалі харэаграфічную студыю “ALAE ALBAE”, што займаецца на базе Маладзечанскага цэнтра мастацкай творчасці навучэнцаў. Іхні “Сіртакі” спадабаўся ўсім.
А вось яшчэ адзін яркі прыклад узаемаўзбагачэння розных культур. Кіраўнік названай студыі Віктар Барановіч навучаўся па класе харэаграфіі ў польскім горадзе Любліне, таму ў рэпертуары ансамбля асноўнае месца займаюць польскія танцы. Але супрацоўніцтва з “Пелапанесам” натхніла Віктара Сільвестравіча на пастаноўку “Сіртакі”, які стаў абавязковай часткай любога свята ў Маладзечне.
І яшчэ адна ўласцівасць свята. Не аднойчы бачыла, як дзіця спынялася ля чарговага падворка, па складах чытала назву і пыталася ў бацькоў, хто ж гэта такія і чым яны адрозніваюцца ад беларусаў. І тады сям’я ішла да ўдзельнікаў, разглядвала іхнюю сімволіку, распытвала пра тонкасці нацыянальных звычаяў, запамінала нязвычныя для вуха назвы. Словам, ніякага бяздумнага спажывецтва, калі свята — толькі нагода для таго, каб папіць, пад’есці ды павесяліцца. Доўжылася знаёмства добрых суседзяў.
Ішоў урок гісторыі і сяброўства. Упэўнена, што пасля трох дзён стракацення нацыянальных строяў на вуліцах хтосьці захоча зазірнуць у энцыклапедыю, пачне шукаць у тэлепраграме адпаведную перадачу, каб больш даведацца пра тых, з кім пазнаёміўся ў Гродне. І тады мы зможам пазбегнуць хваробы, якая апанавала многія дзяржавы, дзе людзі з іншым колерам скуры ці разрэзам вачэй не могуць спакойна выйсці на вуліцу. Будзем спадзявацца, што наш фэст дапаможа замацаваць шматнацыянальнае сяброўства пад беларускім мірным дахам...
Дарэчы, уразіў і беларускі падворак. “Бераставіцкія музыкі” — прадстаўнікі краіны, што стала агульным домам для розных народаў, зацягнулі вясельную песню, якую падхапіла літаральна ўся публіка. Тая мелодыя аб’яднала людзей розных нацыянальнасцей і стала адной з яркіх фарбаў у калейдаскопе нацыянальных падворкаў.
Жоўты пялёстак сувязей замежных
Не забываецца Беларусь і на сваіх дачок і сыноў, што пражываюцьсёння за яе межамі. Міністэрства культуры краіны сумесна з Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур падтрымлівае нацыянальна-культурныя аб’яднанні беларусаў у іншых дзяржавах.У межах сумесных праектаў праводзяцца шматлікія мерапрыемствы, накшталт праграм “Беларусы ў Польшчы”, “Беларусы Расіі”. Наладжана таксама, так бы мовіць, матэрыяльна-духоўная падтрымка суайчыннікаў за мяжой. Прынамсі, толькі за 2007-ы і першую палову 2008 года Цэнтр набыў кнігі, DVD-дыскі з інфармацыяй пра Беларусь, метадычную літаратуру, аўдыёкасеты, нотныя зборнікі, паштоўкі, сцэнарыі святаў, сімволіку нашай рэспублікі, фотаальбомы пра сінявокі край, камплекты шумавых інструментаў, вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Гэта ўсё было перададзена беларусам Расіі, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Арменіі, Казахстана і Украіны.
Дырэктар РЦНК Ірына Лемцюгова зазначыла, што за апошні час Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь выдаткавала каля 66 мільёнаў рублёў, кааб праз Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур набыць сцэнічныя касцюмы для Саюза беларусаў Крыма, Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы, Вільнюскай школы імя Ф.Скарыны ў Літве, Нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Калінінградскае зямляцтва беларусаў”, Нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Томска, Музея “Беларускі двор” у Арэнбургу. Штогод кіраўнікі мастацкай самадзейнасці беларускіх арганізацый замежжа прыязджаюць да нас на семінар-стажыроўку, каб прыняць удзел у творчых лабараторыях і майстар-класах па актуальных праблемах работы самадзейнасці ў сацыякультурнай прасторы. Тую школу ўжо прайшлі прадстаўнікі Эстоніі, Расіі, Літвы, Польшчы, Украіны, што, безумоўна, станоўча паўплывала на якасць канцэртных праграм, узровень выступленняў. А для больш цеснай сувязі і практычнай дапамогі беларускія спецыялісты самі выпраўляюцца за мяжу.
— Мы падпісалі пагадненні з Малдовай, з Літвой, з Украінай, падрыхтавалі і плануем хутка падпісаць аналагічныя пагадненні з Міністэрствам рэгіянальнага развіцця Расіі, — паведаміў Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанід Гуляка. — Гэтыя дакументы распрацаваныз абсалютна канкрэтнай задачай: падтрымаць тых, каму патрабуецца рэальная дапамога. Напрыклад, да нас і да Цэнтра нацыянальных культур звяртаюцца па сродкі для выдання газет і часопісаў малдаване, украінцы і расіяне Беларусі. Часта разглядаем просьбы аб дапамозе з набыццём касцюмаў да фестывалю. Мы перадалі ўжо каля 60 нацыянальных строяў высокай якасці, выкананых для калектываў розных нацыянальных аб’яднанняў. А Вільнюскую школу забяспечылі такім неабходным для іх баянам. Падкрэслю, што мы робім канкрэтныя ўкладанні ў тое, што будзе доўга выкарыстоўвацца.
Калі ж дасылаюць запыты аб экскурсіях на малую радзіму, адказваю: вы — грамадзяне нашай краіны, таму турыстычныя пуцёўкі набывайце самастойна.
Вялікую дапамогу Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Цэнтра нацыянальных культур адзначалі многія старшыні аб’яднанняў. Таму не дзіўна, што на працягу святочных дзён не-не — ды і ўзнікалі размовы, што патрэбна не толькі праводзіць Свята нацыянальных суполак Беларусі, але і ладзіць вялікі фэст беларусаў замежжа.
Па статыстычных даных, за мяжой пражывае 3,5 мільёна беларусаў. Як зазначыла намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама, намеснік старшыні арганізацыйнага фестывальнага камітэта Марыя Бірукова, горад гатовы зрабіць усё, каб сюды прыехалі калектывы замежных суайчыннікаў. Адным з варыянтаў можа стаць фестываль беларусаў, што пражываюць у краінах СНД, на наступны год пасля Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур.
Прыняць вялікі наплыў гасцей можа дапамагчы Гродзенскі раён — такім чынам вырашыцца пытанне рассялення ўдзельнікаў, а таксама з’явяцца новыя канцэртныя пляцоўкі, пашырыцца кола гледачоў. 

Настасся ПАНКРАТАВА,
Андрэй СПРЫНЧАН (фота),
нашы спецкарэспандэнты.
Мінск — Гродна — Мінск