Дзіўныя і загадкавыя Дрысвяты

№ 15 (1350) 14.04.2018 - 20.04.2018 г

Аграгарадок, дзе перакрыжоўваюцца розныя культуры
Дабрацца ў гэтую вёску не так і проста. Фінішная прамая да яе ўяўляе з сябе дарогу, якая нагадвае сваім пакрыццём пральную дошку і нібы пытаецца падарожніка: “А ты ўпэўнены, што табе туды трэба?” Я, аднак, праявіў упартасць, і шкадаваць не давялося. Дрысвяты знаходзяцца практычна на мяжы трох дзяржаў — Беларусі, Літвы і Латвіі. Геаграфічная ўнікальнасць, вядома ж, адбілася і на тутэйшай культуры, сфарміраванай пад уплывам розных народнасцяў. А калі ўспомніць, што ўладальнікамі мястэчка некалі былі і знакаміты Караль Станіслаў Радзівіл па мянушцы Пане Каханку, і гетман Казімір Ян Сапега, і Міхал Клеафас Агінскі, то можаце ўявіць, якая аўра ахінае таго, хто туды трапіць.

/i/content/pi/cult/687/15118/6.jpgСякеры ўзросту Хрыста

Калі не браць у разлік Сельскі дом культуры, то выхаваўчым, адукацыйным і культурным цэнтрам аграгарадка з’яўляецца Дрысвяцкі дзіцячы садок-сярэдняя школа. Адзін з кабінетаў у ім аддадзены пад гісторыка-этнаграфічны пакой “Пад стрэхамі прадзедаў” — так званую “беларускую хатку”. Загадвае ёй настаўніца гісторыі Аліцыя Прахарэнка, якая марыць аб новых частках экспазіцыі і, натуральна, аб большым памяшканні. Да канца года, магчыма, неабходныя метры знойдуцца — праўда, на жаль, за кошт скарачэння аднаго класа.

— А ці ёсць у музеі нейкія рэдкасці? — цікаўлюся я.

— Да прыкладу, такое прыстасаванне, — Аліцыя Тадэвушаўна круціць у руках нешта груба-драўлянае. — Ім падбівалі салому, укладваючы яе так, каб у дождж снапы ўсярэдзіне не змакалі. Або каменныя сякеры, якім за дзве тысячы гадоў.

Наплыў наведвальнікаў у хатцы здараецца, як правіла, летам, калі і ў Дрысвяты, і ў суседнія вёскі з’язджаюцца адпачывальнікі. Тады ж у ваколіцах разбіваюцца намётавыя лагеры для школьнікаў — дзяцей і не толькі з размешчаных непадалёк паселішчаў. Для іх таксама ладзяцца экскурсіі сіламі мясцовых энтузіястаў.

Як вылечыць кнігу

Жыхароў бліжэйшых населеных пунктаў абслугоўвае і Дрысвяцкая бібліятэка, якая некалькі гадоў назад пераехала з асобнага будынка, які прыйшоў у аварыйны стан, у садок-школу, аб’яднаўшыся з бібліятэкай тамтэйшай. Галоўны чытач гэтай інтэграванай установы — пакаленне маладое, са школьнікаў. У адзінаццаці класах навучаецца каля 60 чалавек. У асноўным, гэта прыезджыя, сваіх з іх — менш за дваццаць.

— Пасля рэарганізацыі працаваць стала лепш, — сцвярджае бібліятэкар Жанна Анісімовіч. — Шмат мерапрыемстваў праводзім сумесна са школай, і не трэба ўжо дзяцей збіраць па ўсіх Дрысвятах або неяк дастаўляць з іншых вёсак — яны цяпер у мяне ўсе пад бокам. Павялічылася дзіцячае наведванне: каб план выконваўся, у дзень да нас павінны былі прыходзіць шэсць — сем чалавек, а цяпер наведвальнікаў — недзе ўдвая болей. Дарослых недзе чалавек сем — дзесяць да нас штодня прыходзіць. А да тых, хто з-за ўзросту або фізічных асаблівасцяў не ў стане да нас дабрацца, я сама іду з разнастайнай літаратурай.

І яшчэ аб займальнай статыстыцы. У фондасховішчы бібліятэкі  — пяць тысяч найменняў. З амаль 320 жыхароў Дрысвятаў і яшчэ трох дзясяткаў насельнікаў бліжэйшых вёсак, якія ўваходзяць у іх “сферу ўплыву”, запісана ў бібліятэцы 205. Колькасць гэтая адпавядае спушчанай норме, але калі б спадарыня Анісімовіч працавала не на 0,75 стаўкі, як цяпер, а на поўную, то карыстальнікаў мелася б быць на 45 больш. Толькі дзе ж іх узяць, калі насельніцтва гэтага кутка памяншаецца? Наколькі я разбіраюся ў логіцы, і патрабаванні павінны былі б зніжацца, хаця б у дадзеным аспекце.

Прыярытэтнымі кірункамі ў дзейнасці бібліятэкі Жанна Іосіфаўна вызначае краязнаўства (з апошніх iмпрэз вылучае дэкаду краязнаўства ў рамках раённай бібліятэчнай эстафеты “Беларускае! Роднае! Сваё!”, выставу-прагляд “Зямля бацькоў — жыцця крыніца”) і папулярызацыю беларускай літаратуры, у тым ліку сучасных аўтараў і для дзяцей. Рэкламуе спадарыня Анісімовіч свае праекты і агляды навінак не толькі шляхам анансавання іх праз аб’явы ў школе, але і клеячы афішы па ўсёй вёсцы. Раздае яна людзям і ўласнаручна вырабленыя буклеты, брашуры, флаеры, якія прапагандуюць кнігу, памнажаючы іх на ксераксе (дапамагаюць ёй у гэтым і метадысты Цэнтралізаванай бiблiятэчнай сістэмы Браслаўскага раёна).

Сярод рэгулярных мерапрыемстваў бібліятэкар адзначае “Тыдзень дзіцячай кнігі і музыкі”, які ладзіцца падчас вакацый у садружнасці з СДК. Складнікам апошняга стала акцыя “Браслаўскія аграгарадкі чытаюць паэтычныя радкі”. Жанна Іосіфаўна разам са школьнікамі, узяўшы з сабой кнігі з вершамі, хадзілі па Дрысвятах і прапаноўвалі вяскоўцам што-небудзь прачытаць услых. А сам працэс гэтага выхаду бібліятэкі ў народ быў у выглядзе здымкаў занесены ў альбом. На жаль, не ў інтэрнэт.

— Інтэрнэту ў нас няма, — паведамляе Анісімовіч. — Пра тое, каб яго правесці — правадны ці бесправадны — гаворка ідзе пастаянна. Абяцаюць, чакаем.

Чакаюць і новую, зручную мэблю, а таксама грунтоўны рамонт. Касметычны Жанна Іосіфаўна рабіла сама разам са школьнай тэхнічкай, атрымаўшы ад раённых уладаў шпалеры, фарбу, клей.

Пры бібліятэцы дзейнічае клуб “Любазнайкi”, якi кожную трэцюю пятніцу збірае дзяцей на тэматычныя мерапрыемствы, ці то выстава “Скарбонка кніжных здзіўленняў”, ці акцыя “Кнігі просяць дапамогі”. Быццам бы, банальная, але якая цудоўная задумка, калі хлапчукі і дзяўчынкі, узброіўшыся клеем, паперай і нажніцамі, “лечаць” патрапаныя выданні.

Найбольшым попытам у чытачоў дарослых карыстаюцца жаночыя раманы. Іх, прызнаецца бібліятэкар, хацелася б атрымліваць пабольш. А не нарадуецца яна на тое, у якой колькасці і якасці паступаюць сучасныя беларускамоўныя дзіцячыя творы.

— З напаўненнем беларускамоўнай літаратурай у апошнія гады стала вельмі добра, — канстатуе спадарыня Анісімовіч. — Хай бы яшчэ і попыт на яе рос... Вось толькі б не закрылі нас, бо ходзяць чуткі пра тое, што можа быць ліквідаваная школа, а калі так, то знікнем і мы, — раптам мяняе яна тэму на злабадзённую.

Але эксперт “К” па культуры Дрысвятаў пенсіянерка Эмілія Шавэла бадзёрыцца: маўляў, а для чаго ж яна столькі гадоў выкладала тут гісторыю, стварыла ансамбль “Вярба”, піша сцэнарыі для пастановак СДК, займаецца краязнаўствам? Не згодная Эмілія Лявонаўна з магчымай ліквідацыяй і знікненнем!

Каментарый Эміліі ШАВЭЛА:

— Жанна Іосіфаўна не дае нам забыцца на тое, што ў вёсцы ёсць бібліятэка. Стомішся за цэлы дзень, зойдзеш у краму, а на дзвярах вісіць аб’ява, што ў бібліятэцы хутка пройдзе мерапрыемства. І ногі самі сабой на яго нясуць: цікава ж, што яшчэ гэты чалавек прыдумаў. І кніжку заадно абавязкова якую-небудзь возьмеш — ніколі бібліятэкар не памыляецца, раячы, што каму пачытаць. Асабіста я вельмі люблю гістарычную літаратуру!

Быль і казка

Усе мерапрыемствы і заняткі гурткоў у Сельскiм доме культуры праходзяць у танцавальнай / актавай зале. Святлана Алмамедава, якая працавала ў ДК з 2010 года мастацкім кіраўніком, з мінулага верасня ўзначальвае яго ўжо як дырэктар. Пры сціплых памерах, жыццё тут кіпіць несупынна: у кутку настольных гульняў, майстэрнях дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, тэатральнай (спектаклі, заснаваныя на народных замалёўках, тут справа звычайная), танцавальнай, фальклорнай гульні, дзіцячай студыі эстрадных спеваў, музычнай студыі для дарослых “Скрыначка”, тэатры “Лявонiха”, народным фальклорным калектыве “Вярба”.

— Асноўны вектар нашай працы — гэта фальклор. “Вярба” выступае з ім і па краіне, і за мяжой, — кажа Святлана Вячаславаўна. — Касцюмы б ёй абнавіць, артысты тады яшчэ лепш выглядалі б. А так адзенне да нас трапляе ўсё больш паношанае — ад іншых калектываў.

Сумесна з тутэйшым касцёлам Святых Пятра і Паўла СДК арганізуе штогадовы міжнародны фестываль духоўнай музыкі — фірмовую iмпрэзу Дрысвятаў. Сярод іншых прыкметных праектаў — навагодняя “Усходняя казка” і прадстаўленне, сюжэтна падобнае да фільма “Іван Васільевіч мяняе прафесію”.

— Не перашкодзіў бы, вядома, прыток маладых спецыялістаў, — кажа пра свае патрэбы дырэктарка СДК. — Напрыклад, харэографа. Але і жылля ў нас для яго няма, ды і які заробак яму мы маглі б прапанаваць? А калі б “лішнія” грошы з’явіліся, то пусціла б іх на рамонт будынка — наспеў для яго час. А таксама на набыццё новай апаратуры. Інтэрнэт правяла б, урэшце! Ды навошта пра гэта марыць: дзякуй, што жывыя...

І дзякуй, што ў раённых “наглядальных” органах з разуменнем ставяцца да выканання плана платных паслуг СДК, аб рэнтабельнасці якога варта гаварыць з асцярожнасцю.

Каментарый Эміліі ШАВЭЛА:

— У гуртках Дома культуры магло б быць куды больш шматлюдна, але школьнікаў, якія жывуць у вёсках паблізу, а палове на трэцюю развозіць па дамах аўтобус. Так што ў аб’яднанні гэтыя дзеці ходзяць толькі мясцовыя, але затое адразу ва ўсе! Пытанне аб тым, каб транспарт забіраў дзяцей пазней, ставілася неаднаразова, аднак ні да чаго мы пакуль не прыйшлі. У дарослых іншая праблема: тыя, хто занятыя ў сельскай гаспадарцы, вядома, пасля працы ўжо не знойдуць у сабе ні сіл, ні жадання зазірнуць у ДК. Так што гурткоўцы яго — гэта галоўным чынам настаўнікі.

Зразумела, што дэмаграфічныя тэндэнцыі на сяле паўсюдна невясёлыя. Але менавіта ў такіх адасобленых і самабытных кутках, дзе перакрыжоўваюцца розныя культуры, асабліва разумееш, як шмат нам ёсць чаго губляць.

— Калі мы танцуем, то гэта сумесь з танцаў розных народаў, — кажа спадарыня Эмілія. — І ў песнях тое самае. Гэткае ўзаемаўзбагачэнне культур. Дзіўныя мы. І загадкавыя... трошкі.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"