“Паход” да формы як зместу

№ 15 (1350) 14.04.2018 - 20.04.2018 г

Адной з тэатральных падзей апошняга часу, што прыцягнула ўвагу не толькі гледачоў (і, дадамо, найперш моладзі), але і крытыкаў, стаўся “Крыжовыпаходдзяцей” (менавіта так, без прабелаў), пастаўлены Юрыем Дзіваковым у арт-прасторы культурнага інкубатара Ок16 як праект Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў “Арт Карпарэйшн”.

/i/content/pi/cult/687/15116/3.jpgФота Сяргея ЖДАНОВІЧА

П’еса маладога, але ўжо добра вядомага беларускага драматурга Андрэя Іванова прыцягнула ўвагу нашумелага сваімі праектамі рэжысёра ўжо даўно. Спярша была яе чытка, здзейсненая Дзіваковым практычна як паўнавартасны камерны спектакль — хіба што артысты падглядалі ў паперкі, вымаўляючы тэкст. Бо там былі красамоўна заяўлены і агульная канцэпцыя, і некаторыя сцэнаграфічныя дэталі — накшталт цацачных жывёлак, што выстройваліся ў караван і спараджалі безліч асацыяцый. Тая чытка (а па сутнасці, без пяці хвілін спектакль) выклікала сапраўдны ажыятаж. Таму Цэнтр беларускай драматургіі неаднойчы ўключаў яе ў афішу, паказваючы на малой сцэне РТБД пры заўсёдных аншлагах.

Падобныя чыткі, ператвараючыся ў рэпертуарныя спектаклі, часцяком не набываюць нічога прынцыпова новага: удасканальваюцца хіба сцэнічнае афармленне ды ігра акцёраў. Здараецца і так, што першае знаёмства з п’есай, атрыманае падчас рэжысёрскай чыткі, застаецца ў памяці больш яркай падзеяй, чым далейшае сцэнічнае ўвасабленне знаёмага тэксту.

З Дзіваковым — усё наадварот. У яго імклівым творчым развіцці і мастацкай непрадказальнасці пераканаў ужо акцёрскі вопыт, які выдаваў у цудоўным артысце вялікі рэжысёрскі патэнцыял. Колькі б ні выконваў Юрый Гамлета (а аднайменны спектакль Магілёўскага абласнога тэатра лялек у эпатажнай пастаноўцы Ігара Казакова скараў фестывальныя пляцоўкі адна за адной), штораз гэта быў іншы герой: то камічна парадыйны, то востра іранічны, а то і трагедыйна жорсткі. Іншымі словамі, здзіўленне на кожным кроку. Можа, гэта так прозвішча ўздзейнічае? Як бы там ні было, а цяперашні дзівакоўскі “Паход” стаўся чарговым падарожжам у нечаканае.

У спектаклі пазнаюцца многія аўтарскія “фішкі” рэжысёра. Узнікае шмат паралеляў з пастаўленым ім “Войцэкам” на Камернай сцэне Купалаўскага тэатра (і хутка знятым, на жаль, з рэпертуару). Колькасць рэжысёрскіх прыдумак, выкліканых яркім талентам, ажно зашкальвае. Тут і эпатажныя строі, большасць якіх “стылізавана” мастаком Таццянай Дзіваковай (жонкай рэжысёра) пад аголеныя старэчыя целы — азызлыя, з тлушчавымі адкладаннямі і відавочнымі палавымі прыкметамі. І паралельнае дзеянне, выкліканае насычаным відэа на экране (дарэчы, з выкарыстаннем смешных “мульцяшных” малюнкаў). “Перпендыкулярныя” (быццам “уразрэз”, насуперак простаму сэнсу) рашэнні многіх сцэн. Сінтэз мастацтваў, да якога далучаецца падгледжанае на модных паказах дэфіле (праўда, у даволі хуткім тэмпе), шмат у чым выкліканае засваеннем нетрадыцыйнай сцэнічнай прасторы: паміж гледачамі, якія месцяцца з трох бакоў (на чацвёртым — экран ды іншыя сцэнічныя дэталі-прылады), застаецца вузкі доўгі “калідорчык”, па якім і шпацыруюць героі.

/i/content/pi/cult/687/15116/4.JPGУ спектаклі з больш як дзясяткам дзейных асоб заняты ўсяго чатыры артысты: Вераніка Буслаева, Дзмітрый Давідовіч, Марына Дзямідчык-Здаранкова, Ілья Ясінскі. Яны граюць дарослых і дзяцей, мужчын і жанчын, змяняючы галасы і замяняючы адно аднаго. Тэмбры галасоў, тэмп гаворкі, размоўныя манеры, сам тэмпарытм спектакля — усё будуецца на палярных кантрастах.

Такі прынцып быў намацаны ўжо ў чытцы. Але там узнікалі цалкам слушныя паралелі з сучаснасцю, роздум пра розныя віды “замбіравання” дзяцей і падлеткаў для далейшага скіравання іх адданасці ў неабходнае рэчышча. У спектаклі ж праз некаторы час амаль цалкам губляецца сэнс — ды застаецца заварожанасць нязвыклай дзеяй. Крыху пазней наступае насычэнне. І стома — найперш ад крыку, які на нейкім этапе надта доўга не пераходзіць у цішыню ды шэпат. Гадзіна з невялікім успрымаецца як тры-чатыры, а тое і ўсе пяць. З залы выходзіш агаломшаны — не столькі ўласна спектаклем, колькі талентам пастаноўшчыка, відавочным у кожнай дробязі. Міжволі пачынаеш шукаць нейкі вышэйшы сэнс і… не знаходзіш. А ён жа быў у чытцы!

Падобнае ўражанне было і ад згаданага “Войцэка”: эпатажнае шоу з ледзь не фізіялагічным уціскам экспрэсіянізму — ажно да стану, калі ён ужо не ўспрымаецца, становячыся будзённасцю. І, галоўнае, тая эстэтычная, максімальна эстэтызаваная агрэсія, якая калісьці была ўласцівая вагнераўскай опернай рэформе (канешне, у зусім іншых формах), а ў дадзеным выпадку ўзведзеная ў абсалют.

У рэкламным анансаванні спектакль атрымаў адпаведныя жанравыя азначэнні: “фантасмагарычны атракцыён”, “гульня як рэвалюцыя”. Але што рабіць са згубленым зместам? Ды нічога. Бо гэта эстэтычная пазіцыя рэжысёра (і, дадамо, шмат у чым заходні падыход да мастацтва): зместам становіцца сама форма, незалежна ад праграмна-вербальнага складніку. Невыпадкова і назва спектакля пішацца ў адно слова, без прабелаў — адразу і не разбярэш, бо не гэта галоўнае. Тэатр становіцца сёння настолькі самастойным відам мастацтва, што можа быць і наўпрост НЕ звязаным з літаратурна-драматургічным матэрыялам. Апошні для яго — усяго толькі адпраўны пункт далейшага руху, які забываецца, ледзь толькі пачынаецца “падарожжа”.

У астатнім павінна было дапамагчы раздадзенае гледачам... лібрэта. У ім можна было прасачыць спасылкі да сярэднявечнай літаратуры. Але сама яго наяўнасць — гэта прамая (і, зноў-такі, зусім невыпадковая) сувязь з жанрамі оперы і балета. Бо на такія музычныя спектаклі мы ж ходзім зусім не за лінейным разгортваннем сюжэту, а за тым, ЯК менавіта ён выяўлены. Словы ў той жа оперы часта “глытаюцца” салістамі і асабліва хорам, спевы ідуць на замежных мовах (у той жа класіцы пераважае італьянская), не заўсёды з падрадкоўнікам (калі постсавецкія тэатры пераходзілі на выкананне на мове арыгіналу, практычна нідзе спярша не было ні “бягучага радка”, ні іншых варыянтаў перакладу). Але гэта не перашкаджала публіцы насалоджвацца ўласна мастацтвам — яго выключна эстэтычным прызначэннем.

Тут узнікаюць паралелі і з барочнай операй, прыцягальнай сваімі “шоу” і віртуознымі спевамі кастратаў, і з мастацтвам пачатку ХХ стагоддзя, дзе імпрэсіянізм суседнічаў з экспрэсіянізмам, а ідэалізацыя вышэйшай прыгажосці ішла побач з яе разбурэннем, здзейсненым энергіяй авангардных памкненняў. Штосьці падобнае адбываецца і ў дзіўна-дзівакоўскіх спектаклях. Яны нясуць новую эстэтыку, і для яе дэманстрацыі рэжысёр абірае не спакойна-эвалюцыйны, а агрэсіўна-рэвалюцыйны метад. Гэта — ягонае права. Права гледача — прымаць яго ці не. Моладзь — прымае. А далейшае развіццё і тое, куды прывядзе абраны рэжысёрам “паход” — да новай вяршыні ці хаджэння па крузе — залежыць ад самога творцы.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"