Аўдыя & Відэа

№ 15 (1350) 14.04.2018 - 20.04.2018 г

Сакавіцкія аўдыя / відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць вакалістка гурта “Змяя” Зоя САХОНЧЫК (A.) і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”, музычны крытык Алег КЛІМАЎ (B.).

АЎДЫЯ

/i/content/pi/cult/687/15115/O-33333333_opt.jpegПраект “(((О)))”, альбом Vigilance

А.: Тры першыя трэкі мяне наогул не зачапілі. Вельмі старалася пранікнуцца імі, спасылалася на настрой або пахмурны дзень, але... Я слухаю электронную музыку і люблю яе за тое, што яна дазваляе разгрузіць галаву, выправіцца ў палёт думкам. За тое, што яна самадастатковая і без вакалу. А тут не пакідала адчуванне, што капае вада з крана, альбо табе чухаюць спіну ўжо пятую гадзіну запар...

А вось далей пайшло цікавей! Больш за ўсё спадабаліся кампазіцыі Mantra і Quella. Мабыць, іх я нават спампую сабе. Тут і дынаміка, і палёт, і крутыя гукі. Гэта тычыцца і астатніх трэкаў у альбоме... акрамя першых трох. Яны — усё не магу супакоіцца — падобныя на прахадныя, якімі да кучы запаўняюць рэліз. Маё меркаванне такое: калі ў музыканта нарадзіліся рэчы, якія не дацягваюць да хіта, трэба граць іх толькі на канцэртах, “расцягваць час” імі. А ў альбомах хай заўсёды будуць адны хіты!

B.: Доўгачаканы новы альбом фаварыта сённяшняй айчыннай інструментальнай электроннай сцэны, які аднавіў гэты свой праект. Гамяльчанін Мікіта Васільеў міксуе змрочную рытмічную афарбоўку кампазіцый (як-ніяк, яго родны горад па-ранейшаму лічыцца сталіцай беларускай цяжкай музыкі) з празрыстымі гукамі, якія ён віртуозна выпісвае. Ну і як артыст ні спрабуе ва ўсіх сваіх работах мінімізаваць меладычны складнік трэкаў, але не-не ды прарываецца нешта, што затрымліваецца ў слухача ў галаве. Карацей, Мікіта зноў малайчына!

/i/content/pi/cult/687/15115/5555_opt.jpegГурт “Без билета”, альбом “Маяк”

A.: Той, хто ведае гурт “Без билета” ці хоць раз яго чуў, можа дакладна сказаць, што самае запамінальнае ў iм — асноўны вакал: выканальніцкая манера Віталя Артыста пазнавальная. Што ж тычыцца музыкі, то ў гэтым альбоме шмат модных гукаў, якія мала асацыіруюцца менавіта з гэтай камандай: дарваліся хлопцы!

Спадабаліся тэксты, але здаецца, што яны напісаныя за кароткі адмежак часу — песенныя вобразы ў іх перасякаюцца, часам паўтараюцца фразы. Добрая кампазіцыя “Святочная”.

Што не спадабалася. У трэку “Цмокi” выразны рускi акцэнт рэжа слых, ды і наогул песня нейкая не ўласцівая гэтаму ансамблю, што ў дадзеным выпадку ідзе “ў мінус”. Не прыйшоўся па душы дуэт Таццяны Кушнір і Віталя. У некаторых рэчах ёсць прэтэнзіі да запісу галасоў. Аднак у цэлым рэліз вельмі нават нядрэнны.

B.: Няроўным выйшаў гэты руска-беларускамоўны альбом адных з лідараў айчыннага поп-року. Ужо магло падацца, што з трэцяга трэка пад назвай “Ліхтар” каманда і пачне “даваць сажы”, але тут ідзе невыразны працяг у выглядзе загалоўнай кампазіцыі. Зноў калектыў набірае абароты ў песнях ”Галавою на Усход” і “Цмокi”... і зноў правал. Але не спяшайцеся на тым развітацца з рэлізам: у фінале гучаць два “кантрольныя стрэлы” — амаль шлягер “Святочная” і паўнавартасны хіт “Улыбаки” (як я зразумеў, запісаны пры ўдзеле франтмэна ўкраінскага поп-рок-гурта “Антитiла” Тараса Таполі, суаўтара гэтай рэчы). Рэзюмэ: у апошніх альбомах у “Без билета” лепш за ўсё атрымліваюцца песні з ямайскім адценнем і акцэнтам на рэгі.

/i/content/pi/cult/687/15115/4444_opt.jpegГурт “Мутнаевока”, альбом “Метро”

A.: Гранж нагадвае мне пра маё дзяцінства і Курта Кабэйна. Таму люблю дадзены стыль ва ўсіх яго праявах, нават у “мутных”! Падабаецца і голас лідар-вакаліста беларускага калектыву Яўгена Змушка, хоць месцамі ён і празмерна манерны. А вось тое, як спявак дзе-нідзе самавольнічае з націскамі — вуха рэжа. Яшчэ з відавочных мінусаў, на мой погляд, — тое, як запісана рытм-гітара. Ну навошта яе было занадта вылучаць на пярэдні план? Яна ж часам перакрывала вакал так, што даводзілася вельмі і вельмі прыслухоўвацца, але палову слоў у такіх песнях я так і не разабрала. А наогул, чаго я чапляюся? Добры альбом, і кропка!

B.: Стылістычна работа вытрыманая ў эма і гранжы. Ад першага кірунку ў песнях — вакальны надрыў і меладычнасць, ад другога — уцяжараны бруднаваты гітарны гук.

У альбома ёсць усе шанцы стаць папулярным. Перш за ўсё, сярод дзявочай аўдыторыі, што выбірае ў музыцы рок у выкананні ўяўных суровых хлопцаў. Яны, аднак, адрасуюць свае песенныя рэверансы ўсё ж у першую чаргу полу слабому — як бы гэта ні хавалі пад шыльдай альтэрнатыўнага жанру і пра што б ні спявалі. Але і моцны пол цалкам сабе можа “адарвацца” на танцполе і патрэсці хаерам — у каго ён ёсць. Да станоўчых момантаў аднясу нядрэнную беларускамоўную лірыку, да адмоўных — меладычнае і аранжыровачнае падабенства асобных кампазіцый.

ВІДЭА

/i/content/pi/cult/687/15115/opt.jpegМакс Корж, кліп на песню “Малінавы захад”

А.: Макс пазіцыянуе сябе як артыста з народа. Гэтай ідэяй працята ўся яго апошняя творчасць. Ніякіх табе абстрактных вобразаў. Усё выразна і ўзнёсла — аб простых і блізкіх кожнаму пачуццях. Гэта верная сцежка для сучаснага выканаўцы. Сёння на двары эра “даступнага” мастацтва, якое чапляе простага чалавека — без усялякай там тонкай душэўнай арганізацыі.

Прытрымліваючыся такога прынцыпу, Корж працягвае тварыць і прасоўвацца ў масы. Словы песні мне спадабаліся. Вельмі кранальныя, прыгожыя і пяшчотныя вобразы. З музычнай часткі, як заўсёды, усё “на стылі”.

Пра кліп. Любоў да радзімы — гэта добра! Віды Мінска будуць прыемныя для землякоў артыста, “рэспект” яму за тое. Але што гэта за тэндэнцыя ў апошні час у выканаўцаў — папулярызаваць спартыўныя касцюмы? Змова? Іх колькасць у кліпах проста зашкальвае. А вось сімпатычная дзяўчынка ў сінтэтычным худзi чароўна глядзіцца ў кадры з аднаразовымі шкляначкамі.

Як вынікае з сюжэту, герой відэа стварыў нешта такое, за што стаў мішэнню для злых лысых дзядзькоў. Вельмі злых, бо яны ў фінале пусцілі кроў мясцовым пацанам, памыўшыся перад гэтым не зваранымі пельмешкамi. Трымалі ў напружанні і кадры з дзяўчынай, якая, апранутая ў куртку героя, ляжыць на ложку. Я ўсё чакала, што ён вось-вось да дзяўчыны далучыцца, гэты загадкавы хлопец, мабыць, з крымінальнай біяграфіяй. Але не. І “малая” проста працягвала лавіць яго пах, марачы пра “прынца”.

Што ж, на мой погляд, і ў роліку, які адлюстроўвае побыт любога двара, мэта дасягнутая: “Народны артыст” і ў кліпе “свой у дошку”.

B.: Тусоўка ў “хрушчобе”: герой роліка западае на незнаёмку, шэраг канфліктных сітуацый з рознымі людзьмі — з разбіваннем бутэлькі аб галаву, з выплёскваннем вады ў твар нейкага “быка” — які, натуральна, у адказ дастае “ствол”. І “хэпі-энд” — растанне выпадковай пары: яны дзіўна сустрэліся і дзіўна разышліся. І ўвесь гэты трэш суправаджаецца змрочным трэкам, у якім чытаецца, што “со мной не будет любви, со мной погубишь себя”. Увогуле, нарэшце Каржу знялі нармальны сюжэтны кліп, а не чарговую відэанарэзку з кадраў яго падарожжаў па свеце.