Перабрацца цераз рампу

№ 15 (1350) 14.04.2018 - 20.04.2018 г

Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы прапанаваў усім ахвотным правесці “Ноч у тэатры”. За сімвалічныя пяць рублёў (менавіта столькі каштаваў білет) наведвальнікі маглі не толькі ўбачыць новыя спектаклі, але і пабываць за кулісамі, пакатацца на паваротным коле і паспрабаваць сябе ў ролі Гамлета.

/i/content/pi/cult/687/15114/1.jpgНа адну ноч (а дакладней, вечар) уся прастора тэатра стала месцам гульні — ад лесвічных пралётаў, на якіх граў струнны квартэт, да вестыбюляў, кулуараў і рэпетыцыйнай залы, дзе рэжысёр Дзяніс Фёдараў на сваім майстар-класе спрабаваў абудзіць у самых смелых добраахвотніках акцёрскую жылку. У тэатральным буфеце гледачы таксама не адседжваліся за кубкам кавы. Монаспектакль “Білінгвы” — сумесны праект Брэсцкага тэатра драмы з тэатрам “Наадварот” — арганічна ўпісаўся ў прастору невялікай імправізаванай барнай сцэны, спрыяючы прамому дыялогу артыста Анатоля Баранніка з публікай. Шчырасць і адкрытасць — неабходная ўмова для жыцця гэтага спектакля, які тычыцца тэм нацыянальнай ідэнтычнасці і мовы ў білінгвальным /i/content/pi/cult/687/15114/2.jpgгорадзе Брэсце.

На гэтым падарункі да Дня тэатра не скончыліся. На малой сцэне прайшоў першы паказ спектакля “За крапівой, бераг” па творах Сяргея Ясеніна. Прычым падарунак гэты быў зроблены як гледачу, так і выканаўцу галоўнай ролі Аляксею Шчарбакову. На працягу некалькіх гадоў ён выношваў ідэю спектакля пра лёс улюбёнага паэта. Драматургічны матэрыял для пастаноўкі ствараўся ў ходзе рэпетыцый самім Шчарбаковым і рэжысёрам Валянцінай Янавец. Неўзабаве да іх далучылася маладая актрыса тэатра Таццяна Дзячэнка, якая выканала ролю жанчыны ў чорным — зборны вобраз палюбоўніц, жонак, лекарак і пралетарак, з якімі сутыкнуўся Ясенін на сваім жыццёвым шляху. У нервічным спектаклі ўвасобілася чарада сюррэалістычных відзежаў паэта, якія апаноўвалі яго падчас знаходжання ў псіхіятрычнай лякарні. Што адметна, наведвальнікі “Ночы ў тэатры” маглі пазнаёміцца з пастаноўкай першымі — яшчэ да яе афіцыйнай прэм’еры.

Тыя ж, чыёй даўняй марай было вырвацца з мяккага глядацкага крэсла і прайсціся па сцэне нароўні з артыстамі або зазірнуць за кулісы і адкрыць для сябе парачку тэатральных сакрэтаў, таксама атрымалі такую магчымасць. Ахвотных аказалася настолькі шмат, што экскурсія “Закуліссе” праводзілася чатыры разы запар замест запланаваных двух.

Складалася яна з чатырох частак: спачатку кіраўнік літаратурна-драматургічнай часткі тэатра коратка пазнаёміла гледачоў з яго гісторыяй, прыводзячы тыя факты, якія немагчыма адшукаць у інтэрнэце. Далей мастак тэатра Таццяна Карвякова і бутафор Фёдар Калодзіч прадэманстравалі макеты дэкарацый і ўнікальны рэквізіт. Наведвальнікі ацанілі выдумку бутафораў, якія нават са звычайных труб могуць стварыць элегантны падсвечнік, а з пап’е-машэ — апетытнага шчупака. Апошняя частка экскурсіі пад кіраўніцтвам памочніка мастацкага кіраўніка Алесі Бурдзінай, без сумневу, была самай цікавай: яна дазволіла гледачам падняцца на вялікую сцэну і пазнаёміцца з тэатральнай машынерыяй, зазірнуць у трум, даведацца, як падгучваюцца галасы артыстаў і ствараецца эфект рэха без бачнага ўдзелу мікрафонаў.

Пасля экскурсій і майстар-класаў самыя раскаваныя гледачы маглі паўдзельнічаць у пастаноўцы… ні многа ні мала, сцэны “Пастка” з “Гамлета”. Ролі былі размеркаваны паміж добраахвотнікамі з залы, на падрыхтоўку спатрэбілася не больш за сорак хвілін, пасля чаго быў прадстаўлены касцюміраваны эпізод выкрыцця караля Клаўдзія.

Усяго ў рамках “Ночы ў тэатры” было праведзена 12 мерапрыемстваў для дарослай публікі — уключаючы чытку, майстар-клас па пластыцы, музычны ф’южн і паказ кароткаметражных фільмаў, знятых артыстамі Брэсцкага тэатра. Для дзяцей прадугледжвалася спецыяльная праграма з двух інтэрактыўных спектакляў і чытання казак ад заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Міхаіла Мятліцкага. Агулам было прададзена больш за 300 білетаў. Але галоўным фактарам поспеху, вядома, стала тое, што Брэсцкі тэатр драмы сустрэўся са сваімі гледачамі. Разнастайнасць іх аўдыторыі спараджае надзею, бо калі ў тэатры зацікаўлены людзі ўсіх узростаў, калі сярод іх шмат моладзі  — значыць тэатр жывы.

Ёсць такое выслоўе: “Кожны глядач прыносіць у тэатр уласную акустыку”. Любая пастаноўка мае патрэбу ў публіцы, якая будзе гатовая яе ўспрыняць: адпаведнага ўзросту, густу, дастатку, культурнага вопыту. Тым не менш, мы рэгулярна сутыкаемся з тым бар’ерам, што існуе паміж тэатрам і яго мэтавай аўдыторыяй. І таму варта шукаць спосабы яго пераадолець. Новая для Брэста акцыя ставіла акурат такую мэту.

Хочацца верыць, менавіта падобныя ініцыятывы прыйдуць на змену прымусовым “культпаходам”. Магчыма, яны тлумачацца жаданнем проста і хутка кампенсаваць затраты на вытворчасць спектакляў. Магчыма — адсутнасцю даверу да гледача і да ўласных мастацкіх сіл. У любым выпадку, мы часта забываемся, што, заганяючы цэлыя класы школьнікаў на спектаклі, якія пададуцца сучасным падлеткам архаічнымі — у лепшых традыцыях Нежывога тэатра Пітэра Брука — мы губляем цэлы пласт публікі ў будучыні.

Менавіта таму важна час ад часу праводзіць самарэвізію і сустракацца з гледачамі твар у твар — не проста разбіўшы чацвёртую сцяну, а перабраўшыся праз рампу. Каб працаваць з публікай, мы павінны разумець, хто сядзіць у глядзельнай зале.

Падобная адкрытасць была ў навінку як для артыстаў і рэжысёраў, так і для гледачоў. Існуе меркаванне, нібы фокуснік не павінен раскрываць сваіх сакрэтаў, інакш чараўніцтва знікае. Аднак адкрытасць патрабуе менавіта шчырасці.

Вера ШЭЛЕСТ