Кропка біфуркацыі

№ 15 (1350) 14.04.2018 - 20.04.2018 г

Ці набліжаюцца адзін да аднаго літаратура і тэатр?
Наш тэатр літаратурацэнтрычны? Чаго ніколі не сцерпіць аўтар у перакладанні свайго твора на сцэну? Над гэтымі пытаннямі разважалі ўдзельнікі творчай дыскусіі “Літаратура і тэатр: шляхі ўзаемадзеяння”, якая ладзілася на Камернай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Аглядальнік “К” занатавала самыя цікавыя моманты гэтай размовы.

/i/content/pi/cult/687/15113/22-22222222-S.jpg

Міфалогія ўнутранай катастрофы

Ірына Шаўлякова-Барзенка, літаратуразнаўца: “У параўнанні з творамі 15-20-гадовай даўніны, героі найноўшай літаратуры ўсё часцей сыходзяць унутр свайго асабістага свету. Калі на мяжы стагоддзяў з’яўляліся пратаганісты, якім паводле сюжэта неабходна было разабрацца з адной-дзвюма ўнутранымі праблемамі, то цяпер працэс змагання бясконцы. Цікава, што катастрофы міфалагізуюцца. Усё гэта дае падставу сцвярджаць, што сённяшняя беларуская літаратура схільная да тэатралізацыі, у тым ліку і ўнутранай. Мы знаходзімся ў кропцы біфуркацыі, калі літаратура і тэатр — пры ўсёй сваёй разнастайнасці — сталі бліжэй адно да аднаго, чым нават у апошнюю чвэрць стагоддзя”.

Алена Мальчэўская, тэатральны крытык: “Купалаўскі, у чыіх сценах адбываецца дадзеная дыскусія, мае багатыя традыцыі ўзаемадзеяння з літаратурай. Згадваюцца тут, скажам, інсцэніроўкі “Людзей на балоце” Івана Мележа і “Цынкавых хлопчыкаў” Святланы Алексіевіч. А якія сюжэты купалаўцы шукаюць сёння?”

Вольга Бабкова, архiвiст, лiтаратар, загадчык літаратурна-драматургічнай часткі Купалаўскага тэатра: “Знайсці творы для нашага тэатра — страшэнна складаная, але надзвычай цікавая справа. Мы заўсёды ў пошуках лепшых аўтараў — класікаў і сучаснікаў. Галоўнае, на што мы звяртаем увагу, — якасць літаратурнага твора. Перспектывы ў нас вельмі цікавыя і няпростыя. Хочацца верыць, што мы зможам пабачыць на нашай сцэне несмяротнага Яна Баршчэўскага. Ёсць даўнія мары звярнуцца да Пясецкага. Што тычыцца сучасных аўтараў, іх, дзякуй Богу, на Беларусі стае. Калі я раптам даведваюся пра нейкага цікавага пісьменніка, запрашаю яго ў тэатр на размову. І не так важна, што ён не піша п’ес — галоўнае, каб нам хацелася з ім супрацоўнічаць”.

Таня Арцімовіч, тэатразнаўца: “Для мяне сувязь літаратуры і тэатра — утылітарная. Калі хачу пачытаць — вазьму кніжку і буду ўспрымаць арыгінальны тэкст аўтара. Калі твор трапляе ў прастору тэатра, то на выхадзе атрымліваецца зусім іншы тэкст, які не трэба параўноўваць з першакрыніцай. Яго неабходна адчуваць зусім па іншых параметрах”.

Ірына Шаўлякова-Барзенка: “Сапраўды, знайсці метамову, каб перакласці літаратурныя мастацкія вобразы на мову тэатра — гэта надзвычай складаная задача. Між іншым, з пачатку 2000-х можна назіраць адваротны працэс, калі тэатр уваходзіць у літаратуру. Часам тэатральныя сюжэты, артэфакты, постаці становяцца прадметам літаратурнага асэнсавання. За апошнія 10 — 12 гадоў дэманічна павялічваецца тэатралізацыя літаратуры на ўзроўні падтэкстаў. У многіх вершах і літаратура-крытычных артыкулах больш тэатральнага кампанента, чым можна было чакаць. Напрыклад, эсэ Альгерда Бахарэвіча — гэта сапраўды ўжо факт тэатральны! Можна паставіць на сцэне нават вельмі дыскусійны нарыс пра беларускіх літаратараў. Нарастанне ўнутранага катастрафізму вядзе да таго, што найноўшая айчынная літаратура становіцца, на маю думку, надзвычай прыдатным матэрыялам для тэатра”.

Шчыліна паміж словамі

Альгерд Бахарэвіч, пісьменнік: “Калі я пагаджаўся на пастаноўку на купалаўскай сцэне рамана “Шабаны. Гісторыя аднаго знікнення”, разумеў, што рэжысёр і акцёры зробяць з матэрыялу свой твор — гэта іх права, творчасць. Я імкнуся пісаць складаныя кнігі, дзе ёсць шматслойнасць, намёкі, недагаворанасць. У гэтай шчыліне паміж словамі жыве самае таемнае і цікавае. У спектаклі “Шабаны”, як я заўважыў, знікла вельмі многае з таго, што было закладзена ў маёй кнізе. У пастаноўцы зроблены акцэнт на любоўнай лініі, што ўвогуле не ўваходзіла ў мае задачы, а вось атмасферы нездаровай сітуацыі ўжо і няма. “Шабаны”, насамрэч, вельмі цёмная, злая кніга, якая не мусіла стаць спектаклем у адным з галоўных тэатраў краіны. Таму я ўдзячны Купалаўскаму за смеласць.

Я ўдзячны спектаклю за тое, што мая аўдыторыя значна пашырылася: людзі, якія не падазравалі пра існаванне рамана, пасля тэатральнай прэм’еры раскупілі ўвесь наклад кнігі. Падзялюся самым прыемным: калі ўваходзіш у вагон цягніка метро і бачыш афішу спектакля з пазнакай “Бахарэвіч” — а гэта ці не адзінае на ўвесь мінскі метрапалітэн імя сучаснага беларускага пісьменніка — напаўняешся нейкім асаблівым гонарам”.

Дзмітрый Есяневіч, акцёр Купалаўскага тэатра: “Часам аўтар можа быць незадаволены спектаклем па ягоным творы з-за нюансаў перакладу. Так атрымалася з “Запалкамі” Канстанціна Сцешыка. П’еса пра сучасныя рэаліі напісана па-руску, героі часта размаўляюць на бытавой мове. Калі ж такі жаргон перакладаць на літаратурную беларускую, арганіка губляецца адразу. Можа, мы мала размаўляем у жыцці па-беларуску, таму ў нас няма неабходнай размоўнай плыні? Дзе
выйсце, каб беларуская мова на сцэне гучала гэтак жа натуральна, як і ў жыцці? ”

Вольга Бабкова: “Купалаўскі імкнецца запрашаць выдатных перакладчыкаў. У нас сталыя традыцыі: калісьці пераклады для купалаўцаў рыхтавалі Міхась Стральцоў, Рыгор Барадулін, Алесь Асташонак... Цяпер мы запрашаем Андрэя Хадановіча, Марыю Казлоўскую, Уладзя Лянкевіча. Таксама нам перакладае наша выдатная супрацоўніца Марыя Пушкіна. Мова, якой яны гавораць, — гэта мова сучаснасці, паўсядзённага жыцця”.

Альгерд Бахарэвіч: “Я і сам адчуваю: перадаць некаторыя нюансы маўлення па-беларуску вельмі цяжка. Краіна ў нас пераважна рускамоўная, і недзе ля пад’езда так, як трэба было б напісаць, не гавораць, таму адразу шмат што губляецца. Для сябе я знайшоў выйсце: у апошніх маіх кнігах ёсць рускамоўныя і беларускамоўныя персанажы, аўтар жа распавядае гісторыю па-беларуску. Мне падаецца, гэта станоўча паўплывала на мае тэксты. Яны сталі больш набліжанымі да мовы вуліцы, персанажы адчуваюцца сапраўды жывымі”.

Міхаіл Зуй, акцёр Купалаўскага тэатра: “Вазьміце “Радзіва “Прудок” (рыхтуецца да пастаноўкі на Камернай сцэне Купалаўскага — Н.П.). У Андруся Горвата тэкст ад аўтара літаратурны, але выкарыстоўваецца шмат вербаціма, жывой мовы людзей, якую не трэба пад сябе прыладжваць”.

Дзмітрый Есяневіч: “Калі ёсць сапраўдны матэрыял, калі абвострана сцэнічнае дзеянне — як, напрыклад, у п’есах Марціна МакДонаха — тады любая мова будзе гучаць арганічна”.

Міхаіл Зуй: “Не так даўно на нашай Камернай сцэне ішоў спектакль “Войцэк”. Яго літаратурную аснову асабіста мне цяжка назваць драматургіяй: людзі так не размаўляюць, як напісана ў тым тэксце. Але пры адпаведным падыходзе рэжысёра ўсё грае! ”

Мяжа саступак

Ігар Пятроў, акцёр Купалаўскага тэатра: “Мой настаўнік Барыс Эрын увёў такі тэрмін: рэжысёрскае сачыненне. Не заўсёды першапачатковы тэкст трапляе ў канчатковы варыянт спектакля: у творчым працэсе падчас рэпетыцый ён можа быць зменены. Для нас важны вынік, таму я вельмі ўдзячны драматургам і пісьменнікам, якія даруюць нам пэўныя змены”.

Альгерд Бахарэвіч: “Я не пайду на саступкі, калі стваральнікі спектакля заменяць мае словы на іншыя, але будуць выдаваць гэты тэкст за мой. Я — пісьменнік, таму слова для мяне самае галоўнае”.

Дзмітрый Есяневіч: “Бывае, прыносяць нам тэкст, дзе ў персанажа такія фіярытуры гаворкі, што хоць за галаву хапайся. Ну не можа так казаць акцёр! Тады ён садзіцца з рэжысёрам, пачынае нешта выкрэсліваць, перарабляць. А перакладчык з аўтарам могуць быць незадаволеныя вынікам”.

Раман Падаляка, рэжысёр, акцёр Купалаўскага тэатра: “Для пастаноўкі “Радзіва “Прудок” мы атрымалі карт-бланш ад Андруся Горвата на любыя змены. Мы можам мяняць некаторыя рэчы, нават дапісваць. У эксперыментальнай рабоце так і павінна быць. Мы адчуваем, дзе мяжа зменаў, якія могуць перакрэсліць стылістыку аўтара”.

Таня Арцімовіч: “Айчыннаму сцэнічнаму мастацтву не хапае досведу калектыўнага стварэння спектакля. У нас часцей сутыкаешся з нейкімі аўтарытарнымі праявамі, калі кожны з удзельнікаў выконвае толькі свае вузка акрэсленыя абавязкі”.

Раман Падаляка: “Я не магу прыгадаць выпадку, каб прыходзіў драматург і разам з ім нейкія праблемы вырашаліся…”

Таня Арцімовіч: “У Цэнтры беларускай драматургіі шэсць гадоў запар ладзяцца драматургічныя лабараторыі. Тая ж п’еса Дзмітрыя Багаслаўскага “Блондзі” нарадзілася з таго, што драматургі і рэжысёры распрацоўвалі тэму разам”.

Алена Мальчэўская: “Можа, Дзмітрый Багаслаўскі і не звярнуўся б да такога стылю напісання, калі б яго не скіраваў у гэты бок рэжысёр Яўген Карняг. Адваротная перспектыва: драматург даводзіць рэжысёру, як створаны яго тэкст і як з гэтым можна працаваць”.

Дзмітрый Есяневіч: “У акадэмічных тэатрах складнікі працэсу куды больш абасобленыя. У драматургаў, відаць, таксама няма выбару: каб цябе паставілі, неабходна ісці на некаторыя саступкі. Тут успамінаецца хрэстаматыйны прыклад, калі Рыгор Горын пісаў галоўнага персанажа сваёй “Памінальнай малітвы” адмыслова пад Яўгена Лявонава. У тым савецкім тэатры каманда аднадумцаў рабіла цудоўныя рэчы! ”

Раман Падаляка: “Гэтая тэма ўзнімаецца кожны год, але мы ўсё ходзім па коле і не можам знайсці сістэму, якая працавала б. З тэкстаў лабараторый не нараджаюцца праекты, якія б ішлі далей, бо дзяржаўныя тэатры ўсё роўна бяруць іншы матэрыял. Трэба працягваць наладжваць дыялог у звязцы драматург/пісьменнік — рэжысёр — акцёр, шчыра цікавіцца адно адным. Гэта вельмі важна”.

Фота Ганны ШАРКО

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"