Пра вертыкаль мясцовай сферы духоўнасці распавядае “К” начальнік аддзела культуры Чэрвеньскага райвыканкама Сяргей СУША:
— Кожнае адказнае пытанне, звязанае з адраджэннем і развіццём духоўнай свядомасці ў райцэнтры і на сяле, вырашаем на Савеце нашага аддзела з абавязковым удзелам кіраўнікоў усіх структур раённай культуры. А пытанняў гэтых, як вы ведаеце, заўжды шмат. І ўладкаванне маладых спецыялістаў, і рамонт клубаў, і падтрымка былых франтавікоў, і штодзённая работа па рэалізацыі доўгачасовых мэтавых праграм... У нас не толькі ветэраны ў полі зроку, але і падрастаючае пакаленне. Маю на ўвазе праграмы “Традыцыйная культура і дзеці”, “Моладзь Чэрвеньшчыны”... Кожная дробязь тут вырашаецца калегіяльна, дэмакратычна, кожная слушная прапанова бярэцца на ўлік і ажыццяўляецца без затрымак...
— Гэта, напэўна, вельмі важна для кіраўніка-творцы — адчуць плячо аднадумцы, ведаць, што справа твая натхняе іншых на пошук новага?
— Безумоўна! Побач не толькі сябры, але і спецыялісты-прафесіяналы ад Бога. Іхняе меркаванне — як скарбонка досведу... Кіраванне сферай культуры — я проста ўпэўнены — не толькі навука адміністравання, але і працэс творчага ўзаемадзеяння, судакранання душ, так бы мовіць... Да прыкладу, раённая праграма абароны пажылых людзей, ветэранаў вайны і працы, іх удоў, якія былі прыроўнены да франтавікоў. Савет вырашыў, каб і бібліобус да іх прыязджаў рэгулярна, і канцэрты ладзіліся па графіку, і наша гаспадарчая група не толькі за бягучы рамонт клубаў і бібліятэк у гэтых вёсках адказвала, але і за добраўпарадкаванне ветэранскага жытла і падворкаў... Я лічу, што аддзел культуры ў першую чаргу павінен наводзіць масткі да кожнай чалавечай душы.
— Крыху падрабязней, калі ласка, пра дзейнасць вашай гаспадарчай групы.
— Пагаварылі неяк на Савеце з нашымі будаўнікамі, прыйшлі да высновы, што аддзелу патрэбна рамонтная брыгада, якая б займалася бягучым рамонтам клубаў і бібліятэк. Навошта, сапраўды, траціць вялізныя сродкі на капітальныя рамонты ўстаноў культуры ў аграгарадках, калі можна сваёй мабільнай брыгадай пакрысе ўмацоўваць нашу матэрыяльную базу. Гэта і танней, і дазваляе абыходзіцца без затратных капітальных рамонтаў ва ўстановах культуры будучых аграгарадкоў раёна... У СВК “Вялікаполле”, неяк заўважыў я, кінуты двухпавярховы асабняк. Стаіць без нагляду. Безгаспадарчасць! А клуб у вёсцы — у аварыйным стане. Вось каб яго ў гэты асабняк перанесці! Прапанову Савета вынеслі на пасяджэнне райвыканкама — атрымалі, натуральна, дазвол.
Замак у сяле Красны Дар. |
— А колькі зарабляюць тыя, хто дае эканомію?
— Як усе будаўнікі... Гэта ўжо сумленне... Але працы настолькі шмат, што вырабляюць амаль па паўтары стаўкі. Цяпер будуюць аграгарадок “Раванічы”, Дом культуры і Маладзёжны цэнтр. Мы ўжо бачым, што сваёй брыгадай лепей рабіць нават самы просты рамонт. Вось, напрыклад, інжынер-будаўнік Ніна Ціхановіч — брыгадзір, сама маляр. З ёю побач сталяр, зваршчыкі, муляр. Машина выязджае кожны дзень на раён — і па выкліку, калі дзесьці патрэбна тэрміновая дапамога. Наогул, мы былі першымі ў вобласці, хто адправіў падобную брыгаду па аб’ектах культуры сяла.
— Значыць, стасункі ў Савета аддзела культуры з райвыканкамам самыя шчыльныя?
— Не толькі з райвыканкамам, але і з абласнымі ўладамі. Мы на практыцы пераканаліся, што эканоміць на рамонце не толькі можна, але і трэба. Толькі рабіць усё неабходна ўласнымі рукамі.Адсюль і лішні рубель. А выкарыстаць яго заўжды ёсць на што: на касцюмы для самадзейных артыстаў, на падарункі дзецям і ветэранам, на падтрымку юных талентаў раёна. Прыемна, што стратэгію разумнага гаспадарання падзяляюць культасветнікі раёна. А іх — 275 чалавек. Больш за 30 працуюць па сумяшчальніцтве. І я вельмі даражу гэтай працай “па сумяшчальніцтве” і заўжды падтрымліваю нашых народных майстроў. Чаму б і не даць паўстаўкі цудоўнаму народнаму рамесніку-настаўніку, нават калі ён пенсіянер?!
— Ведаю, наколькі цяжка справу наладжваць, калі няма ў начальніка аддзела культуры дзелавога кантакту з кіраўніцтвам раёна. У вас, па ўсім відаць, гэты кантакт самы дзейсны...
— Да прыкладу, гэтая машына, на якой вандруем з вамі па раёне, перададзена аддзелу культуры колішнім старшынёй райвыканкама Аляксандрам Лапатко. І сённяшні
Салдацкія лісты Івана Ладуцькі на матчыным ручніку. |
Доўжыцца справа бацькоў
У краязнаўчым музеі — вышыты ручнік. На ім — салдацкія пісьмы Івана Ладуцькі, які загінуў у Берліне пасля Перамогі, таксама ў чэрвені... Ручнік вышыла маці героя Анісся Фёдараўна.
— Больш за 7 тысяч чалавек наведалі летась наш музей, — распавяла яго дырэктар Алена Забаранок. — Кожны ў першую чаргу даведаўся пра лёс маці і сына, пра франтавыя лісты і вышыты ручнік.
14 выставак праведзена за апошні час у музеі. На сёння тут 7 тысяч экспанатаў. Фонд папаўняецца штогод.
— Вось яшчэ адна гісторыя, — паведамляе Сяргей Суша. — Трэба было падправіць помнік загінуўшым у Вялікую Айчынную. Адразу знайшоўся спонсар — мясцовы прадпрымальнік Аляксандр Лукашэвіч. Так на абеліску з’явілася мармуровае аздабленне...
Пабачыла я ў той дзень і аднаго з першых салдат 1941-га. Ён адзіны ў Чэрвені застаўся: бацька Сяргея Сушы — Іван Мінавіч. Яму пад 90, але працягвае ствараць: робіць шыкоўныя лазовыя кошыкі.
Вось што распавёў пра мінулую вайну:
— Сябра майго адразу забіла, 22 чэрвеня... А я ўсё прайшоў, усё перажыў... І адступленні, і партызаншчыну, і штурм Берліна.
Некалькі маладых спецыялістаў у сферы культуры ездзяць на працу ў Чэрвень з Мінска. Кадравае пытанне не надта балючае — сталіца побач. Таццяна Давыдзюк — выкладчыца народнага вакалу. Жыве ў мінскай Малінаўцы. Выязджае ў Чэрвень, калі і шасці раніцы няма, вяртаецца позна. Акрамя працы ў Чэрвені паспявае па сумяшчальніцтве заехаць у Заполле, дзе ў клубе яе чакае ансамбль “Душа” і гурток “Заполечка”.
Аграгарадок “Вайнілава”. |
Не пра адну толькі Таню Давыдзюк клапоціцца начальнік аддзела культуры. Ён кожны талент імкнецца падтрымаць.
Да прыкладу, запрасіў маладую пару настаўнікаў працаваць у сельскі клуб. Тыя пагадзіліся... У аграгарадку “Красны Дар” перад прывабным клубам — старадаўні замак. Аказваецца, змайстраваў яго новы дырэктар установы — Аляксандр Пікулік. Дзеці аж пішчаць ад радасці. Першакласнік Дзіма Завадскі прыехаў на лета да бабулі, заўважыў замак і... аслупянеў. Сапраўды, ці ж пабачыш такое у сталіцы?!
Марына, жонка дырэктара названай установы, арганізавала ў СДК эстрадную студыю. Са старшакласніцамі шые сцэнічныя касцюмы. А студыя будзе называцца “Божы Дар” — колішняя назва вёскі. Быў “Божы” — стаў “Красны”.
“Мадэрн”, “Мост”, “Вербніца”...Метадыст Чэрвеньскага цэнтра культуры Вольга Шалабнёва, якая адказвае за работу з дзецьмі і моладдзю, разуме творчую несупакоенасць сужэнцаў Пікулікаў: сама такая. Вельмі маляўніча распавядае пра работу Цэнтра. Шмат тут цікавых здабыткаў. Напрыклад, маладзёжны тэатр райцэнтра “Мадэрн” — узор для вясковых устаноў культуры.
П’есы пішуць самі, таму і глядацкая ўдзячнасць — заўсёдная. А ёсць яшчэ тут і маладзёжны клуб “Мост”, які дзейнічае пад дэвізам “Каб мець поспех, трэба ўмець да яго імкнуцца”.
Не меншай папулярнасцю, як паведамляе дырэктар Цэнтра Ларыса Шаўчэнка, карыстаюцца і народны ансамбль “Вербніца”, які выконвае традыцыйныя песні ў сучаснай апрацоўцы, і народны клуб “Майстры Ігуменшчыны”, і народны драмтэатр...
Сустрэчы на кніжным кірмашыНа стале дырэктара ЦБС Людмілы Войцік— творы Васіля Быкава. Пісьменнік, дарэчы, нарадзіўся 19 чэрвеня, а памёр 22-га, у нядзелю...
У бібліятэцы назапашаны ладны досвед краязнаўства. Зусім нядаўна тут прайшлі чытанні “Бібліятэка і культурная спадчына раёна”... Установа стараннямі Савета аддзела культуры адрамантавана як мае быць. Чытачам тут прапаноўваюцца не толькі камп’ютэрныя паслугі, але і кнігі ўласнага выдання.
Як паведамляе Людміла Уладзіміраўна, томікі мясцовых паэтаў і матэрыялы ўсемагчымых раённых канферэнцый па пытаннях культуры разыходзяцца вельмі хутка.
— Колькі паспелі зарабіць сёлета?— Шэсць з паловай мільёнаў. І гэта не мяжа.
У раёне 30 бібліятэк. 16 000 чытачоў. У кніжным фондзе Чэрвеньшчыны — 280 тысяч выданняў. Сярод эксклюзіваў — “Бібліятэчны кірмаш”, што ладзіцца да Дня бібліятэк, калі, падаецца, увесь горад святкуе прафесійнае свята разам з бібліятэкарамі. На кірмашы — не толькі рэалізацыя кніг мясцовага выдання, але і продаж лішніх бібліятэчных экзэмпляраў, спісанай літаратуры пасля ўцэнкі.
Пры бібліятэках Чэрвеньскага раёна дзейнічае 34 аматарскія аб’яднанні і клубы па інтарэсах. Занята ў іх 480 чалавек.
Вальс Орды натхняеДырэктар школы мастацтваў Васіль Капцёлаў працуе тут тры дзесяткі гадоў.
340 вучняў у яго з усіх раённых абсягаў. Набываюць азы музычнай, харэаграфічнай, тэатральнай і мастацкай навук. А ў перспектыве — і эстраднае аддзяленне.
— У нашых краях нарадзіліся, — расказвае Васіль Васільевіч, — кампазітары і музыканты Станіслаў Манюшка, Міхаіл Ельскі, Мікалай Равенскі, Кім Цесакоў...
Дарэчы, і карані Ігара Лучанка — у вёсцы Вязаўка, дзя ягоны дзед Лука Лукіч цудоўна граў на скрыпцы...
Капцёлаў стварыў музычную капэлу “Ігуменскія крыніцы”. У рэпертуары — музычная нацыянальная спадчына з ХV стагоддзя да нашых дзён. Помнікі музычнай культуры, у тым ліку і вальс “Аўрора” Напалеона Орды, ужо запісаны на першым кампакт-дыску капэлы. І ёсць ад гэтага плён, ёсць.
Пятнаццацігадовы баяніст школы Саша Правасуд нядаўна заняў другое месца на абласным конкурсе ў Маладзечне. А будучая мастачка Маша Ашэйчык паспяхова ўдзельнічала ў міжнародным конкурсе “Беларусь маёй будучыні”.
У дзіцячым Доме творчасці ў Смілавічах ёсць экспазіцыя знакамітага мастака Хаіма Суціна. Едуць туды цяпер з усіх вёсак раёна дзеці: канікулы! Дзякуючы прадстаўнікам ЮНЕСКА ў Парыжы, у смілавіцкім Доме творчасці знаходзяцца камп’ютэрныя копіі карцін майстра. А ў школе мастацтваў быў свой пленэр Суціна. Дзеці глядзелі і экспазіцыю. Гэта сучасны варыянт паказу творчасці мастака. Нават у Эрмітажы ёсць толькі адзін арыгінал работы Хаіма Суціна.
Які ж фальклор без буслоў?— Трэба дах падрамантаваць, — чую ад начальніка аддзела культуры, які на вёску глядзіць не толькі як творца, але і руплівы гаспадарнік… Вёска Іванічы. Дом фальклору з буслянкай на даху.
— Восем гадоў як буслы не адлятаюць, у нас застаюцца, — радуецца дырэктар установы Аляксандра Гаўрыльчык. Значыць, дабро тут жыве, утульна і зручна для людзей творчых і шчырых.
У Доме фальклору пабачыла я традыцыйны чэрвеньскі строй пазамінулага стагоддзя. А яшчэ ёсць у вёсцы гурт “Вечарына”. Аўтэнтычнымі салістамі нават французы зацікавіліся. А ў вёсцы Вайнілава ўразілі унікальныя вырабы з саломкі…
Чэрвеньская зямля без стомы дорыць таленты. Рыгор Судак з Раваніцкага СДК — дыпламант рэгіянальнага конкурсу “Разьбы зачараванне”, Ірына і Юля Фабінюкі не маюць сабе роўных па вышыўцы і пляценні паясоў, Каця Фурс заняла першае месца на “Саламяным павуку”, а Таццяна Бабровіч стала лаўрэатам “Беларускай лялькі”…
Знаёмілася з народнымі майстрамі, за плячыма якіх шмат слаўных творчых здабыткаў, і ўзгадала рамесніка Мікалая Няхая з Лядаў, які падарыў Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь падкову ўласнага вырабу — на шчасце. Гэтая падкова, падаецца, нясе шчасце і ўсім неабыякавым людзям слаўнай Чэрвеньшчыны.
Вольга ЯГОРАВА,
наш спецыяльны карэспандэнт
Мінск — Чэрвеньскі раён — Мінск
Фота аўтара