Па слядах міфаў

№ 15 (1350) 14.04.2018 - 20.04.2018 г

Як у пошуках гістарычнай праўды нараджаюцца легенды
Ягайла гаварыў па-беларуску і пахаваны ў Празе. Міндоўг быў беларусам і не ведаў літоўскай мовы. Гэта толькі некаторыя з версій, датычных агульнай гісторыі Беларусі, Літвы і Польшчы, якія мне давялося пачуць за апошні час ад суразмоўцаў у Вільнюсе і Варшаве. Магчыма, хтосьці з вас мяркуе, што гэта не версіі, а факты. Аднак з пункту гледжання навукі такія ўяўленні памылковыя. Адкуль бяруцца і як распаўсюджваюцца міфы? Як адрозніць ад іх сапраўдную гісторыю? І ўвогуле, ці магчыма гэта, улічваючы, што чым больш пранікаеш углыб стагоддзяў, тым менш адшукваецца інфармацыі ў дакументах? Гэтымі пытаннямі задаюцца навукоўцы ва ўсіх краінах свету. Бо гісторыя часам вельмі моцна ўплывае на сучаснасць і будучыню.

/i/content/pi/cult/687/15109/123-S.jpgТэорыя змовы

“Міфы. Псеўданавука. Прапаганда” — з такой лекцыяй выступіў у Варшаўскім універсітэце вядомы ў Польшчы даследчык Марцін Напюркоўскі. Пачаў ён са сцвярджэння: “Гісторыя не належыць гісторыкам”.

Сапраўды, яшчэ англійскі вучоны Рафаэл Сэмюэл у працы “Тэатр памяці” адзначаў, што гісторыяй займаюцца не толькі навукоўцы, але і мноства іншых людзей — калекцыянеры, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і гэтак далей. Усё часцей не навукоўцы, а палітыкі становяцца распаўсюджвальнікамі тых або іншых гістарычных ведаў, якія, аднак, у іх інтэрпрэтацыі хутка ператвараюцца ў міфы.

На думку Напяркоўскага, сёння адна з праблем — страта гісторыкамі манаполіі на чытача. Навукоўцы перастаюць быць аўтарытэтамі і губляюць уплыў на соцыум. І ў выніку іх месца займаюць неспецыялісты.

Камусьці здаецца, што ўзровень гістарычнай свядомасці беларусаў вельмі нізкі. Прычым па розных пытаннях — ад Вялікага княства Літоўскага да Вялікай Айчыннай вайны. Аднак, як сведчыць польскі вопыт, гэтая праблема ўсеагульная.

Напрыклад, у Польшчы ў апошні час шырока пашыраецца міф пра лехітаў, якія паходзяць ад іншапланецян, вялі войны з Атлантыдай, валодалі тэрыторыяй ад сучаснай Германіі да Камчаткі. І гэта былі продкі палякаў. Так сцвярджаецца ў некаторых выданнях, якія можна купіць у кнігарнях і гіпермаркетах — напрыклад, “Славянскія каралі Лехіі”. Кінутае аднойчы зерне легенды ўжо дае парасткі. Множацца тыя, хто ўспрымае лехітаў за чыстую манету.

Што цікава, легенду запусціў яшчэ сярэдневяковы аўтар Вінцэнты Кадлубак. Натуральна, без дадаткаў пра іншапланецян. А значыць, сённяшнія міфы не з’яўляюцца на пустым месцы.

Маштаб праблемы дазваляе зразумець цікавая акалічнасць. Паводле даследавання Нацыянальнай бібліятэкі Польшчы, 63,5 % палякаў у 2016 годзе не прачыталі ніводнай кнігі. Гэтая тэндэнцыя захоўваецца з 2008 года. Што не выключае магчымасці ўплыву на іх тэлебачання, інтэрнэта. А там можа быць паказана і сказана ўсё, што заўгодна. Пра іншапланецян, ад якіх нібыта паходзяць людзі, можна пачуць і на расійскім, і на амерыканскім тэлебачанні, а калі гэтыя перадачы транслююцца ў Беларусі, Польшчы або Партугаліі, то альтэрнатыўная версія мінуўшчыны становіцца ўсеагульнай.

У той час, калі актыўна развіваецца інтэрнэт, а ў сацыяльных сетках ствараюцца розныя групы па інтарэсах, у тым ліку і “знаўцаў” гісторыі, любая інфармацыя, нават абсурдная, можа ахапіць тысячы, мільёны карыстальнікаў. Напяркоўскі як прыклад прыводзіць з’яўленне ў апошні час людзей, якія лічаць, што Зямля плоская. Навуковыя факты іх не цікавяць. Наадварот, яны лічаць, што навукоўцы падманваюць жыхароў Зямлі.

“Тэорыя змовы” —гэта адзін з аргументаў, які выкарыстоўваецца абаронцамі альтэрнатыўных версій гісторыі, каб абгрунтаваць сваю рацыю. І такая тактыка распаўсюджваецца ў розных галінах антынавукі: напрыклад, сярод тых, хто аспрэчвае агульнапрынятыя законы фізікі, біялогіі і гэтак далей.

Так, і навукоўцы робяць сур’ёзныя памылкі. Напрыклад, у Заходняй Еўропе і ЗША ўяўленні пра Усходнюю Еўропу складваюцца часта на падставе прац, напісаных па-англійску. А ці многа іх створана пра нас? Не. І часта — не самых дасведчаных аўтараў. Адсюль растуць ногі стэрэатыпаў заходняга свету пра ўсходні.

Факт, вырваны з кантэксту

У беларускай гісторыі міфаў таксама не бракуе, хай і не такіх маляўнічых, як пра лехітаў. Прыкладам, многія лічаць, што Вялікае Княства Літоўскае — гэта выключна беларуская дзяржава. Падобныя думкі распаўсюджвалі некаторыя папулярызатары гісторыі яшчэ ў 1920-я гады. Гэтыя аўтары любілі сваю бацькаўшчыну і з найлепшых памкненняў стваралі альтэрнатыўную (а на іх думку, цалкам слушную) версію яе мінуўшчыны, спалучаючы дакладныя факты і не пацверджаныя пісьмовымі крыніцамі гіпотэзы.

Зрэшты, і дагэтуль тая акалічнасць, што ў XVI стагоддзі “руская” (у сучаснай тэрміналогіі — старабеларуская) мова была абвешчана афіцыйнай мовай справаводства ў ВКЛ, становіцца нібы пераканаўчым аргументам на карысць згаданага тэзіса: ВКЛ было беларускай дзяржавай. Хаця ў той жа час у Польшчы мовай справаводства была лацінская. А на тэрыторыі сучаснай Румыніі да канца XVIII стагоддзя — грэчаская.

Гэта гаворыць толькі пра тое, што выкарыстанне вырванага з кантэксту факта не можа тлумачыць усёй карціны. Не можа для гісторыка. Але тлумачыць для таго, хто ніколі прафесійна не займаўся гісторыяй, а толькі прачытаў добра напісаную кнігу ў яркай вокладцы.

На самой справе, Ягайла пахаваны ў Кракаве, а вось нехта з яго нашчадкаў сапраўды спачыў у Празе, бо нейкі час кіраваў Чэхіяй. Але для негісторыка словы “Ягайла” і “Ягелоны” (яго нашчадкі) гучаць амаль аднолькава. Як кажа беларуская прымаўка, “чуў праз лес малітву”. Ягайла, магчыма, валодаў старажытнарускай мовай, бо яго маці была дачкой цвярскога князя. Аднак яго бацька быў літоўцам, і ягонае імя літоўскае. Пра тое, што перамовы Ягайлы з Вітаўтам вяліся па-літоўску, згадваюць крыжацкія храністы. Вось факты, якія мы ведаем.

Міндоўг быў літоўскім князем, але яго палітыка пашыралася на землі сучаснай Беларусі. Дык чаму б яму тады не быць беларусам? Так разважаюць неспецыялісты.

Зрэшты, і некаторыя навукоўцы безапеляцыйна называюць сталіцай дзяржавы Міндоўга Вільню (літоўскія), або Навагрудак (беларускія). Хаця ніводная з хронік XIII стагоддзя не дае падстаў меркаваць ні так, ні гэтак. Праўда, ёсць легенды XVI стагоддзя, паводле якіх першай сталіцай быў або Навагрудак, або Кярнаве. Легенды гэтыя — таксама факт, але не гісторыі, а гістарыяграфіі.

Шлях у цемру пазнання

Складваецца ўражанне, што ўвогуле ўвесь свет круціцца ў зачараваным коле міфаў і забабонаў. А гістарычная праўда, калі яна наогул існуе, вядомая толькі вузкаму колу людзей: тым, хто ўмее чытаць летапісы на старажытных мовах і праводзіць цэлыя дні ў архівах.

Чаму ж міфы маюць такую прывабнасць? Як лічаць прафесійныя гісторыкі, узятыя з галавы версіі мінуўшчыны адказваюць на галоўныя пытанні пра сэнс жыцця: хто вінаваты, што рабіць, хто вораг, а хто сябар. Гэта казкі. Яны лёгка засвойваюцца і дзецьмі, і дарослымі.

Навуковыя працы цяжкія для ўспрымання. І яны не столькі адказваюць на вечныя пытанні быцця, колькі падкідваюць
розуму яшчэ больш стравы для развагаў. А ў выніку ўзнікаюць новыя пытанні, часам без адказу…

Але ці ёсць магчымасць атрымаць дакладныя адказы на ўсе гістарычныя пытанні? Пісьмовыя крыніцы фіксуюць жыццё ў Беларусі, як і ў іншых суседніх краінах, толькі на працягу апошняй тысячы з гакам гадоў. Дый тое фрагментарна. А што было раней? Гэта застаецца шырокім полем для інтэрпрэтацый — і для вучоных, і для аматараў. І такіх інтэрпрэтатараў у нашай гісторыі было шмат. Напрыклад, аўтары летапісаў, Тэадор Нарбут, Вацлаў Ластоўскі, Мікола Ермаловіч.

Кожны сам выбірае для сябе: ясныя адказы на ўсе пытанні быцця або няўрымслівы пошук праўды. Нават калі гэта бясконцы шлях у цемру сівой мінуўшчыны.

Віктар КОРБУТ