14 спектакляў за 4 дні

№ 15 (1350) 14.04.2018 - 20.04.2018 г

Сталічныя лялечнікі завяршаюць падрыхтоўку да X Міжнароднага фестывалю тэатраў лялек. Суарганізатарамі форуму выступаюць Міністэрства культуры краіны і Мінскі гарвыканкам. З 18 па 21 мая аматары сцэнічнага мастацтва пабачаць 14 спектакляў з сямі краін свету.

/i/content/pi/cult/687/15106/pages-2-3-SS.jpgСёлета юбілей адзначае не толькі фестываль, але і яго гаспадар: 23 красавіка 1938 года была падпісаная пастанова аб арганізацыі дзяржаўнага тэатра лялек. 80 гадоў — век немалы! І адзін з сакрэтаў несупыннага трапляння ў плынь сучаснасці — той абмен ідэямі і імпульсамі, які дае міжнародны фестываль.

— Розныя культуры маюць патрэбу ва ўзаемным абмене каштоўнасцямі і здабыткамі, — кажа мастацкі кіраўнік фестывалю Аляксей Ляляўскі. — Таму мы кожны раз імкнёмся скласці праграму так, каб прадставіць разнастайнасць тэатральнага свету і даць магчымасць аматарам і прафесіяналам засвоіць той тэатральны досвед, да якога мы, магчыма, яшчэ не зусім прызвычаіліся.

У сваёй прамове на перадфестывальнай прэс-канферэнцыі намеснік начальніка ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама Аляксандр Шастакоў падкрэсліў унікальнасць адзінага на дадзены момант у Беларусі фестывалю тэатраў лялек. За час яго існавання Мінск наведалі больш за 60 калектываў з розных куткоў свету. Сёлета ўпершыню да нас прыедуць трупы з Балгарыі, Іспаніі і Ірана. У сталіцы з нецярпеннем чакаюць лепшыя тэатральныя кампаніі Францыі, Ізраіля, Расіі.

— На жаль, наш форум не мае сталай дырэкцыі, якая магла б і ў міжфестывальны час займацца арганізацыйнымі пытаннямі, працаваць над стварэннем будучай праграмы. Напрыклад, дырэкцыя расійскай “Залатой маскі” стала дзейнічае цягам усяго года, — падзяліўся з журналістамі набалелым мастацкі кіраўнік форуму. — Камерцыйна паспяховыя тэатры распісваюць планы на некалькі гадоў наперад. Таму калі мы распачынаем перамовы з такім калектывам, пытанне ўпіраецца ў магчымасць супадзення графікаў, бо спектакль трэба не толькі паказаць у пэўную дату, але папярэдне прывезці дэкарацыі, зманціраваць, зладзіць рэпетыцыю, а пасля — разабраць і адправіць.

Аляксей Ляляўскі пазнаёміў з беларускімі назвамі фестывальнага рэпертуару і падкрэсліў, што арганізатары ставяць знак роўнасці паміж міжнароднай і нацыянальнай часткамі праграмы. Усе сем дзяржаўных калектываў гэтым разам прывозяць самыя свежыя работы, створаныя на стыку традыцый і эксперыменту.

У сёлетняй афішы пазначаны толькі два спектаклі для дзяцей (віцебскі “Умка” і ізраільскі “Краўчына”). Вольны да вечаровай праграмы час дырэктар фестывалю Яўген Клімакоў абяцае аддаць пад майстар-класы, абмеркаванні з крытыкамі, дыскусіі з гледачамі.

— Мінулым разам цудоўная айчынная група “Нагуаль” у рамках фестывалю зладзіла канцэрт з нумароў, якія былі запісаны спецыяльна да спектакляў тэатраў лялек. Колішні “Лялечны рок-н-рол” прайшоў з шалёным поспехам! Па нашай просьбе музыканты ізноў правядуць вечар тэатральнай музыкі, — дадаў спадар Клімакоў.

Форуму зацесна адно ў “родных” сценах, таму гледача чакаюць яшчэ і ў Новым драматычным тэатры, Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, на малой сцэне Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра і на Камернай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Зазначу, мінулым разам на невялікія пляцоўкі непасрэдна ў фестывальныя дні было амаль нерэальна патрапіць: невялікая партыя білетаў імгненна разляцелася да пачатку фестывалю. Таму лепей не замаруджвацца з іх набыццём. Тым больш, што продаж ужо пачаўся.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"