Планета як “малая радзіма”

№ 15 (1350) 14.04.2018 - 20.04.2018 г

Для народнага мастака Беларусі Івана Міско Дзень касманаўтыкі — гэта свята бадай прафесійнае: тэма чалавека і космаса ў яго творчасці даўно вызначальная. Вось і гэтымі днямі патрыярх айчыннай скульптуры нястомна працуе адразу над некалькімі манументальнымі праектамі. Балазе, неўзабаве з’явіцца і добрая нагода для іх рэалізацыі — сёлета ў верасні ў Мінску мае адбыцца Міжнародны кангрэс Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў. На думку скульптара, мастацкі складнік зробіць прадстаўнічы форум не толькі навуковай падзеяй, але і святам для горада і краіны.

/i/content/pi/cult/687/15103/_MG_8834-S.jpgГарадскім саветам па манументальным мастацтве ўжо зацверджаны праект памятнага знака “Беларускім героям космасу”. Гэта будзе гранітная стэла з выканымі ў бронзе рэльефнымі партрэтамі касманаўтаў-беларусаў — Пятра Клімука, Уладзіміра Кавалёнка і Алега Навіцкага. У якасці месца для ўсталявання знака абрана сталічная вуліца Касманаўтаў, дзе размешчаны парк імя Міхаіла Паўлава — непадалёк ад станцыі метро “Малінаўка”. Наколькі ўдалы такі выбар? Мяркую, што вельмі. У Мінска, як вядома, ускраін няма. Мікрараён Паўднёвы Захад мае моцны патэнцыял развіцця, і культурны аб’ект агульнанацыянальнага значэння тут будзе вельмі дарэчы.

Сам праект ужо на той стадыі, калі за справу трэба брацца апрацоўшчыкам граніту і ліцейшчыкам. Але Іван Акімавіч са шкадаваннем адзначае, што згаданыя работы пакуль затрымліваюцца. І вельмі хвалюецца, што справа зрушыцца з месца ўжо тады, калі на добрае выкананне праекта проста не застанецца належнага часу.

Другі манументальны аб’ект мусіць упрыгожыць тэхнапарк “Вялікі камень”. Гэта кампазіцыя, якая сімвалізуе ўвасобленую мару пра пераадоленне зямнога прыцягнення — і адначасова непарыўную сувязь Зямлі і Неба.

Апроч таго, скульптар хацеў бы аздобіць гранітам і бронзай крынічкі ў родных мясцінах беларускіх касманаўтаў, надаўшы прыродным аб’ектам годнасць мемарыялаў. Без сумневу, такая прыгожая задума добра ўпісваецца ў канцэпцыю Года малой радзімы. Нават болей — вобразна ды паэтычна адлюстроўвае галоўную яго ідэю.

Зрэшты, у кантэксце неабсяжнага Сусвету ўся наша планета — не болей чым “малая радзіма” чалавецтва, якому прадстаўнік беларускага шляхецкага роду Канстанцін Цыялкоўскі прарочыў засяленне космасу.

Хто яго ведае, магчыма, калісьці тая мара здзейсніцца. У кожным разе, Іван Акімавіч ні каліва ў гэтым не сумняецца.

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА

 

/i/content/pi/cult/687/15103/_MG_8820-S.jpg

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"