Візуалізацыя страчанага горада

№ 14 (1349) 07.04.2018 - 14.04.2018 г

Напэўна, усе чулі легенду пра горад, які раптоўна апынуўся на дне возера. Нешта падобнае адбылося і ў гісторыі Брэста. Сёння цяжка паверыць, што некалі ў ім былі ратуша, замак, барочныя храмы…

/i/content/pi/cult/686/15101/20.JPGЗдаецца, пра колішняе Берасце ўжо даўным-даўно напісана ўсё, што толькі магчыма. Выдадзена безліч кніг — навуковых даследаванняў, турыстычных гайдаў ды краязнаўчых апісанняў. Але большасць з іх — пра гераічную абарону Брэсцкай крэпасці. А вось самому гораду дагэтуль не было прысвечана ніводнага навуковага выдання. Прынамсі, так сцвярджаюць Андрэй Варабей і Аляксандр Жаркоў, аўтары манаграфіі “Горад і замак Брэст Літоўскі”. Некаторыя іх гіпотэзы могуць падацца папраўдзе сенсацыйнымі.

Замак альбо пасад?

Аўтары манаграфіі — прафесійныя архітэктары. Аляксандр Жаркоў  — намеснік старшыні Камітэта архітэктуры і будаўніцтва Брэсцкага аблвыканкама, начальнік упраўлення архітэктуры і тэрытарыяльнага развіцця, а яго суаўтар Андрэй Варабей — дырэктар Фонду фартыфікацыі Брэста.

Як адзначыў падчас прэзентацыі выдання старшыня Рэспубліканскага савета Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, менавіта брэсцкая “каманда” таварыства — адна з самых плённых у сваёй працы. У апошнія дзесяцігоддзі вядзецца вельмі шмат размоў пра спадчыну Брэста, шмат людзей заяўляюць сябе як спецыялісты па гісторыі архітэктуры старадаўняга горада, але…

— Мы дагэтуль не маем ніводнай навуковай манаграфіі па горадабудаўніцтве, па гісторыі архітэктуры Брэста “дакрэпаснога” перыяду, — тлумачыць спадар Антон. — Хіба асобныя публікацыі. Тая ж цудоўная кніга Анатоля Гладашчука “Замак Берасцейскі”, як і іншыя яго кнігі — грунтоўнае выданне, але яна перадусім краязнаўчага плана. Манаграфія ж Андрэя Вараб’я і Аляксандра Жаркова — сапраўды першае навуковае выданне, прысвечанае горадабудаўніцтву і гісторыі архітэктуры горада ад заснавання да першай траціны ХІХ стагоддзя.

Як адзначыў адзін з аўтараў кнігі Андрэй Варабей, дагэтуль не было навуковай літаратуры не толькі па знішчанай архітэктуры старадаўняга Берасця — не зроблена нават абагульняючай працы па архітэктуры горада цягам усёй гісторыі яго існавання.

— Рабіліся даследаванні толькі па асобных аб’ектах, — кажа ён. — Цяпер жа, дзякуючы нашым напрацоўкам, яны былі абагульненыя. Вялікі пласт працы — гэта “візуалізацыя” старадаўняга горада. Страчаныя аб’екты прывязаныя да сучасных арыенціраў, а гістарычная планіроўка, дзякуючы камп’ютарным і “касмічным” тэхналогіям геалакацыі, — да сучаснай. Таксама мы сумясцілі планы і схемы, каб было зразумела, што і дзе знаходзілася.

У выніку была па-новаму праінтэрпрэтаваная інфармацыя з розных гістарычных крыніц і распрацаваная схема старажытнага горада, якая не супадае з традыцыйнай. Больш за тое, архітэктары прапанавалі і іншую тэорыю паходжання горада.

— Традыцыйная версія сыходзіць з замкавай тэорыі — спачатку з’яўляецца дзядзінец, а пасад вакол паступова становіцца горадам, — тлумачыць спадар Андрэй. — Ёсць і другая тэорыя: горад — гэта перадусім месца, дзе развіваюцца рамяство і гандаль. На маю думку, так было і з Берасцем, якое размяшчалася на сутоку Буга і Мухаўца — на ростані гандлёвых шляхоў на Балтыку, на Валынь і да Чорнага мора. Тэрыторыя цэнтральнай часткі вострава, дзе размяшчалася старажытнае Берасце, была заселеная раней, чым тэрыторыя дзядзінца, і таму, калі я рабіў рэканструкцыю магчымага месца размяшчэння горада, адштурхоўваўся ад такой урбаністычнай мадэлі.

Апярэджвае нават Вільню!

Дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Зміцер Яцкевіч тлумачыць адсутнасць комплексных даследаванняў Брэста гістарычнымі абставінамі.

— Брэст атрымаўся горадам-фантомам — ён жыве пад знакам Брэсцкай крэпасці-героя і падзей Другой сусветнай вайны. Унікальная архітэктура горада згубілася пад наслаеннямі ХІХ — ХХ стагоддзяў.

— У плане гісторыі, горадабудаўніцтва і архітэктуры Брэст, як, дарэчы, і яшчэ адзін горад-фантом Бабруйск, былі прынесеныя ў ахвяру пабудове фартыфікацый у ХІХ стагоддзі, — дадае Антон Астаповіч. — З пункту гледжання Расійскай імперыі гэта было аб’ектыўнай неабходнасцю. Дый разумення гістарычнай спадчыны і захавання помнікаў тады яшчэ не існавала, а калі і існавала, то выключна ў дачыненні да антычнасці. А ўсе тыя барочныя помнікі Брэста, якія на момант руйнавання налічвалі па 70 — 80 гадоў, проста не ўспрымаліся тады як нешта адметнае нават самімі беларусамі.

— На Берасцейшчыне толькі Камянецкая вежа падчас інвентарызацыі 1826 года трапіла ў катэгорыю помнікаў, — тлумачыць Андрэй Варабей. — Астатняе — тое ж беларускае барока — проста не лічылася помнікамі.

На думку даследчыкаў, страчаная берасцейская спадчына была ўнікальнай. Вынікам знаходжання горада на сумежжы з Валынню і Падляшшам сувязі з Захадам былі больш шчыльныя, чым астатняй Беларусі. Тут моцна заўважны ўплыў і Польшчы, і наогул Заходняй Еўропы. Менавіта праз пасярэдніцтва Берасця ў расійскую архітэктуру патрапіла своеасаблівая еўрапейская стылістыка.

На думку Андрэя Вараб’я, унікальнасць горада выяўляецца не толькі ў яго страчанай архітэктуры. Перадусім яна — у ролі ў гісторыі Вялікага княства Літоўскага наогул і Беларусі ў прыватнасці. Так, усім цудоўна вядома, што першым горадам, альбо, як тады казалі, местам, якое атрымала Магдэбургскае права ў Вялікім княстве Літоўскім, была Вільня. А першым на тэрыторыі цяперашняй Беларусі — Берасце. Але і тут, як лічыць архітэктар, не ўсё так адназначна. Справа ў тым, што Вільня атрымала даволі абмежаваныя правы на “магдэбургію”. Таму сённяшні Брэст можа прэтэндаваць і на першынства ў намінацыі “поўнае Магдэбургскае права”. І нават у нечым паспрачацца з Вільняй!

— Чаму гэта адбылося, не зусім вядома, бо асноўная частка гарадоў атрымала Магдэбургскае права толькі ў канцы XV — пачатку XVI стагоддзя, — расказвае Андрэй Варабей. — Але лічыцца, што прычынай тут — інтэграцыя Вялікага княства Літоўскага і Каралеўства Польскага ў часы Ягайлы.

У чаканні тысячагоддзя

/i/content/pi/cult/686/15101/21.JPGКніга мае не толькі тэарэтычнае вымярэнне, карыснае выключна для навукоўцаў і аматараў даўніны. Ёсць у ёй і практычная частка, якая вельмі магла б прыдацца і для складання планаў перспектыўнага развіцця турыстычнай галіны, і ў падрыхтоўцы святкавання тысячагоддзя горада налета. На базе даследаванняў архітэктарамі былі прапанаваныя варыянты кансервацыі і аднаўлення сярэднявечных аб’ектаў і выкарыстання гістарычнай спадчыны Берасця. Як патлумачыў Андрэй Варабей, на яго думку, галоўным аб’ектам, вартым аднаўлення, павінен быць не замак, а менавіта ратуша:

— Я ў адрозненне ад іншых краязнаўцаў не лічу, што Берасцейскі замак, ідэя аднаўлення якога даўно лунае — гэта для горада прыярытэт №1! — перакананы архітэктар. — Усе крыніцы, якія мы маем датычна яго — план ХІХ стагоддзя і фрагменты дзвюх гравюр, а гэтага недастаткова. Аб’ектам, які я лічу самым важным, з’яўляецца гарадская ратуша. Вядома, яна таксама не вельмі даследаваная, але трэба разумець, што замак для магдэбургскага горада — гэта толькі вертыкаль вялікакняскай улады, а яго сапраўдны сімвал — менавіта ратуша. У кнізе мы разглядзелі гіпотэзы, дзе магла размяшчацца ратуша, як яна магла выглядаць.

У сваёй кнізе аўтары выказваюць і цікавыя гіпотэзы. Адна з іх тычыцца акурат ратушы. Андрэй Варабей перакананы, што знайшоў яе гістарычную выяву.

— Асабіста я лічу, што яна адлюстраваная на гравюры Эрыка Дальберга “Аблога Берасця шведамі 1657 года”, — кажа ён. — Праз 39 гадоў пасля аблогі гэты будынак на ёй быў пазначаны як касцёл езуітаў, але… ён не мог быць ім, бо яго на час аблогі не існавала. Цяпер нам дакладна вядома, дзе размяшчалася ратуша сярэдзіны XVII стагоддзя, і я лічу, што гэта тэрыторыя мусіць быць неяк пазначаная.

На думку даследчыка, ні пра якую адбудову гаворкі пакуль не ідзе: мы можам аднавіць толькі тое, пра што захаваліся дакладныя навуковыя матэрыялы. А па ратушы іх таксама недастаткова, як і па замку.

Але пакуль замест узнёслых мар паўстае куды больш прыземленае пытанне. Працуючы над падрыхтоўкай манаграфіі, даследчыкі звярталіся да Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Брэсцкая крэпасць у яго, зразумела ж, унесеная. Унесеныя і парэшткі старога Берасця, але толькі як тэрыторыя сярэднявечнага гарадзішча да XIV стагоддзя. Усё астатняе — не! Таму, як адзначылі аўтары, нават юрыдычна штосьці аднаўляць немагчыма, бо з пункту гледжання закона гэта будзе стварэнне новабудаў на помніках архітэктуры і археалогіі.

Да ўсяго, на думку даследчыкаў, ставіць кропкі ў многіх пытаннях пакуль зарана: вывучэнне мінуўшчыны Брэста яшчэ далёка не завершанае.

— Працуючы над кнігай, мы выкарыстоўвалі мноства архіўных матэрыялаў — і з беларускіх архіваў, і са шведскіх, і з расійскіх, — кажа Андрэй Варабей. — Мы асэнсоўвалі і збіралі веды ў адно цэлае. Але новыя адкрыцці яшчэ чакаюць даследчыкаў!