Смяяліся клоўны ў Бабруйску

№ 14 (1349) 07.04.2018 - 14.04.2018 г

Дзіўная справа! Яшчэ авітаміноз не адпусціў, а ціхі ручай рэдакцыйнай пошты пераўтварыўся ў вірлівую раку. “Паўнаводнасць” яе павялічылася ці не ўтрая. Так пачынаецца паводка на Палессі. Калі падумаць, тлумачэнне з’яве — простае. Вясна, як спяваў Уладзімір Высоцкі, нібыта з палону вырвалася, агаломшыла сонейкам і цеплынёй, абудзіла фантазію, падвоіла творчасць. Так што піце з гэтай ракі пад назвай “Інфармацыя”.

/i/content/pi/cult/686/15097/16.JPGУ Бабруйску ўпершыню прайшоў адкрыты фестываль “Клоўн-шоу 2018”. Натуральна, 1 красавіка! Метадыст арганізацыйна-метадычнага аддзела Палаца мастацтваў Бабруйска Ірына Аўсяннікава піша, што заснавальнікам і арганізатарам мерапрыемства выступіла яе ўстанова. Аўтар праекта — галоўны рэжысёр палаца Анатоль Брычонак. Партнёрамі сталі мясцовыя інтэрнэт-партал Bobr.by, радыёстанцыя “Зефір FM”, філіял булачна-кандытарскай кампаніі “Дамачай”, гарадскі тэлеканал “Бабруйск 360”, кампанія расліннай касметыкі, таварыства “Чырвоны харчавік”. У Бабруйску сабраліся 11 творчых калектываў з Брэста, Пінска, Гомеля, Мінска, Магілёва, Бабруйска, Масквы. Клоўны наведалі гарадскі дзіцячы сацыяльны прытулак, гарадскую дзіцячую бальніцу, гандлёвыя цэнтры. Дэфіцыт гумару ды смеху ліквідаваны надоўга.

Смяяўся і аграгарадок Жупраны, што на Ашмяншчыне. Мясцовыя работнікі культуры прэзентавалі праграму “1 красавіка — Дзень смеху і весялосці”.

Намеснік дырэктара цэнтралізаванай клубнай сістэмы Касцюковіцкага раёна Наталля Дробышава распавядае пра тое, што ў мясцовым РЦК выступілі з канцэртам артысты мастацкай самадзейнасці Гардзееўскага культурнага цэнтра вольнага часу Расійскай Федэрацыі. Канцэрт прымеркавалі да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі.

Пра мерапрыемства з нагоды гэтага свята піша і дырэктар Гальшанскай (Ашмяншчына) дзіцячай школы мастацтваў Наталля Трот. Вучні класа выяўленчага мастацтва правялі выставу сваіх работ “Дзве краіны — дзве сястры” пад кіраўніцтвам настаўніка Настассі Місюкевіч.

“У Стоўбцах ладзілася V адкрытае рэгіянальнае свята-конкурс “Велікодная пісанка”, — распавяла вядучы рэдактар Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Анжаліка Кучынская. — 52 удзельнікі з 9 раёнаў Мінскай вобласці паказалі свае работы. Новыя прыёмы дэкору ўжываліся поруч з напаўзабытымі. Шкробанне (драпанне) прэзентавала Ірына Чараповіч з Мядзельскага раёна, што і дазволіла ёй атрымаць адну з вышэйшых узнагарод конкурсу. Выдатныя работы атрымаліся ў вучняў Дзераўнянскай ДШМ Стаўбцоўскага раёна. А Гран-пры — за Святланай Шчэрбіч з Уздзенскага раёна”.

Тыдзень музыкі прайшоў у дзіцячай школе мастацтваў Бярозы. Падчас яго правялі ІІІ адкрыты раённы конкурс фартэпіяннай музыкі “Сузор’е — 2018”, у якім спаборнічалі юныя піяністы з Бярозаўскага, Драгічынскага, Івацэвіцкага і Пружанскага раёнаў. Дыпломамі І ступені ўзнагароджаны: Віялета Навумчык (Драгічынская ДШМ, настаўнік Галіна Быцкевіч), Глафіра Чапайла і Злата Брыштэн (ДШМ Бярозы, настаўнік Таццяна Шакаліда).

Метадыст Карэліцкай раённай бібліятэкі Наталля Казарэз напісала пра тое, што амаль у кожнай бібліятэчнай установе раёна прайшлі літаратурныя чытанні, а ў райбібліятэцы — вечар паэзіі “Стыхія слова”. Праграму аздобілі музыкай навучэнцы мясцовай ДШМ.

Супрацоўнікі Астравецкай дзіцячай бібліятэкі запрасілі ў госці пісьменніка Валерыя Квілорыя. І ён з радасцю пагадзіўся сустрэцца і з бібліятэкарамі, і з юнымі чытачамі. Прывёз шмат сваіх кніг, адказаў на пытанні, распавёў цікавыя гісторыі пра літаратуру і пра сваіх калег — дзіцячых пісьменнікаў. Пра гэта паведаміла бібліятэкар Астравецкай дзіцячай бібліятэкі Ганна Кераль.

Вядучы метадыст Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Ала Лялькіна напісала: “У нашай установе працуюць дзве абласныя выставы. Першая называецца “Паясы не толькі для красы” і прэзентуе тканыя і плеценыя паясы ды абярэгі. Другая — “Легенды і паданні Прыдзвінскага краю”. Тут прадстаўлены работы, выкананыя ў розных тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Пра кожны такі твор аўтары распавялі легенду ці паданне ”.

Ганцавіцкая цэнтральная раённая бібліятэка імя Васіля Праскурава арганізавала круглы стол, прысвечаны фарміраванню здаровых звычак у падлеткаў і моладзі. Апрача бібліятэкараў, у мерапрыемстве бралі ўдзел прадстаўнікі райвыканкамаўскіх службаў, грамадскіх арганізацый. Аўтар інфармацыі — Таццяна Маляўка, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу.

У Карэліцкім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці рэгулярна ладзяцца пасяджэнні клуба “Малады спецыяліст”. Падчас чарговай сустрэчы клубныя работнікі падрыхтавалі конкурсную праграму, а маладзёжны савет Карэліцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў — салодкія сувеніры.

1983 год. Былая партызанка Аляксандра Мельнікава прапанавала стварыць у Нясвіжы хор удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Ідэю падтрымалі і жыццё ветэранаў горада набыло новыя фарбы. Менавіта таму хор назвалі “Аптымісты”. Цяпер калектывам кіруе Ірына Латушка. У рэпертуары — песні на беларускай, украінскай, польскай і рускай мовах. Пра гэта паведаміла Раіса Хвір — адна з “Аптымістак”.

Пяты рэгіянальны конкурс майстроў выцінанкі “Папяровыя карункі” прайшоў у Маладзечне. Зарэгістравана 44 удзельнікі (майстры і іх вучні) з Дзяржынскага, Вілейскага, Уздзенскага, Клецкага, Валожынскага, Пухавіцкага, Салігорскага раёнаў. У намінацыі “Высокае прафесійнае майстэрства і мастацкі густ” лаўрэатам стала Сафія Падкарытава з Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Міхала Клеафаса Агінскага.

Піша наш добры сябра з Любані Васіль Каткавец. Яго аповед — пра музыканта, педагога, паэта і кіраўніка ансамбля “Мінскі гармонік” Івана Раманчука. У Асавецкім доме культуры прайшоў творчы вечар, прысвечаны 75-годдзю Івана Мікалаевіча. Пачынаў граць ён яшчэ тады, калі з-за гармоніка не бачна было і галавы выканаўцы. Але праз нейкі час ужо ўпэўнена імправізаваў на тэмы народных мелодый: полькі, вальсы, кадрылі з роднай вёскі Ямінск, а неўзабаве і сам пачаў іх ствараць. Набывае вышэйшую адукацыю, засноўвае свае ансамблі, піша песні, усе апошнія юбілеі адзначае на Любаншчыне.

Навагрудскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці распачаў трэці сезон песеннага шоу “Цудоўная пяцёрка”. За званне самага спеўнага калектыву змагаліся творчыя каманды арганізацый раёна. Найлепшай аказалася “Купалінка” Навагрудскага дзяржаўнага аграрнага каледжа. Навіной падзялілася дырэктар РЦК Наталля Кавальская.

Свіслацкая сельская бібліятэка Гродзенскага раёна сумесна з музеем мясцовай сельскагаспадарчай арганізацыі “Свіслач” правялі квэст “Спазнаем малую радзіму”. Шматэтапная гульня прымусіла юных чытачоў павандраваць па наваколлі, згадаць гісторыю і радавод Пуслоўскіх, землякоў-герояў Вялікай Айчыннай вайны, знакамітых аднавяскоўцаў, а таксама — рамесніцкія прылады ды мясцовы фальклор. Прыгоды чытачоў апісала намеснік дырэктара Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Ганна Сіманенка.

Краязнаўца Алена Ждановіч піша пра мастака Віктара Коласа, які нарадзіўся на Бярэзіншчыне, а цяпер жыве ў ЗША. Малая радзіма — галоўная тэма ў яго творчасці. Ён бездакорна ўзнаўляе вуліцы, храмы, ваколіцы, постаці землякоў. Летась Віктар Анатольевіч сустрэўся з рабочай групай па стварэнні Бярэзінскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея і перадаў будучай установе некалькі сваіх палотнаў.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"