Пачатак вялікай размовы

№ 14 (1349) 07.04.2018 - 14.04.2018 г

“Што такое аўтызм? Для некаторых людзей гэта застаецца толькі словам”, — гаворыць адна з гераінь новага фільма Галіны Адамовіч “Нашы дзеці”. 2 красавіка, у Сусветны дзень распаўсюджання інфармацыі аб праблемах аўтызму, у сталічным кінатэатры “Беларусь” адбылася нацыянальная прэм’ера стужкі вядомай аўтаркі.

/i/content/pi/cult/686/15094/12.jpgСтваралася карціна на базе прыватнай “Першай КінаВідэаКампаніі”, якая выйграла конкурс Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь па вытворчасці неігравога кіно на тэму “актуальныя праблемы сучаснасці” і запрасіла Галіну Адамовіч да супрацоўніцтва. Яго вынікам стала ўжо другая за апошні час стужка рэжысёркі, прысвечаная сацыяльным праблемам. Летась на кінастудыі “Летапіс” была выпушчана праца “Чужое і сваё” пра Беларускі дзіцячы хоспіс, сёлета ў фокусе ўвагі аўтаркі  — аўтызм. А дакладней — яго (ня)бачнае вымярэнне ў нашым грамадстве.

— Тэрміны для вытворчасці кіно былі вельмі сціслыя, — прызналася падчас прэзентацыі карціны Галіна Адамовіч. — Згодна з умовамі, нам былі дадзены ўсяго чатыры месяцы. За гэты час толькі з героямі раззнаёмішся — а ўжо трэба заканчваць.

Таксама ўзніклі ў каманды і іншыя перашкоды. Ад супрацоўніцтва са здымачнай групай адмовіліся прадстаўнікі адмысловых медыцынскіх устаноў, у кампетэнцыі якіх даць каментарый па азначанай тэме.

— Ні на адной карціне мне не даводзілася чуць столькі адмоваў,  — канстатавала рэжысёрка.

У выніку запланаваныя героі адпалі, але з’явіліся іншыя, і галоўнымі персанажамі сталі бацькі асаблівых дзяцей. Фільм пабудаваны на іх гісторыях і шчырых расповедах, а таксама — на невялікіх сюжэтах з паўсядзённага жыцця.

На экране — дзяўчынка, якая б’ецца ў істэрыцы. Мама імкнецца яе суцешыць, але гэта ўдаецца не адразу. Іншая сцэна. Хлопчык кусае тату і крычыць, каб яму паставілі мульцікі. Вось так выглядае паўсядзённасць сям’і, якая мае асаблівых дзяцей.

— Да года ён у нас увесь час крычаў, мы не ведалі, што з ім адбываецца. Амаль не спаў, — распавядаюць бацькі трохгадовага хлопчыка з асаблівасцямі развіцця. — Толькі паўгода таму мы даведаліся дыягназ.

Дзіўная рэч, але бацькі дзетак-аўтыстаў пры іх штодзённым подзвігу не выглядаюць зніштожанымі. Так, часам стомленымі, празмерна засяроджанымі, але пры гэтым — напоўненымі жыццём. “Такое дзіця — гэта дар”, — кажуць героі, прымаючы сваіх малых цалкам і поўнасцю. Мама Надзеі, якая мае складаную форму разладу, мужна вытрымлівае чарговую рэакцыю дачкі. Дзяўчынка праходзіць тэрапію — яна катаецца на кані, і гэтая актыўнасць дапамагае ёй супакоіцца. Аднак каб пасадзіць Надзею ў сядло, даводзіцца памучыцца.

Вось на экране сям’я Бароўскіх распавядае пра ўласны досвед выхавання. Яны глядзяць “Чалавека дажджу” з Дасцінам Хофманам — і разважаюць пра тое, як вядомае кіно карэлюецца з іх жыццём. Рамантычны вобраз героя стужкі Бары Левінсана сапраўды надзвычай далёкі ад хлопчыкаў і дзяўчынак, якіх мы бачым у дакументальнай стужцы. Масавая культура пачала актыўна выкарыстоўваць аблічча дзіўнага чалавека з геніяльнымі здольнасцямі, але праўда жыцця не заўжды такая. Ёсць складаны чалавек, асаблівасці і патрабаванні якога трэба ўлічваць увесь час, круглыя суткі — і гэта выпрабаванне, якога не пажадаеш. Даволі часта перш чым выявіць талент маленькага чалавека, даводзіцца з’есці не адзін пуд солі.

Адна з галоўных персанажаў фільма — актрыса Ганна Хітрык. Салістка “Сундука” і “Дзецідзяцей” распавядае пра свайго сына, які, па словах некаторых спецыялістаў, “ніколі не будзе хадзіць у садок”.

— Сёння Сцёпа ходзіць у падрыхтоўчую школу, і ў яго ёсць улюбёная дзяўчынка, — распавядае Ганна. — Казалі, што гэта немагчыма, аднак… магчыма!

За кожным крокам дзіцяці — неверагодныя высілкі бацькоў. Уласныя распрацоўкі, праца з псіхолагам, невычарпальная цярплівасць. Ды любоў, што “зрушвае горы”. Слухаючы шчырыя расповеды бацькоў, толькі дзіву даешся іх мужнасці і самаадданасці.

Не ведаю, што выйгралі сваім маўчаннем медыкі, якія апякуюць дзетак з аўтызмам. Але ў выніку іх адмовы ў гледача можа скласціся ўражанне, нібы бацькі застаюцца сам-насам са сваёй праблемай.

Ці так гэта насамрэч? Невядома. “Дабіраць” інфармацыю даводзілася ўжо падчас прэм’еры, калі аўтары, гледачы і бацькі звярталіся з пытаннямі да намесніка галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Гарадскога клінічнага дзіцячага псіхіятрычнага дыспансера Мінска, галоўнага пазаштатнага дзіцячага псіхіятра Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Вольгі Літвінавай. Пра статыстыку адносна дзяцей-аўтыстаў па Беларусі, актуальныя кірункі працы медыцынскіх структур, перспектывы інклюзіі дзяцей і дарослых з падобнымі асаблівасцямі.

— Калі мы параўнаем сітуацыю, якая была ў нас пяць гадоў таму з сённяшняй — зрух заўважны, — дала спецыяліст агульную характарыстыку праблеме.

“Нашы дзеці” ў гэтым кантэксце становяцца неабходным “лікбезам” для сучасніка, дазваляючы не толькі ўбачыць штодзённы подзвіг бацькоў асаблівых дзяцей, але і зразумець, што падобны дыягназ — зусім не прысуд. “Шмат бацькоў хаваюць сваіх дзяцей, саромеючыся іх асаблівасці”, — кажуць героі карціны. Фільм, па-сутнасці, агаляе нам толькі вяршыню “айсберга”  — знаёміць з тымі людзьмі, чыя воля прывяла да станоўчых вынікаў, чые дзеці не пакінуты і інтэгруюцца ў грамадства. Але, вядома, ёсць і іншыя гісторыі…

На прэм’еры рэжысёрка прызналася, што пасля занурэння ў тэму ёй захацелася збегчы на край зямлі — настолькі яна падалася цяжкай. На маю думку, “Нашы дзеці” — гэта толькі пачатак распрацоўкі тэмы.

Якім чынам адбываецца штодзённае жыццё падобнай сям’і? З якімі рэакцыямі сутыкаюцца бацькі? Ці ёсць спецыфіка праблемы аўтызму ў нашай краіне? “Нашы дзеці” распачалі размову на дадзеную тэму. Гэта ўступ да больш глыбокага пражывання, якое можа даць кіно.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"