У арт-кантакце з тэатральным космасам

№ 14 (1349) 07.04.2018 - 14.04.2018 г

Рэха ХІІІ Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форуму “М@rt.кантакт” будзе разносіцца яшчэ доўга. Сёлета фэст сабраў такое суквецце лепшых еўрапейскіх спектакляў розных форм і жанраў, што Магілёў стаў месцам паломніцтва сталічнай тэатральнай эліты. Якія ж тэндэнцыі сучаснага тэатра сталі на форуме найбольш заўважнымі?

/i/content/pi/cult/686/15093/11.jpgБез межаў

Немагчыма было не заўважыць прагу да сінтэзу — усяго з усім. З лёгкай рукі аднаго замежнага даследчыка сучасны тэатр пачалі называць постдраматычным. На мой погляд, больш дакладным і ёмістым было б азначэнне “ўніверсальны”. Але не будзем спрачацца з-за тэрміналогіі: многія спектаклі ўтвараюць сапраўдны “тэатр без межаў”.

Уганараваная крытыкамі санкт-пецярбургская “Медэя. Эпізоды” (гл. “К” № 7) утрымлівала спалучэнне элітарнасці і “стадыённасці”, масавай культуры з вечнымі каштоўнасцямі і гуманістычным пасылам. Аспрэчванне еўрыпідаўскай трактоўкі гераіні як забойцы ўласных дзяцей перарастае ў гнеўны выпад маці супраць войнаў і тэрарызму. Нацыянальныя вытокі адлюстраваны ў музыцы (спалучэнне двух саксафонаў з баянам — чым не грузінская фарба?), у грыме, сцэнаграфіі і відэа на вялізным экране (шчодрае на стравы застолле, старадаўняя кніга ў выглядзе лаваша).

Калі трэба было б вылучыць не “падзею форуму”, а “найлепшы спектакль”, пэўна, выбар быў бы іншым. Магілёўскаму паказу бракавала зладжанасці, добрай дыкцыі і гукарэжысуры: словы “глыталіся” настолькі, што сэнс успрымаўся выключна праз іншыя сродкі выразнасці. Падзеяй стала сама ідэя татальнага сінтэзу (ажно да “мульцікаў” і паху свежазгатаванай кавы), што дазволіла спалучыць споведзь і шоу, сур’ёзную размову і панкавую эпатажнасць.

“Цудоўнае і жахлівае” (Славакія) прадэманстраваў вельмі распаўсюджаны ў Еўропе кірунак бязмоўных спектакляў, заснаваных на медытацыйных перформансах-інсталяцыях. І не толькі сам кірунак, але і адзін з яго пікавых узлётаў, калі кожная дробязь мае значэнне, да ўсіх відаў мастацтва далучаецца галіна рэстаўрацыі, а да духоўных вяршыняў — паразуменне бацькоў і дзіцяці. Той жа сінтэз усіх відаў мастацтва, кліпавасці і філасофскага пранікнення ў “абсурдысцкі рэалізм” быў уласцівы беларускаму спектаклю “З жыцця казурак”.

Звернем увагу: усе пералічаныя пастаноўкі можна аднесці да так званых незалежных праектаў, што фарміруюцца вакол апантаных творчых асоб. У Беларусі такі рух трымаецца выключна на энтузіязме ўдзельнікаў — пры тым, што не толькі ў заходнееўрапейскіх, але і ў суседніх краінах распрацаваны магчымасці пераўтварэння праекта ў паўнавартасны тэатр.

Сінтэз мастацтваў узнік не імгненна — ён падрыхтаваны ранейшым развіццём. Пра тое нагадаў “Калодзеж” Мангістаўскага абласнога музычна-драматычнага тэатра, вырашаны ў эпічных традыцыях 1970 — 1980-х гадоў, але з сучаснымі абагульненнямі, калі кожны этнічны элемент набывае шырокае кола асацыяцый, а адна з казахскіх песень аказваецца надзвычай блізкай беларускаму фальклору.

Пластыку ніхто не адмяняў

Пластыкай былі насычаны ўсе спектаклі — не толькі харэаграфічныя. Праўда, маскоўскі балет “Усе шляхі вядуць на Поўнач”, адзначаны летась “Залатой маскай”, пераканаў хутчэй у крызісе сучаснага танца: не ставала лексічных знаходак, распрацаванасці характараў, драматургічнай выбудаванасці. Міжволі ўзгадаліся працы нашага Валянціна Елізар’ева: вось дзе быў брутальны мужчынскі танец!

Затое даўгаўпілская “Блізкасць” харэографа Ірыны Савельевай (яна ставіла танцы ў нашым мюзікле “Мэры Попінс”) прадэманстравала стыльнасць і высокі густ у спалучэнні сontemporary dance з эстраднымі кірункамі, яркае вобразнае мысленне, складаныя масавыя кампазіцыі, пазбаўленыя сінхрону. І глыбокі філасофскі змест, выказаны мовай цела.

Культавыя рэжысёры

Кабарэ “Магадан” Юрыя Паграбнічкі, калі была б такая намінацыя, магло б стаць найлепшым спектаклем фестывалю, пацвердзіўшы сваю “Залатую маску — 2017”. Здавалася б, нічога не адбываецца: сядзяць людзі, спяваюць, штосьці расказваюць, сыходзяць-прыходзяць, на экране раз-пораз з’яўляюцца відэа. Але асобныя пазлы мазаікі раптам складаюцца ў цэласную шматмерную карціну — з гістарычнай вертыкаллю і геаграфічнай гарызанталлю, дзе чэхаўскі “Ванька” (ліст на вёску дзядулю) перагукаецца з турэмным шансонам, а бясконцыя сняжынкі становяцца іерогліфамі-літарамі паслання з нябёсаў.

“Майстар голаду” Эймунтаса Някрошуса сімвалізаваў канец эры метафарычнага тэатра — і адначасова яго неўміручасць. Бо закладзеныя геніяльным рэжысёрам прыёмы (а ў спектаклі ён выкарыстоўвае шмат аўтацытат і спасылак на ўласную творчасць) спарадзілі цэлы кірунак сусветнага маштабу.

“Разенкранц і Гільдэнстэрн” Дзмітрыя Валкастрэлава — наадварот, знаёміў гледачоў з пастаноўчым мінімалізмам, праз які рэжысёр адштурхнуўся ад згаданай у назве п’есы і зрабіў у санкт-пецярбургскім ТЮГу спектакль паводле… тэкстаў з адрыўных календароў: ад 9 верасня 1984-га да 15 лютага 1985-га, калі ішоў цыкл шахматных матчаў паміж Анатолем Карпавым і Гары Каспаравым, што скончыўся ўнічыю.

Пасля такой літаратурнай асновы можна без здзіўлення ўспрымаць тое, што монаспектакль “Спераду і ззаду” з Любліна пастаўлены паводле дысертацыі, прысвечанай падзелам Рэчы Паспалітай. Артысту Матэвушу Новаку даводзілася пераўвасабляцца ва ўсіх гістарычных асоб — ад Станіслава Аўгуста Панятоўскага да Кацярыны Вялікай.

Асаблівая падзяка арганізатарам за тое, што на форум запрасілі зорнага расійскага рэжысёра, прафесара Генадзя Трасцянецкага. Ён правёў майстар-класы па акцёрскім майстэрстве (а яго жонка Ларыса Шурынава — па сцэнічнай мове). А спектакль “Андрэй Платонаў. Карова”, пастаўлены студэнтамі піцерскай майстэрні Трасцянецкага, стаўся дадатковым рэжысёрскім майстар-класам па развіцці вобразнага мыслення.

Нашы ў замежжы

Дарэчы, у майстэрні Трасцянецкага займаецца і наша Каміля Хусаінава, якая пачынала навучанне ў Беларускай акадэміі мастацтваў і нават выконвала ролю старога ў студэнцкім монаспектаклі “Апошняя стужка Крэпа”. На “М@rt.кантакце” за чатыры дні яна паставіла эскіз “Жоўты пясочак” паводле Васіля Быкава — з выразнай рэжысёрскай ідэяй, яркімі візуальнымі вобразамі. Недзіва, што ёй прапанавалі надалей паставіць той спектакль цалкам. Гатовы запрасіць яе і на пастаноўку ў Маладзечна. Але ж ці вернецца яна ў Беларусь пасля заканчэння ГИТИСа?

Аляксей Размахаў родам з Беларусі, але пасля заканчэння вучобы ён застаўся ў Расіі. Монаспектакль “Два”, створаны ім разам з мастаком Піліпам Вінаградавым, падобны да займальнай лекцыі: сціслы пераказ “Гора ад розуму” спалучаецца з аповедам пра Грыбаедава. Замест сцэнаграфіі і артыстаў — іх увасабленне на гаджатах.

Тэме “нашых у замежжы” быў прысвечаны спектакль “Москаў дрымін”. Рэжысёр і выканаўца цэнтральнай ролі Аляксей Кузміцкі разам з дзвюма дзяўчатамі, таксама з Цэнтра эксперыментальнай драматургіі БДАМ, якія заўзята ігралі ўсе астатнія ролі, выпраменьвалі непадробны драйв. Пэўны “гламур”, скарочана-спрошчанае дасягненне шчаслівага фіналу і агульная эйфарыя ў падачы матэрыялу дыктаваліся самой п’есай нашага Віталя Каралёва.

Чарговым сведчаннем таго, што сучасная беларуская драматургія даўно знайшла прызнанне ў замежжы, сталі два фестывальныя спектаклі. “Ураджай” Паўла Пражко быў інтэрпрэтаваны ў Маскоўскім губернскім тэатры як камедыя-прытча і выклікаў дыскусію сярод крытыкаў: адны ўбачылі ў ім “катаванне пошласцю”, іншыя — новыя сэнсы. Праз жывы аркестр, які ўвесь час знаходзіцца на сцэне, балетны пачатак і далейшае пераапрананне герояў выбудаваўся відавочны гістарычны кантэкст, а чацвёра персанажаў сталі праецыравацца на розныя сацыяльныя тыпажы.

З асаблівай цікавасцю чакалася новае ўвасабленне п’есы Дзмітрыя Багаслаўскага “Ціхі шолах сыходзячых крокаў”, якая ставілася і ў РТБД, і Купалаўскім тэатры. У кіеўскім тэатры “Залатыя вароты” яна ідзе з іншай назвай — “Тата, ты мяне любіў?” Рэжысёр Стас Жыркоў п’есу значна перапрацаваў, прычым не толькі за кошт скарачэння. Спектакль вельмі глыбока, амаль на фрэйдаўскім узроўні закрануў тэму бацькоў і дзяцей, іх стасункаў і любові. Пранік у таямніцы падсвядомасці, адштурхнуўшыся ад біблейскага трыадзінства. Калодзеж, які неаднаразова згадваецца ў тэксце, стаў сімвалам не часу і вечнасці, а чалавечай памяці. А новы рэжысёрскі стыль, заўважаны ў пастаноўшчыка, крытыкі назвалі “сназнаўчым рэалізмам”.

Офісныя мроі

Якая тэма больш за ўсё зацікавіла моладзь? Мяркуючы па галасаваннях (у тым ліку, у Інтэрнэце), офіснае жыццё, хаця некаторыя крытыкі сумняваліся ў яго актуальнасці для абласнога цэнтра. Гэтай тэме прысвечаны “Пустэча” з Цверы і “Метад” з Гомеля. Цікава, што першы згаданы спектакль пастаўлены ў ТЮГу, другі — у гарадскім маладзёжным тэатры. Вось што значыць адчуць сваю мэтавую аўдыторыю!

Моладзь сур’ёзна задумваецца пра сваю далейшую працу, кар’ерныя магчымасці і пасткі — і робіць гэта, у тым ліку, праз убачаныя спектаклі, што не можа не радаваць. Ці ж не ў тым прызначэнне маладзёжнага форуму? Закцэнтаваць маладыя творчыя сілы, захаваць пераемнасць мастацкага вопыту, параўнаць свае здабыткі з лепшымі сусветнымі, нарэшце, выхаваць новыя пакаленні ўдумлівых гледачоў. Магілёўскі “М@rt.кантакт” выконвае гэта на ўсе сто!

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"