Калі і балкон Коласа — таксама выйсце з форс-мажору...

№ 14 (1349) 07.04.2018 - 14.04.2018 г

Тысяча вогнетушыцеляў у бібліятэцы: многа ці мала?
Вядомая прыказка пра тое, што агонь жартаў не даруе, была, ёсць і будзе актуальнай заўсёды. Асабліва калі гаворка ідзе пра ўстановы культуры, дзе збіраецца шмат людзей самых розных узростаў. Ды і нядаўні жахлівы па сваіх наступствах пажар у гандлёвым цэнтры горада Кемерава робіць тэму пажарнай бяспекі як ніколі надзённай. Адпаведна, ідэя прайсціся па ўстановах культуры Мінска, каб пабачыць на свае вочы метады і сродкі барацьбы з агнём, узнікла ў рэдакцыі не на пустым месцы.

/i/content/pi/cult/686/15090/6.jpg750 кранаў і 950 вогнетушыцеляў

Калі набраць у інтэрнэт-пашукавіку словы “пажар” і “бібліятэка”, на першых радках будзе інфармацыя пра здарэнне, якое адбылося яшчэ ў студзені 2015 года ў бібліятэцы акадэмічнага Інстытута навуковай інфармацыі па грамадскіх навуках у Маскве. Нагадаю, тады згарэла больш за 5 мільёнаў кніг, будынак “кніжніцы” дасюль не ўведзены ў эксплуатацыю, а працэс рэстаўрацыі ацалелых выданняў яшчэ працягваецца.

У нас такіх гучных прэцэдэнтаў, дзякаваць Богу, не было. Згодна з інфармацыяй Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, ва ўстановах сферы ладзяцца практычныя заняткі па эвакуацыі супрацоўнікаў пры задзейнічанні пажарнай сігналізацыі, навучанні карыстанню першаснымі сродкамі пажаратушэння. Ды і самі вогнетушыцелі закупляюцца ў належнай колькасці.

Праведзены таксама кантрольныя праверкі супрацьпажарнага стану аб’ектаў культуры, у тым ліку паддашкавых і падвальных памяшканняў, прыняты неабходныя меры па даўкамплектаванні першаснымі сродкамі пажаратушэння. На аб’ектах культуры ўстаноўлены пасты аховы Дэпартамента падраздзяленняў аховы МУС Рэспублікі Беларусь. Пры рэстаўрацыйных працах або капітальным рамонце робіцца мадэрнізацыя сістэм ахоўнай сігналізацыі, на ўваходах усталёўваюцца металадэтэктары і сістэмы відэаназірання.

Але, на жаль, належная праца вядзецца пакуль не ва ўсіх установах. Згодна з інфармацыяй, атрыманай “К” з Міністэрства культуры, у 2016 годзе (за мінулы год зводнай інфармацыі пакуль няма) колькасць аб’ектаў сферы культуры Беларусі, на якіх адсутнічала ці была няспраўнай сістэма аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі, перавышала 1700. У 17 установах культуры Міншчыны было няспраўнае пячное ацяпленне. Акрамя таго, на 56 аб’ектах культуры адсутнічала ці было няспраўным вонкавае супрацьпажарнае водазабеспячэнне — хаця згодна з нарматывамі яно там патрабуецца.

Як бачна, нагоды для засцярогі ёсць, і самыя пільныя. Таму першы свой візіт — амаль што ў якасці несапраўднага інспектара пажарнай аховы накшталт Астапа Бэндэра — я запланаваў у галоўную “кніжніцу” краіны. Будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ўнесены ў спіс крытычна важных аб’ектаў (КВА) для краіны. У яго сценах з ранку да вечара знаходзяцца тысячы супрацоўнікаў і наведвальнікаў. Таму і ахове пажарнай бяспекі тут надаецца самая пільная ўвага.

— Нягледзячы на тое, што сёння мы жывём у эру высокіх тэхналогій, а сістэмы, якія забяспечваюць работу Нацыяналкі, — гэта разумныя аўтаматызаваныя праграмы і прыстасаванні, яны ўсё адно патрабуюць належнага кантролю з боку чалавека, — так пачаў экскурсію па сходах і пераходах “кніжніцы” намеснік начальніка службы бяспекі і рэжыму Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Уладзімір Бурачэўскі.

І гэта, як я ўпэўніўся на свае вочы, не проста словы. Уявіце: у будынку Нацыяналкі знаходзіцца 750 пажарных кранаў, каля 950 вогнетушыцеляў, а таксама задзейнічана 11 сістэм тэхнічнай бяспекі, прычым 7 з іх — пажарныя. Усе гэтыя сістэмы ўзаемазвязаны паміж сабой. Адпаведна, які-небудзь збой у адной з іх можа прывесці да памылкі ў рабоце іншай. Таму без удзелу адказных людзей — прафесіяналаў высокага класу, многія з якіх маюць досвед працы ў падраздзяленнях МНС, — функцыянаваць гэтыя сістэмы належным чынам наўрад ці змаглі б.

24 гадзіны на суткі

Па гэтай прычыне Уладзімір Бурачэўскі павёў мяне ў дыспетчарскую, якая месціцца на першым паверсе бібліятэкі. Менавіта туды адпраўляецца ўся інфармацыя пра тое, што адбываецца на 23 паверхах “кніжніцы” ў галіне бяспекі, у тым ліку — пажарнай. Спецыялісты адсочваюць сітуацыю 24 гадзіны на суткі і гатовыя па трывозе не толькі аб’явіць усім пра пажар ці прыступіць да яго ліквідацыі, але і кіраваць эвакуацыяй людзей.

Непадалёк знаходзіцца і кабінет, дзе адбываюцца інструктажы супрацоўнікаў, якія паступаюць на працу ў Нацыяналку.

— Колькі б чалавек ні працавала ў бібліятэцы — больш за тысячу, як у нашай, ці два-тры, як у сельскай — веды пра пажарную бяспеку адказныя людзі павінны данесці да кожнага з супрацоўнікаў, — перакананы Уладзімір Бурачэўскі. — А пасля яшчэ сістэматычна нагадваць пра гэта — што, на маю думку, ніколі не будзе залішнім.

/i/content/pi/cult/686/15090/7.jpgСапраўды, кантроль тут на вышыні: у Нацыяналцы два разы на год ладзіцца правядзенне трэніровачных заняткаў для персаналу па эвакуацыі з будынка, а таксама арганізоўваюцца пляцоўкі, дзе кожны ахвотны можа засвоіць ці паўтарыць правілы карыстання вогнетушыцелямі.

Менавіта для эвакуацыі ў экстранным выпадку прызначаны адмысловыя пераходы, якія цягнуцца адразу з двух бакоў будынка — з 1 па 23 паверх. Наведвальнікі пра іх існаванне нават і не здагадваюцца — і, хочацца верыць, не даведаюцца ніколі. А вось для мяне зладзілі адмысловую экскурсію.

Тыя сходы ізаляваныя ад іншых памяшканняў бібліятэкі. Каб уратавацца пры пажары, трэба толькі патрапіць на эвакуацыйны лесвічны пераход — і можна без усялякай боязі спусціцца хоць з 23-га, хоць з 2-га паверха Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі проста да выхаду. Агонь у гэтым не перашкодзіць.

Але гэта, так бы мовіць, толькі вяршыня айсберга. Пры пажары ўсе — і супрацоўнікі, і наведвальнікі — будуць у першую чаргу спадзявацца на водную і газавую сістэмы пажаратушэння, размешчаныя на ніжніх і на верхніх паверхах Нацыяналкі. Гэтыя прыстасаванні настолькі “разумныя”, што самі могуць патушыць пажар як з дапамогай вады (на першых трох паверхах), так і спецыяльнага газу (на паверхах з 4-га па 23-ці, дзе ў асноўным і захоўваюцца кнігі, у тым ліку і вельмі каштоўныя). У другім выпадку, натуральна, прадугледжана яшчэ адна сістэма кантролю за тым, каб людзі змаглі пакінуць памяшканні, куды будзе пададзены газ.

Паказалі мне і станцыю, дзе ідзе запампоўка аптымальнага ціску вады для тушэння пажару, і станцыю, дзе захоўваюцца 64 балоны, гатовыя ў любы момант аўтаматычна запусціць газ у адзін з сектараў, у якім адбываецца пажар. Па спецыяльных трубах газ дастаўляецца ў патрэбнае памяшканне, а там ужо ўсё астатняе робіць тэхніка.

У Нацыяналцы пераконваешся, што высокія тэхналогіі сёння з поспехам прымяняюцца і пры тушэнні пажараў, проста дзеля забеспячэння бяспекі наведвальнікаў і супрацоўнікаў рэжымных аб’ектаў краіны.

Як паведамілі мне ў Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, практычныя заняткі па эвакуацыі супрацоўнікаў былі не так даўно праведзеныя і на кінастудыі “Беларусьфільм”, у Беларускай дзяржаўнай філармоніі, Мінскім дзяржаўным мастацкім каледжы імя А. К. Глебава, іншых установах і арганізацыях культуры. Падчас такіх інструктажаў супрацоўнікі МНС горада вучылі работнікаў культуры карыстацца і першаснымі сродкамі пажаратушэння.

А ты выключыў камп’ютар?

Памятаю, колькі гадоў таму я ездзіў у камандзіроўку ў Жыткавіцкі раён Гомельскай вобласці, дзе за пару дзён да майго прыезду ў адным з сельскіх дамоў культуры адбыўся пажар. Першай прычынай, з-за якой агонь мог распаўсюдзіцца ў будынку, адказныя асобы тады называлі няспраўную праводку.

Натуральна, не мог не запытацца пра кантроль за станам праводкі і ў Нацыяналцы. Бо кожнаму зразумела: чым большая ўстанова, тым, як правіла, тут больш электрычнасці. Як мне патлумачылі, электразабеспячэнне Нацыянальнай бібліятэкі — 3 падстанцыі і 2 трансфарматары.

— Кожны дзень наша служба энергетыкі абыходзіць памяшканні бібліятэкі, старанна сочачы за працай усіх камунікацый, — распавядае Уладзімір Бурачэўскі. — Я ведаю выпадкі, калі нават непрацоўны камп’ютар, уключаны ў разетку, мог загарэцца. Таму акрамя праверкі электрасетак, праводкі і гэтак далей, у нас існуе строгая забарона на выкарыстанне электрапрыбораў супрацоўнікамі па-за ўстаноўленымі месцамі.

З гэтай прычыны ў бібліятэцы абсталяваны і працуюць спецыяльныя пакоі для прыёму ежы, дзе знаходзяцца электрачайнікі і мікрахвалёўкі, якімі тут можна карыстацца ў любы час. А вось у рабочых памяшканнях такога паводле інструкцыі рабіць нельга. Не трэба і казаць, што па завяршэнні працоўнага дня ўсе камп’ютары, прынтары і іншае электраабсталяванне павінна быць адключана ад электрасеткі. За гэтым зазвычай сочаць адказныя асобы з ліку саміх супрацоўнікаў у кожным кабінеце ці памяшканні бібліятэкі.

І апошняе, на што хацелася б звярнуць увагу. На ўсіх паверхах Нацыяналкі, у многіх калідорах, па якіх мы праходзілі з Уладзімірам Бурачэўскім (дадам, што без суправаджэння я б тут сапраўды заблукаў — настолькі шмат гэтых пераходаў і калідораў), усталяваны трывожныя кнопкі і тэлефонныя апараты, з дапамогай якіх любы чалавек можа адразу звязацца з дыспетчарскай і паведаміць пра пажар. Бо кожнаму зразумела, што галоўным момантам паспяховай барацьбы з любым пажарам з’яўляецца яго своечасовае выяўленне, перадача сігналу трывогі і выклік пажарных. А чалавечы фактар, нягледзячы ні на якую аўтаматыку і найноўшыя сістэмы кантролю, як вядома, ніхто не адмяняў.

Тры ўваходы і інстуктаж

Пасля Нацыяналкі я завітаў і ў іншыя ўстановы культуры. У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа мне адразу кінуліся ў вочы аўтаматычныя апавяшчальнікі, якія былі ўсталяваны на столі той залы, куды наведвальнік заходзіць з вуліцы.

— І такія апавяшчальнікі ўсталяваны ў нас у кожным памяшканні, — патлумачыла намеснік дырэктара ўстановы Святлана Шымановіч. — Таксама ў кожнай з музейных залаў стаяць вогнетушыцелі, а на першым і другім паверхах маюцца ручныя пажарныя апавяшчальнікі. Карацей, да надзвычайных здарэнняў мы гатовыя заўсёды.

Цікава, што эвакуацыйных выхадаў ва ўстанове культуры — не адзін, а цэлых тры. Мабыць, так і павінна быць. Будынак музея, як вядома, двухпавярховы, і тут часам збіраецца шмат людзей — скажам, у Ноч музеяў ці на якую-небудзь іншую імпрэзу. Пры неабходнасці з музея можна нават выбрацца праз балкон, што размешчаны на другім паверсе адразу каля лесвіцы: скакаць адтуль не надта высока. Але гэты варыянт, як кажуць, на крайні выпадак.

Да слова, стары будынак, у якім жыў класік беларускай літаратуры, змяшчае ў сабе шмат драўляных частак. Таму яны пастаянна апрацоўваюцца спецыяльнымі вогнеахоўнымі рэчывамі. У тым ліку — і ў падвале будынка.

— Такімі рэчывамі апрацоўваюцца драўляныя будынкі і ў нашых філіялах, — запэўніла Святлана Шымановіч. — Таксама пастаянна ладзім інструктажы і заняткі для сваіх супрацоўнікаў, прысвечаныя пытанням пажарнай бяспекі.

Дадаць тут, бадай, няма чаго. Пажарная бяспека ў доме-музеі, знакавым для кожнага беларуса, павінна заўсёды быць на вышыні. Іншага і ўявіць немагчыма.

Ключ заўсёды ў дзвярах

Тры выхады ёсць і ў дзіцячай бібліятэцы №10, што месціцца не так далёка ад Нацыяналкі. Як кажа дырэктар установы Людміла Лустава, усе яны зачынены (каб хто чужы з вуліцы не патрапіў), але ў замках з унутранага боку заўсёды ўсунутыя ключы. Таму пры ўзнікненні небяспечнай сітуацыі кожны можа выбрацца па лесвічных праходах з будынка бібліятэкі без асаблівых праблем.

Я таксама спусціўся па гэтых сходах уніз (сама бібліятэка месціцца на другім паверсе). Як кажуць, каб паспытаць на свае вочы, ногі і рукі. Таму кажу ўпэўнена і з веданнем справы: ад пажару ў дзіцячай бібліятэцы наведвальнікі сапраўды могуць уратавацца праз лесвічныя сходы.

У бібліятэцы ёсць і пажарныя краны (адзін з іх месціцца непадалёк ад кабінета дырэктара), а таксама сістэма апавяшчэння і засцеражэння ад агню “Маланка”. Сігнал аб тым, што пачаўся пажар, яна падае на пульт бліжэйшай пажарнай часткі.

Сістэму штомесяц правяраюць адпаведныя службы, так што кантроль за гэтай справай тут наладжаны на самым высокім узроўні. Таксама для работнікаў установы ладзяцца інструктажы і заняткі пад кіраўніцтвам супрацоўніка МНС Аляксея Грышкевіча. Мне нават прадэманстравалі фота тых заняткаў ды інспекцый. Бачна, што спадар Грышкевіч тут часты і жаданы госць. І не сумняюся ў тым, што ўсе яго інструкцыі ды меркаванні ўлічваюцца бібліятэкарамі падчас іх працы.

На свае вочы пераканаўся: у тых установах культуры Мінска, у якіх здолеў пабываць цягам аднаго дня, пра ахову ад пажару не забываюць, пільна за ёй сочаць і робяць усе неабходныя захады, каб тыя пажары прадухіліць. Мяркуючы па сваіх камандзіроўках, магу сказаць тое самае і пра многія дамы культуры ды бібліятэкі ў рэгіёнах.

Як распавёў дырэктар сельскага дома культуры вёскі Плябанаўцы Ваўкавыскага раёна Аляксандр Бабін, у яго невялікай установе ёсць ажно сем вогнетушыцеляў, функцыянуе сістэма апавяшчэння аб пажары. Праўда, самой пажарнай часткі ў вёсцы, на жаль, няма. Таму, калі здарыцца бяда, да яго ўстановы давядзецца ехаць прыкладна каля 10 кіламетраў. Дык лепей тую бяду перадухіліць.

Як запэўніў мяне Аляксандр Бабін, пытанням пажарнай бяспекі ён надае самую пільную ўвагу. Ды і не дзіва: як ужо пісала “К”, у гэтую сельскую ўстанову культуры на дыскатэкі наведваецца штосуботу блізу 200 чалавек, а часам бывае і ўсе 300. Так што клапаціцца пра бяспечны адпачынак сваіх наведвальнікаў тут, як кажуць, сам Бог загадаў.

Мяркую, такімі ж прыярытэтамі ў сваёй дзейнасці кіруюцца і іншыя дырэктары ўстаноў культуры краіны. І хай гэта будзе не вялікая сталічная бібліятэка, а маленькі сельскі клуб ці філіял школы мастацтваў, зразумела адно: бесклапотным у справе аховы ад пажараў не мае права быць ні супрацоўнік установы, ні шараговы наведвальнік. Бо яшчэ раз паўтару прапісную ісціну: агонь памылак не даруе.

І апошняе. Як вынікае з інфармацыі, змешчанай на сайце Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, нядаўняя праверка 160 гандлёва-забаўляльных цэнтраў і іншых аб’ектаў, якія прадугледжваюць масавае наведванне — у тым ліку і ўстаноў культуры — выявіла 1062 парушэнні патрабаванняў бяспекі, 71 з якіх стварае пагрозу ўзнікнення надзвычайных сітуацый. Так што сцвярджаць, быццам у сферы бяспекі (у тым ліку — і пажарнай) ва ўстановах культуры Беларусі няма істотных праблем, на жаль, пакуль не выпадае. Таму “К” і надалей будзе прысвячаць шэраг матэрыялаў гэтай актуальнай тэме, скіраваўшы ўвагу не толькі на сталічныя, але і на рэгіянальныя ўстановы.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"