Абутак княгіні не пасуе бізнес-лэдзі

№ 25 (843) 21.06.2008 - 27.06.2008 г

Ёсць такое назіранне: калі чалавек вас зацікавіў, вы абавязкова зірнеце на яго абутак. Мабыць, менавіта таму аглядаць цікавую асобу пачынаюць па вертыкалі: з абутку да галавы і назад. Французы нават вывелі формулу: хочаш зразумець, хто перад табой — зірні на прычоску і абутак. Прычоска скажа, што чалавек думае сам пра сябе, а абутак — дагледжаны ці драны, класічны ці эпатажны, чысты ці брудны — што ён сабой уяўляе на самой справе. Так што чырвоны пантофлік на высокай тонкай шпільцы можа расказаць пра яго ўладальніцу больш, чым самы красамоўны расповед.

 /i/content/pi/cult/165/1509/Pantofli1.jpg

Жаночыя пантофлі. Апошняя чвэрць XVIII ст.

Усе дарогі пачынаюцца з лапцей
Якімі б небагатымі былі гараджанкі з нашых продкаў — усе яны насілі скураны абутак, што быў даволі дарагім у параўнанні з лапцямі. Ні пісьмовыя крыніцы, ні археалагічныя знаходкі не ўтрымліваюць звестак пра плеценыя ліпавыя ці лазовыя лапці ў гарадах, што было характэрна для сельскага насельніцтва. З найбольш старажытных “фасонаў” жаночага абутку гісторыя ўзгадвае так званыя поршні: лапці з суцэльнага кавалка скуры, краі якога загіналі вакол ступні, а ў дзірачкі па краі прасоўваліся раменчыкі для мацавання да нагі. Да XIV стагоддзя абцаса ў такім абутку, натуральна ж, не было. А з’явіўся ён не “рэвалюцыйным”, а “эвалюцыйным” метадам, калі сталі падкладваць пад пяту дадатковыя скураныя пласцінкі, якія з цягам часу ператварыліся ў наборны скураны абцас.
Сялянскі абутак быў не менш складаны, але і прымітыўны адначасова: на выраб адной пары лапцей патрабаваліся тры-чатыры двухметровыя маладыя ліпкі, а насілася такая пара ўсяго тыдзень.
Быў у гардэробе нашых продкаў-сялян і скураны абутак— лапці, чаравікі і боты; а летам можна было абыходзіцца і без усялякага абутку. Вядомы такі факт: у некаторых палескіх вёсках жанчыны, нават калі хадзілі босыя, лыткі ног абгортвалі палатнянымі анучамі, шчыльна абвіваючы імі нагу да калена. Гэта засцерагала ногі ад калючых раслін пад час жніва, а восенню — ад халоднага ветру. Дарэчы, так хадзілі і балгарскія жанчыны таго часу.
Абутак заможных людзей, гараджан, шляхты быў разнастайны з даўніны, ён пераймаў усе модныя тэндэнцыі ў абутку заходніх краін. Напрыклад, археалагічныя матэрыялы розных гарадоў Беларусі сведчаць, што з другой паловы ХІІІ стагоддзя насок у абутку пачынае звужацца, а ў наступнае стагоддзе набывае тыпова гатычную выцягнутую форму. Гэтак жа аблічча абутку трансфармавалася і далей пад уплывам новых заходніх стыляў. Цікава, што жанчыны вышэйшых слаёў Вялікага княства Літоўскага, як і Рэчы Паспалітай, у XVII— XVIII стст. насілі і абутак без заднікаў на высокім абцасе — правобраз сённяшніх басаножак, якія, тым не менш, сёння з’яўляюцца недапушчальнымі ў рэспектабельным дзелавым асяродку.
Маленькія жаночыя ступні заўсёды, як і сёння, лічацца вельмі прывабнымі і эстэтычна прыгожымі. Каб звузіць і візуальна паменшыць іх яшчэ больш, прыгажуні ў XVIII стагоддзі апраналі пантофлікі ці боцікі з вялікімі спражкамі, у параўнанні з якімі ножка выдавала больш тонкай. Для гэтага эфекту абцас пачалі рабіць увагнутым, калі глядзець ззаду, а выгнутая падэшва толькі самым краем мыска дакраналася да падлогі, што дазваляла жанчыне пакідаць вельмі маленькія сляды.
 /i/content/pi/cult/165/1509/Pantofli2.jpg

Заднікі такіх туфлікаў і боцікаў, падклееныя кардонам, хутка крывіліся, і іх даводзілася часта мяняць. Дарэчы, з гэтай “абутковай” прычыны ўсе танцы першай паловы XVIII стагоддзя былі павольнымі і складаліся з рытмічных рэверансаў і паклонаў. А найбольш папулярным у гэты час быў паланез, галоўнай тэмай якога было выказванне павагі партнёру, захаплення і замілавання прыгожай дамай. Сярод фігур гэтага танца-шэсця была і такая, калі кавалер, што танцаваў у першай пары, станавіўся перад партнёркай на калена, здымаў з яе нагі боцік, ставіў у яго келіх з віном і піў за яе здароўе. Тое ж рабілі кавалеры ўсіх астатніх пар.
Чорны і белы абутак з’явіўся ў гардэробе жанчын толькі 200 гадоў таму. Дагэтуль ён меў рознакаляровы дызайн. Цяпер чорны абутак — гэта найбольш запатрабаваная класіка. Элегантныя туфлі-лодачкі з глыбокім выразам, на абцасе, засцежкай на раменьчык і гузік з’явіліся ў беларускім ужытку 80 гадоў таму, а “шпількі” — у 1950-х, не маючы жадання і сёння выходзіць са зменлівай моды.
Высокія задачы летняга абутку
Калі казаць пра сённяшнюю моду, дык у ёй валадарыць высокі абцас, які робіць профіль ног больш доўгім і выразным. Вітаецца, калі яго вышыня павялічваецца за кошт платформы, а калі мае незвычайную дызайнерскую форму — дык гэта ўвогуле ружовая мара самай вялікай модніцы з любой часткі свету. Такія абцасы — сапраўдныя творы мастацтва, якія ператвараюць чарговы паказ сусветных абутковых фірм у чаканне: а што вось той ці іншы дызайнер гэтым разам вылепіў з формы, каб абысці ўсіх сваіх калег і прымусіць гаварыць журналістаў толькі пра яго?..
 /i/content/pi/cult/165/1509/Pantofli3.jpg
Другая модная зона дызайну адзення — гэта шчыкалатка, якая таксама дае прастору для дэманстрацыі фантазіі мастакоў. Тыя спрабуюць упрыгожваць яе рознымі формамі раменьчыкаў, фантазійнай шнуроўкай, незвычайным, дзіўнаватым пляценнем, абкручваюць шырокімі палосамі дэкарыраванай скуры, пакідаючы насок аголеным. Усё гэта таксама модна гэтым летам, як і супер-гіперплатформа ў стылі 1970-ых.
Для больш “прыземленых” спадарынь мода падрыхтавала абутак на плоскім абцасы, зважаючы на тых, каму прынцыпова важна шмат хадзіць, што цяжка рабіць на высокіх абцасах і платформах. Такія туфлі ў гэтым сезоне маюць строгі, крыху спартыўны стыль, звужаны і крыху падоўжаны мысок.
Каб нівеляваць аскетызм формы, матэрыял у гэтым выпадку выбіраецца з бляскам металіку ці лаку. Ну, а скура рэптылій ці яе імітацыя — гэта матэрыял нумар адзін у практычна любым фасоне абутку.
Важным паказчыкам правільнага абутку, акрамя адпаведнасці модзе і месцу ўжывання, з’яўляюцца яшчэ практычная зручнасць і гармонія з прапорцыямі цела і касцюмам жанчыны. Напрыклад, успрыняцце масы і памеру часта залежыць ад колеру: абутак цёплых і светлых адценняў падаецца больш аб’ёмным у параўнанні з цёмным ці халодным колерам.
Апошнія візуальна падаўжаюць ступню і павялічваюць аб’ём ікры, прытым, што цёмныя звычайна нівелююць, карэкціруюць некаторыя асаблівасці формы нагі.
Памылкова меркаваць, што колер абутку павінен дакладна адпавядаць колеру галаўнога ўбору, сумкі, пальчатак і іншых аксесуараў, напрыклад, чырвоная сукенка ў спалучэнні з белымі аксесуарамі, капялюшыкам і абуткам.
Калі белы рэмень, сумка і пальчаткі рытмічна арганізуюць досыць вялікую чырвоную
 /i/content/pi/cult/165/1509/Pantofli4.jpg

Пантофлікі. Сярэдзіна XVIII ст.

пляму сукенкі, а белы капялюш дадае класічнай элегантнасці, дык белы абутак візуальна скароціць фігуру і, да таго ж, павялічыць аб’ём ступні. Таму ў дадзеным выпадку пераважаюць туфлі не белага, а чырвонага колеру, што зробіць вобраз больш дынамічным.
Таксама ўважліва варта ставіцца і да формы абутку. Прыкладам, статныя жанчыны становяцца яшчэ больш “манументальнымі” на тонкай “шпільцы”.
Для іх дызайнеры прапануюць шырокі, статычны абцас, які не будзе карыкатурна выкрываць кантрасты форм. А модныя ў гэтым сезоне раменьчыкі, калі яны размеркаваны па шчыкалатцы і ступні гарызантальна, могуць аказацца дрэннымі служкамі, скараціўшы даўжыню нагі. Хаця невысокая гарызантальная шнуроўка ці нізкія палоскі і раменьчыкі толькі ўпрыгожаць жаночыя ножкі. 

Святлана КАСЯЧЭНКА