Нябеснае ў зямным

№ 14 (1349) 07.04.2018 - 14.04.2018 г

Ужо дзявяты раз невялікае польскае мястэчка Навіцы сабрала больш за 40 мастакоў з Польшчы, Беларусі, Украіны, Літвы і, упершыню, з Румыніі. Два тыдні яны працавалі ў тым экалагічна чыстым рэгіёне і, як пажартавалі куратары праекта Катажына Якубоўска і Матэвуш Сора, яшчэ і культурна чыстым. “Абожанае цела” — выстава па выніках пленэру, якая традыцыйна ездзіць потым па розных краінах. У Мінску яна завершыцца пасля велікодных святаў.

/i/content/pi/cult/686/15088/3.JPGПленэр у Навіцы выяўляе іканапісныя традыцыі памежных дзяржаў і новыя тэндэнцыі, што прасочваюцца ў розных краінах. Кожны з удзельнікаў малюе па-свойму. Абавязковая ўмова — толькі прафесіяналізм і высокі мастацкі ўзровень.

— Часам іконы з экспазіцыі адразу накіроўваюцца ў храм, — распавёў на той час дырэктар галерэі “Універсітэт культуры” Павел Сапоцька. — А сам пленэр — не столькі творчы праект, колькі паўнацэнны дыялог аўтараў. Яны адлюстроўваюць у рэчышчы рэлігійнай культуры тое, што лічаць важным і патрэбным. Многія творы наватарскія і смелыя. І што яшчэ важна — поліканфесійнасць. Наша выстава праходзіць пры падтрымцы як Беларускай праваслаўнай царквы, так і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-каталіцкага касцёла Беларусі.

Некаторыя іконы з выставы зроблены ў вельмі сучаснай манеры, і законы пленэру гэта дазваляюць. Аднак, як сведчаць самі іканапісцы, пэўныя межы ўсё ж ёсць, і мастакі іх усведамляюць самі.

— Гэта відаць нават па экспазіцыі, — гаворыць кіраўнік Мінскай іканапіснай майстэрні Ikonique і ўдзельнік пленэру ў Навіцы Віктар Доўнар. — Калі даць волю фантазіі мастака, яна можа прывесці нават да адмаўлення галоўнай функцыі іконы — сакральнай. Мы адлюстроўваем вобраз, які прадугледжвае першавобраз, мы выяўляем пазамежны свет. А які ён — ніхто не ведае. Таму мастакі разам з багасловамі вызначылі пэўныя законы. Калі выйсці за іх межы, то атрымліваецца фантазія.

Ікона прадугледжвае спалучэнне зямнога і нябеснага, непазнавальнага. Для Віктара Доўнара гэтая задача складаная і простая адначасова:

— Мяркую, ікона павінна быць зразумелай і прафесару, і бабулі, якая прыйшла памаліцца. А як гэта зрабіць? Што такое вобраз і як мы павінны да яго ставіцца? Іўдзеі кажуць, што Бога адлюстроўваць нельга. Але Бог Ісус Хрыстос прыйшоў да нас у вобразе чалавека, і таму ён на іконе. У Беларусі ёсць шмат абразоў непрафесійных, але вельмі шчырых, душэўных, і нельга не назваць іх іконамі. Або ўзгадаем пскоўскія народныя абразы, вельмі спрошчаныя, наіўныя, калі майстар адлюстроўваў святых, не маючы прафесійных навыкаў: ён маляваў так, як распісваў калаўроты ці іншыя побытавыя рэчы. Свет іконы вельмі шырокі, і я думаю, што кожны мусіць у ім знайсці нешта сваё. Але для гэтага трэба навучыцца разумець ікону.

Як сведчыць выстава, сёння вельмі актыўна развіваецца іканапіс ва Украіне. І кожны шукае ў сваім рэчышчы: нехта ў графічнай манеры, ствараючы нібы ілюстрацыі да кніг, нехта ў сучаснай стылістыцы рубленых форм і колеравых плям. На іконах львоўскага аўтара Святаслава Уладыкі няма нічога некананічнага, але… выглядаюць яны ўсё адно
вельмі сучасна. Уражваюць тонкі дасканалы малюнак абліччаў і постацей, перадача адзінства цела і духа.

Розныя канфесіі дапускаюць розныя трактоўкі іконы і яе стылі. Мастак з Літвы Кшыштаф Сакалоўскі ва ўласнай тэхніцы адлюстраваў на дошцы ўражанне ад малітвы. Вялікая колькасць аднолькавых па форме элементаў і серабрысты цэнтр як прасвятленне чалавека нагадваюць пра будысцкія мантры ці пра хрысціянскую духоўную практыку ісіхазму. Твор пад назвай “Паглядзі на мяне. Калі ласка, паглядзі на мяне” — пра Бога і Космас. На паверку яго цяжка назваць іконай.

/i/content/pi/cult/686/15088/4.JPGА побач — “Сакральная размова” на дошцы ў выглядзе крыжа мастачкі з Польшчы Ганны Макаць. І новая сучасная трактоўка кананічных вобразаў. Вельмі цёмны фон, як на фрэсках, у супрацьлегласць яму белы німб, шмат дэкаратыўных упрыгожанняў. Ці кананічны, традыцыйны абраз беларускага іканапісца Антона Дайнэкі “Укрыжаванне” — Ісус Хрыстос на крыжы ў чырвоным хітоне. Гэта адпавядае традыцыям першых стагоддзяў хрысціянства.

— Мая работа “Нявер’е Фамы” — цалкам кананічная, — кажа Віктар Доўнар. — Нават кампазіцыйна. Але ёсць і новыя элементы. Гэта задні план іконы, напісаны ў рымскай манеры. І адзенне — у апосталаў яно белае, як колер чысціні. Толькі Фама ў звычайным адзенні. Той, хто ведае традыцыю, заўважыць мае пошукі.

Канстанцін Марковіч прапануе графічны стыль. Яго абраз намаляваны на кавалку дрэва тэмпернай фарбай — і зусім не па тэхналогіі іконы. Але ён натхняе і абліччам Хрыста, і адносінамі паміж Ісусам і дзецьмі, і дасканалым мазком. Раман Зілінко дэманструе тэхніку народнай іконы, яго абраз — нібы батлейка, тэатральнае дзейства. Аляксей Доўнар змяшчае кананічныя вобразы на музычны інструмент у выглядзе рыбы — старажытнага сімвала хрысціянства. Музыка ў такой падачы — гармонія, сродак арганізацыі Сусвету.

Не застанецца па-за ўвагай і твор Міхая Комана з Румыніі. Сучасная трактоўка яго вобраза “Хрыстос Пантакратар” вылучаецца лёгкасцю малюнка, нават нейкай размытасцю. Гэта румынская іканапісная традыцыя, засвоеная на народных прынцыпах, якую адраджаюць сучасныя майстры. Сярод адметнасцей іконы — нязвыклы зялёны колер, які ўвасабляе адраджэнне, і шрыфт, што ўтварае арнамент. У Румыніі ў трох універсітэтах ёсць іканапісныя факультэты, і патрабаванні да іх выпускнікоў вельмі высокія: абараніць дыплом трэба яшчэ і ў царкве, а потым распісаць пэўную колькасць храмаў, каб атрымаць патрэбны сертыфікат.

Магчыма, далёка не кожны з прадстаўленых на выставе твораў я б асмелілася назваць іконай. Але літаральна кожны з іх — прадуманы, абгрунтаваны і зроблены на высокім узроўні. Тым, каму блізкае духоўнае мастацтва, будзе цікава прачытаць адлюстраваныя ў іх аповеды, прасачыць за тым, як развіваецца сёння іканапіс, у якіх напрамках адбываецца мастацкі пошук. Выстава дэманструе, што старадаўні феномен жыве і змяняецца, каб данесці да сучаснага чалавека сакральную гісторыю.