Вочы ў вочы са святымі

№ 14 (1349) 07.04.2018 - 14.04.2018 г

— Каб пісаць іконы, трэба мець смеласць. І вялізнае жаданне. Тады сам Гасподзь будзе табе дапамагаць, — перакананы сучасны беларускі іканапісец Віктар Доўнар. — А без малітвы нічога не атрымаецца. Вось у чым справа: наша свабода ў тым, каб мы мелі прагненне!

/i/content/pi/cult/686/15085/1.jpgФота Сяргея ЖДАНОВІЧА

Міжнародная выстава “Абожанае цела”, якая працуе ў велікодны перыяд у мінскай галерэі “Універсітэт культуры”, дэманструе, як развіваецца іканапіснае мастацтва ў ХХІ стагоддзі, спалучаючы канон і эксперыменты. І дае магчымасць пазнаёміцца з тымі людзьмі, якія сваёй працай перадаюць светлую вестку аб Хрыстовым Уваскрэсенні.

Віктар Доўнар больш за 20 гадоў прапрацаваў на кінастудыі “Беларусьфільм” у якасці рэжысёра і мультыплікатара. Але раптам — яшчэ ў пачатку 1990-х — адкрыў для сябе новае пакліканне.

— Вучоба ў тэатральна-мастацкім, праца на кінастудыі — гэта былі вельмі цікавыя гады, — згадвае ён. — Але вось жа ўзнікла тая смеласць — сутыкнуцца твар у твар са святасцю!

Першыя храмы былі распісаны ім у Падляшшы, на Беласточчыне. Там і пачынаецца гісторыя Мінскай іканапіснай майстэрні Ikonique. Ёю былі выкананы іканастасы ў многіх храмах Беларусі, Чарнагорыі, нават Швейцарыі.

Як часта бывала і ў старадаўнія часы, арцель іканапісцаў — справа сямейная. Разам са спадаром Віктарам працуюць яго жонка Наталля Лось, сыны Аляксей і Мікалай.

Ikonique ладзіць майстар-класы, іканапісныя пленэры, удзельнічае ў міжнародных канферэнцыях і шчыра дзеліцца з усімі ахвотнымі сваімі сакрэтамі работы. Па словах Віктара Доўнара, цікавасць да ўсходнехрысціянскай іканапіснай традыцыі ў наш час несупынна расце.

— Людзі ўжо стаміліся ад прыгожых малюнкаў на рэлігійную тэму, ад жывапісу “а-ля Рэнесанс”, — кажа ён. — Балазе, у музеях усё гэта можна ўбачыць. А вось калі ікона дазваляе хаця б трохі прыадкрыць таямніцу святасці — гэта ўжо зусім іншая справа.