Мастачка, якая гуляе з запалкамі

№ 13 (1347) 31.03.2018 - 07.04.2018 г

У Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры ўручылі прэмію імя заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Івана Ушакова. Найлепшымі сцэнографамі назвалі Кацярыну Шымановіч і Дар’ю Дубовік.

/i/content/pi/cult/685/15084/25.JPGПрэмія заснавана ў 2000 годзе Дзяржаўным музеем гісторыі тэатральнай і музычнай культуры сумесна з Беларускім фондам культуры па ініцыятыве ўдавы слыннага дэкаратара Зоі Ушаковай. Такім чынам яна хацела падтрымаць маладых мастакоў — тых, якія толькі распачалі рух да вяршынь творчасці. Як зазначыў старшыня Рады БФК Уладзімір Гілеп, год ад году журы ўсё цікавей разглядаць дасланыя на конкурс заяўкі.

Сёлетняя прэмія адметная колькасцю ўдзельнікаў (свае работы прадставілі сем сцэнографаў) і вялікай актыўнасцю рэгіянальных тэатраў: акрамя сталічных Купалаўскага і Тэатра лялек, за ўзнагароды спаборнічалі праекты спектакляў Палескага драматычнага, Гомельскага абласнога драматычнага, Гомельскага гарадскога маладзёжнага, Коласаўскага тэатраў і Беларускага тэатра “Лялька”. Мастакі прадставілі макеты з эскізамі касцюмаў і дэкарацый, афішамі, відэазапісамі. Па словах дырэктара музея Зінаіды Кучар, кожны з гэтых праектаў уяўляе з сябе гатовую экспазіцыю.

Звычайна вызначалі трох лаўрэатаў, аднак сёлета журы, у склад якога ўваходзяць паважныя беларускія сцэнографы, вырашыла абмежавацца дзвюма ўзнагародамі. Другую прэмію аддалі Дар’і Дубовік за спектакль “Мой надзейны сябра: 101” (Беларускі тэатр “Лялька”, рэжысёр Віктар Клімчук). Пераможцам конкурсу стала мастак Кацярына Шымановіч — за сцэнаграфію да пастаноўкі “Запалкі” на Камернай сцэне Купалаўскага тэатра яна атрымала дыплом БФК і права выставіць свае работы ў музеі ў Музычным завулку. Акрамя таго, яе праект будзе закуплены ў фонды гэтай установы.

Праца над спектаклем па п’есе айчыннага драматурга Канстанціна Сцешыка стала для студэнткі Акадэміі мастацтваў дэбютнай. Кацярына ўлетку выпусціцца з майстэрні Барыса Герлавана. (Да слова, разам з ёй у конкурсе прымала ўдзел яшчэ адна сёлетняя выпускніца Барыса Федасеевіча — Крысціна Баранава, якая паспела за час студэнцтва аформіць чатыры прафесійныя пастаноўкі.)

— З рэжысёрам Таццянай Ларынай мы адразу адмовіліся ад канцэпцыі бытавога развіцця спектакля, бо літаратурная аснова надзвычай шматслойная, — патлумачыла сваё сцэнаграфічнае рашэнне пераможца. — Твор Сцешыка своеасаблівы, крыху недагавораны, таму мы вырашылі змясціць герояў ва ўмоўную прастору, якая адлюстроўвала б тэматыку.

За аснову мастачка ўзяла сімвал, вынесены драматургам у назву: белыя слупы ўяўлялі цэлыя запалкі, чорныя — згарэлыя. З дапамогай праекцый у розных сцэнах яны ператвараліся то ў дрэвы, то ў вежы, то ў гарадскія дамы, тым самым дапамагаючы глыбей раскрыць задуму рэжысёра.

— Мне было асабліва важна, што маю працу ацаніў мастацкі кіраўнік Купалаўскага Мікалай Пінігін і асабіста падзякаваў за сцэнаграфію, — прызналася Кацярына.

Прыемна даведацца, што суразмоўца не спыняецца на дасягнутым. Касцюмы да оперы “Сельскі гонар” у Вялікім былі створаны па яе эскізам. Ды і купалаўцам яна застаецца вернай: узімку ў тандэме з Сяргеем Ашухам рыхтавала сцэнаграфію да спектакля Алены Ганум “Зямля Эльзы”, а цяпер з рэжысёрам Раманам Падалякам працуе над сцэнічным вырашэннем чаканай многімі прэм’еры “Радзіва “Прудок” па творы Андруся Горвата.

Фота Паліны КАСМАЧОВАЙ

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"