“У такой невялікай краіне шмат таленавітых людзей”

№ 13 (1347) 31.03.2018 - 07.04.2018 г

Аўтар блакбастэраў Цімур Бекмамбетаў наведаў Нацыянальную кінастудыю “Беларусьфільм”.

Кінематаграфісту паказалі натурпляцоўку ля Смалявічаў, затым ён з вялікай цікавасцю агледзеў павільёны і цэхі “Беларусьфільма”.

— Кожнаму рэжысёру з Еўропы будзе лёгка працаваць на вашай кінастудыі, бо тут усё наладжана так сама, як і ў іншых кінакампаніях,  — адзначыў госць пасля экскурсіі. — Больш за ўсё ўражвае арганізаванасць і парадак, прафесійны падыход да захоўвання калекцый. Заўважна, што тут назапашаны вопыт многіх пакаленняў.

— Для нас магчымасць падрыхтоўкі праекта з такой асобай як Цімур Бекмамбетаў — знакавая падзея, — падкрэсліў генеральны дырэктар кінастудыі Уладзімір Карачэўскі, — але пакуль агучваць дэталі не будзем — рэжысёр першы раз у нашай краіне, мы знаходзімся на стадыі перамоваў і азнаямлення з нашымі магчымасцямі.

Як высветлілася, у Цімура Бекмамбетава ёсць сваякі ў вёсцы Дуброўна пад Оршай, а таксама ён паабяцаў, што адну з навэл наступных “Елак” дакладна будзе здымаць у Мінску. Кінематаграфіст дадаў, што яго прывабліваюць у нашай краіне не толькі здымачныя пляцоўкі ці кінабаза, але і крэатыўныя індустрыі — распрацоўкі IT-спецыялістаў.

— У мяне шмат сяброў і знаёмых з Беларусі, якія скарылі свет сваімі ідэямі, — падкрэсліў ён. — Вядомыя ў свеце World of tanks, MSQRD. Гэта фенаменальна, што ў такой невялікай краіне шмат таленавітых людзей. І акурат з’яўленне ў Беларусі сучаснага, высокатэхналагічнага кінапраекта з выкарыстаннем IT-тэхналогій мне падаецца цалкам арганічным.

Цімур Бекмамбетаў наведаў Мінск разам з расійскім сцэнарыстам Ільёй Цофіным. Магчыма, ідуць перамовы аб стварэнні карціны, дзе пэўным чынам могуць быць задзейнічаны рэсурсы беларускага боку.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"