Дзякуй, куфэрак!

№ 13 (1347) 31.03.2018 - 07.04.2018 г

Бліскучы празаік Барыс Сачанка здзіўляў калег тым, што з усіх без выключэння камандзіровак прывозіў кнігі. Чамаданамі! І не асабліва турбаваўся, ці памесцяцца яны на хатніх паліцах. Маўляў, чалавек і тысячы ягоных кніг заўжды знойдуць паразуменне ў прасторы, часе і філасофскім асэнсаванні матэрыі. Такім жа неўтаймоўным збіральнікам папяровых выданняў стаў і пляменнік Сачанкі — Барыс Пятровіч, таксама не абы-які празаік. Такіх з часін Максіма Багдановіча называюць Кніжнікамі.

/i/content/pi/cult/685/15079/_opt.jpegЯ і не згадваў бы пра кнігі ды іх гаспадароў (колькі можна!), калі б не вельмі прыемная аказія. Пазнаёміўся неяк з дырэктарам бібліятэкі, далёка не сельскай і паказальна дыхтоўнай. І штосьці размова ў нас не заладзілася. Іскра не прабегла. А ў выніку высветлілася: дырэктар кніг дома не мае па той прычыне, што… не чытае іх. Прызнанне было шчырым, смелым, нестандартным, але ў галаве яно ўкладаецца не адразу.

Калісьці думаў, што бібліятэкары больш не выб’юць мяне з каляіны. Выбілі! Сітуацыю паспрабавала выправіць начальнік мясцовага аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі: “Ну і якая бяда, што не чытае? Затое адміністратар цудоўны!” Але як ні стараўся, не знайшоў я ўражлівых доказаў разумнага ды выніковага адміністравання. І не пытайцеся, з якога раёна названыя персанажы. Хіба ў вашых такіх няма?

Бібліятэкар, які не чытае, можа стаць прычынай многіх чытацкіх бед і расчараванняў. Што ён ведае пра літаратурныя працэсы Беларусі і замежжа? Якім чынам падтрымае беларускамоўнае чытанне і ці здолее выступіць у якасці прынцыповага літаратурнага крытыка для графамана, які прэтэндуе на бібліятэчны бенефіс?

Безумоўна, ёсць прафесійныя чытачы, якія ведаюць, чаго хочуць, і якім парады бібліятэкара толькі замінаюць. Але такіх — адзінкі. З астатнімі (малымі і старымі) трэба працаваць: здзіўляць, уражваць, браць у кніжны палон і не выпускаць з яго. Для гэтага, пагадзіцеся, неабходна трошкі прыўзняцца з крэсліца: купіць бібліяровар (чытайце сённяшні агляд “На людным месцы”), наладзіць кніжны фестываль, арганізаваць парад лепшых чытачоў на галоўнай вуліцы райцэнтра, прапанаваць доўгатэрміновы квэст з непрадказальным вынікам…

Па суботах я хадзіў у бібліятэку. Знаёмыя мужыкі ля пад’езда, падлічваючы манеты “на рэанімацыю”, спагадліва казалі мне ў спіну: “Хворы”. Летась я з бібліятэкі выпісаўся. Не з-за спагадлівасці знаёмых, а зусім з іншай прычыны. З чатырох букіністык Мінска выкупіў столькі кніг, што для таго, каб іх прачытаць, спатрэбіцца не адзін год. І сынам сваім на дні нараджэння ды іншыя святы я рыхтую выключна кніжныя падарункі. Ды і ўвогуле, кватэры без запоўненых кніжных паліц і шафаў падаюцца мне безнадзейна змрочнымі. Жыву пасярод кніг, адчуваю іхнюю гаючую энергію, лячуся ёй нават тады, калі не чытаю. І мае таварышы, якія не вельмі сябруюць з кнігамі, прызнаюцца, што пабываць ў мяне ў гасцях — справа заўжды жаданая і прыемная.

А кніжны густ мне прышчапіла маці, настаўніца беларускай мовы і літаратуры з саракагадовым стажам. Па яе словах, чытаць па складах я пачаў недзе з чатырох гадоў. І менавіта гэтае чытанне, бессістэмнае і нагбом, дало мне праз час веру, надзею, прафесію, дасведчанасць і крытычнае разуменне таго, што адбываецца наўкола.

Маці з кніжным светам пазнаёмілі таксама не бібліятэкары. Падчас акупацыі яна, падлетак, знайшла ў суседнім хлеве куфэрак рускай літаратурнай класікі, гаспадар якой, студэнт-філфакавец, сышоў на фронт добраахвотнікам. Вось гэты куфар ды плюс вялізнае асабістае жаданне штосьці памяняць у жыцці і прывялі яе пасля вызвалення ў педагагічны інстытут, які стаў пасля ўніверсітэтам імя Скарыны. Так што я — спадчыннік таго куфэрка.

А бібліятэкары? Бібліятэкары самі павінны вызначаць свой лёс.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"